здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.
2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.
3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зле́зці, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; зак.
1. Прытрымліваючыся рукамі, нагамі, спусціцца адкуль‑н. Злезці з дрэва. □ Пятрусь выпусціў з рук вяроўку і злез са званіцы. Колас. // Устаць або сысці адкуль‑н. (звычайна з цяжкасцю). [Аграном] ціха злез з ложка. Бядуля. Вэня пусціў каня паволі, злез з саней і дастаў з кішэні партабак. Чорны.
2. Разм. Выйсці, даехаўшы да якога‑н. месца, прыпынку (пра пасажыра). Кіламетраў за шэсць ад дома яму трэба было злезці з фурманкі. Чорны. На апошнім прыпынку хлопчыкі злезлі, пагулялі трохі, пакуль прыйшоў другі аўтобус, і першымі ўвайшлі ў яго. Пальчэўскі.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Адстаць, адваліцца, пакінуўшы пашкоджанае або аголенае месца на чым‑н. Фарба злезла. Ногаць злез. □ — Гнойныя струпы ніколі з мяне не злезуць, хоць бы я быў здаровы і хадзіў у блішчастай манішцы. Чорны.
4. Разм. Зняцца (пра адзенне, абутак). Бот злез з нагі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́дны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Немалы, значны, досыць вялікі. Сімон завярнуў у завулак, зрабіўшы ладны крук. Самуйлёнак. [Гаспадыня] паставіла на стол ладны чыгунок гарачай бульбы і гліняную міску кіслага малака. Грахоўскі. // Вялікі па колькасці. За бацькавым сталом збіралася ладная сямейка, ажно адзінаццаць душ. С. Александровіч.
2. Зграбны, стройны, прыгожы. Шарсцяная армейская гімнасцёрка і брыджы .. добра аблягалі ладную постаць. Мележ. У пакой увайшоў старшыня сельсавета Іван Сямёнавіч Андруш, высокі, ладны мужчына з цёмнымі вачамі. В. Вольскі.
3. Зусім здавальняючы, добры; спраўны. Сапраўды, хата ладная, чыстая, прыбраная, усё вакол дагледжана. В. Вольскі. — Мы работы не баімся, абы харч ладны, — асцярожна ўставіў [слова] нізкарослы чарнявы лейтэнант Гусараў. Алешка. У войта і ў Вруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас.
4. Дружны, зладжаны. З барханаў Турксіба, З Каўказскіх вышынь, З палёў ільняной Беларусі Цякуць эшалоны сырцу і машын У цёплым і ладным хаўрусе. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зато́е, злучн.
1. Злучае сказы і члены сказа пры замяшчальным супастаўленні; па значэнню адпавядае словам: «аднак», «але», «у той жа час». Жыта на «лужках» вымакла зусім, затое на гары і пад лесам сцяной ідзе. Лынькоў. У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. / Часта ў спалучэнні з «але», «ды». Не важна, хто каго перамог, але затое ўсім весела. Скрыган. І сілу [Марылька] мела, як у таго камара. .. Ды затое была .. такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.
2. Ужываецца для выражэння выніку; па значэнню адпавядае словам: «таму», «у выніку гэтага». Нібы па кнізе ён чытае Чужыя мыслі ў галаве. Затое ж ён так хіліць, горне К сабе паноў і панскіх слуг. Колас. Часам кавалак у рот не лез ад стомы. Затое ж запас вадзіўся. Б. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маўклі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не любіць многа гаварыць; негаваркі. Віктараў бацька быў разважлівы, маўклівы, гаварыць многа не любіў, затое словы яго ніколі не разыходзіліся са справай. Гроднеў. Ганна Сцяпанаўна была не з маўклівых, і трэба было ўвесь час весці з ёй размову. Шыцік. // Які маўчыць, не ўступае ў размову. Праводзячы .. [Марыю], маці ўпотай плакала, а бацька ішоў маўклівы і сумны. Кулакоўскі. Байцы спалі, толькі каля зямлянак і пры ганках хадзілі маўклівыя вартавыя. Мележ. // перан. Поўны маўчання, нямы. Дубы стаялі маўклівыя, паважныя, ні адзін лісток не трапятаўся на іх. Шамякін. Ноч надыходзіла цёмная, маўклівая, па-асенняму сумная і непрыветная. Чарнышэвіч.
