у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 415,9 тыс.км². Нас. 1176 тыс.чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 2,8 чал. на 1 км². Жывуць комі (23,3%), комі-пермякі (0,1%), рускія (57,7%), украінцы (8,3%), беларусы (2,1%), татары (2,1%), немцы (1%), чувашы (0,9%) і інш. Сталіца — г.Сыктыўкар. Найб. гарады: Варкута, Ухта, Пячора, Інта, Усінск, Саснагорск, Вуктыл.
Прырода. Размешчана на ПнУеўрап.ч. Расіі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З ПнЗ на ПдУ цягнецца Ціманскі краж (выш. да 471 м, Чэтласкі Камень). На У адгор’і Паўн., Прыпалярнага і Палярнага Урала (выш. да 1895 м, г. На́радная). Паміж Ціманскім кражам і Уральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), прыроднага газу і нафты (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксітаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых руд, золата, фасфарытаў, марганцавых і поліметал. руд; ёсць разнастайныя буд. матэрыялы. Клімат на б.ч. рэспублікі ўмерана кантынентальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынентальнасць клімату павялічваецца з ПдЗ на ПнУ. Сярэдняя т-растудз. ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліп. 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Урала да 1500 мм за год. На Пн і ПнУ (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата. Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера і Сіндарскае. 7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, у паўн. частцы — тундравыя; у поймах Пячоры і Вычэгды — поймавыя глебы, якія з’яўляюцца асновай для развіцця сельскай гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на Пд трапляюцца лісцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Урала кедравыя, піхтавыя і лістоўнічныя насаджэнні. Запасы драўніны каля 3 млрд.м³. На Пн — тундра. Шмат прамысл. звяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка і інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма і інш. Пячора-Ілычскі запаведнік.
Гісторыя. К. заселена з верхняга палеаліту. Да пач. 2-га тыс.н.э. завяршылася фарміраванне плем. аб’яднання прамых продкаў сучасных комі (зыран), якія ў рус. пісьмовых крыніцах 11—14 ст. згадваюцца як перм вычагодская. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узнікалі рамесныя цэнтры. З распадам першабытнаабшчыннага ладу ў 11—12 ст. зараджаліся феад. адносіны. У 12—14 ст. перм вычагодская плаціла даніну Вял. Ноўгараду; з 14 ст. ўзмацніўся ўплыў Маскоўскага княства. У 1478 К. афіцыйна ўключаны ў склад Расіі. У 15—18 ст. праз К. праходзілі гандл. шляхі з Вяцка-Камскага бас. ў Архангельск і ад Вял. Усцюга ў Сібір, у выніку заснаваны Усць-Сысольск (цяпер г.Сыктыўкар), Усць-Вым і інш.гандл. цэнтры. У 17—18 ст. узніклі саляварныя і гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны з-д (1745). У 1-й пал. 19 ст. адбываліся масавыя выступленні сялян супраць самавольства ўлад і нац. прыгнёту. Пасля рэформы 1861 узмацніліся працэсы развіцця капіталіст. адносін, кансалідацыя комі ў нацыю. Вял. месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва. У сак. 1920 устаноўлена сав. ўлада. У 1921 створана Аўт. вобласць Комі (Зыран) у складзе РСФСР. У 1936 яна ператворана ў Комі АССР. У 1930—50-я г. адзін з цэнтраў ГУЛАГа. У вер. 1990 Вярх. Савет К. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1991 уведзена пасада прэзідэнта. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй і прынята назва Рэспубліка Комі.
Гаспадарка. Аснову эканомікі рэспублікі складае прам-сць. Пераважае паліўна-энергет. комплекс (66,7% усёй прамысл. прадукцыі). Здабыча каменнага вугалю (21,7 млн.т, 1996) у раёнах Варкуты, Інты. У сувязі з нерэнтабельнасцю галіны ажыццяўляецца праграма па закрыцці шахтаў (да 2000 г. іх застанецца 7) і скарачэнні здабычы вугалю ў 2 разы. Вядзецца здабыча нафты (7,5 млн.т, разам з газавым кандэнсатам), прыроднага газу (3,5 млрд.м³) на Вуктыльскім, Заходне-Тэбукскім, Усінскім і інш. радовішчах. Нафтаперапр.з-д у г. Ухта, газаперапр. ў г. Саснагорск. Частка нафты і газу перадаецца ў Цэнтр. раён Расіі. Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (Сыктыўкар, Інта, Варкута, Ухта). Пячорская ДРЭС. Здабыча тытанавых руд на Ярэгскім радовішчы. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на рамонце трактароў, дызельных рухавікоў, рачных суднаў, буд. машын, рухомага саставу чыгунак (Сыктыўкар, Варкута, Пячора, Ухта, Інта, Мікунь). Вял. значэнне мае лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць (16,6% прамысл. прадукцыі). Яна прадстаўлена нарыхтоўкай драўніны (бас. рэк Вычэгда, Мязень, Пячора), Сыктыўкарскім лесапрамысл. комплексам (цэлюлозна-папяровая і кардонная вытв-сць, гідролізны і фанерны з-ды), лесапілаваннем (Пячора, Сыктыўкар), вытв-сцю мэблі (Сыктыўкар, Ухта, Візінга), фанеры (Інта, Жэшарт) і драўнянастружкавых пліт (Жалезнадарожны). Вытв-сць цэглы, цэменту, вапны, жалезабетонных вырабаў. Развіты мяса-малочная, масласыраробная, хлебапякарная, мукамольная прам-сць. У лёгкай прам-сці вылучаюцца швейная, гарбарна-абутковая (Варкута, Сыктыўкар, Інта), замшавая (Усць-Цыльма) вытв-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 1% тэрыторыі, у т. л. пад ворывам каля 25%. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (126,4 тыс. галоў, 1995), свіней (71,7 тыс. галоў), паўн. аленяў, тушку. З галін раслінаводства вылучаецца вытв-сць бульбы (235,9 тыс.т), агародніны (32,1 тыс.т), збожжавых (2,1 тыс.т) і кармавых культур. Развіты паляванне, рыбалоўства, зверагадоўля. Гал. віды транспарту — чыг. і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 1,7 тыс.км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9 тыс.км. Гал. чыгунка Котлас—Варкута з адгалінаваннямі на Вендзінгу, Троіцка-Пячорск і Лабытнангі. Даўж. суднаходных шляхоў 3,1 тыс.км. Гал. суднаходныя рэкі Вычэгда і Пячора. Буйныя газаправоды: Вуктыл—Ухта—Таржок («Ззянне Поўначы»), Пунга—Вуктыл—Ухта, нафтаправод Усінск—Ухта—Яраслаўль. К. вывозіць нафту і нафтапрадукты, газ, каменны вугаль, лес і лесаматэрыялы, цэлюлозу, паперу, кардон, канцэнтраты каляровых металаў. Увозіць машыны і абсталяванне, мінер. ўгнаенні, прадукты харчавання і лёгкай прам-сці. Бальнеалагічны курорт Сярогава.
Літаратура. Вытокі л-ры К., якая развіваецца на комі-зыранскай і рус. мовах, у багатым і разнастайным фальклоры. Казкі, эпічныя і лірычныя песні, прыпеўкі, паданні, галашэнні і інш. творы вуснай нар. творчасці пачалі збіраць і запісваць рус. вучоныя ў 19 ст. Першыя помнікі пісьменства К. адносяцца да 14—16 ст. Заснавальнік пісьмовай л-ры К. — паэт-дэмакрат 19 ст. І.Куратаў. Асн. жанры л-ры — паэзія і драматургія — вызначыліся ў пач. 20 ст. У 1920-я г. плённа развівалася паэзія (М.Лебедзеў, В.Лыткін, В.Савін, В.Чысталёў). Каля вытокаў драматургіі творы М.Папова (сац.-быт. п’есы пра дарэв. жыццё вёскі), Лебедзева (аўтар першага на нац. мове драм. твора, вершавана-муз. камедый паводле фалькл. матываў, твораў пра гіст. мінулае і сучаснасць). Прадаўжальнікам традыцый у нац. драматургіі стаў М.Дзьяканаў (п’есы «Глыбокая запань», 1940, з С.Ярмоліным; «Вяселле з пасагам», паст. 1940, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Залаты медальён», 1971). Нарысы і апавяданні пісаў Чысталёў. 1930—50-я г. — перыяд станаўлення жанравай і тэматычна разнастайнай л-ры. У 1934 створана аддзяленне Саюза пісьменнікаў рэспублікі К. Найб. развіццё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесці і раманы І.Пысціна, В.Юхніна, Я.Рочава, Г.Фёдарава і інш. Лепшыя традыцыі нац. л-ры развіваліся і ў гады Вял.Айч. вайны (зб-кі паэзіі І.Вавіліна «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944, і інш.). У пасляваен. перыяд з’явіліся творы пра гіст. мінулае, ваен. ліхалецце, пасляваен. адраджэнне: аповесці Пысціна «Франтавыя дні і ночы» (1946), Фёдарава «У дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 1949—57), Рочава «Два таварышы» (1951), гіст.-рэв. раманы Фёдарава «На досвітку» (ч. 1—3, 1959—62), «Бліскавіца» (1982) і інш. Тэмы рабочага класа, урбанізацыі і інш. адлюстраваны ў зб-ках апавяданняў і аповесцей «Дзе ты, горад?» (1971, Дзярж. прэмія Комі АССР 1972) І.Торапава, зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Г.Юшкова, паэт. зб-ках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Снежная рэспубліка мая» (1977) А.Ванеева і інш. Развіваецца літ.-знаўства (працы Ванеева, А.Мікушава і інш.). На бел. мову перакладзены асобныя творы Куратава (перакладчык М.Аўрамчык).
