СЦЮ́АРТ (Stuart) Гілберт (3.12.1755, г. Нарагансет, ЗША — 9.7.1828),

амерыканскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў амер. партрэтнай школы. Вучыўся ў К.​Александэра (з 1769). У 1773—92 жыў і вучыўся ў Вялікабрытаніі і Ірландыі, з 1793 у ЗША, пераважна ў Бостане. Засвоіўшы віртуозную манеру Т.Гейнсбара і Дж.Рэйнальдса, ствараў работы, у якіх свежасць каларыту і мігатлівая вібрацыя мазка спалучаліся з рамантычнай прыўзнятасцю, дакладнасцю і яскравасцю характарыстык: партрэты У.​Гранта («Канькабежац», 1782), місіс Перэс Мортан (1802). Строгай рэаліст. верагоднасцю вылучаюцца напісаныя з натуры партрэты Дж.​Вашынгтона (1795). Пазнейшым варыянтам гэтага вобраза («Дж.​Вашынгтон на Дорчэстэрскіх вышынях», 1806), а таксама заказным партрэтам ваен. дзеячаў (Дж.​Манро, 1817) уласцівы высакароднасць і ўзнёслая рамантызацыя.

С.​У.​Пешын.

Г.Сцюарт. Партрэт Дж.​Вашынгтона. 1795.

т. 15, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)