спе́ласць, ‑і, ж.

1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.

2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.

•••

Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.

Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,

ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.​Генбіцкі, І.​Лічэўскі, П.​Гмыр, А.​Вячорка, Ф.​Шэлест і інш.

Я.​М.​Сахута.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖНЯЯ́РКА,

машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.

Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.

Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.

т. 6, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.​Дз.​Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.​В.​Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАРАСІ́ЙСК,

горад-герой у Расіі, у Краснадарскім краі, на беразе Цэмескай (Новарасійскай) бухты Чорнага м. 203,3 тыс. ж. (1996). Буйны порт. Чыг. станцыя. Прам-сць; цэм., маш.-буд. і металаапр., суднарамонтная, буд. матэрыялаў, дрэваапр., харчасмакавая. Марская акадэмія, ф-т Краснадарскага політэхн. ін-та. Гіст.-краязн. музей. У раёне мыса Мысхака («Малая Зямля») мемарыяльны ансамбль.

Засн. ў 1838 як ваен. ўмацаванне на зах. беразе Цэмескай бухты каля руін тур. крэпасці Суджук-Кале (засн. ў 1722, разбурана рус. войскамі ў 1812). У Крымскую вайну 1853—56 пацярпеў ад артыл. абстрэлаў англа-франц. эскадры. З 1866 цэнтр Чарнаморскай акругі Кубанскай вобл., у 1896—1920 — Чарнаморскай губ. З 1896 найбуйнейшы на Паўн. Каўказе порт, цэнтр экспарту збожжа, нафты, нафтапрадуктаў, цэменту. У рэвалюцыю 1905—07 была створана «Новарасійская рэспубліка». У грамадз. вайну паводле загаду У.​І.​Леніна ў Цэмескай бухце затоплены караблі рас. Чарнаморскага флоту, каб пазбегнуць захопу яго герм. войскамі. У 1918 заняты войскамі Добраахвотніцкай арміі ген. А.​І.​Дзянікіна, у 1920 вызвалены Чырв. Арміяй. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1942—43), амаль поўнасцю разбураны.

Літ.:

Михайлов К.М. Город-герой Новороссийск. 2 изд. М., 1988.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыбы́так, ‑тку, м.

1. Сума, на якую даход перавышае выдаткі; грашовы даход. Чысты прыбытак. Валавы прыбытак. // Спец. Даход капіталістаў, крыніцай якога з’яўляецца прыбавачная вартасць. Максімальны прыбытак. Прыбыткі манаполій. // Спец. Даход дзяржаўных прадпрыемстваў у сацыялістычным грамадстве, які атрымліваецца ў выніку павышэння прадукцыйнасці працы. Прыбытак дзяржаўных прадпрыемстваў. Адлічэнне прыбыткаў.

2. Даход, які атрымліваецца ад якога‑н. роду заняткаў, дзейнасці і пад. Пан Кудзілоўскі лічыў, хата сады даюць больш прыбытку, чым збожжа, і збожжа зусім не сеяў. Хомчанка. — Але хіба кіраўніцтва завода не ведае без вашых табліц і лічбаў на некалькіх старонках, што пераабсталяванне цэха дало б вялікія прыбыткі заводу? Арабей. Выдавецкая справа ў той час не толькі не прынесла беларускаму першадрукару прыбыткаў, а патрабавала шмат выдаткаў. С. Александровіч.

3. Разм. Карысць, выгада. [Міхал:] — А што за шчасце тут, спытаем? Які прыбытак мы тут маем? Колас.

4. Разм. Пра з’яўленне патомства (у сям’і, гаспадарцы і пад.). Жадаем яшчэ вам Прыбытку ў хаце, Ні мала, ні многа — Штогод па дзіцяці. Русак. Рамізнік сядзіць на козлах і ўсміхаецца, гледзячы, як я нясу на руках дзіця. — З прыбыткам вас, — кажа ён. Сабаленка. Конюху дзядзьку Мікалаю не было каму ў тую часіну пахваліцца і свежай навіной і жаданым прыбыткам на сваёй канюшні. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прага́л, прагалак, прага́ліна, прога́ліна, прогу́ліна, прага́н, праго́л ’незарослае дрэвамі месца ў лесе, палянка’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мік., Шат.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., ТС), ’праталіна’, ’абсеў’, ’лапіна з вымаклым збожжам’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом.). Рус. прога́л, прога́ль, прога́лина ’прагаліна’, укр. прога́лина ’просека ў лесе, палянка’, прога́льовина ’палянка ў лесе’, прага́люватина ’абсеў сярод збожжа’. Дэрыват ад усх.-слав. прогалити, параўн. рус. прога́лить ’агаліць, ачысціць месца ад хмызняку’, звязана чаргаваннем з голы (гл. Фасмер, 3, 372). Гл. яшчэ гала.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́расля, про́расць, про́разь ’амярцвелы ўчастак кары і драўніны’, ’праслойка мяса ў сале або наадварот’, ’валакністыя ўтварэнні ў мякаці плода’ (ТСБМ, Янк. 3.; смарг., ашм., чэрв., асіп., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), про́расль ’прамежак у расчлененым капыце парнакапытных’ (Лекс. ландш., 56), про́раст ’прарошчанае збожжа’ (Ян.). Да прарасці; дэрываты з рознымі суфіксамі. Аналагічныя ўтварэнні ў іншых славянскіх мовах: рус. про́рость ’праслойка мяса ў сале і да т. п.’, укр. про́ріст, про́рісь ’усходы’, польск. przerost ’нарост’, серб.-харв. про̏рāст ’ракавая пухліна; нарост’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жубрава́ць ’доўга старанна працаваць’, ’выпрошваць’ (Юрч.). Польск. żubrować ’ачышчаць збожжа ад восцей, прапускаючы яго праз спецыяльны апарат żubrównik’. Першае бел. значэнне магчыма тлумачыць як развіццё запазычанага польск., другое адлюстроўвае гукавую змену жабраваць (гл. жабра́к). Але і першае магло ўзнікнуць непасрэдна на бел. глебе ў выніку семантычнага развіцця паводле мадэлі ’выпрошваць’ > ’пакутаваць’ > ’цяжка працаваць’ (параўн. слав. trǫdъ ’хвароба’ > ’праца’). У сувязі з другім значэннем параўн. яшчэ серб.-харв. жу̏борити ’рабіць лёгкі шум’, балг. дыял. жуборя ’шумець’, макед. жубори ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)