аднагадовая травяністая расліна сям. сельдэрэевых. Радзіма — М. Азія. Культывуецца ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі малапашыраная культура, вырошчваецца ў адкрытым грунце і цяпліцах.
Сцябло прамое, галінастае, выш. 25—50 см. Прыкаранёвае лісце круглавата-сэрцападобнае, з зубчастым краем, на доўгіх чаранках, сцябловае — складанаперыстарассечанае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — шэра-зялёная двухсямянка. Святло-, цяпло- і вільгацелюбівая расліна, патрабавальная да ўрадлівасці глебы. Размнажаюць насеннем. Плады маюць да 6% эфірнага і да 28% тлустага алею. Вострапрыпраўная расліна. Выкарыстоўваецца ў хлебапякарнай, кандытарскай, лікёра-гарэлачнай, парфумернай прам-сці, у медыцыне. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРМЕ́К (Limonium),
род кветкавых раслін сям. плюмбагавых. Больш за 200 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. Трапляюцца на засоленых узбярэжжах мораў і азёр, сухіх горных схілах. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны К.: Бандуэлі (L. bonduellii), выемчаты (L. sinuatum), Гмеліна (L. gmelinii), Меера (L. meyeri), шыракалісты (L. platyphyllum).
Шмат- і двухгадовыя травы, радзей паўкусты выш. 10—15 см. Сцёблы ператварыліся ў бязлістыя галінастыя кветаносы, Лісце буйное, эліпса- або яйцападобнае ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі дробныя, ружовыя, пурпуровыя, жоўтыя ў мяцёлчатых або шчыткападобных суквеццях. У каранях вял. колькасць дубільных рэчываў. Тэхн. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСОСЕПАДО́БНЫЯ (Salmoniformes),
атрад касцістых рыб. 8 падатр., 28 сямействаў. Вядомы з мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды. Прэснаводныя, прахадныя, марскія прыбярэжныя і глыбакаводныя рыбы. На Беларусі 8 відаў: рапушка еўрапейская, стронга ручаёвая, харыус звычайны (занесены ў Чырв. кнігу Беларусі), пелядзь, сіг чудскі, стронга радужная (акліматызаваныя), кумжа, корушка азёрная.
Даўж. ад 2,5 см да 1,5 м, маса да 60 кг. Некат. віды (корушкавыя) захоўваюць рэшткі хорды ў асявым шкілеце і храсток у чарапной каробцы. Плавальны пузыр, калі ёсць, злучаны са страваводам. Луска дробная, цыклоідная. У час нерасту цела некат. ласосяў набывае яркую «шлюбную» афарбоўку. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я АКУНІ́,
рыбы роду Sebastes і блізкіх родаў сям. скарпенавых. У родзе Sebastes каля 100 відаў. Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага (М.а. звычайны, або залацісты — S. marinus, клювач — S. mentella і інш.) і Ціхага ак. (напр., трохзубцовы акунь — S. schlegeli і інш.). М.а. наз. таксама каменных акунёў (Serranidae). Жывуць у прыбярэжнай зоне і на глыбінях больш за 1000 м.
Даўж. ад 20 см да 1 м і больш. Афарбоўка прыбярэжных відаў цёмная, з палосамі і плямамі, глыбакаводных — ад ружовай да ярка-чырвонай. У глыбакаводных вялізныя вочы. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай. Жывародныя. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРАШЫ́НЫЯ ЛЬВЫ (Myrmeleonidae),
сямейства насякомых атр. сеткакрылых. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках. На Беларусі трапляецца М.л. звычайны (Myrmeleon formicarium). Жыве ў сухіх пясчаных месцах. Актыўныя на змярканні і ноччу.
