род птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных, або драпежных. 4 віды. Найб. пашыраны: С. белагаловы (G. fulvus), трапляецца ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Еўропе, Пярэдняй і Сярэдняй Азіі; кумай, або грыф снежны, ці гімалайскі (G. himalayensis), жыве ў высакагорных раёнах Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Афрыканскі ягнятнік (G. coprotheres) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 150 см, маса да 12 кг. Апярэнне ад цёмна-бурага да пясчана-жоўтага. Галава і шыя без пер’яў, укрытая белаватым або шэрым пухам. Дзюба доўгая, моцная. Патурбаваныя птушкі выдаюць доўгае сіпенне (адсюль назва). Кормяцца падлай. У кладцы 1 (зрэдку 2) яйцо.
Сіпы: 1 — белагаловы; 2 — кумай, або грыф снежны. ці гімалайскі.