БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснагаліт. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1979—81;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992—93;
Пішу як жыву. Мн., 1994.
Літ.:
Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;
Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;
Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;
Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;
Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч.Мн., 1982. Т. 2;
Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІБЕРАЛІ́ЗМ 1) ідэйная і сац.-паліт. плынь, заснаваная на прызнанні асобы, яе свабоды і самарэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і ўмовай развіцця грамадства.
2) Спосаб мыслення і паводзін, які характарызуецца незалежнасцю і цярпімасцю ў адносінах да розных поглядаў, традыцый і тыпаў паводзін. Тэрмін «Л.» увайшоў у навук. ўжытак у 1830—40-я г., калі ў Зах. Еўропе ўзніклі паліт. партыі лібералаў. Ідэйна-тэарэт. вытокі і першыя спробы яго практычнага ўвасаблення ўзыходзяць да перыяду бурж. рэвалюцый 17—18 ст. Заснавальнікамі класічнага Л. з’яўляюцца Дж.Лок, А.Сміт, І.Бентам (Вялікабрытанія), Ш.Мантэск’ё, Б.Канстан, Ф.Гізо (Францыя), І.Кант, В.Гумбальт (Германія), Т.Джэферсан, Дж.Медысан, Б.Франклін (ЗША), С.Я.Дзясніцкі, А.П.Куніцын, А.М.Радзішчаў (Расія) і інш. У светапоглядным сэнсе Л. адпавядаюць свабода і самакаштоўнасць асобы, першапачатковая роўнасць усіх людзей, гуманізм, індывідуалізм, цярпімасць і дэмакратызм. Палітычны Л. прадугледжвае: прызнанне і забеспячэнне правоў чалавека; канстытуцыйнае праўленне; раздзяленне ўлад і свабодныя выбары ўсіх яе асн. ін-таў; плюралізм, пабудову прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці. Эканамічны Л. грунтуецца на прапанаванай Смітам «сістэме натуральнай свабоды» і ўключае: свабоду прыватнага прадпрымальніцтва і гандлю, свабоду канкурэнцыі; вызваленне эканам. дзейнасці з-пад апекі дзяржавы; стварэнне спрыяльных умоў і роўных магчымасцей для развіцця прыватнай ініцыятывы. У духоўнай сферы характэрнымі прыкметамі Л. з’яўляюцца: свабодны выбар сац. ідэалаў, маральная свабода і адказнасць асобы, свабода сумлення, вырашальная роля ведаў і творчай ініцыятывы ў грамадскім прагрэсе.
У апошняй трэці 19 ст. склаўся новы тып Л. — неалібералізм, або сацыяльныЛ., у распрацоўку якога зрабілі значны ўклад Дж.Міль, Г.Спенсер, Дж.Кейнс, К.Попер, Дж.Хобсан (Вялікабрытанія), А.Таквіль (Францыя), Г.Альберт, Г.Зімель (Германія), Дж.Голбрэйт, Р.Даль (ЗША), аўстра-амер. эканаміст і філосаф Ф. фон Хаек, М.М.Спяранскі, У.С.Салаўёў, П.Б.Струвэ, Б.М.Чычэрын (Расія) і інш.Асн. прынцыпы сац. Л.: разнастайнасць форм уласнасці, неабходнасць удзелу дзяржавы ў вырашэнні эканам. праблем, ажыццяўленне антыманапольнай палітыкі, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу, сац. абарона грамадзян, прагрэс. падаткаабкладанне, улік інтарэсаў усіх сац. груп грамадства ў сферы паліт. улады і інш. Ідэйна-паліт. ўстаноўкі сучаснага Л. пакладзены ў аснову дзейнасці партый ліберальна-дэмакр. арыентацыі. Ліберальныя партыі ў ФРГ, Італіі, Фінляндыі, Даніі, Бразіліі, Ісландыі, Швейцарыі і інш. краінах прадстаўлены ва ўрадах, а ў шэрагу краін з’яўляюцца вядучай апазіцыйнай сілай; у Еўрапарламенце яны маюць пятую па колькасці фракцыю. У 1947 у Лондане ўтвораны Ліберальны Інтэрнацыянал, у які ўвайшлі каля 60 паліт. партый больш чым з 30 краін Еўропы, Амерыкі, Азіі, Афрыкі. Асобныя бакі практыкі Л. ў сац. пытаннях, асабліва ў рабочым пытанні, успрынялі правыя сацыялісты; адбываецца збліжэнне ідэй Л., кансерватызму і сацыял-дэмакратыі. Сфера распаўсюджвання ліберальных ідэй значна пашырылася ў 1990-я г. за кошт краін Усх. Еўропы і былых рэспублік СССР, што знайшло сваё выражэнне ў практычных спробах рэфармавання розных сфер жыццядзейнасці грамадства, стварэнні партый і грамадскіх рухаў ліберальна-дэмакр. кірунку.
На Беларусі ліберальныя ідэі духоўнай свабоды і самакаштоўнасці чалавека, неабходнасці сцвярджэння ў дзяржаве законнасці і справядлівасці, забеспячэння законных інтарэсаў і правоў грамадзян (у т. л. права валодання ўласнасцю) развівалі Ф.Скарына, Мікола Гусоўскі, С.Будны, А.Волан, К.Нарбут, Ф.Савіч, М.К.Судзілоўскі, І.Страйноўскі, К.Каліноўскі, Ф.Багушэвіч і інш. Прыхільнікамі Л. былі многія выкладчыкі Віленскага ун-та, члены студэнцкіх арг-цый і т-ваў філаматаў і філарэтаў, нелегальнага «Дэмакратычнага таварыства», удзельнікі народніцкіх гурткоў, а таксама такія перыяд. выданні, як «Дзеннік віленьскі», «Тыгоднік віленьскі», «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны») і інш. У канцы 1880-х г. пачалося афармленне Л. як паліт. плыні і стварэнне паліт. ліберальнай апазіцыі, лідэры якой (І.Віткевіч, І.Мятлін, А.Александроўскі і інш.) увайшлі ў склад партыі «Народная свабода». Іх саюзнікамі былі канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі, Саюз дасягнення раўнапраўя яўрэяў у Расіі. Арганізатары дэмакр. руху і ідэолагі нац.-культ. адраджэння А.Луцкевіч, I. Луцкевіч, В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Смоліч, М.В.Доўнар-Запольскі, В.Іваноўскі, І.Канчэўскі, А.Цвікевіч і інш. абгрунтоўвалі неабходнасць пераўтварэння жыцця на «еўрапейскі манер», «свабоды нац. развіцця», «нац. культуры», шырокіх дэмакр. рэформ у грамадстве. У наш час ліберальна-дэмакр. ідэі і каштоўнасці становяцца неад’емнай састаўной часткай палітыка-філас. асэнсавання шляхоў далейшага развіцця бел. нацыі.
Літ.:
Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов: Пер. с англ.М., 1962;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;
Сорман Ги. Либеральное решение: Пер. с фр.М., 1992;
Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998;
Manning D. Liberalism. London, 1976;
Hayek F. von Law, Jegislation, liberty. London, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́Д (Madrid),
горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас.р. Таха). 4072 тыс.ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн.прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.
Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв.Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.
Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч.арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці і Сабаціні, арх. В.Радрыгес, паводле праекта Ф.Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.Л.Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.Х.Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.Ігерас, А.Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.Сервантэсу (1835, А.Сола, і 1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера), Х.Калумбу (1885, А.Меліда і Х.Суньёль), Д.Веласкесу (1899, А.Марынас), Ф.Гоі (1905), Э.Касталару (1908, абодва арх. М.Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л.Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац.археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.
Літ.:
Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.
Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.Сабаціні.Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛУГ,
прылада для асноўнай апрацоўкі глебы — ворыва. Бываюць: агульнага прызначэння — для ўзворвання глебы на глыб. 20—35 см з абаротам пласта (адвальныя П.) і без абароту (безадвальныя); спецыяльныя — для спец. апрацоўкі глебы ці звычайнай у асаблівых умовах (плантажныя, балотныя, балотна-хмызняковыя, ярусныя, садовыя, вінаградныя, лясныя, П. для пескавання тарфянікаў і інш.).
Паводле віду цягі П. падзяляюцца на трактарныя (навясныя, паўнавясныя, прычапныя), канатныя (выкарыстоўваюцца ў цяпліцах, на горных схілах) і конныя; паводле тыпу рабочых органаў — на лямешныя (з суцэльнаадвальнымі, пласціністымі і выразнымі карпусамі) і дыскавыя. Асн. вузлы найб. пашыраных лямешных трактарных П. — рабочыя органы (карпусы, перадплужнікі, глебапаглыбляльнікі, дыскавыя і тронкавыя нажы), механізмы рэгулявання глыбіні ўзворвання, навясное, аўтасчэпнае або прычэпнае прыстасаванні. Карпусы маюць рабочую паверхню культурнага, паўвінтавога ці вінтавога тыпу; складаюцца з лемяша, адвала, палявой дошкі, стойкі. Перад кожным корпусам ставіцца перадплужнік, перад заднім — дыскавы нож. Перадплужнік зразае верхні слой глебавага пласта і скідвае яго на дно баразны; нож падразае бок пласта перад корпусам; глебапаглыбляльнік разрыхляе падворыўны слой (ніжэй лемяша) без вынасу яго на паверхню; лямеш падразае глебавы пласт, а адвал крышыць яго і пераварочвае ў суседнюю баразну; дыскавы нож каля задняга корпуса адразае пласт, пакідаючы неабрушаную сценку і чыстую баразну. Для апрацоўкі глебы на глыб. да 18 см выкарыстоўваюць П.-лушчыльнікі (гл.Лушчыльнік), на глыб. 40—80 см (плантаж глебы пад садовыя і лясныя насаджэнні, вінаграднікі) — плантажныя (звычайна аднакорпусныя). Для звальна-развальнага ворыва выкарыстоўваюць П. з праваабарачальнымі карпусамі, для гладкага ворыва (без грабянёў і барознаў) — абаротныя (маюць права- і леваабарачальныя карпусы на агульнай раме), клавішныя (абсталяваны секцыямі права- і леваабарачальных карпусоў, якія працуюць папераменна) і чаўночныя (секцыі права- і леваабарачальных карпусоў навешваюцца спераду і ззаду трактара; агрэгат працуе ўпоперак схілу чаўночным спосабам, секцыі ўключаюцца папераменна). Лямешныя П. агульнага прызначэння выпускаюцца з 1—9 карпусамі для агрэгатавання з колавымі і гусенічнымі трактарамі. Ярусныя П. маюць 3 ці 4 секцыі карпусоў у верхнім і ніжнім ярусе (або ў 3 ярусах); прызначаны для паслойнага ворыва глебы на глыб. да 45 см з перамяшчэннем глебавых слаёў (для карэннага паляпшэння падзолістых і саланцовых глеб; гл.Глебапаглыбленне). Дыскавыя П. замест карпусоў з лемяшамі маюць пастаўленыя пад вуглом сферычныя дыскі, выкарыстоўваюцца пераважна для першаснай апрацоўкі глебы з драўніннымі рэшткамі, пераўвільготненых цяжкіх камяністых глеб (гл.Дыскаванне). Для паляпшэння якасці апрацоўкі глебы выпускаюцца П. з ротарнымі адваламі (добра пераварочваюць і рыхляць пласт на павышаных скарасцях) і ратацыйныя.
П. — найб.стараж. глебаапрацоўчая прылада, вядома з 2-га тыс. да н.э. (Вавілонія, Стараж. Егіпет і інш.). Вырабляўся з дрэва, меў дышаль для запрагання жывёл. Рабочы орган — лямеш, замацоўваўся нахілена (саха) ці гарызантальна (уласна П). У 1-м тыс. да н.э. з’явіліся П. з жалезным лемяшом; у Стараж. Рыме вынайдзены перадок на колах, які дазваляў рэгуляваць глыбіню ворыва; выкарыстаны нож, размешчаны перад лемяшом для разразання глебы, і дошкі-адвалы. З 17 ст. пачалося развіццё сучаснага тыпу П. Першыя метал. конныя П. з’явіліся ў канцы 18 ст. Заводская вытв-сць у Расіі пачалася ў 1802, П. з мех. цягай — пасля 1917, серыйных трактарных у СССР — у 1925 (у Адэсе).
На тэр. Беларусі для ворыва з часоў жал. веку выкарыстоўвалася драўлянае рала (з 8—9 ст. мела метал. наральнікі), з 10—11 ст. драўляная саха з метал. сашнікамі, з канца 19 ст. — метал. П. Сучасныя 2- і 3-карпусныя трактарныя, а таксама конныя П. выпускае з-д «Лідсельмаш».
В.М.Кандрацьеў.
Плугі — тыпы карпусоў; а — скарасны (1 — лямеш, 2 — адвал); б — паўвінтавы (1 — пятка, 2 — палявая дошка, 3 — пяро); в — безадвальны (1 — палявая дошка, 2 — пашыральнік); г — выразны (1—2 — ніжні і верхні лемяшы); д — ратацыйны (1 — ратацыйны рыхліцель, 2 — корпус, 3 — пад’ёмныя лапаткі); е — культурны (1 — глебапаглыбляльнік, 2 — стойка).Плугі: а — конны 19 ст. (1 — рэгулятар глыбіні ворыва, 2 — нож, 3 — лямеш, 4 — адвал); б — трактарны прычапны (1 — вінтавы механізм палявога кола, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); в — навясны (1 — аўтасчэпка, 2 — перадплужнік, 3 — корпус); г — дыскавы (1 — чысцік, 2 — дыск, 3 — перадплужнік); д — навясны абаротны (1, 2 — права- і леваабарачальныя карпусы, 3 — леваабарачальны перадплужнік, 4 — навеска); е — трох’ярусны (1—3 — задні, сярэдні і пярэдні карпусы, 4 — чаранковы нож); ж — лясны завода «Лідсельмаш» (1 — корпус, 2 — шчокі для падвескі, 3 — дыск); з — для пескавання тарфянікаў канструкцыі БелНДІМіЛ (1 — перадплужнік, 2 — корпус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТСВА́НА (Botswana),
Рэспубліка Батсвана, (Republic of Botswana), дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн і З з Намібіяй, на Пд і ПдУ з ПАР, на ПнУ з Зімбабве. Пл. 600,4 тыс.км². Нас. 1,4 млн.чал. (1994). Сталіца — г.Габароне. Падзяляецца на 8 акруг. Афіц. мовы англійская і сетсвана. Нац. свята — Дзень незалежнасці (30 вер.).