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтвы. На тэр. К. выяўлены мезалітычныя драўляныя і каменныя рэчы і пасудзіны, багата арнаментаваныя геам., зааморфнымі і антрапаморфнымі малюнкамі, касцяныя прылады эпохі бронзы і жалеза. Знойдзена шмат прадметаў «пермскага звярынага стылю» (1-е — пач. 2-га тыс.н.э.): бронзавыя літыя культавыя выявы рэальных і фантаст. птушак і звяроў, фігуры чалавека (Усць-Вым, Усць-Ухта, Подчар’е — т.зв. Подчарамскі скарб). Разнастайныя ўпрыгожанні вымскай культуры (10—14 ст.; Кічылькоскі і інш. могільнікі на р. Вым). Драўлянае дойлідства К. набліжана да паўночнарускага: у 19 ст. пераважалі рубленыя 1—2-павярховыя дамы на высокім падклецці, да якіх прылягаў крыты 2-павярховы двор. Цэрквы ставілі драўляныя (шатровая капліца Параскевы Пятніцы ў в. Крывое Удорскага р-на, 18 ст.) і мураваныя (Стафана Пермскага ў Усць-Вымі, 1759). У 1930-я г. разгарнулася буд-ва ў Сыктыўкары, узнікалі новыя гарады (Варкута, Ухта, Інта, Пячора і інш.). З сярэдзіны 1950-х г. узводзяцца новыя жылыя раёны, грамадскія будынкі: Рэсп.муз.т-р (1968, арх. А.Турчанінаў), гасцініца «Сыктыўкар» (1980, арх. А.Ракін і інш.) у Сыктыўкары. Традыц. віды нар. мастацтва: узорыстае ткацтва, вышыўка, вязанне, выраб футравага адзення і абутку, аздобленых мазаікай і аплікацыяй з футра і каляровага сукна, выемчатая трохгранная разьба на драўляных прадметах, пляценне з бяросты. Развіццё прафес.выяўл. мастацтва звязана з дзейнасцю графіка В.Палякова. У 1930-я г. працавалі графік М.Бязносаў, тэатр. мастакі В.Малахаў, В.Баусаў. У 1950—80-я г. развіваліся быт. жанр, партрэт (М.Жылін, В.Поснікаў), пейзаж (С.Торлапаў), нацюрморт (Е.Ярмоліна, А. і В. Куліковы). Пашырэнне атрымалі скульптура (Ю.Барысаў), гравюра, кніжная графіка. У 1943 створаны Саюз мастакоў, у 1958 — Саюз архітэктараў К.
Музыка комі да 1917 існавала ў вуснай традыцыі. Муз. фальклор уключае абрадавыя, прац., сямейна-быт., лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песні, балады, прыпеўкі. Пашыраны сольныя і хар. спевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод нар. інструментаў: сігудэк (3-струнны смычковы і шчыпковы), чыпсаны і пэляны (дудкі, разнавіднасць шматствольных флейт), этыка пэлян (аднаствольная дудка), сюмэд пэлян (берасцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама рус. балалайка і гармонік. На аснове муз. фальклору напісаны нац. творы: муз. драма «Усць-Куломскае паўстанне» А.Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» С.Кандрацьева (1946), оперы «Навальніца над Усць-Куломам» Г.Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б.Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Я.Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), аперэта «Песні да зорак» (1963) Перапяліцы і інш. У розных жанрах працуюць кампазітары М.Герцман, П.Чысталёў, А.Рочаў, А.Осіпаў і інш. Дзейнічаюць: Рэсп.муз.т-р (з 1958), філармонія (з 1939), Дзярж. ансамбль песні і танца «Ранішні досвітак» (з 1939); муз. вучылішча (Сыктыўкар), муз. школы. У 1978 створаны Саюз кампазітараў К.
Літ.:
История коми литературы. Т. 1—3. Сыктывкар, 1979—81;
Грибова Л.С. Декоративно-прикладное искусство народов Коми. М., 1980;
Осипов А. О коми музыке и музыкантах. Сыктывкар, 1969;
Чисталев П.И. Коми народные музыкальные инструменты. Сыктывкар, 1984;
Чисталев П.Й., Скляр И.Г. Коми народные танцы. Сыктывкар, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на ПдУ Беларусі, каля граніц з Украінай і Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 40,4 тыс.км². Нас. 1594,2 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гомель. У вобласці 21 раён: Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Гомельскі, Добрушскі, Ельскі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Кармянскі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Рагачоўскі, Рэчыцкі, Светлагорскі, Хойніцкі, Чачэрскі (гл. адпаведныя артыкулы), 17 гарадоў, у т. л. 8 абл. падпарадкавання — Гомель, Добруш, Жлобін, Калінкавічы, Мазыр, Рэчыца, Рагачоў, Светлагорск, 18 гар. пасёлкаў, 279 сельсаветаў, 2665 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці раўнінная. Большая ч. вобласці размешчана на Палескай нізіне, паўд.-ўсх. і ўсх. — на Прыдняпроўскай нізіне. У межах вобласці вылучаюцца 3 фізіка-геагр. раёны падправінцыі Беларускага Палесся: Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе, Гомельскае Палессе. На правым беразе Прыпяці — Мазырская града з вышэйшым пунктам вобласці — 221 м, у міжрэччы Дняпра і Прыпяці — Хойніцка-Брагінскія вышыні (да 157 м). Пераважае нізінны рэльеф (вышыні 135—150 м над узр. м.), які займае ¾ тэр. вобласці. Ніжэйшы пункт у пойме Дняпра пры выхадзе яго на тэр. Украіны — 103,4 м над узр. м. Карысныя выкапні: нафта (60 радовішчаў пераважна ў Рэчыцкім, Светлагорскім і Акцябрскім р-нах), калійныя і каменныя солі (Петрыкаўскае радовішча калійных і каменнай солей, Давыдаўскае і Мазырскае радовішча каменнай солі), буры вугаль (Брынёўскае і Жыткавіцкае радовішчы), гаручыя сланцы (Тураўскае радовішча), торф, будаўнічы і абліцовачны камень, шкловыя і фармовачныя пяскі, мел, гіпс, цагельныя гліны і суглінкі, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,3 °C на ПдЗ да -8,2 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,5 °C на З да 19,7 °C на У. Вегетац. перыяд 188—199 сутак. Гадавая колькасць ападкаў 510—670 мм. Каля 70% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Рэкі належаць да басейна Дняпра, што працякае па тэр. вобласці з Пн на Пд на працягу амаль 400 км. Найб. яго прытокі ў межах вобласці суднаходныя — Прыпяць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Прыпяці — Случ, Пціч, Трэмля, Іпа (злева), Сцвіга, Убарць, Славечна, Жалонь (справа), Сажа — Беседзь і Іпуць (злева). Самае вял. па плошчы воз. Чырвонае, у поймах рэк невял. азёры-старыцы. Густая сетка меліярац. каналаў. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (31,6%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,7%), тарфяна-балотныя (19,2%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (31,2%) і пясчаныя (30,8%), менш тарфяных (19,2%) і сугліністых (18,8%). Асушаныя землі займаюць каля 30% сельгасугоддзяў, найб. у Акцябрскім р-не — 50%, у Калінкавіцкім, Ельскім, Петрыкаўскім, Светлагорскім, Хойніцкім р-нах каля 40%. Пад лесам каля 44% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 65%, бярозавыя — 14, чорнаальховыя — 9,5, дубовыя — 8%. Найб. лясістасць на З і Пд вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,2%, каля 2/3 з іх нізінныя. Балоты, пераважна нізінныя, займаюць каля 13% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці Прыпяцкі ландшафтна-гідралагічны запаведнік (з 1997 нац. парк), 11 біялагічных, 1 ландшафтны і інш. заказнікі, 35 помнікаў прыроды. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 69,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзію-137 больш як 5 Кі/км² займае 27,5% тэр. вобласці. У найб. забруджанай (шчыльнасць па цэзію-137 больш за 40 Кі/км²) паўд.ч. вобласці створаны Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,4%), жывуць таксама рускія (9%), украінцы (3%), яўрэі (2,8%) і інш. Гарадскога насельніцтва 68,2%. Сярэдняя шчыльн. 40 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гомель (514), Мазыр (107), Светлагорск (76), Рэчыца (73), Жлобін (67), Калінкавічы (42), Рагачоў (37), Добруш (20). Пасля 1985 нараджальнасць і натуральны прырост зніжаюцца, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Нараўлянскім, Брагінскім і Хойніцкім р-нах (найб. пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася больш як на 50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гаспадарчым комплексе. У ёй занята 30% усіх працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. У 1991—95 для прам-сці вобласці характэрна зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці і рост беспрацоўя. Вобласць спецыялізуецца на здабычы нафты, кухоннай солі, вытв-сці сталі і пракату, асобных галінах машынабудавання, хім., лясной, лёгкай і харч. прам-сці. У вобласці вырабляюць (у % да рэсп. вытв-сці): нафты і кухоннай солі (здабыча) — 100%, прадуктаў нафтаперапрацоўкі — 50, сталі — 81,5, сернай кіслаты — 49,3, фосфарных угнаенняў — 100, кормаўборачных камбайнаў — 100, падшыпнікаў качэння — 34, металарэзных станкоў — 20, аконнага шкла — 100, паперы — 29, кардону — 44, шпалераў — 58, драўняна-стружкавых пліт — 34, кандытарскіх вырабаў — 29, кансерваў — 21, туалетнага мыла — 100, гасп. мыла — 91%. Самыя вял. прадпрыемствы ў Гомелі, Мазыры, Светлагорску, Жлобіне, Рэчыцы, дзе сканцэнтравана каля 80% прамысл. патэнцыялу вобласці. У Рагачове малочнакансервавы камбінат і прадпрыемствы машынабудавання, у Рэчыцкім р-не асн.здабыча нафты краіны, у Добрушы папяровая ф-ка «Герой працы», фарфоравы з-д. На тэр. вобласці больш за 10 буйных прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці. У раённых цэнтрах і гар. пасёлках працуюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі (агародніны, мяса, малака), лясной, дрэваапр., лёгкай прам-сці, па вытв-сці будматэрыялаў. Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бульбы, у прыгарадных гаспадарках таксама на птушкагадоўлі, вырошчванні агародніны і пладаводстве. У сельскай гаспадарцы занята 17,5% усіх працуючых. Галіна перажывае негатыўныя вынікі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС: паменшылася плошча сельгасугоддзяў (асабліва ворыва), змянілася структура пасеваў, скарацілася пагалоўе жывёлы і інш. У цэлым роля вобласці ў с.-г. вытв-сці рэспублікі пасля Чарнобыльскай катастрофы паменшылася. Сельгасугоддзі займаюць 36,3% тэр. вобласці, у т. л. лугі і паша — каля 13%, ворыва — 21,5%. Найб. асвоены Буда-Кашалёўскі, Кармянскі, Добрушскі р-ны, дзе пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэр. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і зернебабовыя, а таксама кармавыя культуры (гл.табл. 1).
