МО́ЗЕР (Moser) Лукас (каля 1390, г. Вейль-дэр-Штат, Германія — пасля 1434),
нямецкі жывапісец. Працаваў у Швабіі. Аўтар алтара св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне каля г. Бадэн (жывапісныя кампазіцыі «Падарожжа па моры», «Сон святых, якія прыбылі ў Марсель», «Яўленне св. Магдаліны жонцы князя», «Апошняе прычашчэнне св. Магдаліны ў саборы Экса», «Св. Марта», «Св. Лазар», «Магдаліна выцірае ногі Хрысту ў час балю ў Сімона», «Хрыстос з дзевамі разумнымі і неразумнымі», усе 1432). Вял. дакладнасцю і назіральнасцю вызначаецца перадача тыпажу персанажаў, арх. і пейзажнага фону, светлавых эфектаў, што сведчыць пра блізкасць мастака да жывапісных прыёмаў ранняга нідэрл. Адраджэння.
Я.Ф.Шунейка.
Л.Мозер. Алтар св. Марыі Магдаліны ў царкве ў Тыфенброне. 1432.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́РКВІЧКА Іван (23.4.1856, с. Відзім, Чэхія — 16.5.1938),
балгарскі жывапісец і графік; прадстаўнік дэмакр. рэалізму. Па нацыянальнасці чэх. Чл.Балг.АН (1918). Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Мюнхенскай (1876—77) АМ. У 1881—1921 жыў у Балгарыі. У 1882—89 выкладаў малюнак у гімназіі ў Плоўдзіве. Адзін з заснавальнікаў, выкладчык і дырэктар (1896—1921) Дзярж. рысавальнага вучылішча ў Сафіі. У жывапісе пераважалі тэмы нар. свят і абрадаў, сцэны сялянскай працы, у якіх ён перадаў своеасаблівасць балг.нац. звычаяў і касцюмаў: «Кірмаш у Плоўдзіве» (1883, 1888), «Помнікі» (1894, 1895), «Ручэніца» (1894) і інш. Аўтар партрэтаў археолага С.Заімава (1904), праф. Шоўрака (1922) і інш. Як графік працаваў пераважна ў галіне ілюстрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШКО́Ў Васіль Мікітавіч (6.1.1868, г. Ялец, Расія — 26.11.1946),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак Расіі (1943). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1882—89), Пецярбургскай АМ (1889—90). Чл. Маскоўскага т-ва мастакоў (з 1893), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Маскве ва ўласнай школе жывапісу і малявання (1892—1917), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1922—23), у Ленінградскай АМ (1937—40). Пісаў жанравыя карціны ў духу позніх перасоўнікаў, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Лячэнне зубоў» (1891), «Сляпы мастак» (1898), «Трувіль» (1903), партрэты старой (1897), С.М.Будзённага, В.Р.Мянжынскага (абодва 1927), М.І.Калініна (1937), аўтапартрэт (1943) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАНКА Мікалай Пятровіч (н. 9.5.1927, г.п. Сямёнаўка Палтаўскай вобл., Украіна),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). У 1963—76 выкладаў у Мінскім пед. ін-це, у 1978—88 у БПІ. Працуе ў розных жанрах жывапісу ў рэаліст. манеры. Сярод твораў: «На вызваленай зямлі» (1967); гіст. карціны «Партызаны» (1968), «Вайной апаленыя» (1975), «3 ліпеня» (1981), «Памяць» (1982), «Вясна 45 года» (1985), «Рабіна чырвоная» (1987); пейзажы «Зямля» (1969), «Цішыня» (1976), «Магілёўшчына» (1977), «Лагойшчына» (1979), «Бярэзіна», «Родная зямля» (абодва 1980), «Мірны вечар» (1984), «На дачы», «Бэз», «Сядзіба Верашчакі», «Мінск. Дом Ванюшкі» (усе 1990-я г.); партрэты «Аўтапартрэт» (1966), «М.Багдановіч» (1976), «Наташа» (1989), «Жаночы партрэт» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́АЛА УЧЭ́ЛА [Paolo Uccello; сапр.Паала ды Дона (Paolo di Dono); 1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1475],
італьянскі жывапісец, прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў Л.Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд працаваў у традыцыях готыкі, пазней зазнаў уплывы Данатэла, Ф.Брунелескі і Мазачыо. Першы італьян. баталіст. Сярод твораў: фрэскі ў саборы (конны партрэт кандацьера Дж.Акута, 1436) і ў К’ёстра Вердэ ў царкве Санта-Марыя Навела (сярэдзіна 1430-х г. каля 1450) у Фларэнцыі, 3 карціны з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.), «Бітва св. Георгія з драконам», прыдзела са сцэнамі прычашчэння, «Паляванне» (абедзве канец 1460-х г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ХЕР (Pacher) Міхаэль (каля 1435, г. Бруніка, Італія — 1498),