Дзяржаўны лад. Батсвана — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Заканадаўчая ўлада належыць прэзідэнту і парламенту — Нац. асамблеі, выканаўчая — прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Тэр. Батсваны займае вял. бяссцёкавую катлавіну пустыні Калахары, абмежаваную з усіх бакоў плато. Сярэдняя выш. 800—1000 м, на З да 1300 м. Рэльеф раўнінны, на У слабахвалісты. Карысныя выкапні: алмазы, золата, хром, серабро, плаціна, марганцавыя, медна-нікелевыя і кобальтавыя руды, каменны вугаль, азбест і інш. Клімат трапічны, з рысамі кантынентальнасці, гарачы і засушлівы. Сярэдняя т-растудз. 21—27, ліп. каля 16 °C. Ападкаў на Пн і У 500—700 мм, у Калахары менш за 250 мм. Дажджлівы перыяд у снеж.—красавіку. Рэкі малаводныя. На Пн — бяссцёкавы басейн р. Акаванга, на У — р. Лімпопа (упадае ў Індыйскі ак.) з прытокамі. Расліннасць пераважна саванная, на Пн — трапічнае рэдкалессе. Па далінах рэк на Пн, У, Пд — галерэйныя лясы. Нац. паркі — Гемсбак, Чобе, Нцкаі-Пан.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — народы сям’і банту: тсвана (каля 80%), машона, педы, герэра. У глыбіні Калахары карэнныя жыхары бушмены (кайсанская моўная група). Ёсць невял. колькасць англічан, афрыканераў, выхадцаў з Азіі і інш. 50% насельніцтва прытрымліваецца мясц.традыц. вераванняў, 50% — хрысціяне. Шчыльнасць насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана на ПдУ. У гарадах жыве каля 20% насельніцтва. Найбольшыя гарады Габароне, Серове, Фрэнсістаўн, Мачуды.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Батсваны даследавана мала. Вядома, што бечуаны, якія прыйшлі з сучаснага Трансвааля (правінцыя ПАР), выцеснілі ва ўнутр. раёны Калахары бушменаў — аўтахтоннае насельніцтва краіны. Бечуаны на працягу стагоддзяў вялі барацьбу з плямёнамі, што пранікалі на іх тэрыторыю. Асабліва жорсткія былі войны з плямёнамі зулу на пач. 19 ст. З 1820 (з заснаваннем першай хрысціянскай місіі) — пастаянныя кантакты з еўрапейцамі. З сярэдзіны 19 ст. землі Батсваны пачынаюць захопліваць буры, аднак бечуаны, умела выкарыстоўваючы англа-бурскія супярэчнасці, здолелі на працягу 3 дзесяцігоддзяў захаваць незалежнасць. У 1885 б.ч. зямель бечуанаў далучана да англ. уладанняў у Паўд. Афрыцы. Англ. ўлады абвясцілі паўн. землі бечуанаў (тэр. сучаснай Батсваны) пратэктаратам пад назвай Бечуаналенд.
Пад націскам нац.-вызв. руху брыт. ўрад у 1961 прыняў канстытуцыю Батсваны, у ліст. 1963 даў пратэктарату самакіраванне. На выбарах у заканадаўчы сход у 1965 перамагла Дэмакр. партыя. 30.9.1966 абвешчана незалежная рэспубліка Батсвана.
Асн.паліт. партыя — Дэмакр. партыя Батсваны (правячая). Федэрацыя прафсаюзаў Батсваны аб’ядноўвае 11 галіновых прафсаюзаў. Батсвана — чл.ААН (з 1966), Садружнасці і інш.міжнар. арг-цый.
Гаспадарка. Батсвана — аграрная краіна са значнай горнай прам-сцю. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %) сельскай гаспадаркі 12, прам-сці каля 50, у т. л. горна-здабыўной каля 45. У сельскай гаспадарцы занята больш за 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, захаваліся феад. і племянныя перажыткі. Апрацоўваецца 3% тэрыторыі, пад лугамі і пашай каля 70%. Гал. галіна — адгонна-пашавая мясная жывёлагадоўля (круглагадовы выпас жывёлы на натуральных пашах). Пагалоўе (млн.): буйн. раг. жывёлы 3,5, коз і авечак 1,7. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Жывёла нізкапрадукцыйная. Росту пагалоўя перашкаджаюць засухі, недахоп вады, хваробы. За гады незалежнасці праведзены работы па паляпшэнні пашы, стварэнні вет. цэнтраў. Земляробства ў гаспадарках мясц. насельніцтва адыгрывае дапаможную ролю. Магчыма толькі на Пд і У краіны. Асноўныя с.-г. культуры — сорга, кукуруза, вырошчваюць пшаніцу, боб, проса, гародніну, садавіну. На ПдУ на плантацыях еўрап. фермераў вырошчваюць на арашальных землях экспартныя культуры: арахіс, тытунь, бавоўну, сланечнік, цытрусавыя. Некаторую ролю ў гаспадарцы карэннага насельніцтва адыгрываюць паляванне і рыбалоўства (асабліва на Пн). Гал. галіна прамысловасці — горназдабыўная. Батсвана займае 2—3-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (да 20 млн. каратаў штогод, гал. радовішчы Арапа, Джваненг, Летлхакане). Здабываюць таксама медныя, нікелевыя (другі па велічыні вытворца ў Афрыцы) і марганцавыя руды, каменны вугаль, азбест, серу. З галін перапрацоўчай прам-сці найб. развіта мясная (буйны мясакамбінат у г. Лабацэ). Есць невял. прадпрыемствы па вытв-сці касцявой мукі, масла, мыла, піва і інш.Вытв-сць электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. ЦЭС у Габароне і Селебі-Пікве. Трансп. сетка развіта слаба. Адзіная чыгунка (даўж. 714 км) перасякае ўсх.ч. краіны. Даўж. аўтадарог 15,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 3,5 тыс.км. Міжнар. аэрапорт каля Габароне, авіяц. сувязі з суседнімі краінамі. Экспарт: алмазы, медна-нікелевы канцэнтрат, мяса, скуры, прадукты плантацыйнай гаспадаркі. Імпарт: машыны, абсталяванне, паліва, збожжа і мука, тэкстыль, адзенне. Значнае месца ў эканоміцы займаюць турызм і грашовыя пераводы грамадзян Батсваны, якія працуюць у ПАР. Асн. гандлёвыя партнёры: ПАР, Вялікабрытанія, інш. краіны ЕЭС, ЗША. Грашовая адзінка — пула.
Ф.С.Фешчанка (прырода, гаспадарка).
Герб і сцяг Батсваны.Батсвана. Агульны выгляд сталіцы Габароне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТА́Н, Каралеўства Бутан (на мове бхотыя — Друк-Юл),
дзяржава ў Паўд. Азіі, у цяжкадаступнай ч.Усх. Гімалаяў. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Падзяляецца на 18 дыстрыктаў. Пл. 47 тыс.км². Нас. 1532 тыс.чал. (1993). Афіц. сталіца — т.Тхімпху, традыц. — г. Пунакха (зімовая рэзідэнцыя караля). Афіц. мова — бхотыя (дзонг-хэ, блізкая да тыбецкай). Нац. свята — Дзень нацыі (17 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бутана — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея са 150 чл. (100 чл. выбіраюцца вясковымі старастамі, 10 — манастырамі, 40 чл. прызначаюцца каралём), тэрмін паўнамоцтваў 3 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе савет міністраў.