Сярод збожжавых найб. плошчы пад жытам і ячменем. У 1995 пры долі пасяўных плошчаў 14,3% (ад пасяўных плошчаў па рэспубліцы) атрымана 14,3% збожжа, 15,5% бульбы, 16,6% агародніны ад вытв-сці па рэспубліцы. На 433 фермерскія гаспадаркі (1996) прыпадае 8,3 тыс.га сельгасугоддзяў (у т. л. 6,7 тыс.га ворыва), што складае 0,6% ад усіх сельгасугоддзяў вобласці і 0,7% ворыва. Павышаецца доля фермерскіх і асабістых дапаможных гаспадарак у валавых зборах бульбы (83,6% у 1995), агародніны (80,9%), пладоў і ягад (96,4%). Жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, развіты свінагадоўля і птушкагадоўля. Дынаміка пагалоўя на 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2).
У апошнія гады павышаецца доля асабістых дапаможных гаспадарак у вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Гомельскага, Добрушскага, Жлобінскага р-наў, малака — Акцябрскага, Гомельскага, Калінкавіцкага, яец — Гомельскага р-на.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 903 км. Праходзяць важныя міжнар. магістралі: С.-Пецярбург—Жлобін—Адэса, Вільнюс—Мінск—Жлобін—Корасцень—Кіеў, Брэст—Гомель. Удзельная вага чыг. транспарту ў агульным грузаабароце вобласці складае больш за 90%, у пасажыраабароце — 50% (1995). Буйныя чыг. вузлы Гомель, Жлобін, Калінкавічы. Аўтамаб. транспарт займае 2-е месца пасля чыгуначнага па груза- і пасажыраабароце. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7,9 тыс.км (1994). Асн. магістралі С.-Пецярбург—Віцебск—Гомель—Кіеў, Мінск—Гомель, Бранск—Гомель—Пінск—Брэст. Суднаходства па Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы. Па тэр. вобласці праходзіць магістральны нафтаправод «Дружба», газаправоды Гомель—Мінск, Шчорс—Гомель. Сетка нафтаправодаў злучае нафтапромыслы з нафтаправодам «Дружба». У Гомелі аэрапорт.
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
880,5
855,2
Збожжавыя і зернебабовыя
379,7
407,8
Бульба
112,1
101,8
Лён
6,0
5,0
Агародніна
6,8
12,0
Плады і ягады
25,2
24,1
Кармавыя культуры
367,1
321,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1981
1991
1996
Буйная рагатая жывёла
1221
1160,3
776,2
у т.л. каровы
504
368,4
324,7
Свінні
652
686,3
556,4
Авечкі і козы
88
13,6
19,0
Птушка
7132
8274,5
5122,0
Да арт.Гомельская вобласць. Балота ў Рэчыцкім раёне (уверсе). На рацэ Сож у Гомелі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́КСЕМБУ́РГ (люксембургскае Lëtzebuerg, франц. Luxembourg, ням. Luxemburg),
Вялікае Герцагства Люксембург (люксембургскае Groussherzogtum Lëtzebuerg, франц. Grand-Duché de Luxembourg, ням. Grossherzogtum Luxemburg), дзяржава ў Зах. Еўропе, паміж Бельгіяй, Германіяй, Францыяй. Пл. 2586 км². Нас. 425 тыс.чал. (1998). Афіц. мовы — люксембургская, нямецкая і французская.
Сталіца — г.Люксембург. Падзяляецца на 3 акругі. Нац. свята — 23 ліп. (дзень нараджэння вял. герцага Жана).
Дзяржаўны лад. Л. — канстытуцыйная манархія. Дзеючая канстытуцыя прынята ў 1868. Кіраўнік дзяржавы — Вял. герцаг Люксембургскі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Палаце дэпутатаў (60 дэпутатаў), якая выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Вышэйшы кансультатыўны орган пры герцагу па пытаннях заканадаўства і права — Дзярж. савет (21 саветнік), які пажыццёва назначаецца герцагам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Л. — узвышаная і ўзгорыстая краіна, пераважна на выш. ад 300 да 500 м над узр. м. Паўночная яе частка занята схіламі Ардэнаў (найвыш. пункт 559 м), паўд. — узгорыстае ўзвышша, парэзанае далінамі рэк. Карысныя выкапні: жал. руда (каля 240 млн.т), буд. матэрыялы, гаручыя сланцы. Клімат умерана цёплы, марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пд 3 °C, у Ардэнах каля 0 °C, ліп. 18 і 14 °C адпаведна. Рачная сетка густая, рэкі адносяцца да бас.р. Мозель. Лясы і хмызнякі займаюць 21% тэрыторыі. Лясы з дубу, грабу, буку і пасаджаныя з хвоі, елкі пераважна ва ўзвышаных раёнах. Некалькі рэзерватаў, частка прыроднага парку (уваходзіць і ў межы Германіі).
Насельніцтва. 71% складаюць люксембуржцы, 29% — выхадцы з краін Еўропы, у т. л. партугальцы — 10%, італьянцы — 5%, французы, бельгійцы, немцы і інш. 97% вернікаў католікі. Сярэднегадавы прырост 1,16% (1997). Сярэдняя шчыльн. 164,3 чал. на 1 км². У прамысл. раёне на Пдшчыльн. дасягае 1000 чал., у Ардэнах падае да 30—40 чал. на 1 км². У гарадах жыве 90% насельніцтва краіны. Найб. гарады Люксембург, Эш, Дыкірх, Дыферданж, Петанж. У прам-сці занята 16% працоўных, у буд-ве — 11%, у транспарце, сувязі, складской справе — 8%, у сельскай гаспадарцы і лясной справе 1%, у абслуговых галінах — 61%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена чалавекам у эпоху мезаліту (каля 7 тыс. гадоў назад), у старажытнасці — кельтамі, з 1 ст. да н.э. — рымлянамі, у раннім сярэдневякоўі — франкамі (іх вобл. Аўстразія). У выніку Вердэнскага дагавора 843 уладанне Лотара I (унук Карла Вялікага), з 959 у складзе герцагства Латарынгія. У 963—1083 самаст. графства Л. (да 19 ст.наз. Лютцэльбург), з 1354 герцагства (тэрытарыяльна было большае за сучасны Л., правіла дынастыя Люксембургаў). З 1441 у складзе Бургундыі, з 1477 пад уладай Габсбургаў (з 1555 іх ісп. лініі), частка гіст.Нідэрландаў. З 1659 паўд. частка, у 1684—94 і 1795—1814 увесь Л. пад уладай Францыі, у 1697—1794 — зноў Габсбургаў (у 1714—95 іх аўстр. лініі). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 утворана Вял. герцагства Л. (у 1815—66 у складзе Герм. саюза, у 1842—1919 таксама ў мытным саюзе з Германіяй) у персанальнай уніі (спынена ў 1890) з Нідэрландскім каралеўствам. Паводле бельг.-нідэрл. дагавора 1839 устаноўлены сучасныя межы Л. (да Бельгіі адышла валонская частка Л. — цяпер бельг. правінцыя Л.). 11.5.1867 на міжнар. канферэнцыі прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Прусіі, Францыі і Расіі ў Лондане вырашана т.зв. Люксембургскае пытанне (спрэчкі за ўплыў у Л. і прэтэнзіі на яго тэр. Прусіі і Францыі) і Л. абвешчаны «вечна нейтральнай» дзяржавай. У 1921 Л. заключыў мытны і эканам. саюз з Бельгіяй. У парушэнне нейтралітэту Л. ў 1-ю і 2-ю сусв. войны яго акупіравалі герм. войскі (1914—18, 1940—45; у 1940—45 вял. герцагіня Шарлота, якая правіла ў 1919—64, і ўрад Л. знаходзіліся ў эміграцыі ў Лондане). У лют. 1945 краіна вызвалена англа-амер. войскамі. У 1948 з канстытуцыі Л. выключаны артыкул аб яго нейтралітэце.
