ПІ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў вярхоўях р. Прыпяць і нізоўях яе прытокаў Ясельда, Піна, Стыр, Гарынь. Цэнтр — г. Пінск. Вылучылася з Тураўскага княства паміж 1167 і 1174. 1-ы пінскі князьЯраслаў Юр’евіч, сын тураўскага кн. Юрыя Яраславіча. У 12—13 ст. знаходзілася пад уплывам Уладзіміра-Валынскага княства і Кіеўскага княства. У 13 ст. праз землі П.к. адбываліся напады літоўцаў на Валынь. Пасля ўтварэння ВКЛ Міндоўгам і яго забойства ў 1263 у Пінск уцёк яго сын Войшалк. У пач. 14 ст. П.к. ўвайшло ў ВКЛ. Паводле завяшчання вял. кн. Гедзіміна княства атрымаў яго сын Нарымонт. П.к. заставалася за яго нашчадкамі да 1-й пал. 15 ст. Пасля смерці кн. Юрыя Сямёнавіча з роду Нарымонтавічаў П.к. ўвайшло ў склад велікакняжацкіх уладанняў Жыгімонта Кейстутавіча. У 1471 П.к. аддадзена Марыі Гаштольд, удаве кіеўскага кн. Сямёна Алелькавіча, потым мужу яе дачкі кн. Ф.​І.​Яраславічу, які ў пач. 16 ст. завяшчаў П.к. вял. кн. ВКЛ Жыгімонту I Старому, той у 1519 перадаў яго сваёй жонцы Боне. Як дзярж. ўладанне П.к. пачало называцца Пінскім староствам, паводле адм.-тэр. рэформы 1565—66 увайшло ў склад Пінскага павета.

Літ.:

Довнар-Запольский М. Очерк истории Кривичской и Дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Лысенко П.Ф. Древний Пинск, XI—XIII вв. Мн., 1997.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзе́цца, дзенуся, дзенешся, дзенецца; заг. дзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «нідзе», «куды», «нікуды», «некуды», часта з адмоўем).

Разм.

1. Знікнуць, прапасці. Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. Як загледзішся на такія малюнкі вясны, дык сон немаведама куды і дзенецца, усё роўна як у ваду кане. Кулакоўскі. // Схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Нашто вас пільнаваць, і так нікуды не дзенецеся. Чорны. Ад праўды нікуды не дзенешся. Прыказка. // перан. Быць вымушаным зрабіць што‑н., не адмовіцца, не выкруціцца. — Мне здаецца, князь не захоча парадніцца з такім галадранцам, як Юрага, — выказаў меркаванне дзядзька Восіп. — Нідзе не дзенецца, — прамовіў Парфімовіч. С. Александровіч. — А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе дзенешся. Баранавых.

2. Знайсці сабе месца, прытулак і пад. — Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым цяпер і разбітым горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Гурскі.

•••

Не ведаць, куды (дзе) дзецца гл. ведаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

blood

[blʌd]

1.

n.

1) кроў, крыві́ f.

2) род -у m., радня́ f., свая́цтва, пахо́джаньне n.

my own flesh and blood — мая́ ро́дная кроў і ко́стка

it runs in his blood — Гэ́та ў яго́ ў крыві́

3) забо́йства, кровапралі́цьце n.

4) высо́кае радасло́ўе

a prince of the blood — князь з карале́ўскага ро́ду

5) паро́дзістасьць f., до́брая паро́да; ра́са f.

full blood — конь чы́стае паро́ды, паро́дзісты конь

2.

v.t.

1) прывуча́ць паляўні́чых саба́к да крыві́

2) право́дзіць баяво́е хрышчэ́ньне

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).

Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.​Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.​Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.

Тв.:

Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;

Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.

Літ.:

Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бугаёў Дз. Чалавечнасць. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

Л.М.Дайнека.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САВА,

горад у Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл. За 15 км на ПнЗ ад Івацэвічаў, 151 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Косава-Палескае на лініі Баранавічы—Брэст. 2,7 тыс. ж. (1998).