Прырода. Бутана — горная краіна. Вылучаюцца З прыродныя паясы: Гал. Гімалайскі хр. на Пн (г. Кула-Каніры, 7554 м), міжгорныя ўпадзіны і даліны цэнтр.ч. краіны, невысокія горы і перадгор’і на Пд. Клімат мусонны, у далінах трапічны і субтрапічны, у гарах больш халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. -4,5 °C, у ліп. 17 °C. Ападкаў ад 5000 мм на Пд да 1000—1500 мм у катлавінах і далінах і да 500 мм на найб. высокіх гарах. Рэкі бас. Брахмапутры цякуць у глыбокіх далінах, маюць вял. запасы гідраэнергіі. Лясы займаюць 64% тэр. краіны, багатыя каштоўнай драўнінай. У ніжнім поясе вечназялёныя, вышэй лістападныя і хвойныя лясы. Вышэй за 3500—4000 м — высакагорныя лугі, асыпкі і скалы, на найб. высокіх гарах — вечныя снягі і ледавікі. Запаведнікі Джыгмі-Дорджы, Газа, Манас і інш.
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва — бхотыя і блізкія да іх невял. горныя народы тыбецкага паходжання. На Пд жывуць гурунгі і асамцы. Большасць вернікаў будысты-ламаісты, ёсць індуісты (каля 25%) і прыхільнікі стараж.традыц. культаў. Шчыльнасць насельніцтва 34 чал. на 1 км², б.ч. яго сканцэнтравана ў катлавінах і далінах сярэдняй ч. краіны. Гарады невялікія, у іх жыве каля 10% насельніцтва.
Гісторыя. Стараж. гісторыя Бутана малавядомая. Прыкладна з 8—9 ст. з Тыбета на тэр.сучаснага Бутана перасяляліся плямёны бхотыя, якія выцеснілі б.ч. аселага інд. насельніцтва. У пач. 17 ст. тыбецкія манахі ўстанавілі тут тэакратычную каралеўскую ўладу, дзярж. рэлігіяй стаў ламаізм. У 19 ст. ў краіне адбылося некалькі грамадз. войнаў, выкліканых нязгодай намеснікаў правінцый з цэнтр. уладай. З 1865 бутанскай знешняй палітыкай кіраваў урад брыт. Індыі, які ў 1907 ператварыў Бутан у спадчынную манархію (першым у 1907—26 правіў кароль Угай-ен-Бангчук, заснавальнік сучаснай кіруючай дынастыі). Да 1947 Бутан — брыт. пратэктарат. Паводле дагавора з Індыяй (8.8.1949) Бутан абавязаўся ў сваіх знешніх зносінах кіравацца курсам і пазіцыяй інд. ўрада. Пасля анексіі Тыбета Кітаем (1950) бутанска-інд. сувязі, у т. л. эканамічныя, узмацніліся. З кастр. 1969 — канстытуцыйная манархія (не мае пісанай канстытуцыі). З 12.2.1971 суверэнная дзяржава.
З 1972 дзяржавай і ўрадам кіруе кароль Джыгме Сінгай Бангчук (каранаваны ў 1974). У 1980 Бутан заключыў дагавор аб граніцы з Кітайскай Нар. Рэспублікай. У Бутане няма паліт. партый, на тэр. Індыі дзейнічае партыя Бутанскі нац. кангрэс. Бутан — член ААН (з 1971), Руху недалучэння (з 1973), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўд. Азіі (з 1985), належыць да самых бедных і адсталых краін, што развіваюцца.
Гаспадарка. Бутан — аграрная краіна з перавагай натуральнай гаспадаркі і феад. адносін. У сельскай гаспадарцы занята 95% самадз. насельніцтва, пераважае земляробства. Плошча апрацаваных зямель складае 3% тэр. краіны. На асобных участках па далінах рэк і схілах гор, на тэрасавых і часткова арашальных палях вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, бульбу, горны ячмень, проса, грэчку, клешчавіну, бавоўну, чай. Агародніцтва і пладаводства (апельсіны, манга, яблыкі). Збор (1993, тыс.т): рысу 43, кукурузы 40, бульбы 34, цытрусавых 58. Горна-пашавая жывёлагадоўля (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы і якаў 429, авечак 54, коз 41. Гадуюць свіней і коней. Прам-сць (1993, тыс.т): здабыча каменнага вугалю 56, даламіту 206, вапняку 190, графіту, свінцова-цынкавых і медных рудаў, вальфраму, гіпсу, вытв-сць цэменту 170, віна, кансерваў і сокаў з садавіны, запалак, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Развіваецца вытв-сць электраэнергіі. Некалькі ГЭС. Захоўваецца традыц. саматужнае рамяство. Аўтамаб. дарогі (даўж. каля 2 тыс.км) злучаюць Тхімпху з асн. раёнамі краіны і з Індыяй. Аэрапорты ў Паро і Тхімпху. Экспарт: цэмент, драўніна, фанера, даламіт, электраэнергія, агародніна, сокі, арэхі, спецыі, каменны вугаль, сыры каўчук і інш. Імпарт (перавышае экспарт у 2 разы): прамысл. і харч. тавары (машыны, абсталяванне, рыс, цукар), бензін, газа і інш.Асн.гандл. партнёр — Індыя (каля 90% знешнегандл. абароту). Адна з асн. крыніц паступлення замежнай валюты — даходы ад замежнага турызму і альпінізму, а таксама ад продажу паштовых марак. Пастаянную эканам. дапамогу Бутану аказвае Індыя. Грашовая адзінка — нгултрум.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК,
прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ход мех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́СЫчалавека
(франц. гасе ад італьян. razza парода),
біялагічныя падраздзяленні адзінага віду сучаснага чалавека (Homo sapiens), якія склаліся гістарычна на пэўных тэрыторыях (арэалах) і характарызуюцца сукупнасцю пэўных спадчынных прыкмет будовы цела. Чалавечыя Р. не маюць тэндэнцыі да відаўтварэння і не з’яўляюцца ступенямі эвалюцыі. Паміж Р. не існуе жыццёва важных марфал., фізіял., псіхічных адрозненняў; неабмежаванае змешванне чалавечых Р. сведчыць пра адзінства іх паходжання і прыналежнасць да адзінага віду. Расавыя асаблівасці не ўплываюць на развіццё грамадства. Расавы склад народаў — вынік гіст. развіцця.