Пасля 1945 Л. актыўна ўключыўся ў працэс еўрап. інтэграцыі (у 1948 далучыўся да Брусельскага пакта, у 1951 — Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі, у 1955 — Заходнееўрапейскага саюза, у 1957 — Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі, ратыфікаваў Маастрыхцкі дагавор 1992); у г. Люксембург размясціўся шэраг устаноў аб’яднанай Еўропы. З 1964 кіраўнік дзяржавы — вял. герцаг Жан (сын Шарлоты). У 1984—95 прэм’ер-міністрам Л. быў Ж.Сантэр. Л. — чл.ААН (з 1945), НАТО (з 1949), Савета Еўропы (з 1949), Бенілюкса (з 1960), Еўрапейскага саюза (з 1992), Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з ліп. 1992.
Дзейнічаюць Хрысц.-сац. партыя, Люксембургская сацыяліст. рабочая партыя, Дэмакр. партыя, Камуніст. партыя Л., экалагічная партыя «Зялёная альтэрнатыва», Ген. канфедэрацыя працы Л. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. Л. — высокаразвітая індустр. дзяржава, па выпуску прадукцыі на душу насельніцтва займае адно з першых месцаў у свеце. Штогадовы даход на 1 чал. — 24,5 тыс.дол. (1995). У прам-сці ствараецца 21% валавога ўнутр. прадукту, у сельскай гаспадарцы — 5%, у абслуговых галінах — 74%. Аснова прам-сці — чорная металургія, дае 29,3% агульнага аб’ёму прамысл. вытв-сці. Развіваецца ў асн. на прывазной сыравіне. Здабычажал. руды (каля 4—5 млн.т штогод) задавальняе 30% патрэб чорнай металургіі. Штогод выплаўляецца каля 4 млн.т высакаякаснай сталі (1-е месца ў свеце на душу насельніцтва). Металургічныя прадпрыемствы сканцэнтраваны на ПдЗ, дзе здаўна вядзецца здабычажал. руды; асн. цэнтры Эш, Шыфланж, Дыферданж, Дзюдэланж, Раданж. Прадпрыемствы кантралююцца пераважна бельгійска-герм. канцэрнам «Арбед». Хім.прам-сць дае 21,3% усёй прамысл. прадукцыі: вытв-сцьаўтамаб. шын (г. Калмар-Берг), сінт. валакна (г. Эхтэрнах), поліэфірнай плёнкі (г. Кантэрн) і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1,4 млрд. кВт∙гадз (1995). Працуе гідраакумуляцыйная электрастанцыя на р. Ур каля г. Віяндэн (выпрацоўвае 40% электраэнергіі краіны), некалькі буйных ЦЭС. Каля 6 млрд.кВтгадз электраэнергіі імпартуецца з суседніх краін. Развіты гарбарна-абутковая, цэм., фаянсавая, дрэваапр., швейная, харчасмакавая, у т. л. тытунёвая, галіны. Сельская гаспадарка высокаінтэнсіўная. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 116 тыс.га (45% тэр. краіны), у т. л. пад ворывам 62 тыс.га, пад пашай 54 тыс.га. Сельская гаспадарка забяспечвае палавіну патрэб насельніцтва краіны ў харч. прадуктах. Пераважае мяса-малочная жывёлагадоўля (каля 80% кошту с.-г. вытв-сці). Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы — каля 250, свіней — каля 80. Развіты таксама птушкаводства, трусагадоўля, пчалярства. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, жыта, бульбу, кармавыя культуры. Садоўніцтва (яблыкі, грушы, слівы, вішні). Вінаградарства ў даліне р. Мозель. Кветкаводства. Л. — буйны міжнар. фінансавы цэнтр; банкаўскія аперацыі адыгрываюць значную ролю ў даходах краіны (да 16%). У краіне 193 банкі, сканцэнтравана 10% актываў усяго еўравалютнага рынку. Л. — краіна развітога турызму (каля 500 тыс. замежных турыстаў штогод, даход каля 300 млн.дол.). Транспарт чыгуначны і аўтамабільны. Даўж. чыгунак 275 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,1 тыс.км. 75% грузаабароту прыпадае на міжнар. перавозкі. Суднаходства па р. Мозель. Л. мае марскі гандл. флот грузападымальнасцю 860 тыс. дэдвейт т, базіруецца ў партах Бельгіі і Нідэрландаў. Міжнар. аэрапорт каля г. Люксембург — вузел унутрыеўрап. паветр. ліній. У 1995 экспарт склаў 7,3 млрд.дол., імпарт — 9,1 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць сталь, пракат, хім. прадукты, цэмент, кераміка, віны, у імпарце — сыравіна для чорнай металургіі, нафта, электраэнергія, машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, тканіны, харч. тавары і інш.Гал.гандл. партнёры: Германія (28% экспарту, 25% імпарту), Бельгія (адпаведна 15 і 38%), Францыя (18 і 11%), Нідэрланды (5 і 4%). З 1921 Л. знаходзіцца ў эканам., у т. л. мытным, саюзе з Бельгіяй. Грашовая адзінка — люксембургскі франк.
Літ.:
Килль Ж. Тысячелетний Люксембург: Пер. с нем. М., 1965;
Шнеерсон Л.М. В преддверии франко-прусской войны: Франко-германский конфликт из-за Люксембурга в 1867 г.Мн., 1969;
Дробков В.А. На перекрестке дорог, культур, истории: Очерки о Бельгии и Люксембурге. М., 1989.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).
Герб і сцяг Люксембурга.Да арт.Люксембург. Частка ўрадавага квартала ў г. Люксембург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал. руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал. руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал. руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУА́НДА (Ruanda, Rwanda),
Руандыйская Рэспубліка (кіньяруандыйскае Republika y’u Rwanda, франц. Republique Rwandaise, англ. Républic of Rwanda), дзяржава ва ўнутр. частцы Усх. Афрыкі. Мяжуе на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пн з Угандай, на У з Танзаніяй, на Пд з Бурундзі. Пл. 26,4 тыс.км². Нас. 7229,1 тыс.чал. (2001). Афіц. мовы — кіньяруанда, франц. і англ.; шырока ўжываецца мова суахілі. Сталіца — г.Кігалі. Падзяляецца на 12 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).
Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца на 5 гадоў). Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і Нац. сходу. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Паверхня — моцна парэзанае далінамі рэк пласкагор’е (выш. 1500—2000 м), зах. край (прыўзняты да 2500—3000 м) стромка абрываецца да воз.Ківу. На крайнім ПнЗ — частка вулканічных гор Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м). Ёсць радовішчы алавяных, вальфрамавых, берылавых, танталака-лумбітавых і інш. руд, золата, метану і вуглякіслага газу. Клімат субэкватарыяльны, мяккі з-за значнай вышыні над узр. м. У г. Кігалі (на выш. 1550 м) т-ра ўвесь год вагаецца ад 17 да 21 °C. Ападкаў каля 1000—1500 мм за год, сухі сезон ліп.—верасень. Бываюць засухі. Большая ч.тэр. ў бас.р. Кагера (выток р. Ніл). Найб. возера Ківу. Расліннасць прадстаўлена пераважна другаснымі саваннамі. Пад лесам і хмызнякамі 22% тэрыторыі. Багаты жывёльны свет моцна вынішчаны, але ў нац. парках і запаведніках захаваліся розныя віды антылоп, буйвалы, насарогі, бегемоты, зебры, ільвы, леапарды і інш. У Р. нац. паркі Вірунга і Кагера (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Асн. народ руанда (баньяруанда) складае каля 95%. Этнасацыяльна падзяляецца на групы жывёлаводаў — тутсі (высокага росту, каля 13%), земляробаў — хуту (сярэдняга росту, 85%) і пігмеяў-тва (больш за 1%). Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, з Еўропы і Паўд. Азіі. Вернікі пераважна католікі (65%) і прыхільнікі мясц.традыц. вераванняў (25%), ёсць пратэстанты (9%) і мусульмане (1%). Сярэднегадавы прырост 1,4% (2000). Сярэдняя шчыльн. адна з самых высокіх у Афрыцы — 273,8 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 6% насельніцтва. У г. Кігалі 234,5 тыс.ж. (1993), па 20—40 тыс.ж. у гарадах Бутарэ, Ньянза, Гісеньі, Гітарама, Б’юмба. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва. У выніку ваен. дзеянняў каля 1 млн.чал. загінулі, каля 2 млн.чал. (пераважна хуту) пакінулі Р., жывуць у лагерах бежанцаў на тэр. суседніх краін.
Гісторыя. Стараж. насельнікамі тэр. Р. былі пігмеі-тва. У пач. 2-га тыс.н.э. тут пасяліліся бантумоўныя земляробчыя плямёны хуту. Каля 16 ст. іх падпарадкавалі жывёлаводы тутсі, якія стварылі тут дзярж. аб’яднанне на чале з мвамі (каралём). Меншасць тутсі складала касцяк кіруючай эліты, якая панавала над большасцю — хуту. У 1898 Р. анексіравана Германіяй і далучана да герм.Усх. Афрыкі. У 1916 Р. акупіравала Бельгія, якая пасля 1-й сусв. вайны атрымала мандат Лігі Нацый на кіраванне Р. З 1946 Р. — падапечная тэр.ААН пад кіраваннем Бельгіі. У 1959 прадстаўнікі хуту заснавалі Рух за эмансіпацыю (з 1960 Рэсп.-дэмакр. Рух Пармехуту, РДР Пармехуту) на чале з Г.Кайібандам. На першых усеагульных выбарах 1961 перамог РДР Пармехуту. У вер. 1961 скасавана манархія, што суправаджалася сутыкненнямі паміж хуту і тутсі, у выніку чаго каля 200 тыс. тутсі знайшлі прытулак ва Угандзе.