Вядома з 1494, калі вял. князь ВКЛ Аляксандр падараваў двор К. маршалку Я.​Л.​Храптовічу. З 1510 мястэчка, цэнтр павета, з 1560-х г. у складзе Слонімскага пав. З 1517 да 19 ст. належала Осцікам, Сангушкам-Кашырскім, Мялешкам, Сапегам, Флемінгам, Чартарыйскім, Пуслоўскім. У 1597 у К. 79 двароў, царква, касцёл, 2 млыны, 34 корчмы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—4143 ж., 431 дом, нар. вучылішча, косаўскія суконныя прадпрыемствы, гарбарня, 2 царквы, касцёл, капліца, 4 яўр. малітоўныя дамы, пошта, 58 крам, 8 кірмашоў штогод. У 1921—39 у складзе Польшчы, горад, цэнтр Косаўскага павета Палескага ваяв. У лют. 1927 у К. паліцыя расстраляла дэманстрацыю працоўных (гл. Косаўскі расстрэл 1927). З 1939 у БССР, у 1940—47 цэнтр Косаўскага раёна. З 25.6.1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 3112 чал.; дзейнічала Косаўская раённая антыфашысцкая арганізацыя, паміж партызанамі і гітлераўцамі адбыўся Косаўскі бой 1942. У 1959—2,5 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Косаўскі палац (1838), Антоньеўская царква (1868), Косаўскі Троіцкі касцёл (1878), Георгіеўская царква (18 ст.). Радзіма кіраўніка паўстання 1794 А.Т.Касцюшкі. Каля горада — гарадзішча.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Косава. Фрагмент забудовы горада.

т. 8, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

К.Р. [сапр. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў); 22.8.1858, Стрэльна, цяпер у межах г. Петрадварэц Ленінградскай вобл. — 15.6.1915],

расійскі вял. князь, паэт, драматург, перакладчык. Унук цара Мікалая I. Ген. ад інфантэрыі (з 1907). Прэзідэнт Пецярбургскай АН (1889). З дзяцінства рыхтаваўся да службы на флоце. У 1876 удзельнік баёў супраць тур. флоту на Дунаі. У 1882 спісаны з флоту. Камандаваў ротай лейб-гвардзейскага Ізмайлаўскага палка; камандзір лейб-гвардзейскага Праабражэнскага палка; з 1894 ген.-маёр. З 1900 гал. начальнік, з 1910 ген.-інспектар ваен.-навуч. устаноў. Друкаваўся з 1882. Пісаў любоўную і пейзажную лірыку, вершы на рэліг. тэмы, стылізаваныя серэнады і баркаролы, салонныя вершы. Аўтар зб-каў: «Вершы К.Р.» (1886), «Новыя вершы К.Р., 1886—1888» (1889), «Трэці зборнік вершаў К.Р., 1889—1899» (1900), «Вершы 1900—1910» (1911). Цыклы «З палкавога жыцця» і «Салдацкія санеты» склала салдацкая лірыка (зб. «У страі», 1915). У паэт. творчасці арыентаваўся на «чыстае мастацтва», прытрымліваўся класічных узораў. Шматлікія яго вершы, адметныя прастатой і меладычнасцю, пакладзены на музыку А.​Глазуновым, Р.​Гліэрам, С.​Рахманінавым. П.​Чайкоўскім і інш.; верш «Памёр бядак у бальніцы ваеннай» стаў папулярнай нар. песняй. Эстэтычныя погляды выказаў у артыкулах пра творы, вылучаныя Пецярб. АН на атрыманне ўзнагарод (кн. «Крытычныя водгукі: Літ.-крытыч. арт. пра рус. паэзію ў 1905—1913», 1915). Аўтар містэрыі «Цар іудзейскі» (паст. 1914). Пераклаў на рус. мову асобныя творы І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра і інш.

Тв.:

Стихотворения. Т. 1—3. СПб., 1913—15;

Избранное. М., 1991;

Стихотворения. М., 1991.