2. Зразумелы без слоў. У маўклівай згодзе абое [Агапа з Ігнасём] стараліся менш паказвацца ў людзі. Мурашка. // Які не суправаджаецца словамі. Маўклівае здзіўленне. □ Колькі хвілін дзве пары вачэй былі ў маўклівым спаборніцтве. Мікуліч. Старшыня калгаса згадзіўся [склікаць сход] з маўклівым, але прыкметным нездавальненнем. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
да́цца, дамся, дасіся, дасца; дадзімся, дасцеся, дадуцца; пр. даўся, ‑лася, ‑лося; заг. дайся; зак.
1. Дазволіць зрабіць з сабой што‑н. Дацца абстрыгчы. □ Хвядзько хацеў абняць і пацалаваць Параску, але яна не далася, уцякла ў хлеў. Лобан.
2. Разм. Ударыцца, стукнуцца. Увечары стала вядома: нічога страшнага ў Міхалючка не было, але ён моцна даўся аб цвёрдую зямлю, і па плячы пайшла пухліна. Чорны.
3. Разм. Дастацца. У цяжкай працы даўся хлеб, У бойках нас сустрэла слава. Хведаровіч. // Паддацца засваенню. Літары даліся хлопцу няцяжка. Брыль.
4. Разм. Стаць прадметам асаблівай увагі, інтарэсу. — Даўся вам Сямён. Ён жа такая нуда. А тыя хоць пагаварыць цікава могуць. Шыцік.
•••
Дацца ў знакі — надакучыўшы, даняць, надоўга запомніцца.
Дацца ў памяць — надоўга запомніцца, засесці ў памяці.
Дзіву дацца — моцна здзівіцца чаму‑н.
Не дацца ў крыўду каму — сумець пастаяць за сябе, абараніць сябе.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дый, злучнік.
Разм.
1. спалучальны. Злучае звычайна члены сказа, якія абазначаюць паслядоўныя з’явы; па значэнню набліжаецца да злучнікаў «і», «ды». Палазіў Якуш ля воза, выцягнуў рыдлёўку, узяў сякеру дый падаўся [у лес]. Скрыган.
2. далучальны. Далучае члены сказа і сказы, якія ўдакладняюць, завяршаюць або абагульняюць папярэднія думкі. Дома практыкавацца .. [Аксёну Калю] няма калі, дый нязручна. Колас. Развітаўшыся з Захарам, Андрэй палявымі дарогамі пайшоў, кіруючыся да Апанаса Хмеля. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяе. Пестрак. Зыгмунт Асядовіч зноў, можа ўжо ў пяцідзесяты раз, пайшоў да фабрыкі. Далей брамы яго не пусцілі. Дый чаго было старацца ісці туды: фабрыка ледзьве жыла. Чорны. // Ужываецца пры нечаканых пераходах да наступных падзей. — Адно ж ты, Пятруська, не баўся на кірмашы. Сюды-туды дый дадому. Колас.
•••
Дый то — тое, што і ды і то (гл. ды 1).
Дый толькі — тое, што і ды і толькі (гл. ды 1).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.
2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.
3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.
4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.
5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.
забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Незак. да наперці (у 1, 3 і 4 знач.).
2. Рашуча наступаць, цясніць. Танкі напіралі з усіх бакоў. □ Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напірапіць... Чарот. // Сабраўшыся ў вялікай колькасці, насоўвацца на што‑н. Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Маўр.
3. Рабіць упор, звяртаць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н.; энергічна займацца чым‑н. Мужыкі ў гаспадарцы больш напіралі на валоў, чым на коней, а шляхта раней перайшла на коней. Пестрак. На хлеб павёў атаку я, Пятроў на бульбу напірае. Крапіва.
4. Настойліва дабівацца чаго‑н., настойваць на чым‑н. — Адстань хоць ты, Квадрыга! Азімае трэба ўбіраць. Раён на закуп напірае. Мыслівец. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Колас. // Настойліва падкрэсліваць што‑н. Напіраць на сваю занятасць. Напіраць на свае заслугі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.
2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.
3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)