ВО́РЛІКІ, аквілегія (Aquilegia),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі на ўзлесках і палянах у мяшаных і лісцевых лясах зрэдку трапляюцца ворлікі звычайныя (Aquilegia vulgaris), якія як знікаючая расліна патрабуюць прафілакт. аховы; вырошчваюцца як дэкар., маюць шмат садовых формаў, што адрозніваюцца афарбоўкай калякветнікаў. У культуры трапляюцца інтрадукаваныя з Мексікі віды — ворлікі залатакветныя (Aquilegia chrysantha) і сінія (Aquilegia caerulea), якія выкарыстоўваюцца ў групавых пасадках, міксбордэрах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны з моцным кароткім карэнішчам і прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце двойчы- і тройчытрайчастае, на доўгіх чаранках. Кветкі двухполыя, буйныя, са шпорцам, адзіночныя, паніклыя, рознага колеру, часам стракатыя і махрыстыя (у садовых формаў). Плод — шматлістоўка. Лек. і ядавітыя расліны.

Ворлікі звычайныя.

т. 4, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СТРА (Aster),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. Амерыцы, таксама ў Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Азіі і Еўропе. На Беларусі 1 дзікарослы від — астра стэпавая, або рамонкавая (Aster amellus), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Культывуюцца і зрэдку трапляюцца як здзічэлыя астра ланцэтная (Aster lanceolatus), новаанглійская, або амерыканская (Aster novae-angliae), новабельгійская, або вяргінская (Aster novae-belgii), вербалістая (Aster salignus), альпійская (Aster alpinus), куставая (Aster dumosus), птарміковая (Aster ptarmicoides) і інш. Кітайская астра — кветкава-дэкар. аднагадовая расліна з буйнымі, часцей адзінкавымі, рознакаляровымі кошыкамі адносіцца да роду Callistephus.

Шматгадовыя карэнішчавыя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаргаванае. Кветкавыя кошыкі звычайна шматлікія, у шчыткападобных, мяцёлчатых або гронкападобных суквеццях. Язычковыя кветкі пераважна сінія, чырвоныя, ружовыя, фіялетавыя, белыя. Плод — валасістая сямянка з чубком. Дэкар., лек. і меданосныя расліны.

Астра стэпавая.

т. 2, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ [Ursus (Thalarctos) maritimus],

драпежнае млекакормячае сям. мядзведжых. Тыповы прадстаўнік арктычнай фауны: жыве на плывучых ільдах, узбярэжжы і астравах Паўн. Ледавітага ак. У познім плейстацэне трапляўся на Пд да Вялікабрытаніі, Даніі і Ньюфаўндленда.

Даўж. цела 1,6—2,5 м, зрэдку да 3 м, выш. ў карку да 1,5 м, маса да 1000 кг. Поўсць белая, густая. Ніжняя паверхня ступняў укрытая валасамі. Адаптаваны да нізкіх т-р (падскурны тлушч можа дасягаць да 40% масы жывёлы). Гон звычайна ў сак.—красавіку. Цяжарныя самкі залягаюць на зіму ў снежныя бярлогі. Нараджаюць 1—3 дзіцянят раз у 2 гады (з самкай застаюцца каля 1,5 года). Добра плавае і нырае. Корміцца цюленямі, рыбай. З 1976 знаходзіцца пад міжнар. аховай, засенены ў Чырв. кнігу МСАП. У свеце 10—20 тыс. асобін.

Белы мядзведзь.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАБНЕВІКІ́ (Ctenophora),

тып марскіх беспазваночных жывёл. 1 клас, 2 падкласы: шчупальцавыя (Tentaculifera) з 5 атр. і бясшчупальцавыя (Atentaculata) з 1 атр. Каля 120 відаў, жывуць ва ўсіх морах на рознай глыбіні. Найб. вядомыя: грабневікі з роду берое (Beroe), балінопсіс (Bolinopsis), грабневікі, якія поўзаюць, з роду ктэнаплана (Ctenoplana), Венерын пояс (Cestus veneris).

Даўж. ад 2 мм да 2,5 м (Венерын пояс). Цела студзяністае, празрыстае, авальнай, яйцападобнай або інш. формы, з ротам на адным канцы і органамі раўнавагі на другім. Перамяшчаюцца з дапамогай 8 радоў грабных пласцінак, па баках 2 шчупальцы. Гермафрадыты. Развіццё з лічынкай. Драпежнікі, жывяцца пераважна планктонам, зрэдку ікрой і маляўкамі рыб. Грабневікі берое паядаюць інш. грабневікоў, а самі з’яўляюцца кормам трасковых рыб, медуз. Многія грабневікі свецяцца ў цемнаце.

Грабневікі: 1 — берое; 2 — балінопсіс; 3 — Венерын пояс; 4 — ктэнаплана Дзюбоска.

т. 5, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЖО́ЎНІК (Ophioglossum),

род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.

Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.

Вужоўнік звычайны.

т. 4, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),

род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.

Д.​І.​Траццякоў.

Вярблюдка Маршала.

т. 4, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯХІ́Р (Columba palumbus),

птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Еўропе (за выключэннем Пн), у Паўн.-Зах. Афрыцы, Малой, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі, у Гімалаях і Зах.Сібіры. Жыве пераважна ў старых яловых і ялова-лісцевых лясах, у Сярэдняй Азіі — у арчоўніках, зрэдку ў парках, у вял. гарадах. На Беларусі падвід вяхір еўрапейскі (Columba palumbus palumbus); нешматлікі, пераважна на Пн гнездавальная і пралётная птушка. 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. каля 45 см, маса да 620 г (найб. з галубоў Беларусі). Колер шызы, грудзі ружова-шэрыя, па баках шыі і на крылах белыя плямы, на хвасце цёмная паласа. Дзюба жоўтая з чырванаватай асновай, пальцы малінава-чырвоныя. Корміцца насеннем злакавых і бабовых, ягадамі, жалудамі і інш. Гнёзды на высокіх дрэвах. Нясе па 2 яйцы двойчы на год. Аб’ект спарт. палявання.

Вяхір.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),

род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.

Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.

Гаворцыя жамчужная.

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),

ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.

Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.

Гадзюка звычайная (знізу чорная форма).

т. 4, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)