1.7.1962 абвешчана незалежнасць Р., першым прэзідэнтам стаў Кайібанда. У снеж. 1963 адбыліся новыя сутыкненні паміж хуту і тутсі, пачалося выцясненне тутсі з дзярж. апарату. У ліп. 1973 ваенныя на чале з ген. Ж.Хаб’ярыманам здзейснілі дзярж. пераварот. У снеж. 1978 прынята новая канстытуцыя Р., Хаб’ярымана абраны прэзідэнтам краіны. Адзінай дазволенай паліт. партыяй абвешчаны Нац. рух за развіццё (засн. ў 1975). У кастр. 1990 з тэр. Уганды ў Р. ўварваліся ўзбр. атрады Патрыят. руандыйскага фронту (ПРФ), створанага эмігрантамі-тугсі. 4.8.1993 паміж ПРФ і ўрадам Р. падпісана пагадненне аб спыненні агню і стварэнні кааліцыйнага ўрада. 6.4.1994 быў збіты самалёт, на якім ляцеў Хаб’ярымана, і ён загінуў, у чым абвінавацілі тутсі. Міліцыя хуту пачала масавае фіз. знішчэнне тутсі; у выніку генацыду загінулі да 1 млн.чал. У адказ ПРФ разгарнуў наступленне і авалодаў усёй тэр. Р. Больш за 2 млн. хуту ўцяклі ў суседнія краіны. У ліп. 1994 прэзідэнтам Р. абвешчаны выхадзец з хуту П.Бізімунгу, віцэ-прэзідэнтам — выхадзец з тутсі П.Кагаме. У 1997 войскі Р. дапамаглі скінуць рэжым Мабуту Сесе Сека ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга, а з вер. 1998 удзельнічаюць ва ўзбр. канфлікце ў гэтай краіне. У крас. 2000 новым прэзідэнтам Р. абраны Кагаме.
Сярод паліт. партый і аб’яднанняў Р. найб. уплывам карыстаюцца Рэсп.дэмакр. рух, С.-д., Ліберальная і Хрысц.-дэмакр. партыі. У 1987 створаны Прафс. цэнтр працоўных. Р. — чл.ААН (з 1962), Арганізацыі афр. адзінства (з 1963).
Гаспадарка. Р. — адна з найбяднейшых краін свету. Валавы ўнутр. прадукт у разліку на 1 чал. 690 дол. за год (1998). Каля 36% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, каля 24% — у прам-сці, каля 40% — у абслуговых галінах. У гаспадарцы захаваліся перажыткі родавых і феад. адносін. Ёсць дзярж. і каап. сектары. Унутр. канфлікты 1990-х г. спынілі развіццё эканомікі. У паўнатуральнай сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца больш за палавіну тэр. краіны, у т. л. каля 900 тыс.га пад ворывам, каля 250 тыс.га пад шматгадовымі культурамі, каля 500 тыс.га пад пашай. Характэрны зямельны голад, магчымасці пашырэння с.-г. зямель амаль вычарпаны. Гал. занятак сялян — прымітыўнае матычнае земляробства, засн. на папарнай сістэме. Арашаецца 4 тыс.га.
Пераважаюць дробныя гаспадаркі пл. 0,6—1 га. Гал. экспартныя культуры: кава (штогадовы збор каля 40 тыс.т), чай, пірэтрум (інсектыцыдная расліна), бавоўна, хіннае дрэва. На ўласныя патрэбы вырошчваюць маніёк, ямс, батат, бананы, сорга, кукурузу, бульбу, арахіс, бабовыя, цукр. трыснёг, тытунь, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. У 1998 атрымана 226 тыс.т збожжа, 3 тыс.т алею. Жывёлагадоўля пашавая, характарызуецца нізкай прадукцыйнасцю. Пагалоўе (1998, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — 500, коз і авечак — 1250, свіней — 80. У 1998 атрымана 19 тыс.т мяса. Птушкагадоўля (куры, качкі), пчалярства. Рыбалоўства ў азёрах і рэках (1997, 3,1 тыс.т). У прам-сці пераважаюць прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны і здабычы карысных выкапняў. У 1996 атрымана 166 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (97,6% на ГЭС, найб. Муруры на р. Рузізі). Ёсць прадпрыемствы харчасмакавай (перапрацоўка кавы, чаю, піваварныя і безалкагольных напіткаў), харч. (млыны і хлебапякарні, вытв-сць алею), гарбарна-абутковай, тэкст., мэблевай, мылаварнай, тытунёвай і інш. галін прам-сці; з-ды і ф-кі запалкавыя, метызаў, металаканструкцый, алюмініевага посуду, фарбаў, аўтарамонтныя майстэрні. Шырока развіты саматужная апрацоўка скур, выраб абутку, адзення, керамічнага посуду, прадметаў хатняга ўжытку. Вядзецца прамысл. і саматужная здабыча карысных выкапняў (руд волава, вальфраму, танталакалумбіту, берылу, золата). Здабыча метану і вуглякіслага газу з воз. Ківу. Лесанарыхтоўкі і лесапільная прам-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 12 тыс.км аўтадарог, у т. л. 1 тыс.км з цвёрдым пакрыццём; 12 тыс. легкавых, 16 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Суднаходства па воз. Ківу; 7 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Кігалі. У 1998 экспарт склаў 82,1 млн.дол., імпарт 326 млн.дол. У экспарце пераважаюць кава (55%), чай (22%), пірэтрум, скуры; гарнарудная прадукцыя; у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. і спажывецкія тавары, нафтапрадукты, буд. матэрыялы. Гал.гандл. партнёры: Бельгія, ЗША, Вялікабрытанія, Германія, Японія, Кенія. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу (у 1995—99 каля 400 млн.дол.). Грашовая адзінка — руандыйскі франк.
Літ.:
Соколова Р. Две народности — два врага? // Азия и Африка сегодня. 1997. № 6;
Денисов А. Уроки Руанды // Там жа. 2000. № 9.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Руанды.Да арт.Руанда. Ландшафт на ПнЗ краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лу́па1 ’губа чалавека, жывёлы’ (маладз., Янк. Мат.; Мікуц., Сцяц., Сл. ПЗБ; сувалк., Карт. Атл. Беласточчыны), łupufka ’губны гармонік’ (там жа), лу́пы ’губы’ (мін., КЭС), лу́па ’морда жывёлы’ (Мядзв.). Балтызм, параўн. літ.lū́pa ’губа’, лат.lũpa (Буга, Rinkt., 2, 48; Урбуціс, Baltistica, 5, 64 і 160; Liet. term., 181; Пальцаў, Лекс. балтызмы, 37; Зданцэвіч, LP, 8, 344). Булыка (Запазыч., 192) вызначае ст.-бел.лупы ’губы’ як запазычанне са ст.-польск.łupy ’тс’. Супраць Непакупны (Baltistica, 11, (1), 109). Сюды ж лупа́ты ’чалавек з вялікімі, тоўстымі губамі’ (Сцяшк., Шат.; бялын., докш., Янк. Мат.; віц., КЭС; драг., полац., Нар. лекс.; Сл. ПЗБ), сувалк.łupaty ’тс’; лаг.лупазу́бы ’бяздзейны, разінькаваты падлетак’, лупа́ч ’мужчына з тоўстымі вуснамі’ (КЭС, лаг.; шальч., Сл. ПЗБ), ’губаты’ (міёр., З нар. сл.).
Лу́па2, лу́пы ’губа, губавыя грыбы, Polyporaceae’ (паст., Жыв. сл.). Да лу́па1. Аб семантычным пераходзе ’губа’ — ’грыб’ гл. гу́ба.
*Лу́па3, лу́пы ’вочы’, лупачы́ ’тс’ (Юрч. Вытв.), сувалк.zalać łupe ’ўпіцца’, якое адпавядае драг.залэ́тэ го́чэ (горі́лкію) ’тс’; рус.перм., урал.лу́пы ’вочы’, алан., валаг.лу́пачи́ ’вытрашчаныя вочы’, уладз.лупа́нда ’вірлавокі’, укр.правабярэжна-палес.лупа́тий і мсцісл.лупа́ч ’тс’. Генетычна ўзыходзіць да прасл.lupъ (параўн. бел.ё‑луп), якое Мартынаў (Этимология–1984, 129–130) рэканструюе з пратэзай як glupъ. Сюды ж бел.лупа́ты ’вірлавокі’ (ТСБМ, Гарэц., Мал., Дразд., Янк. 1, Шат., Мат. Гом., Нас., Растарг.; бых., Янк. Мат.; клец., Нар. лекс.; пух., Сл. ПЗБ; ТС), лупава́ты (Мат. Гом.), лупа́сценькій ’тс’ (мсцісл., Нар. словатв.), лупачы́ ’лупатыя вочы’ (капыл., Жыв. сл.; свісл., Сцяшк. Сл.).
Лу́па4 ’яечня, непадкалочаная мукой’ (круп., Сл. ПЗБ) — перанос назвы з першапачатковага лупа ’яечня непадкалочаная’, параўн. гом., чач.лупа́ ’яечня’, асіп.лупа́тая яешня ’яечня нераскалочаная’. Аналагічна рус.глазу́нья, чэш.volská oka ’тс’ (літаральна ’валовы вочы’). Да лу́па3 (гл.).