Першыя спробы класіфікацыі Р. адносяцца да 17—18 ст. (Г.Лейбніц, К.Ліней, Ж.Бюфон, І.Кант, Ж.Кюўе і інш). Шырокае прызнанне атрымала класіфікацыя франц, вучонага Ж.Дэнікера (1889), якая лягла ў аснову большасці сучасных сістэм. Значны ўклад у распрацоўку класіфікацыі Р. сав. антраполагаў (В.В.Бунак, Г.Ф.Дэбец, М.М.Чабаксараў, А.І.Ярхо і інш.). У сучаснай антрапалогіі існуюць 2 кірункі ў класіфікацыі чалавечых Р. — тыпалагічны і папуляцыйны. Паводле першага рабілася спроба вызначыць «расавую прыналежнасць» кожнага індывіда, што часта немагчыма, бо расавыя прыкметы наследуюцца не комплексам, а незалежна адна ад адной і часта значна вар’іруюць нават у малой групе насельніцтва, звязанай кроўнай роднасцю; падобныя прыкметы могуць узнікаць самастойна і нават ад дзеяння розных генаў. У 2-й пал. 20 ст. найбольшае прызнанне ў класіфікацыі Р. атрымаў папуляцыйны кірунак, які ўлічвае, што характарыстыка Р. заснавана на стат. крытэрыях, сярэдніх велічынях прыкмет і іх працэнтным размеркаванні, гэта асабліва важна пры вызначэнні Р. 2-га парадку, якія адрозніваюцца паміж сабой па 2—3 прыкметах. Папуляцыяністы вывучаюць адрозненні паміж групамі людзей, звязаных шлюбнымі сувязямі, па характары спадчыннасці вонкава падобных прыкмет (колер скуры і інш.), размеркаванні груп крыві і інш. Пры выяўленні роднасці Р. усё большае значэнне надаецца прыкметам з устаноўленай формай спадчыннасці. Пры гэтым, аднак, улічваецца, што канцэнтрацыя гэтых прыкмет можа значна зменьвацца пад уплывам адбору і т.зв. геннага дрэйфу, г.зн. выпадковай страты або назапашвання генаў у малых ізаляваных папуляцыях. Неабмежаванае змешванне Р. дае магчымасць прадбачыць, што ў будучым Р. перастануць існаваць, а фіз. адрозненні паміж людзьмі набудуць індывідуальны характар.
Чалавецтва падзяляецца на 3 вял. Р. 1-га парадку: аўстрала-негроідную (экватарыяльную), якая ўключае аўстралоідную, ведоідную, меланезійскую, негрскую, бушменскую Р. 2-га парадку (гл.Негроідная раса); еўрапеоідную (еўразійскую), якая ўключае атланта-балтыйскую, беламорска-балтыйскую, сярэднееўрапейскую, індаміжземнаморскую, балкана-каўказскую Р. 2-га парадку (гл.Еўрапеоідная раса); мангалоідную (азіяцка-амерыканскую), якая ўключае паўночна-азіяцкую, арктычную (эскімоскую), далёкаўсходнюю, паўднёваазіяцкую, амерыканоідную Р. 2-га парадку (гл.Мангалоідная раса). Становішча некат. груп, фізічны тып якіх не ўкладваецца ў гэты падзел, дыскусійнае. Аўстралійцы формаю валасоў падобны да еўрапеоіднай Р., іншымі прыкметамі — да экватарыяльнай (гл.Аўстралоідная раса). Айны фізічнымі прыкметамі больш падобны да еўрапейцаў, а паходжаннем бліжэй да аўстралійцаў. Гатэнтоты і бушмены падобныя да мангалоідаў жоўтым колерам скуры, інш. прыкметамі — да экватарыяльнай Р. Амер. індзейцы некат. прыкметамі набліжаюцца да еўрапеоіднай Р., іншымі яны бліжэйшыя да мангалоідаў (гл.Амерыканоідная раса). Складаным з’яўляецца пытанне пра паходжанне палінезійцаў, у якіх выяўляецца падабенства да ўсіх трох вял. Р. Ёсць меркаванне, што яны ўтварыліся ад расавых змяшэнняў. Прамежкавае становішча займаюць эфіопская (паміж еўрапеоіднай і аўстрала-негроіднай Р.), паўднёваіндыйская (паміж ведоіднай і індаміжземнаморскай Р.), уральская (паміж беламорска-балтыйскай і паўночнаазіяцкай), паўднёва-сібірская (паміж мангалоіднай і еўрапеоіднай) Р. Нейтральнае становішча займае курыльская Р.
Паводле даследаванняў Р.Я.Дзянісавай, В.В.Бунака і В.Дз.Дзячэнкі на тэр. Беларусі вылучаны 2 антрапал. тыпы. Беларусы паўн.-зах., паўн. і паўн.-ўсх. раёнаў маюць сярэдні рост, светлы колер скуры, вачэй і валасоў, сярэднешырокі нізкі твар з прамой або ўвагнутай спінкай носа, сярэднегустой барадой і належаць да беламорска-балтыйскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р. Беларусы Палесся маюць больш цёмны колер вачэй і валасоў, больш прамую спінку носа і належаць да сярэднееўрапейскай Р. 2-га парадку еўрапеоіднай вял. Р.
Фарміраванне сучасных Р., магчыма, адбылося ў эпоху позняга палеаліту, калі ўжо можна прасачыць прадстаўнікоў асн. Р.: еўрапеоідам адпавядаюць краманьёнцы, аўстрала-негроіднай Р. — познапалеалітычнае насельніцтва Паўд. і Цэнтр. Афрыкі і Інданезіі, мангалоідам — стараж. насельніцтва Сібіры і Кітая. У канцы позняга палеаліту і ў мезаліце з Пд і У людзі засялілі вобласць Паўн. Еўразіі, што суправаджалася змяшэннем прадстаўнікоў еўрапеоіднай і мангалоіднай Р. і ўтварэннем прамежкавых тыпаў. У познім палеаліце засяляецца Аўстралія з Паўд.-Усх. Азіі і Амерыка з Паўн. Азіі праз вобласць Берынгава праліва. І пазней на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва адбываюцца пастаянныя міграцыі насельніцтва. Найб. з іх, т.зв. Вялікае перасяленне народаў, адбылося на мяжы н.э. з Цэнтр. Азіі праз Зах. Сібір, Казахстан, Сярэднюю Азію ў стэпы Прычарнамор’я. З 10 ст. нарманы праніклі ў Грэнландыю і Паўн. Амерыку, з 16 ст. іспанцы, партугальцы, пазней галандцы і англічане засялялі Амерыку, рускія — Сібір, галандцы і англічане каланізавалі Паўд. Афрыку. У 19 ст. ўзмацнілася эміграцыя з розных краін Еўропы ў Амерыку, англічане каланізавалі Аўстралію і Новую Зеландыю, кітайцы і японцы рассяліліся на астравах Ціхага акіяна.
Літ.:
Тегако Л.И. Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫМ (Roma),
горад, сталіца Італіі, на р. Тыбр, за 27 км ад яе ўпадзення ў Тырэнскае мора. Адм. ц. вобласці Лацыо і Рымскай правінцыі. 2646 тыс.ж. (1998). Гал.паліт. і культ., значны эканам. цэнтр краіны. Адзін з найстаражытнейшых і багатых гіст. і культ. помнікамі гарадоў свету, атрымаў назву «вечнага горада». У межах Р. — папская дзяржава-горад Ватыкан. Буйны трансп, вузел унутр, і міжнар. зносін; 8 чыгунак, 10 аўтастрад. Міжнар. аэрапорты Леанарда да Вінчы ды Ф’юмічына і Чампіна. Рачны порт. Аванпорт Р. на ўзбярэжжы Тырэнскага м. — г. Чывітавек’я. У Р. найб. банкі, страхавыя і гандл, кампаніі, праўленні многіх італьян, і міжнар. манаполій і фірм. Гал. галіны прам-сці звязаны пераважна з абслугоўваннем патрэб гар. насельніцтва і турыстаў.
