МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛЬ ((Merie) Рабер Жан Жорж) (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),
французскі пісьменнік. Д-рліт.-знаўчых навук. Скончыў літ.ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАДО́ЎСКІ (Фларыян Станіслаў) (4.5.1819, Мінск — 8.7.1889),
кампазітар, піяніст, педагог. Муз. адукацыю атрымаў у бацькі, пазней вучыўся ў Вільні, Мінску (у Д.Стафановіча), Берліне, Вене. У 1829 даў у Вільні першы адкрыты канцэрт, на пач. 1830-х г. выступаў у Мінску і Слуцку. У 1855—62 жыў у сваім маёнтку Мацкі на Міншчыне. З 1862 у Францыі. Меў асабісты кантакт з Ф.Мендэльсонам, Ф.Лістам, які ўключыў «Экспромт» М. ў складзены ім зб. «Das Pianoforte». Сярод твораў: аперэта «Канкурэнты» (паст. 24.2.1861, Мінск, дырыжор М.), 2 месы, «Магніфікат», смыковы квартэт, 3 фп. трыо, 2 санаты для фп. ў 4 рукі, песні, мазуркі, паланэзы, накцюрны, багатэлі, выдадзеныя ў Парыжы, Вене, Варшаве, Мінску («Паланэз на 4 рукі для Міхася і Іяасі», урыўкі з «Канкурэнтаў», зб. «Польскія песні») і Вільні.
Літ.:
Ахвердава А. Фларыян Міладоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА (Якуб Атонавіч) (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),
бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар.Рас.геагр.т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.
Літ.:
Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.
чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.Ж.Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.Э.Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.Паганіні, І.Брамса, В.А.Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў (Аляксандр Сцяпанавіч) (16.3.1859, г. Краснатур’інск Свярдлоўскай вобл., Расія — 13.1.1906),
рускі фізік і электратэхнік, вынаходнік радыё. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882). З 1883 выкладаў у ваен.навуч. установах у Кранштаце. З 1901 праф. Пецярбургскага электратэхн. ін-та (з 1905 рэктар). Навук. працы па электра- і радыётэхніцы. Сканструяваў кагерэр — прыстасаванне для выяўлення эл.-магн. ваганняў (1894). 7.5.1895 на пасяджэнні Рас.фіз.-хім.т-ва прадэманстраваў работу першага ў свеце радыёпрыёмніка. Ажыццявіў тэлеграфаванне без правадоў, перадаўшы радыёграму на адлегласць 250 м (1896), а пазней серыю доследаў па радыётэлеграфіі на адлегласць да 150 км. Для практычнай сувязі (на адлегласці, большай за 40 км) прыборы П. былі выкарыстаны ў 1900 у час аперацыі па выратаванні браняносца «Генерал-адмірал Апраксін». Залаты медаль на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900).
Літ.:
Радовский М.И. А.С.Попов. М.; Л., 1963;
Изобретение радио: А.С.Попов: Док. и материалы. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац.муз.ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).
Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац.дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.Тама, К.Дэльвенкур, М.Дзюпрэ, Р.Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.Паэр, Ж.Ф.Лесюэр, Ф.Галеві, Р.Крэйцэр, А.Адан, П.Дзюка, А.Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯЖЭ́ ((Piaget) Жан) (9.8.1896, г. Неўшатэль, Швейцарыя — 16.9.1980),
швейцарскі псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Неўшатэля, Цюрыха, Парыжа. У 1926—54 праф. ун-таў Неўшатэля, Жэневы, Лазаны. З 1929 дырэктар ін-та Ж.Ж.Русо ў Жэневе. Заснавальнік Міжнар. цэнтра генетычнай эпістэмалогіі ў Парыжы (1955). Навук. працы ў галіне агульнай псіхалогіі, псіхалогіі мыслення і дзіцячай псіхалогіі. Стваральнік канцэпцыі інтэлекту і генетычнай эпістэмалогіі. Распрацоўваў праблемы узаемаадносін псіхалогіі і логікі, вывучаў пераўтварэнне ўнутр. структуры разумовай дзейнасці у ходзе антагенезу. Лічыў, што функцыянаванне і развіццё псіхікі адбываецца пры адаптацыі індывіда да асяроддзя (асіміляцыі), а таксама прыстасавання да канкрэтных сітуацый (акамадацыі). Аўтар прац «Псіхалогія інтэлекту» (1946), «Уводзіны ў генетычную эпістэмалогію» (т. 1—3, 1949—50) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Речь и мышление ребенка. М., 1994;
Избр. психологические труды: Психология интеллекта. Генезис числа у ребенка. Логика и психология. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЁЗНАЯ ЛІТАРАТУ́РА (ад франц. précieux вытанчаны, каштоўны),
адна з 2 асн. школ франц. барока 17 ст. (разам з ліберцінажам), роднасная італьян.марынізму і ісп.гангарызму. Узнікла ў свецкіх салонах, першы і найб. вядомы з іх атэль маркізы дэ Рамбуе ў Парыжы (1630—48). П.л. звязана з прэцыёзнасцю — культ. і грамадскім рухам франц. арыстакратыі, для якога характэрна разам з вытанчанасцю думак, мовы, паводзін, арыстакратычным густам, кодэксам гонару імкненне да жаночай эмансіпацыі, абароны маст. фантазіі перад націскам рацыяналістычнага «здаровага сэнсу». Паэты-прэцыёзнікі (В.Вуацюр, І. дэ Бенсерад і інш.) звярталіся ў асн. да малых літ. форм (санет, стансы, рандо, рандэль, трыялет). Асн. жанрам П.л. быў галантна-гераічны і пастаральны (букалічны) раман (А. д’Юрфе, М. дэ Скюдэры і інш.). П.л. значна паўплывала на развіццё еўрап. рамана 18—20 ст.
Літ.:
Потемкина Л.Я. Пути развития французского романа в XVII в. Днепропетровск, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́ЛА БАГУСЛА́ВА БІБЛІЯТЭ́КАў Слуцку.
Існавала ў 1-й пал. 17 ст. Есць меркаванні, што ў яе ўвайшла частка кнігазбору кн.Алелькавічаў. У 1668 перададзена ў Кёнігсбергскую б-ку Фрыдрыха Вільгельма. Збярогся 2-томны «Каталог кніг... завяшчаных бібліятэцы Радзівілам Багуславам у 1668 годзе» (на лац. мове, Кёнігсберг, 1673). У «Каталогу...» названы 9 рукапісных і 362 друкаваныя кнігі, выдадзеныя ў Вільні, Кіеве, Празе, Базелі, Вітэнбергу, Цюрыху, Парыжы, Рыме, Венецыі, Балонні і інш., у т. л. 15 інкунабул. Аснову кніжнага фонду б-кі склалі выданні 16—17 ст. на лац. (13 кніг), ням. і франц. мовах пераважна свецкага зместу. Амаль палавіна з іх — творы антычных аўтараў, 10 выданняў па мастацтве, кнігі па архітэктуры. Значная частка кніг па геаграфіі і прыродазнаўстве («Касмаграфія» С.Мюнстэра, Базель, 1572, 1598; у ёй прыводзілася апісанне Польшчы і ВКЛ), медыцыне, астраноміі, матэматыцы, багаслоўі (41 кніга), філасофіі (63 кнігі).