аўстрыйскі жывапісец і скульптар; прадстаўнік пераходнага перыяду ад готыкі да Адраджэння. Зазнаў уплыў А.Мантэньі. Аўтар алтарных кампазіцый, якім уласцівы смелая перспектыўная пабудова прасторы і ракурсаў, скульпт. дакладнасць форм, жыццёвая выразнасць персанажаў, гучнасць каларыту: разны алтар царквы ў Бальцана (Італія, з 1471), скульпт. і жывапісны алтар царквы ў Санкт-Вольфгангу (1471—81), жывапісны алтар «Чатырох айцоў царквы» (1475—79) і інш., Скульпт. работы больш звязаны з традыцыямі готыкі, вызначаюцца драматызмам і вострай характарнасцю вобразаў, напружаным лінейным рытмам, узорыстасцю кампазіцыі («Каранаванне Марыі» ў алтары царквы ў Санкт-Вольфгангу і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ЙСЛЕР (Preisler) Ян (18.2.1872, Попавіцы каля г. Бераўн, Чэхія — 27.4.1918),
чэшскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1887—95); выкладаў у ёй (1908—12) і Пражскай АМ (з 1913). Працаваў у рэчышчы сімвалізму. Сярод твораў: размалёўкі ў касцёле ў Пршэшціцы (1898), чэха-славацкім павільёне на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1899—1900), атэлі «Гранд» у Градзец-Кралаве (1903—04), мазаікі ў будынках б. Земскага банка ў Празе (1909—10) і Абласнога музея ў Градзец-Кралаве (1911); станковыя кампазіцыі «Вясна» (1900), «Карціна з вялікага цыкла» (1901—02), «Казка» (1902), «Чорнае возера» (1904), «Закаханыя» (1905), «Дзяўчаты ў лесе» («Вясна», 1906), «Адам і Ева», «Зялёны пейзаж» (абедзве 1908) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕМП, Свемпс (Svemps) Лео (19.7.1897, хутар Барану, цяпер Гулбенскі р-н, Латвія — 7.3.1975), латышскі жывапісец. Нар.маст.СССР (1963). Вучыўся ў студыі А.Бальшакова (1917) і ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1918) у Маскве. З 1918 у Латвіі. Чл. «Групы рыжскіх мастакоў» (1928—38). Выкладаў у АМ у Рызе (1940—41, 1944—52, з 1954, з 1947 праф., з 1961 рэктар). Аўтар маляўнічых, мажорных, паводле ўнутр. ладу, кантрастных па колеры пейзажаў і нацюрмортаў: «Вуліца, асветленая сонцам» (1922), «Старая Рыга» (1927), «Нацюрморт. Кветкі» (1955), «Весціена» (1956), «Нацюрморт з грушамі і кветкамі» (1966), «Нацюрморт з газетай» (1967) і інш.Дзярж. прэмія Латвіі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕНТАХО́ЎСКІ Пётр Уладзіміравіч (н. 19.3.1939, в. Зубачы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел.жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). З 1966 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве, у 1971—77 і з 1986 — у Бел.АМ. Працуе ў жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, эпічнае гучанне, унутраны драматызм: «Трывога» (1966), «Вартавы» і «Пагранічнікі» (1970), «Вартавыя спакою» (1973), «Навальніца» (1980), «Вяселле ў Міры» (1984), «Подых стагоддзяў», «Развітанне з маці», «Ліпеньскі ранак» (усе 1990), «Танкавы бой» (1994), «Стары гасцінец» (1999), «Грамадскае прызнанне» (2000). Аўтар партрэтаў Ц.Гартнага (1983), Л.Шчамялёва (1986), Л.Геніюш і Ефрасінні Полацкай (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЮ́АРТ (Stuart) Гілберт (3.12.1755, г. Нарагансет, ЗША — 9.7.1828),
амерыканскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў амер. партрэтнай школы. Вучыўся ў К.Александэра (з 1769). У 1773—92 жыў і вучыўся ў Вялікабрытаніі і Ірландыі, з 1793 у ЗША, пераважна ў Бостане. Засвоіўшы віртуозную манеру Т.Гейнсбара і Дж.Рэйнальдса, ствараў работы, у якіх свежасць каларыту і мігатлівая вібрацыя мазка спалучаліся з рамантычнай прыўзнятасцю, дакладнасцю і яскравасцю характарыстык: партрэты У.Гранта («Канькабежац», 1782), місіс Перэс Мортан (1802). Строгай рэаліст. верагоднасцю вылучаюцца напісаныя з натуры партрэты Дж.Вашынгтона (1795). Пазнейшым варыянтам гэтага вобраза («Дж.Вашынгтон на Дорчэстэрскіх вышынях», 1806), а таксама заказным партрэтам ваен. дзеячаў (Дж.Манро, 1817) уласцівы высакароднасць і ўзнёслая рамантызацыя.