Прам-сць: эл.-тэхн. (тэлеф.-тэлегр. абсталяванне, эл.-прылады, электроніка), дакладнае прыладабудаванне, вытв-сцьчыг. рухомага саставу, с.-г. машын, друкарскага абсталявання, матацыклаў, веласіпедаў, хім. (фармацэўтычныя вырабы, сінт. тканіны, кіслоты, сода, суперфасфат і інш.), вытв-сцьбуд. матэрыялаў, харч. і харчасмакавая, паліграф., швейная, мэблевая, галантарэйная, папяровая, тэкст., абутковая, парфумерная. Развіта рамесніцкая вытв-сць, асабліва маст. ювелірных вырабаў, габеленаў, плеценай мэблі, вырабаў са шкла і скуры, муз. інструментаў, сувеніраў. Р. — адзін з буйнейшых у свеце цэнтраў міжнар. турызму (больш за 10 млн.чал. штогод). Метрапалітэн.
Паводле ант. падання, Р. засн. ў 754/753 да н.э.Ромулам. Археал. звесткі сведчаць пра існаванне на тэр. Р. стараж. паселішчаў ужо ў 10 ст. да н.э., якія ў 7 ст. да н.э. зліліся ў адзіны горад. З 3 ст. да н.э. сталіца вял. міжземнаморскай дзяржавы — Стараж. Рыма (у перыяд імперыі меў да 2 млн.чал.). Пасля пераносу сталіцы ў Канстанцінопаль (330 н.э.) значэнне Р. як паліт. цэнтра паменшала. Моцна пацярпеў ад нашэсця варвараў (у 410 разбураны вестготамі, у 455 вандаламі; насельніцтва скарацілася да 40 тыс.чал.). З 552 пад уладай Візантыі, остготаў. З канца 6 ст. вярхоўная ўлада ў горадзе належала рым. папам, якія ў 8 ст. дамагліся поўнай незалежнасці ад Візантыі. З 756 Р. — сталіца Папскай вобласці, царк.-паліт. цэнтр Зах. Еўропы; у сярэдневякоўі — арэна барацьбы паміж папамі і імператарамі «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 1084 разрабаваны нарманамі, якіх папа Грыгорый VII заклікаў дапамагчы ў барацьбе супраць караля Генрыха IV. У выніку паўстання ў Р. ўтварылася рэспубліка (1143—55). Пасля пераносу ў 1309 папскай рэзідэнцыі ў Авіньён (гл. Авіньёнскае паланенне папаў) пачалася барацьба за абмежаванне ўлады знаці. У 1347—54 зноў існавала рэспубліка.
Улада папы адноўлена ў 1377. З канца 15 — пач. 16 ст. Р. — буйнейшы цэнтр Адраджэння. У час Італьянскіх войнаў горад разрабаваны ў 1527 войскамі імператара Карла V. У 17 ст., нягледзячы на эканам. заняпад, вырасла значэнне Р. як рэліг. цэнтра. У 1798 акупіраваны войскамі Дырэкторыі. Абвешчаная Рымская рэспубліка 1798—99 разгромлена аўстр., неапалітанскімі і рас. войскамі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўлада папы Пія ІХ скінута, у Р. абвешчана рэспубліка. Пасля задушэння рэспублікі свецкая ўлада папы трымалася дзякуючы прысутнасці франц. гарнізона. Пасля яго вываду ў выніку Рысарджымента ўлада пап канчаткова скінута ў 1870. 26.1.1871 Р. абвешчаны сталіцай Італьян. каралеўства. У кастр. 1922 пасля ўваходу ў горад фаш. атрадаў (гл. Паход на Рым 1922) у выніку дзярж. перавароту ўсталявана фаш. дыктатура Б.Мусаліні. Паводле Латэранскіх дагавораў 1929 на частцы тэр. Р. ўтворана дзяржава Ватыкан. Пасля капітуляцыі Італіі ў 2-й сусв. вайне Р. акупіраваны (1943) ням. войскамі, у 1944 вызвалены англа-амер. войскамі. З 1946 сталіца Італьян. Рэспублікі. У 1960 Р. — месца правядзення XVII Алімпійскіх гульняў.
Ант. Р. — сталіца Стараж. Рыма. У 6—9 ст.тэр. горада скарачалася, ант. помнікі руйнаваліся, ад сярэдневякоўя захаваліся вузкія вуліцы і кварталы ў цэнтры горада, маляўнічыя плошчы са старадаўнімі фантанамі. Цэнтрам былі ўзгоркі Капітолій (тут знаходзіліся гар. кіраванне і рэзідэнцыя епіскапа, пазней і папы рымскага), Латэран, Ватыкан. На супрацьлеглым беразе р. Тыбр размяшчаліся жылыя кварталы. Да раннехрысц. помнікаў Р. належаць катакомбы: Сан-Себасцьяна (крыпта 1—2 ст.), Даміцылы (1—4 ст.), Калікста (2—3 ст.); базілікі (перабудоўваліся да 18 ст.): Сан-Джавані Ін Латэрана (ЗН—314), Сан-Паада фуоры ле Мура (314, зруйнавана ў 1823, адноўлена ў 1944), Сан-Ларэнца фуоры ле Мура (330, мазаіка 6 ст.), Санта-Марыя Маджорэ (4 ст., мазаіка 5 і 13 ст.), Санці-Джавані э Паала (каля 400, фрэскі 12 ст.), Санта-Марыя Ін Казмедзін (перабудавана ў 8 і 12 ст.), Санта-Марыя Ін Трастэверэ (1140, мазаіка П.Каваліні, 13 ст.), Санта-Марыя Ін Арачэлі (перабудавана ў 1250); цэнтрычныя храмы: Санта-Кастанца (4 ст., мазаіка 4—5 ст.), Сан-Клементэ (ніжні храм 4 ст., верхні паміж 1099 і 1128, рэканструяваны ў 18 ст., арх. К.Фантана), Сан-Стэфана Ратонда (6 ст.). З гатычных пабудоў вылучаецца касцёл Санта-Марыя сопра Мінерва (з 1280, фасад 1453). У пач. 16 ст. Р. — цэнтр архітэктуры эпохі Адраджэння. Вял. ўвага аддавалася свецкім пабудовам (грамадскія і жылыя будынкі, палацы, плошчы, фантаны). У Ватыкане ўзведзены Рымскі сабор Святога Пятра, купал якога стаў гал.арх. цэнтрам у панараме горада. Дзелавы цэнтр рэнесансавага Р. размяшчаўся ў раёне стараж.-рым. моста Сант-Анджэла (134) і пл. Сан-Чэльса, адкуль веерам разыходзіліся вуліцы. Сфарміраваўся новы тып палаца — палацца: Венецыя (з 1452, верагодна, паводле планаў Л.Б.Альберці ці Б.Раселіна), Канчэлерыя (1485—1511, арх. А.Брэньё, з 1499 — Д.Брамантэ), Фарнезе (1513—34, арх. А. да Сангала Малодшы, з 1546 — Мікеланджэла, завершаны ў 1589 Дж. дэла Портам), Відоні-Кафарэлі (каля 1515—20, арх. Рафаэль). Будавалі лёгкія і стройныя вілы: Фарнезіна (1509—11, арх. Б.Перуцы, фрэскі Рафаэля, Джуліо Рамана і інш.), Мадама (з 1517, арх. Рафаэль, да Сангала Малодшы). Касцёлы ў стылі рэнесансу: Сан-П’етра Ін Манторыо (арх. Б.Пантэлі, у двары — Тэмп’ета, 1502, арх. Брамантэ), Санта-Марыя дэла Пачэ (абодва 1480-я г., арх. Пантэлі, двор 1500—04, арх. Брамантэ, фасад 1656, арх. П’етра да Картона), Санта-Марыя дэль Аніма (пач. 16 ст., арх. Дж. да Сангала, Брамантэ), Сант-Эліджа дэльі Арэфічы (1509, праект Рафаэля), Сан-Луіджы дэі Франчэзі (1518—88, фасад 1589, арх. дэла Порта, у капэле Кантарэлі — цыкл карцін М.Караваджа).