т. 8, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМАЗА́Н (Арнольд Кандратавіч) (н. 14.6.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1980). Нар. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967, курс Р.​Качаткова). З 1967 працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы. Выканаўца вострахарактарных і камед. роляў. Мастацтву П. ўласцівы тэатр.-жыццёвая дакладнасць вобразаў, вонкавая завершанасць малюнка, мяккі гумар, пластычнасць, музыкальнасць. Стварыў разнапланавыя характары ў нац. драматургіі: Адольф Быкоўскі, Растрага («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Лейзер («Ідылія» В.​Дуніна-Марцінкевіча), Чарнавус («Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы), Гарык («Пагарэльцы» А.​Макаёнка), Адвернік («Напісанае застаецца» А.​Петрашкевіча), Міхалка Багдалевіч ’(«Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх), Падзерын, Косця, Дружыннік («Плач перапёлкі», «Госці», «Звон — не малітва» І.​Чыгрынава), Буслай, Кузьма, Першы селянін («Парог», «Вежа», «Князь Вітаўт» А.​Дударава), Сёмка («Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева). Сярод інш. роляў: Кудраш, Бадаеў, Дасужаў («Навальніца», «Лес», «Даходнае месца» А.​Астроўскага), купец Абдулін («Рэвізор» М.​Гогаля), Алёшка («На дне» М.​Горкага), Калібан, Эгей («Бура», «Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), Доктар («Нежанаты мнагажэнец» Мальера), Марцін («Валенсіянскія вар’яты» Лопэ дэ Вэгі), Незнаёмец («Жанчына з мора» Г.​Ібсена), Удра («Безыменная зорка» М.​Себасцьяна). Зняўся ў бел. кіна- і тэлефільмах: «Я, Францыск Скарына», «Іван Макаравіч», «Хроніка ночы», «Нас выбраў час», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена», «Вазьму твой боль», «Імяніны», «Чужая бацькаўшчына», «Клетка малпы», «Момант ісціны», «Мая справа цялячая», «Пушча», «Птушкам крылы не ў цяжкасць», «Хам», «Залаты рэйс», «Інтэрпол», «Легенда Белай вежы» і інш.

Р.​І.​Баравік.

А.К.Памазан.
А.Памазан (у цэнтры) у ролі Міхалкі Багдалевіча.

т. 12, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЎ (Дзмітрый Максімавіч) (н. 27.7.1943, с. Масляніна Новасібірскай вобл., Расія),

бел. архітэктар, тэатр. мастак. Вучыўся ў БПІ (1961—64). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1968). З 1965 на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1970 у Спец. навук.-рэстаўрацыйных майстэрнях, з 1973 мастак-архітэктар Мінскага маст.-вытв. камбіната, у 1983—96 гал. мастак Т-ра-студыі кінаакцёра. З 1985 выкладае ў Бел. ун-це культуры і Бел. АМ. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Горад майстроў» (1964), «Альпійская балада» (1965), «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1967), «Я, Францыск Скарына...» (1970). Аўтар праектаў рэстаўрацыі Слуцкай брамы ў Нясвіжы, вял. залы Жыліцкага палаца (Магілёўская вобл.) і інш.; рэканструкцыі інтэр’ера Нац. бібліятэкі Беларусі (усе 1973), ратушы і прылеглых будынкаў у Віцебску (1995). Аформіў больш за 200 спектакляў у муз. і драм. т-рах Расіі, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі і Каўказа. Сярод спектакляў, аформленых на бел. сцэне: у Нац. акад. т-ры оперы і балета — «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1985) і «Князь Наваградскі» А.​Бандарэнкі (1992); у Т-ры-студыі кінаакцёра — «Шчасце маё...» А.​Чарвінскага (1983), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1987), «Генералы ў спадніцах» Ж.​Ануя (1989); у Гомельскім — «Зойчына кватэра» М.​Булгакава (1990), у Гродзенскім — «Уладзімір і Рагнеда» А.​Дударава (1998) абл. драм. т-рах; у Т-ры юнага гледача — «Маленькі лорд» Ф.​Бернета (1998). Для арганізацыі сцэн. прасторы выкарыстоўвае трансфармацыю сцэн. канструкцый, дэтальную распрацоўку павільёна, жывапіс, светлавую партытуру і ўвасабляе адухоўлены і паэт. вобраз рэжысёрскай задумы.

С.​У.​Пешын.

Дз.Мохаў. Макет дэкарацыі да спектакля «Генералы ў спадніцах» Ж.​Ануя. 1989.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г.Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)