Даўж. цела да 8 см, размах крылаў да 17 см. У М.л. звычайнага размах крылаў да 7 см, цела даўж. да 3 см, тонкае, чорнае, амаль голае. Дарослыя знешне нагадваюць стракоз. Вусікі булавападобныя. Крылы з завостранымі канцамі. Ротавы апарат у імага грызучага тыпу. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІНАКРО́П,
шпергель (Spergula), род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. Каля 6 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных і трапічных зонах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 5 відаў С.: буйны (S. maxima), веснавы (S. vernalis), звычайны (S. vulgaris), ільняны (S. linicola), пасяўны (S. sativa). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на ўзлесках, лугах, палях, агародах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 20—30 см. Сцёблы прамастойныя ці прыўзнятыя, галінастыя, як і лісце, залозіста-апушаныя. Лісце ніткападобнае, даўж. да 5 см, у несапраўдных кальчаках. Кветкі правільныя, дробныя, белыя, у паўпарасоніках. Плод — каробачка. Кармавыя расліны, часта пустазелле збожжавых і прапашных культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРПІЁНАВЫ МУ́ХІ (Mecoptera),
атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з пермскага перыяду. Трапляюцца ў цяністых месцах, на палянах лісцевых лясоў, паблізу штучных насаджэнняў, на снезе, лёдзе. На Беларусі адзначаны панорпа, або скарпіённіца звычайная (Panorpa communis), лядоўнік звычайны (Boreus westwoodi).
Даўж. да 3 см. Галава прадаўгаватая, падобная да дзюбы. Ротавы апарат грызучага тыпу. Вусікі ніткападобныя. Крылы празрыстыя, сеткаватыя, у некат. зачаткавыя, ёсць і бяскрылыя віды. Брушка членістае (з 10 сегментаў). Задні канец яго загнуты ўверх, у самцоў уздуты, як у скарпіёнаў (адсюль назва). Ператварэнне поўнае. Кормяцца расл і жывёльнымі рэшткамі, пылком і нектарам кветак, ёсць драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́ДЗЕЛЬСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва сярэдзіны 19 ст. ў г. Скідзель Гродзенскага р-на. Парк мяшанага пейзажна-рэгулярнага тыпу. Пл. 4,8 га. На тэрыторыі парку 2 каналы. У ніжняй ч. парку захаваліся рэшткі старых прысад з ліпы, конскага каштана звычайнага, грабавыя шпалеры; у яе кампазіцыі творы архітэктуры малых форм: капліца, уязная брама ў выглядзе 2 круглых мураваных вежачак з конусападобнымі дахамі. Верхняя ч. парку больш багатая паводле дэндралагічнага складу. Растуць экзоты: хвоя веймутава, ліпа амер., арэх шэры, акацыя белая, ясень звычайны (форма ніцая) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕПАКО́ВЫЯ, слепакі,
сляпцы (Spalacidae),
сям. млекакормячых атр. грызуноў. 1 (2) роды, 4 (8) відаў. Пашыраны на Пд Сярэдняй і Усх. Еўропы, у Пярэдняй і М. Азіі, Паўн.-Усх. Афрыцы. Жывуць у норах у лесастэпах, раўнінных і горных стэпах.
Даўж. да 35 см. маса да 570 г. Цела валькаватае. галава шырокая. шыя і хвост кароткія. Вушныя ракавіны не развіты, вочы пад скурай (адсюль назва), хрусталік рэдукаваны. Разцы тырчаць з рота (С. не рыюць, а выгрызаюць зямлю). Футра шаўкавістае, вохрыста-бурае. Кормяцца пераважна падземнымі ч. раслін. Нараджаюць да 4 дзіцянят за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАРЖО́К (Morchella),
род сумчатых грыбоў сям. смаржковых. 15 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі найчасцей трапляюцца С. канічны (M. conica) і ядомы, або звычайны (M. esculenta). Веснавыя грыбы. Растуць на глебе ў лясах, на высечках, палянах, вогнішчах і інш. з крас. па май.
Пладовае цела — шапка на ножцы выш. 6—15 см. Шапка канічная, сеткава-ячэістая, прырослая да ножкі, унутры полая. Колер ячэек ад шэра-вохрыстага да шакаладна-карычневага. Ножка цыліндрычная, таўшчынёй 2—3 см, белая ці жаўтаватая. Сумкі ў ячэйках, споры эліпсоідныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.