У некат. будынках 16 ст. выявіліся рысы маньерызму, імкненне да індывід. непаўторнасці, суб’ектывізму (палацца Масіма але Калоне, 1536, арх. Перуцы; віла Джулія, 1550—55, арх. Дж.Віньёла, Б.Аманаці, Дж.Вазары; цяпер музей). Каля Рым. форуму створаны ансамбль пл. Капітолія (з 1546, праект Мікеланджэла), дзе ў адзіным ансамблі аб’яднаны прылеглыя часткі горада, антычнасць і сучаснасць, архітэктура і скульптура, адметныя гармоніяй перспектыў, колеру, арх. мізансцэн: Палацца дэі Сенаторы і Палацца дэі Кансерваторы, гал. будынак Капіталійскіх музеяў, ант. статуя Марка Аўрэлія і інш. У канцы 16 ст. пракладзены прамыя вуліцы, што злучылі найб. значныя раннехрысц. базілікі і гар. раёны ў адзіную сістэму. Сярод ансамбляў у стылі барока: П’яцца дэль Попада (16—17 ст., завершана ў 1816—20, арх. Дж.Валадзье) са стараж.-егіп. абеліскам, пл.Св. Пятра (1657—63, арх. Л.Берніні); П’яцца Навона (17 ст., захавала форму ант. стадыёна Даміцыяна) з фантанамі «Чатырох рэк», «Негр» (абодва будаваў Берніні) і «Нептун» (абодва праект арх. дэла Порта, завершаны ў 19 ст., скульпт. Дэла Біта); П’яцца ды Спанья (ісп. лесвіца Трыніта дэі Монці, 1725, арх. А.Спекі, Ф. дэ Санктыс; унізе — фантан у форме чоўна «Баркача», 1630, арх. Берніні). Сярод барочных помнікаў: палацца Квірынале (з 1574, арх. Ф.Понцыо, К.Мадэрна, Берніні і інш.), Баргезе (1590, арх. М.Лонгі Старэйшы, з 1615, арх. Понцыо), Барберыні (1625—63, арх. Мадэрна, Ф.Бараміні, плафон П’етра да Картоны), Фальканьеры (1639—41, арх. Бараміні), Кадона (17—18 ст.); віла Баргезе (пач. 17 ст., цяпер музей) з паркам (казіно 1613); касцёл Іль Джэзу (1568—84, арх. Віньёла, фасад 1575, арх. дэла Порта). Пышныя барочныя палацы, паркі, касцёлы, плошчы і відавыя пляцоўкі, прасторавыя акцэнты ў выглядзе лесвіц, абеліскаў, фантанаў («Трэві», пачаты ў 18 ст., арх. Н.Сальві), дэкар. скульптур у многім вызначылі аблічча цэнтра сучаснага Р. З 1871 горад рос больш інтэнсіўна; раён Праці, усх. і паўд.-ўсх. раёны забудоўваліся пераважна даходнымі дамамі.
У адпаведнасці з генпланам 1873 пракладзены новыя трансп. артэрыі (Корса Віторыо Эмануэле, Вія Нацыянале), узведзены будынкі і ансамблі пампезна-эклектычнага характару, у т. л. комплекс «Віктарыян» на пл. П’яцца Венецыя (1885—1911, арх. Дж.Саконі, скульпт. А.Дзанелі, Э.К’ярадыя), з помнікам Віктару Эмануілу ІІ, т.зв. Алтаром Айчыны — гіганцкім порцікам з 60 бела-мармуровымі калонамі, фантанамі і інш. Грамадскі цэнтр перамясціўся на П’яцца Калона. У 1930—40-я г. ўзведзены неакласіцыстычны спорткомплекс Фора Італіка (1928—34, арх. М.П’ячэнціні, Дж.Пагана і інш.), комплекс не ажыццёўленай сусв. выстаўкі (ЭУР). Пракладзены новыя магістралі (Вія дэі Форы Імперыялі, Вія дэла Канчыліяцыёне); да Алімп. гульняў 1960 — магістраль Вія Алімпіка, шэраг тунэляў і перасячэнняў у 2 узроўнях. Раёны гіст. забудовы захоўваюцца пераважна ў першапачат. стане. Найб. важныя пабудовы ў сучасных стылях: вакзал Тэрміні (1938—50, арх. Ф.Мацоні, Э.Мантуоры і інш.), пасольства Вялікабрытаніі (1970, арх. Б.Спенс), работы П.Л.Нерві — палац спорту (1958—60, з П’ячэнціні), Алімп. гарадок (1960) з Палацэта (Малы палац спорту, 1957, з арх. А.Вітэлоцы) і стадыёнам Фламініо (1959, з інж. А.Нерві). Новае буд-ва развіваецца пераважна на перыферыі. У 1960—70-я г. раён ЭУР ператвораны ў дзелавы цэнтр з паркамі, садамі, фантанамі, сучаснымі збудаваннямі (палацы Кангрэса, Цывілізацыі — «Квадратны Калізей» з 216 аркамі на фасадзе). Паводле генплана 1964 створана т.зв. вось абслугоўвання — сістэмы магістралей, якія злучаюць з ЭУР 2 новыя грамадскія цэнтры. Помнікі архітэктуры Ватыкана і гіст. цэнтра Р. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У Р. знаходзяцца: 2 ун-ты, у т. л.Рымскі універсітэт, кансерваторыя «Санта-Чэчылія», Акадэмія прыгожых мастацтваў, Нац. акадэмія дэі Лінчэі (з 1603), акадэмія св. Лукі (з 14 ст.), Мед. акадэмія, Акадэмія л-ры, мастацтва і навукі, Італьян.ін-т археалогіі і гісторыі мастацтваў, ін-ты антрапалогіі, гісторыі музыкі і інш.; шматлікія НДІ і навук. т-вы. Б-кі: Нац. цэнтральная, ун-та, Анджэліка, Касанатэнсе, Нац. акадэміі дэі Лінчэі і інш. Музеі: Нац. рымскі музей (музей Тэрм), Капіталійскія музеі (з 1471), Нац. музей этрускаў (зборы этрускага мастацтва), Музей Баргезе (з 1616, зборы стараж.-грэч. і стараж.-рым. мастацтва), Галерэя Спала (калекцыя жывапісу 17—18 ст.), Галерэя Дорыя-Памфілі (жывапіс Рэнесансу), Нац. галерэя ант. мастацтва, Нац. галерэя сучаснага мастацтва, музеі Ватыкана. Каля 20 тэатраў, у т. л.Рымская опера, «Тэатра ды Рома» і інш.; кінагарадок найбуйн. італьян. кінафірм «Чынечыта».
