УЭ́ЛЬС (Wales),

адм.-паліт. частка Вялікабрытаніі. Займае п-аў Уэльс і в-аў Англсі. Пл. 20,8 тыс. км². Нас. 2,9 млн. чал. (1999), пераважна валійцы (уэльсцы). Падзяляецца на 6 графстваў. Гал. горад-порт — Кардыф. Вылучаюцца прамысл. поўдзень і сельскія цэнтр і поўнач. Гал. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім. і нафтахім., машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн., лёгкая. Здабыча каменнага вугалю. У горнай ч. развіты авечкагадоўля, мясная і малочная жывёлагадоўля, на ўзбярэжнай нізіне — раслінаводства. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.

Гісторыя. Тэр. У. ў старажытнасці насялялі кельцкія плямёны кімраў, у 1—5 ст. яна часткова пад уладай рымлян. У выніку англасаксонскага заваявання (5—6 ст.) і нармандскага заваявання Англіі 1066 кельты У. разам з адцесненай сюды ч. брытаў апынуліся адрэзанымі ад інш. кельцкамоўных рэгіёнаў. У 1282—84 У. канчаткова заваяваны англамі, у 1301 ён перададзены як леннае ўладанне сыну англ. караля Эдуарда I (з гэтага часу нашчадкі англ. прастола носяць тытул «прынц Уэльскі»); да 1536 аўтаномнае княства. Нац.-вызв. паўстанні валійцаў (карэнныя жыхары У.), у т. л. буйное ў пач. 15 ст., пацярпелі няўдачу, але рух за нац.-культ. аўтаномію У. не спыняўся да 20 ст. У выніку актаў уніі 1536 і 1542 У. аб’яднаны з Англіяй. Адсюль паходзіла дынастыя Цюдараў. У пач. 20 ст. брыт. ўрад надаў У. ўнутр. культ. аўтаномію. У 1997 на мясц. плебісцыце большасць уэльсцаў (валійцаў) выказалася за ўтварэнне ўласнага парламента, у 1999 ён выбраны ўпершыню.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)