здабы́ча, -ы, ж.

1. гл. здабыць.

2. Тое, што здабыта, набыта.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

здабы́ча

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. здабы́ча
Р. здабы́чы
Д. здабы́чы
В. здабы́чу
Т. здабы́чай
здабы́чаю
М. здабы́чы

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

здабы́ча ж., в разн. знач. добы́ча;

воўк вы́йшаў на ~бы́чу — волк вы́шел на добы́чу;

дзённая з. руды́ — дневна́я добы́ча руды́;

падпільно́ўваць ~чу — подстерега́ть добы́чу

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

здабы́ча, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. здабываць — здабыць. Здабыча золата. □ Вельмі ж непрадумана рабілася падсочка. Стараліся план па здабычы жывіцы выканаць, а што сосны могуць засохнуць — гэта не вельмі турбавала. Даніленка.

2. Тое, што здабыта, атрымана, дасягнута шляхам якіх‑н. намаганняў. Ваенная здабыча. □ Калісьці тут грабежнікі-піраты дзяліліся здабычаю багатай. А. Вольскі.

3. Тое, што здабыта на паляванні, лоўлі і пад.; прадмет палявання, лоўлі. Паляўнічы спрытным рухам закінуў стрэльбу за плячо, падбег да здабычы. Гамолка. Хлапцы пачапілі сазаноў папружкай пад жабры, закінулі сваю.. здабычу за плечы і пайшлі. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здабы́ча ж.

1. гл. здабыванне;

2. (здабытае на паляванні, лоўлі і г. д.) Bute f -, -n; Fang m -(e)s, Fänge

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

здабыча, здабыццё

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

здабы́ць, -бу́ду, -бу́дзеш, -бу́дзе; -бу́дзь; -бы́ты; зак., што.

1. Дастаць, набыць.

З. цяслярны інструмент.

З. каштоўныя звесткі.

2. Дастаць з нетраў зямлі.

З. каменны вугаль.

З. нафту.

3. перан. Дабіцца чаго-н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад.

З. славу.

З. перамогу ў баях.

Здабыць корань — у матэматыцы: выканаць дзеянне, адваротнае ўзвядзенню ў ступень.

З. корань з ліку.

|| незак. здабыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. здабы́ча, -ы, ж.

Адправіцца на здабычу (на паляванне, на промысел).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ГІДРАЎЛІ́ЧНАЯ ЗДАБЫ́ЧА вугалю,

падземная распрацоўка радовішчаў вугалю, пры якой працэсы яго адбойкі ў забоях, транспартавання і пад’ёму на паверхню робяцца энергіяй вадзянога патоку (сродкамі гідрамеханізацыі). Вада (пераважна падземная, з шахтавага водаадліву) падаецца ў забой па трубаправодах помпамі.

Вугаль адбіваецца ад масіву з дапамогай гідраманітораў або механагідраўлічных машын, змываецца вадой і транспартуецца па нахіленых жалабах (самацёкам) або па трубах (пад ціскам) да цэнтр. камеры гідрапад’ёму, адкуль гідрасумесь падымаецца на паверхню вуглясосамі ці эрліфтамі і падаецца на абагачальную ф-ку для абагачэння (гл. Абагачэнне карысных выкапняў), абязводжвання і сушкі вугалю. Выкарыстаную ваду ачышчаюць у адстойніках і зноў падаюць у гідрашахту (па замкнёным цыкле). Горнае мацаванне, схема вымання і праветрыванне забояў у гідрашахце такія ж, як у звычайнай «сухой» шахце. Гідраўлічная здабыча практычна выключае пылаўтварэнне, павышае прадукцыйнасць працы, аднак дае большыя сіраты і здрабненне вугалю.

Гідраўлічная здабыча вугалю: 1 — цэнтрыфуга; 2 — грохат; 3 — адстойныя бункеры; 4 — рэзервуар тэхнічнай вады; 5 — высоканапорная помпавая станцыя, 6 — гідраманіторы; 7 — драбілка; 8 — зумпф участковага вуглясоса; 9 — вуглясос гідрапад’ёму.