Лу́па5 ’павелічальнае дваякавыгнутае шкло ў аправе’ (ТСБМ). З рус.лу́па ’тс’, якое на пачатку XIX ст. з франц.loupe непасрэдна або праз ням.Lupe (Фасмер, 2, 534; Крукоўскі, Уплыў, 72). Канчаткова — да лац.lupa ’ваўчыца’ і ’круглая пухліна’, ’круглае шкло’.
Рэспубліка Вануату (англ. Republic of Vanuatu; франц. Republique de Vanuatu), дзяржава на а-вах Новыя Гебрыды, у паўд,зах.ч. Ціхага акіяна. Пл. 14,8 тыс.км². Нас. 165,9 тыс.чал. (1993). Сталіца — г.Віла. Падзяляецца на 11 акруг. Дзярж. мова — біслама (піджын), мясц. спрошчаны варыянт англ. мовы, афіц. мовы англ., французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліп.).
Дзяржаўны лад. Вануату — рэспубліка. Уваходзіць у склад Садружнасці, якую ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы прэзідэнт. Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент. Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. У склад дзяржавы ўваходзіць 12 значных астравоў, у т. л. Эспірыту-Санта (пл. 3,7 тыс.км²), Малекула (2 тыс.км²), Эраманга (1 тыс.км²), Эфатэ (0,9 тыс.км²), і каля 70 дробных. Рэльеф горны (выш. да 1888 м); каля 60 вулканаў, у т. л. 10 дзеючых; ёсць каралавыя астравы, акаймаваныя рыфамі. Бываюць землетрасенні. Карысныя выкапні: марганцавая руда, алмазы, золата і серабро, сера. Клімат трапічны, з гарачым і дажджлівым сезонам (ліст.—крас.), цыклонамі. Сярэднямесячная т-ра паветра 20—27 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 2310 мм. Пераважае расліннасць трапічных лясоў. Мора багатае рыбай.
Насельніцтва. 94% насельніцтва — меланезійцы (каля 100 моў і дыялектаў), жывуць таксама палінезійцы, невял. групы еўрапейцаў (пераважна французы, англічане, англа-аўстралійцы) і інш. Паводле веравызнання 36% прэсвітэрыяне, 15% католікі, 15% англікане. Ёсць прыхільнікі мясц. культаў і інш. Сярэдняя шчыльн.нас. 11,2 чал. на 1 км². Найб. населены в-аў Эфатэ, дзе жыве 31 тыс.чал. і знаходзіцца сталіца Вануату.
Гісторыя. Астравы заселены каля 1300 да н.э. У 1606 іх адкрыў ісп. мараплавец Педра Кірос. У 1774 архіпелаг даследаваў Дж.Кук і даў ім назву Новыя Гебрыды. З 1839 распачата каланізацыя, з 1906 сумеснае ўладанне (кандамініум) Вялікабрытаніі і Францыі. У калан. перыяд тут выраблялі гал. чынам копру (сушаная мякаць какосавага арэха). У 2-ю сусв. вайну армія ЗША выкарыстоўвала астравы (з 1942) для нападу на занятыя японцамі Новую Гвінею і Саламонавы а-вы. У выніку выступленняў насельніцтва Новых Гебрыдаў супраць іншаземнага панавання англа-франц. улады ў 1957 стварылі Кансультатыўны савет; у 1975 ён пераўтвораны ў Прадстаўнічую асамблею, якая выконвала ролю парламента. У 1978 Новыя Гебрыды абвешчаны самакіравальнай тэрыторыяй. На выбарах 1979 перамагла партыя Вануаку («Наша зямля»), якая змагалася за незалежнасць астравоў.
Незалежнасць абвешчана 30.7.1980, б. калонія названа Вануату — «краіна, якая была, ёсць і будзе». У 1982 улады Вануату забаранілі заход у парты краіны караблёў з ядз. зброяй і атамнымі энергет. ўстаноўкамі. У снеж. 1988 прэзідэнт дзяржавы Дж.Сакаману спрабаваў распусціць парламент і адхіліць ад улады ўрад прэм’ер-міністра У.Ліні. У выніку выбараў 1991 утвораны кааліцыйны ўрад на чале з прэм’ер-міністрам М.К.Корманам. Прэзідэнт краіны з сак. 1994 Ж.М.Лее. Вануату — член ААН (з 1981), Руху недалучэння (з 1983), брыт. Садружнасці, рэгіянальных арг-цый Паўднёваціхаакіянскі форум і Паўднёваціхаакіянская камісія. Дзейнічаюць партыя Вануаку, Саюз памяркоўных партый, Меланезійская прагрэс. партыя, Нац. аб’яднаная партыя.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (трапічнае плантацыйнае земляробства на вузкіх палосах зямлі на ўзбярэжжы) і турызм. Вырошчваюць какосавую пальму (копра, пальмавы алей), какаву, каву, хлебнае дрэва, ямс, таро, бананы, цукр. трыснёг, маніёк, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Развіваецца рыбалоўства. Прам-сць развіта слаба. Здабыча марганцавай руды (в-аў Эфатэ), алмазаў, золата і серабра (а-вы Малекула і Эспірыту-Санта). Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Працуюць невял. кансервавыя, рыбаперапр. і тэкст. прадпрыемствы. Штогод краіну наведваюць каля 30—40 тыс. турыстаў пераважна з Аўстраліі, Новай Зеландыі, Японіі. Транспарт аўтамабільны (даўж. аўтадарог 900 км), марскі (125 разнастайных, пераважна невял. суднаў), авіяцыйны (31 аэрадром). Экспартуецца (на суму каля 16—24 млн. долараў ЗША штогод) копра, какава, мяса замарожанае і кансерваванае, рыба, драўніна, марганцавая руда і інш. Імпарт (на 60—80 млн. долараў ЗША штогод) — машыны і трансп. сродкі, харч. тавары, вырабы цяжкай прам-сці, матэрыялы і паліва, хімікаты і інш.Гал.гандл. партнёры — Аўстралія, Японія, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Францыя і інш. Грашовая адзінка — вату.
Літ.:
Рубцов Б. Вануату: Десять лет независимости // Мировая экономика и междунар. отношения. 1990. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРБА́ДАС (Barbados),
дзяржава на аднайм. востраве ў Вест-Індыі, у групе Малых Антыльскіх а-воў, у Атлантычным ак. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 431 км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Брыджтаўн. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 ліст.).
Дзяржаўны лад. Фармальна канстытуцыйная манархія, чл. брытанскай Садружнасці. Дзейнічае Канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — брытанскі манарх, прадстаўлены прызначаным ім ген.-губернатарам. Заканадаўчая ўлада належыць 2-палатнаму парламенту з тэрмінам паўнамоцтваў 5 гадоў: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Востраў складзены з вапнякоў, абкружаны каралавымі рыфамі. Паверхня ўзнімаецца тэрасамі да выш. 340 м над узр. м. Невял. запасы нафты і прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ўвесь год каля 25—27 °C. Ападкаў да 1400 мм за год, дажджлівы сезон з чэрв. да лістапада. Частыя ўраганы. Глебы — вельмі ўрадлівыя Карычнева-чырвоныя латэрыты. Прыродная расліннасць амаль не захавалася.
Насельніцтва. Каля 80% негры, 16% мулаты, 4% еўрап. паходжання. Большасць вернікаў — пратэстанты. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 700 чал. на 1 км². Каля палавіны насельніцтва гарадское, амаль усё ў г. Брыджтаўн і яго прыгарадах. Сярэдняя працягласць жыцця 75,3 года (1992).
Гісторыя. З першых стагоддзяў нашай эры на востраве жылі індзейскія плямёны аравакаў і карыбаў. У 1518 яго адкрылі іспанцы і назвалі Барбадас (ад ісп. barbudo барадаты; з-за мноства фігавых дрэў, абвітых падобнымі на бароды эпіфітамі). Іспанцы вывозілі мясц. індзейцаў як рабоў на в-аў Гаіці. У 1625 Барбадас захапілі і каланізавалі англічане, яны стваралі плантацыі па вырошчванні тытуню і бавоўніку, для працы на якіх прывозілі з Афрыкі неграў-рабоў У 1628 засн.г. Брыджтаўн. З 1652 Барбадасам кіраваў англ. губернатар. У 2-й пал. 17 ст. гаспадарка вострава пераарыентавана на вырошчванне цукр. трыснягу (у 1680 Англія атрымала тут 60% імпарту цукру). Да 1838 (адмена рабства) Барбадас — перавалачны пункт у англ. гандлі рабамі-неграмі У 1948 нац.-дэмакр. сілы дамагліся ўвядзення на востраве абмежаванага ўнутр. самакіравання, у 1950 — усеаг. выбарчага права. У 1958—62 Барбадас уваходзіў у Вест-Індскую федэрацыю, з 1961 меў поўнае самакіраванне, 30.11.1966 атрымаў незалежнасць.