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 14,1 тыс.км². Нас. 434 тыс.чал. (1997), гарадскога 46%. Сярэдняя шчыльнасць 31 чал. на 1 км². Жывуць карачаеўцы (31,2%), чэркесы (9,7%), рускія (42,4%), абазіны (6,6%), нагайцы (3,1%) і інш. Сталіца — г.Чэркеск. Гарады: Карачаеўск, Усць-Джэгута, Тэберда.
Прырода. Размешчана на Паўн. Каўказе. Больш за 2/3 тэрыторыі займаюць горы і перадгор’і. На Пн вузкая паласа ўзгорыстых раўнін, над якой уздымаюцца куэставыя грады — Сычовы горы, хрыбты Пашавы і Скалісты. На Пд — хрыбты Галоўны, або Водападзельны, з вяршынямі Пшыш (3790 м), Дамбай-Ульген (4046 м), Гвандра (3983 м) і Бакавы з найвыш.г. Эльбрус (5642 м, на мяжы з Кабардзіна-Балкарыяй). Гал. перавалы — Клухорскі і Марухскі. Карысныя выкапні: медна-калчаданавыя і поліметалічныя руды, каменны вугаль, граніт, мармур, гіпс. Мінер. крыніцы. Сярэдняя т-растудз. ад -5 °C у перадгор’ях да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 21 °C і 8 °C. Ападкаў 550—2500 мм за год. На вяршынях і грэбені Галоўнага, або Водападзельнага, хрыбта — сучаснае зледзяненне. Гал. рака — Кубань з прытокамі Тэберда, Вял. і Малы Зеленчукі, Уруп, Вял. Лаба, багатыя гідраэнергіяй. Кубанскае вадасховішча. Глебы на Пн чарназёмныя, з вышынёй пераходзяць у горна-лясныя бурыя і горна-лугавыя. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах — шыракалістыя (бук, граб, дуб) і хваёвыя (хвоя, елка, піхта) лясы, субальпійскія і альпійскія лугі. На тэр. К.-Ч. — Тэбердзінскі запаведнік і ч. Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Продкі карачаеўцаў і чэркесаў жылі на тэр. К.-Ч. са стараж. часоў. У 5—13 ст. адбывалася разлажэнне першабытнаабшчыннага ладу і зараджэнне феад. адносін. Да 10 ст. сфарміравалася адыгейска-чэркеская народнасць, у 13—14 ст. — карачаеўская народнасць. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам. У 10 ст.тэр. К.-Ч. ўваходзіла ў раннефеад. дзяржаву Аланія, якая падтрымлівала паліт. і эканам. сувязі з Візантыяй, хазарамі, грузінамі. У 14—16 ст. на тэр. К.-Ч. з Абхазіі перасяліліся абазіны, у 17 ст. з Прыазоўя і Паволжа — нагайцы. У 15—18 ст. на землі К.-Ч. ўчынялі набегі крымскія татары і туркі. У 1552, 1555 і 1557 прадстаўнікі К.-Ч. накіроўвалі пасольствы ў Маскву для заключэння паліт. саюзу з Расіяй. У 1790 армія пры ўдзеле атрадаў горцаў разбіла ў раёне сучаснага Чэркеска тур. корпус Баталпашы. У 1-й пал. 19 ст.тэр. К.-Ч. далучана да Расійскай імперыі. У 1858—61 тут заснаваны казацкія станіцы, якія разам з ауламі Карачая і Чэркесіі ўключаны ў Баталпашынскі пав., пазней — аддзел Кубанскай вобл. У 1868 тут скасавана прыгоннае права. Пазней створаны шахты і руднікі, невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Вясной 1920 у К.-Ч. ўстаноўлена сав. ўлада. 12.1.1922 утворана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. У 1926 К.-Ч. падзелена на Карачаеўскую аўт. вобласць і Чэркескую нац. акругу, у 1928 ператвораную ў аўт. вобласць. Да 1934 у Чэркесіі і да 1938 у Карачаі праведзена калектывізацыя сельскай гаспадаркі. У Вял.Айч. вайну Чэркеская і Карачаеўская вобласці акупіраваны ням.-фаш. войскамі (жн. 1942 — студз. 1943). У канцы 1943 Карачаеўская аўт. вобласць скасавана, а карачаеўцы, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з фашыстамі, дэпартаваны ў Цэнтр. Азію (пераважна ў Казахстан). Пасля іх рэабілітацыі ў 1957 створана Карачаева-Чэркеская аўт. вобласць. З 1991 рэспубліка. У 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці (па аб’ёме прадукцыі, што вырабляецца): хім. і нафтахім. (27,7%), буд. матэрыялаў (25,8%), харч. (13,5%), энергетыка (12,7%), машынабудаванне і металаапрацоўка (8,3%). Развіты гарнарудная, лёгкая, дрэваапр., мукамольна-крупяная прам-сць. Хім. і нафтахім. прадпрыемствы размешчаны ў г. Чэркеск (хім.ВА, з-д гумава-тэхн. вырабаў). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэмент, жалезабетонныя вырабы, цэгла, вапна, чарапіца) у Чэркеску, Карачаеўску, Усць-Джэгуце і станіцы Зелянчукскай. Харч.прам-сць (цукр.з-д у Эркен-Шахары, мяса- і хлебакамбінаты, кансервавы і масласыраварныя з-ды ў Чэркеску, Карачаеўску). Гарнарудная прам-сць прадстаўлена Урупскім медным горна-абагачальным камбінатам. Здабываюць каменны вугаль (50 тыс.т, 1995). Вытв-сць электраэнергіі 30 млн.кВт∙гадз (1995).
Асн. цэнтры машынабудавання і металаапрацоўкі ў Чэркеску (з-ды халадзільнага абсталявання і нізкавольтнай апаратуры) і Карачаеўску (інстр.з-д). Ёсць абутковая, швейная і мэблевая вытв-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку і авечкагадоўля (танкарунная і паўтанкарунная). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, птушак. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 165,8, свіней — 14,1. Конегадоўля. Пчалярства. Вытв-сць (1995) мяса 23 тыс.т, малака 146 тыс.т, воўны 1480 т. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 663 тыс.га, у т. л. пад ворывам каля 25%, пад пашай каля 50%. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), кармавыя (кукуруза на сілас, травы), агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Пладаводства. Збор (тыс.т, 1995): збожжа 160, сланечніку 11, цукр. буракоў 194, бульбы 154. Развіта арашэнне (Вял. Стаўрапольскі канал). Чыгунка Нявіннамыск — Усць-Джэгута. Па тэр. К.-Ч. праходзяць аўтадарогі: Ваенна-Сухумская (Чэркеск — Сухумі), Чэркеск — Стаўрапаль, Чэркеск — Пяцігорск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 2730 км. Курорты: Тэберда, кліматычныя курортныя мясцовасці Архыз, Дамбай; горны турызм, альпінізм.
Літ.:
Алексеева Е.П. Древняя и средневековая история Карачаево-Черкесии. М., 1971.