КАБАЧКІ́ (Cucurbita pepo var. giraumontia),

аднагадовая травяністая расліна роду гарбуз сям. гарбузовых; разнавіднасць гарбуза звычайнага. Агароднінная, кармавая, алейная (алей з насення) культура на ўсіх кантынентах. Радзіма К. — Мексіка.

Аднадомная расліна куставой формы. Сцябло даўж. 60—90 см. Лісце буйное, 5-лопасцевае. Кветкі аднаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — падоўжаная, цыліндрычная, белая ці зялёная гарбузіна; у маладым узросце — каштоўны дыетычны прадукт. Мае цукар (да 2,8%), сухое рэчыва (4—8%), вітаміны (35—40 мг%) і інш. Сарты: Грыбаўскія 37, Італьянскія, Даўгаплодныя, Белыя 13.

У.​П.​Пярэднеў.

Кабачкі.

т. 7, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАМІЛЯ́РЫЯ (Mammillaria),

род кветкавых раслін сям. кактусавых. Больш за 350 (паводле інш. звестак, каля 200) відаў. Пашыраны ў паўд. ч. Паўн., у Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. Трапляюцца ў засушлівых абласцях сярод кустоў на вапнавых, гліністых і гранітных глебах. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.

Шматгадовыя расліны. Сцёблы шарападобныя або кароткацыліндрычныя (некат. падушкападобныя), укрытыя сасочкамі, на верхавінках якіх пучкі валаскоў і калючак. Кветкі дробныя, у пазухах сасочкаў, у выглядзе вяночка на верхавінцы сцябла. Плод ягадападобны. Дэкар. расліны.

Кактусы з роду мамілярыя.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЫЛІ́ЦЫ (Psychodidae),

сямейства насякомых атр. двухкрылых. Каля 450 відаў. Пашыраны ўсюды (у тропіках і субтропіках — кровасысучыя М. з роду маскітаў). Дарослыя жывуць сярод травяністай расліннасці, трапляюцца ў вільготных цёмных памяшканнях, лічынкі — па берагах вадаёмаў, у вільготных імху, глебе, гнаі. На Беларусі найб. трапляецца М. звычайная (Psychoda phaiaenoides).

Дробныя камары, вонкава падобныя да моляў; даўж. да 5 мм. Цела кароткае, густаваласістае. Крылы шырокія, касматыя, з густой сеткай падоўжных жылак. Дарослыя пераважна расліннаедныя, лічынкі кормяцца дэтрытам, расліннымі і жывёльнымі рэшткамі. Развіццё з поўным ператварэннем.

т. 10, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАСПАРЫ́Я (ад мікра... + грэч. spora семя, пасеў),

мікраспароз, стрыгучы лішай, грыбковае захворванне скуры і валасоў чалавека і жывёл. Выклікаецца паразітычнымі грыбкамі роду мікраспорум. У чалавека заражэнне адбываецца ад хворых катоў, сабак, людзей. На скуры валасістай ч. галавы з’яўляюцца буйныя (вотруб’епадобныя) ачагі акруглай формы з выразнымі межамі і абламанымі валасамі, абкружаныя белымі лусачкамі. На гладкай скуры — звычайна чырв. ачагі з прыўзнятым валікам па перыферыі. Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл на М. хварэюць каты, сабакі, пушныя звяры, драпежнікі, коні, свінні, малпы, грызуны.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РНА, сарна (Rupicapra rupicapra),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Адзіны від роду; 8—9 падвідаў. Пашыраны ў гарах Еўропы і М. Азіі.

Даўж. цела да 140 см, выш. да 85 см, маса да 50 кг. Маюць кручкападобныя рогі даўж. 7—10 см. Шэрсць зімой доўгая, густая, чорна-бурая; летам кароткая, рыжая. Корміцца горнай травяністай расліннасцю, галінкамі кустоў, дрэў і лішайнікамі. Нараджае 1, зрэдку 2—3 дзіцянят. Аб’ект палявання і развядзення у некат. месцах здабыча забаронена.

Серна: 1 — самец; 2 — самка.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Вечарні́кі ’вячоркі’ (навагр., З нар. сл.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік (< ‑ikъ) (ад прыметніка вячэрн‑і (< večerьn‑ь)). Першапачатковае Nomen agentis семантычна стала абазначаць Nomen abstractum і м. р. мн. л. (у дадзеным выпадку звычайна femininum або pluralia tantum; параўн. вечарніца, вячоркі). Такая змена роду абумоўлена, відаць, тым, што словаўтваральная аснова вечар‑ м. р.; тое ж і ў іншых слав. гаворках; параўн. польск. wieczorynek ’забава ўвечары’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патрыя́рх ’кіраўнік роду’, ’стары, паважаны чалавек у калектыве’, ’вышэйшы духоўны тытул праваслаўнага служыцеля’ (ТСБМ). Са ст.-рус. патрыархъ, патриꙗрхъ ’прабацька’, ’патрыярх, свяціцель’, якое са ст.-слав. патриар(ъ)хъ < ст.-грэч. πατριάρχης ’родапачынальнік, прабацька’ (Фасмер, 3, 217). Адпаведна ст.-бел. патриархия, патрыярхыя, патрыярхыя ’патрыярхія’ (1597 г.) праз ц.-слав. патриархиꙗ з с.-грэч. πατριαρχία ’патрыяршы сан’ або з πατριαρχεχῖον рэзідэнцыя патрыярха’ (там жа; Булыка, Лекс. запазыч., 183).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радзі́мы ’родны, свой (ад нараджэння); спадчынны’ (ТСБМ, Нас.), радзімы ’прыродны, ад роду’ (ТС). Ад радзіць 1 (гл.) па ўзору любімы. Сюды ж радзі́мы знак ’прыроджаная плямка на целе чалавека’ (Шат., Сцяшк.; ашм., Стан.), радзі́мая заме́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), радзі́мка ’тс’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), радзі́мае це́ла ’непашкоджанае месца на целе’ (Ян.), радзі́мы дзень ’дзень нараджэння’ (Мат. Гом.), параўн. рус. роди́мое пятно́, укр. роди́мка, родима пляма ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траё́радны ’траюрадны’ (Мат. Гом.). Тут ‑ё‑ замест ‑ю‑ пад уплывам формы Р.–М. скл. лічэбнікаў на ‑ёх: пятёх, пяцёх, дваццацёх (гл. Карскі 2–3, 247). Усходнеславянскія ўтварэнні траю́радны, укр. трою́рідний, рус. троюродный ’тс’ з трою‑родьнъ, якое з трою‑ — форма, утвораная паводле аналогіі з дваю‑(родны), што з’яўляецца формай М. скл. парнага ліку лічэбніка два і ро́дны (гл.), дакладней з выразу: дъвою родоу ’двайнога роду’. Гл. траі́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АФЛАТАКСІ́НЫ,

група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)