Барбадас — чл.ААН (з 1966), Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва і інш., мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць партыі: Барбадаская лейбарысцкая, Дэмакр. лейбарысцкая, Рабочая, Нац.дэмакр.; прафс. аб’яднанне Саюз рабочых Барбадаса.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм і вытв-сць цукру. У сельскай гаспадарцы занята 8,5% насельніцтва, ствараецца 7,2% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і каля палавіны экспарту. У земляробстве выкарыстоўваецца 77% тэр. Барбадаса. Каля палавіны пасяўных плошчаў занята пад цукр. трыснягом, роля якога ў гаспадарцы паступова памяншаецца. З 1960-х г. развіваецца баваўнаводства. Вырошчваюць таксама кукурузу, тытунь, батат, маніёк, трапічную садавіну і гародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, козаў і авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. У прам-сці пераважаюць перапрацоўчыя галіны. Здабыча нафты (каля 100 тыс.т штогод), прыроднага газу (каля 20—30 млн.м³), вапняку. Вытв-сць электраэнергіі — штогод каля 0,5 млрд.кВт∙гадз. Традыцыйныя галіны вытв-сці: харч. (вытв-сць цукру — каля 100 тыс.т штогод, рому, патакі, садавінна-кансервавых, тытунёвых і мяса-малочных вырабаў), тэкст., швейная, вытв-сць цацак. Развіваюцца зборка з імпартных дэталяў складаных вузлоў і кампанентаў для электронікі, а таксама мэблевая, цэлюлозна-папяровая, лакафарбавая галіны прам-сці. Працуюць нафтаперапр. і цэм. з-ды. Замежны турызм дае каля 15% ВУП, абслугоўваннем турыстаў занята каля 20% насельніцтва. У апошнія гады развіваюцца страхавая справа і міжнар. банкаўская сфера. Транспарт пераважна аўтамабільны. Аўтадарог 2,5 тыс.км. Асн. марскі порт — Брыджтаўн, каля яго — міжнар. аэрапорт. Імпарт (дэталі і паўфабрыкаты, машыны і абсталяванне, паліва, харч. прадукты) перавышае экспарт (электроннае абсталяванне, цукар-сырэц, патака, ром, адзенне) больш як у 3 разы. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Венесуэла. Грашовая адзінка — барбадаскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОТ-Д’ІВУА́Р (Côte d’Ivoire),
Рэспубліка Кот-д’Івуар (République de Côte d’Ivoire), дзяржава на ПдЗах. Афрыкі, на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва. Мяжуе на З з Ліберыяй і Гвінеяй, на Пн з Малі і Буркіна-Фасо, на У з Ганай. Пл. 322,5 тыс.км². Нас. 14,3 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — французская. Афіцыйная сталіца — г.Ямусукра, рэзідэнцыя прэзідэнта і ўрада — г.Абіджан. Краіна падзяляецца на 50 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 жн.).
Дзяржаўны лад. К.-д’І. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. і прадстаўнічы орган — аднапалатная Нац. асамблея (175 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Прэзідэнт назначае прэм’ер-міністра і Савет Міністраў, які выконвае функцыі ўрада дзяржавы. Суд. сістэму ўзначальвае Вярх. суд.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. Асобныя невысокія горныя масівы і плато на Пн і З; на стыку граніц Ліберыі, Гвінеі і К.-д’І. — г. Німба (1752 м). Узбярэжжа нізіннае. Ёсць невял. паклады жал., марганцавай, нікелевай, тытанавай, алавянай руд, золата, алмазаў, баксітаў. На шэльфе — радовішчы нафты. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн субэкватарыяльны. Т-ра паветра ў ліп. 28—34 °C, у студз. каля 24 °C. На Пд ападкаў за год 1300—2400 мм, на Пн — каля 1000 мм; ёсць сухі перыяд (ліст.—люты). Найб. рэкі Кавалі, Сасандра, Бандама, Комаэ. На Пд вечназялёныя экватарыяльныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах. На Пн лесасаванна з галерэйнымі лясамі, высакатраўная саванна на чырвоных фералітавых глебах. Пад лесам 10,9 млн.га. Жывёльны свет: слон, малпы, бегемоты, леапарды, гіены, шакалы, антылопы, кракадзілы; з насякомых — муха цэцэ (на Пд). Нац. паркі — Комаэ, Марахуэ, Таі, запаведнік Німба; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд і ў цэнтры краіны жывуць народы гвінейскай групы (анья, баўле, кру, т.зв. лагунныя плямёны, 55% насельніцтва), на ПнЗ народы групы мандынга (малінке, бамбара, дан, квені, 21%), на Пн і ПнУ народы групы гур (сенуфа, лобі, куланга, 23%). На Пн ёсць народы фульбе і хаўса. У краіне працуе каля 2 млн. эмігрантаў з Буркіна-Фасо, Малі і Ганы. У вял. гарадах невял. групы ліванцаў і французаў. 63% вернікаў прытрымліваюцца мясц. традыцыйных вераванняў, мусульман 23% (пераважна на Пн), хрысціян — 14% (пераважна ў гарадах на Пд). Сярэднегадавы прырост каля 2,5%. Сярэдняя шчыльн. каля 44 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 100 чал. на 1 км²) заселены асобныя раёны на ўзбярэжжы і ў цэнтры. У гарадах жыве 46% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1996): Абіджан — 2800, Бваке — 330, Ямусукра — 120. У сельскай і лясной гаспадарках занята каля 40% працаздольных, у прам-сці — каля 30%.
Гісторыя. Стараж. гісторыя краіны вывучана слаба. У сярэднія вякі яе паўн.ч. па чарзе ўваходзіла ў сферу ўплыву дзяржаў Зах. Судана — Ганы, Малі, Сангаі, а г. Конг (засн., верагодна, у 11 ст.) да 19 ст. заставаўся важным гандл, цэнтрам. У канцы 15 ст. на гэтай тэрыторыі з’явіліся партугальцы і інш. еўрапейцы, якія вывозілі з краіны рабоў, слановую косць і інш. Экспансія французаў, што пачалася з заснавання ў пач. 18 ст. форта ў Асіні і факторыі ў Гран-Басаме, прывяла да завалодання значнымі яе тэрыторыямі ў 1842—84 шляхам захопаў і заключэння дагавораў. З 1893 К.-д’І. — франц. калонія (з 1904 у складзе Франц.Зах. Афрыкі). Моцнае супраціўленне мясц. насельніцтва, асабліва паўн.ч. краіны, што ўваходзіла ў склад дзяржавы Самары Турэ, было зломлена толькі ў 1915. Калан. эканоміка К.-д’І. базіравалася пераважна на эксплуатацыі прыродных багаццяў (золата, алмазы) і стварэнні плантацыйнай гаспадаркі (кава, какава).
Пасля 2-й сусв. вайны пачаўся ўздым нац.-вызв. руху, які ўзначаліла Дэмакр. партыя К.-д’І. (засн. ў 1946). У 1946 К.-д’І. атрымаў статус заморскай тэрыторыі, а паводле вынікаў рэферэндуму 1958 стаў аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці. 7.8.1960 абвешчаны незалежнай дзяржавай (да 1986 назва краіны К.-д’І. перакладалася як Бераг Слановай Косці). Першым прэзідэнтам і кіраўніком урада стаў заснавальнік і кіраўнік Дэмакр. партыі Ф.Уфуэ-Буаньі, які выбраў для К.-д’І. капіталіст. шлях развіцця. К.-д’І. — адна з найб. стабільных і багатых краін Афрыкі, але з 1980-х г. перажывае крызіс, выкліканы паступовым зніжэннем экспартных цэн на сыравіну і працяглай засухай. У дзяржаве, дзе з 1960 аўтарытарна правіў прэзідэнт Уфуэ-Буаньі (перавыбіраўся ў 1965, 1970, 1975, 1980, 1985), да 1990 адзінай легальнай партыяй была Дэмакр. партыя К.-д’І., падпарадкаваная прэзідэнту. У 1990 пад націскам апазіцыі прыняты папраўкі да канстытуцыі, якія легалізавалі шматпарт. сістэму. Пасля смерці Уфуэ-Буаньі (1993) пасаду прэзідэнта і кіраўніка Дэмакр. партыі заняў А.Канан-Бедзье, які перамог і на выбарах 1995. К.-д’І. — чл.ААН (з 1960). Дзейнічаюць Дэмакр. партыя К.-д’І., Івуарскі нар. фронт, Аб’яднанне рэспубліканцаў, Усеагульны саюз працоўных К.-д’І. і інш. грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. К.-д’І. — агр. краіна. Штогадовы Даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША. Сельская гаспадарка дае каля 36% валавога нац. прадукту, прам-сць — каля 26%. Найб. развіта раслінаводства экспартнага кірунку. Ворных зямель 2,4 млн.га, шматгадовых насаджэнняў 1,3 млн.га, пад натуральнымі пашамі каля 13 млн.га. Захоўваецца абшчыннае землекарыстанне. На значных плошчах выкарыстоўваецца традыцыйная агратэхніка і лядна-агнявая сістэма земляробства. Гал. экспартныя культуры: какава (штогадовы збор 500—800 тыс.т, 1-е месца ў свеце), кава (каля 150—200 тыс.т, 5—8-е месца ў свеце), алейная пальма (штогадовы экспарт пальмавага алею больш за 300 тыс.т), бананы (больш за 200 тыс.т), ананасы, гевея, какосавая пальма, цытрусавыя. С.-г. культуры экспартнага значэння вырошчваюць на Пд краіны (какава і кава займаюць больш за 90% плошчаў пад экспартнымі культурамі). На ўласныя патрэбы вырошчваюць рыс (больш за 1 млн.т штогод), ямс і маніёк (збор разам каля 4 млн.т), тара, мучністыя бананы, кукурузу, сорга, некаторыя тэхн. культуры, у т. л.цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, арахіс. Рыс вырошчваюць пераважна на З, ямс і кукурузу — у цэнтры і на Пн, маніёк — усюды, акрамя Пн. Жывёлагадоўля развіта на натуральных пашах у зоне саваннаў. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 1,3, авечак і коз — 2,4, свіней — 0,3. Птушкагадоўля. Марское і рачное рыбалоўства (70,2 тыс.т, 1993). Развіты лясныя промыслы, у т. л. збор пладоў дзікарослай алейнай пальмы, арэхаў кола і інш.; паляванне ў лясах і саваннах. К.-д’І. — буйнейшы вытворца піламатэрыялаў з дрэў каштоўных трапічных парод. Аб’ём лесанарыхтовак каля 4 млн. за год. У прамысловасцінайб. развіты перапрацоўчыя галіны (каля 700 прадпрыемстваў, большасць у Абіджане). У 1990-я г. павялічылася здабыча нафты (да 2 млн.т штогод) з радовішчаў на марскім шэльфе. Невял. здабыча алмазаў (каля г. Сегела), марганцавай руды (каля г. Гран-Лаху), золата. Электраэнергію выпрацоўваюць пераважна ГЭС на рэках Бія, Бандама, Сасандра і інш.ЦЭС у Абіджане. У 1996 атрымана 1,9 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Разнастайная харч. і харчасмакавая прам-сць, у т. л. мукамольная і хлебабулачная, перапрацоўка кавы, какавы, тытуню, арахісу, цукр. трыснягу, фруктова- і рыбакансервавая, алейная, піваварная, рысаачышчальная; вытв-сць растваральнай кавы, шакаладу, шакаладнага алею. Працуюць 3 тэкст. камбінаты (у Бваке, Дымбокра, Агбавілі), тэкст. ф-кі (Абіджан). Гал. цэнтры дрэваапрацоўкі і вытв-сці піламатэрыялаў: Гран-Басам, Уме, Вавуа, Ганьёа, Сан-Педра. Развіты швейная і гарбарна-абутковая прам-сць. Новыя галіны прам-сці: нафтаперапрацоўка (Абіджан), хім., гумавая і пластмасавая (Абіджан, Агбавіль), аўтазборачная, электратэхн., чорная металургія (Абіджан), суднабудаванне і суднарамонт. Разнастайную прадукцыю выпускае прам-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. 2 цэм. з-ды. Транспартаўтамаб., чыг., марскі. Аўтадарог 55 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 5,5 тыс.км. У краіне 250 тыс. аўтамашын. Чыгунак 1314 км, у т. л. чыгунка Абіджан—Уагадугу (Буркіна-Фасо) — 665 км на тэр. К.-д’І. Праз К.-д’І. праходзіць амаль увесь гандаль Буркіна-Фасо. Знешнія сувязі пераважна марскім транспартам на суднах замежных краін. Гал. марскія парты Абіджан (амаль увесь імпарт, экспарт кавы і какавы) і Сан-Педра (экспарт драўніны, піламатэрыялаў, бананаў). У Абіджане і Ямусукры — міжнар. аэрапорты. К.-д’І. — адна з нямногіх афр. краін, якая мае актыўны гандл. баланс. У 1994 экспарт склаў 2,7 млрд.дол. ЗША, імпарт — 1,6 млрд.дол. К.-д’І. экспартуе какаву, каву, драўніну і піламатэрыялы (разам 75% кошту), пальмавы алей, бананы, ананасы, алмазы, марганец і інш. У імпарце пераважаюць тавары шырокага ўжытку, машыны і абсталяванне, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (16% экспарту, 28% імпарту), Нігерыя (27% імпарту), Германія (10% экспарту), Нідэрланды, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — афр. франк.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Кот-д’Івуара.Да арт.Кот-д’Івуар. ГЭС Косу на р. Бандама.Да арт.Кот-д’Івуар. Краявід у саванне на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕ́Й (Brunei),
Бруней Дарусалам (Brunei Darussalam), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на паўн.-зах. беразе в-ва Калімантан. Складаецца з 2 анклаваў, падзеленых паласой (шыр. 15—30 км) тэр. памежнага штата Саравак (Малайзія). Абмываецца водамі Паўд.-Кітайскага м.Пл. 5765 км². Нас. 274 тыс.чал. (1993). Дзярж. мова малайская, карыстаюцца таксама англійскай і кітайскай мовамі. Дзярж. рэлігія — іслам (мусульмане-суніты — 67% вернікаў), ёсць будысты, канфуцыяне, хрысціяне. Сталіца — г.Бандар-Серы-Бегаван. Падзяляецца на 4 адм. акругі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (23 лют.).
Дзяржаўны лад. Бруней — канстытуцыйная манархія (султанат). Дзейнічае канстытуцыя 1959 з папраўкамі 1971. Кіраўнік дзяржавы — султан, які адначасова ўзначальвае ўрад — Савет Міністраў. Заканадаўчы орган — Заканадаўчы савет, у які ўваходзіць 21 член (11 з іх прызначаюцца султанам, 10 выбіраюцца).
Прырода. Большая ч. паверхні — алювіяльная берагавая забалочаная раўніна. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра на працягу ўсяго года каля 26 °C. Ападкаў 2000—4000 мм за год. Сезоны не выражаны. Больш за 75% тэр. занята вільготнымі экватарыяльнымі лясамі.
Насельніцтва. Жывуць малайцы (66,9%), кітайцы (15,6%), абарыгенныя народы — ібаны, дусуны, муруты (5,7%); еўрапейцы, інданезійцы, тайландцы, індыйцы (разам 11,8%). Абарыгенныя народы жывуць у вёсках ва ўнутр.ч. краіны, астатнія — на ўзбярэжжы і ў гарадах. Сярэдняя шчыльн. 45,7 чал. на 1 км². Большая ч. насельніцтва (каля 170,1 тыс.чал.) сканцэнтравана ў сталіцы і яе наваколлі.
Гісторыя. Абарыгеннае насельніцтва Брунея — даякі. З канца 1-га тыс. да н.э. на паўн. ўзбярэжжа в-ва Калімантан мігрыравалі малайцы, з пач.н.э. — кітайцы. Каля 1200 гадоў назад тут утварыліся першыя брунейскія княствы са сталіцай Кота-Бату (Мураваны горад, засн. ў 7 ст.). Марскі гандаль (камфара, золата і інш.) і культ. кантакты з Індыяй і Кітаем садзейнічалі распаўсюджанню тут у 9—13 ст. індуізму і будызму. Каб захаваць сваю незалежнасць ад інданез. Шрывіджайскай імперыі ў 10—13 ст. і дзяржавы Маджапахіт (цэнтр — в-аў Ява) у 14 — пач. 15 ст., Бруней уступаў у саюз з Кітаем. У пач. 15 ст. пры правіцелю Махамадзе I ісламізаваны, пры яго пераемніках зацвердзіўся як султанат. Пры 5-м султане Болкіяху I (канец 15 — пач. 16 ст.), які заснаваў аднайм. дынастыю, што правіць і цяпер, Бруней дасягнуў найб. магутнасці і ахопліваў паўн.-зах. Калімантан, архіпелаг Сулу, філіпінскі в-аў Лусон, сучасныя малайзійскія штаты Сабах і Саравак і інш. У пач. 16 ст. краіну адкрылі еўрапейцы, першым з якіх быў у 1505—07 італьянец па паходжанні Л. дэ Вартэна. У 1577—78 і 1580 брунейцы адбілі ўварванні іспанцаў з Філіпінаў. У выніку ўнутр. міжусобіц і экспансіі галандцаў і англічан на Малайскі архіпелаг з 17 ст. пачаўся заняпад Брунея, скарачалася яго тэрыторыя. У 1840-я г. Бруней каланізаваны Вялікабрытаніяй. У 1888—1983 брыт. пратэктарат. У 2-й пал. 19 ст. султанат страціў Сабах і Саравак. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны японцамі.
У выніку ўзмацнення нац.-вызв. руху ў 1959 Вялікабрытанія дазволіла Брунею ўнутр. самакіраванне, адначасова пачалося фарміраванне яго ўзбр. сіл. З 1968 султанам Брунея з’яўляецца Хасанал Болкіях, які лічыцца найбагацейшым чалавекам у свеце. 1.1.1984 абвешчана незалежнасць краіны. Легальна дзейнічае адзіная Брунейская нац. аб’яднаная партыя. З 1984 Бруней — чл.ААН, Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН), Арг-цыі Ісламская канферэнцыя, з 1985 — брыт. Садружнасці.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча нафты і газу на кантынентальным шэльфе (больш за 90% валютных паступленняў, 60% валавога ўнутр. прадукту). Па здабычы прыроднага газу (больш за 12 млрд.м³ штогод) Бруней займае адно з вядучых месцаў у свеце, нафты (больш за 10 млн.т штогод) — 3-е месца ў Паўд.-Усх. Азіі. Дзейнічае адзін з буйнейшых у свеце з-даў па звадкаванні газу (каля 5 млн.т за год). Ёсць прадпрыемствы лесапільнай і дрэваапр. прам-сці, саматужная вытв-сць тканін, вырабаў з каштоўнай драўніны, серабра. Буд-ва невял. драўляных суднаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 5,5% тэр., 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Асн. культуры — каўчуканосы (каля 50% апрацаваных зямель) і рыс. Вырошчваюць таксама сагавую і какосавую пальмы, перац, трапічныя фрукты (бананы). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, козаў, свіней. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. (1,4 тыс.км аўтадарог, 90 тыс. аўтамашын). Рачное і марское суднаходства. Міжнар. аэрапорт. Нафту і газ экспартуюць пераважна ў Японію, ЗША, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Тайвань. Імпарт: машыны, абсталяванне, прамысл. і харч. тавары ў асноўным з Сінгапура, Японіі, ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ, Малайзіі. Турызм. Грашовая адзінка — долар Брунея.
Літ.:
Денисов С.Н., Кулик Б.Т. Бруней вчера и сегодня. М., 1989;