неаўтаномны лакаматыў, які прыводзіцца ў дзеянне цягавымі электрарухавікамі, што сілкуюцца ад кантактнай сеткі або акумулятараў. Бываюць магістральныя (грузавыя, пасаж., грузапасаж), манеўровыя, прамысл. і рудніковыя; пастаяннага і пераменнага току, камбінаваныя. Магутнасць да 9 тыс.кВт, скорасць магістральных пасажырскіх да 220 км/гадз і больш, грузавых да 110 км/гадз.
Уключае мех. частку (кузаў, хадавыя цялежкі, аўтасчэпку), эл. і пнеўматычнае абсталяванне (кампрэсар, рэзервуары для сціснутага паветра, прылады тармазныя, сістэмы кіравання і інш.). У Э. пастаяннага току эл. абсталяванне — цягавыя рухавікі пастаяннага току, рухавікі дапаможных машын (напр., кампрэсараў), пераўтваральнікі напружання для сілкавання нізкавольтных прылад, пускарэгулюючыя і ахоўныя апараты, токаздымальнікі і інш.; у Э. пераменнага току — цягавы трансфарматар і выпрамнікі для сілкавання цягавых электрарухавікоў.
Першы доследны Э. пабудаваны ў 1879 Э.В.Сіменсам у Германіі, у 1880 у Расіі, першы магістральны — у 1895 у ЗША. Масавы выпуск і выкарыстанне Э. пачаліся ў 1932—34. У СССР у 1932 зроблены першы магістральны Э. серыі 11, пачалося праектаванне Э. серыі ВЛ.
На Беларусі грузавыя Э. пачалі выкарыстоўваць у 1981 на ўчастку чыг. Смаленск—Орша, у 1982 — на ўчастку Орша—Мінск. Рамонт Э. ВЛ80 і ЧС4Т асвоены з 1993 у дэпо г. Баранавічы і Мінска.
І.І.Леановіч.
Электравозы: 1 — скарасны для трансеўрапейскіх экспрэсаў і паяздоў «Інтэрсіці» серыі Е-03 (ФРГ); 2 — грузавы пераменнага току ВЛ80М (Расія).