т. 5, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́МНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

спосаб здабывання цвёрдых карысных выкапняў з нетраў зямлі з дапамогай падземных горных вырабатак (раскрыўных, падрыхтоўчых, ачышчальных). П.з. пластавых пакладаў ажыццяўляюць пераважна суцэльнымі, стаўбавымі, камернымі і камбінаванымі сістэмамі.

Выбар сістэмы П.з. вызначаецца відам пакладу (пластавы, адвольнай формы, жыльны, россыпны і інш.), характарам залягання (пакатае, нахіленае, стромкае). Вырабаткі ў тоўшчы моцных парод вядуць буравыбуховым спосабам, у больш мяккіх пародах — праходчымі комплексамі. Непасрэдна здабыча выкапняў ажыццяўляецца ў ачышчальных вырабатках, якія праводзяцца па пласце, целе пакладу, па жыле і бесперапынна або цыклічна прасоўваюцца па пакладзе. Для комплекснай механізацыі П.з. выкарыстоўваюць комплексы, якія ўключаюць вузказахопныя ачышчальныя горныя камбайны, механізаванае горнае мацаванне, забойны канвеер і інш. Для вымання пакладу пры камерных сістэмах выкарыстоўваюць праходча-здабыўныя комплексы ў складзе праходча-здабыўнога камбайна, самаходных цыклічных транспартавальных машын (вагонаў, бункераў, перагружальнікаў і інш.) або неперарыўных (стужачных ці паслядоўных кароткіх канвеераў).

На Беларусі П.з. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы Старобінскага радовішча калійных солей, дзе пабудаваны 4 калійныя руднікі.

П.​Я.​Антонаў.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЯ ЗДАБЫ́ЧА карысных выкапняў,

распрацоўка радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў з дна рэк, азёр, мораў і акіянаў. Ажыццяўляецца многачарпаковымі драгамі, фрэзерна-ўсмоктвальнымі земснарадамі, грэйферамі, драглайнамі, эрліфтамі, якія ўстанаўліваюцца на пантонах ці суднах.

Здабытая горная маса транспартуецца да берага ў трумах суднаў, на баржах, гідратранспартам па плывучым пульпаправодзе. Пры П.з. на часткова або цалкам абводненых пакладах на кар’ерным полі праводзяць траншэі-проразі, якія злучаюць тэхнал. абсталяванне з крыніцай валы, надводную ч. ўскрыцця распрацоўваюць экскаватарам з мех. лапатай, выкапні здабываюць з-пад вады драглайнам і ўкладваюць у штабель, потым транспартуюць на з-д. Пры П.з. істотна скарачаюцца горнакапітальныя работы, траты на транспартаванне выкапняў, не патрэбныя аднаўляльна-рэкультывацыйныя работы. П.з. вядома з II ст. да н.э., калі фінікійцы здабывалі ў моры сыравіну для фарбы. У 6 ст. да н.э. ў Палінезіі распрацоўвалі каралавыя рыфы для атрымання буд. матэрыялаў. У 3 ст. да н.э. ў праліве Басфор нырцы здабывалі медную руду. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачалі здабываць рассыпное золата і інш. на ўзбярэжжы Аўстраліі, Бразіліі, Індыі. У 1920-я г. пачата П.з. волава з марскіх россыпаў у Інданезіі, у пач 1960-х г.жал. руды ў Японіі.

На Беларусі выкарыстоўваецца П.з. пяску, пясчана-жвіровых матэрыялаў і даламітаў земснарадамі і драглайнамі ў рэчышчах і поймах рэк, у забоях моцна абводненых кар’ераў.

Б.​А.​Багатаў.

Тэхнічныя сродкі падводнай здабычы карысных выкапняў.

т. 11, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)