здрыга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Уздрыгваць, калаціцца. І гудзе зямля і здрыгаецца — То ляцяць удаль цягнікі. Ставер. І пачаў [хлопец] нажом сталёвым пілаваць і секчы дрэва, аж здрыгаўся пень яловы, аж смала на ім кіпела. Дубоўка.
2. Рабіць сутаргавыя рухі, мімаволі ўздрыгваць (ад страху, узрушэння і пад.). [Лясніцкі] міжвольна прыпыніў ход, асцярожна, паціху ступаў па пышным дыване, здрыгаўся, калі трэскала пад нагой сухая галінка. Зарэцкі. Прыезджы чалавек, як мой бацька, ад страху здрыгаўся і прысядаў. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе і ладава́ць, ‑ду́ю, ‑ду́еш, ‑ду́е; заг. ла́дуй і ладу́й; незак., што.
Разм. Прыводзіць у парадак, падпраўляць. Ладаваць збрую. □ — Ты ўчора прыходзіў да мяне? — стоячы на праходзе, спытаў Андрэйка, калі Паўлік пачаў ладаваць кнігі ў парце. Краўчанка. // Роўна, парадкам укладваць. У кожным двары выцягвалі косы, граблі, ладавалі ў вазы. Мележ. // Збіраць, рыхтаваць, укладваць. У дарогу збіралася ледзь не ўся вёска — кляпалі косы, ладавалі торбы, падмазвалі каламаззю восі, падганялі хамуты і вупраж. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.
Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зво́ддаль, зво́ддалі і зво́ддаля, прысл.
1. З далёкай адлегласці; здалёку. Моўчкі далучыўшыся да астатніх, Пятро і сакратар райкома пачалі пазіраць за падзеямі зводдаль. Ваданосаў. [Сярод азярцо] густа тырчаць купіны, так што, калі глядзець зводдалі, дык здаецца, там наогул няма ніякай вады... Шуцько. Сілівон пайшоў назад. Заклапочаная Аксіння, якая зводдаля ўвесь час пазірала за ім, спаткала яго на вуліцы. Лынькоў.
2. На некаторай адлегласці; у аддаленні. Зводдаль ад жыллёвых будынкаў — цэлая сістэма будынкаў гаспадарчых. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малакасо́с, ‑а, м.
Пагард. Пра вельмі маладога чалавека, які не ведае жыцця, не можа яшчэ стала разважаць. — Давай, давай!.. Малакасос!.. Не згубіся. Цягнецца, што цяля. У твае гады я з прыскокам... — Гэта крычыць на яго, Юрку, Акцызнік. Пташнікаў. — Ну і людзі! Рабі ім дабро, старайся, а яны табе... Хоць якія там людзі. Лёшка — шчанюк, малакасос. Асіпенка. Прызнацца, не вельмі прыемна, калі вось такі рыжаваты малакасос, як дарослы, совае нос не ў сваю справу. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
машта́б, ‑у, м.
1. Велічыня, якая паказвае, у колькі разоў адлегласць на чарцяжы (плане, карце) менш або больш адлегласці ў натуры. Вася выказваў радасць, што яго работай зацікавіўся Коля, і зрабіў падрабязнае апісанне ўсіх частак ветра-рухавіка, прыклаўшы да апісання нават чарцяжы — з маштабамі, лічбамі. Якімовіч.
2. перан. Размах, значэнне. [Санкоўскі] быў важак маштабу калі не завода, то цэха на заводзе. Пестрак. [Буйскі] вяртаецца назад, у нямецкі тыл, разведчыкам буйнога маштабу, разведчыкам з надзвычайнымі заданнямі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
карта́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.
2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ката́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Ездзіць на чым‑н., у чым‑н. дзеля прагулку забавы або для практыкавання. Катацца на каньках. Катацца на санках. Катацца вярхом. □ Назаўтра Коля ўсю раніцу катаўся па кватэры, а калі на дарозе траплялася мама, ён моцна званіў і крычаў: — Сцеражыся! Веласіпед! Арабей.
2. Разм. Шмат разоў, часта ездзіць куды‑н.; раз’язджаць. Зноў катаецца .. [Бразгоўка] за кааператыўны кошт па тых жа пакручастых сцежках-дарожках, толькі ў другім ужо раёне. Вірня.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жне́йка, ‑і, ДМ жнейцы; Р мн. жнеек; ж.
1. Ласк. да жняя; тое, што і жняя. Белыя постаці жнеек-сялянак ныраюць у залатым моры даспелага жыта. Колас. Сама сябе жнейка б’е, калі нячыста жне. Прыказка.
2. Тое, што і жняярка. Час гамонку пачынаць з густымі каласамі, Дзе жнейкай, Дзе касой збіраць, Дзе вострымі сярпамі. Броўка. На двары, пад дашчатым павевам, у рад стаяць новенькія, толькі што прывезеныя жнейкі, касілкі, малацілкі. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
набале́ць, ‑ліць; зак.
1. Стаць вельмі балючым ад працяглага болю. Палец набалеў ад нарыву. // перан. Стаць вельмі адчувальным ад доўгіх пакут, змучыцца (аб сэрцы, душы). Мімаволі горкі ўсхліп Ускалыхнуў яе ўсё цела, Бо сэрца дужа набалела. Колас.
2. перан. Сабрацца, накапіцца (пра што‑н. пакутлівае, цяжкае, нясцерпнае). [Аграном:] — Калі ў чалавека што набалела, то ён скажа: знойдуцца і словы і голас. Кулакоўскі. З лёгкай Косцевай рукі студэнты пачалі горача гаварыць аб тым, што ім набалела. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)