урбані́зм

(фр. urbanisme, ад лац. urbanus = гарадскі)

1) кірунак у літаратуры і мастацтве, аб’ектам якога з’яўляецца паказ гарадскога жыцця;

2) кірунак у архітэктуры, паводле якога гарады павінны развівацца без тэрытарыяльных абмежаванняў і шчыльна забудоўвацца вялікімі будынкамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БУ́ЛАХАЎ (Міхаіл Гапеевіч) (н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш. слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.​Ф.​Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).

М.Г.Булахаў.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛДАХІ́Н (італьян. baldacchino літар. шаўковая тканіна з Багдада),

багаты цырыманіяльны навес над тронам, парадным ложкам і інш. Запазычаны з усх. мастацтва 11 ст. У культавай архітэктуры — пераносны ці стацыянарны навес над алтаром, амбонам, спавядальняй, надмагіллем. Спачатку рабілі з тканіны, потым з дрэва, металу, каменю ў форме купала, вежачкі, эдыкулы, драпіровак на стоечных апорах ці кансольнай падвесцы. У завяршэнні меў скульптуру, султан (плюмаж), аздабляўся пазументам, махрамі, кутасамі і інш. У мастацтве готыкі, рэнесансу, барока, класіцызму меў характэрную стылявую трактоўку (палац у Вілянаве, Польшча). На Беларусі высокімі маст. якасцямі вызначаліся балдахіны над амбонамі касцёлаў у в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на, францысканскага ў Пінску, над алтаром капліцы (не збярогся) Каралеўскага палаца ў Гродне і інш.

Балдахін над алтаром капліцы Каралеўскага палаца ў Гродне. 2-я пал. 18 ст.
Балдахін у каралеўскай спальні палаца ў Вілянаве (Польшча). Канец 17 ст.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВЫ КАБІНЕ́Т у Празе.

Існаваў з ліст. 1927 да 1930 у г. Прага (Чэхаславакія). Размяшчаўся ў будынку Украінскага ін-та грамадазнаўства. Кіраўнік-сакратар Т.​Грыб. Меў на мэце: збіранне і сістэматызацыю матэрыялаў па гісторыі, л-ры, мастацтве, геаграфіі, эканоміцы Беларусі, бел. вызв.-адраджэнскім руху; вывучэнне Беларусі як геагр., культ., гіст., сац.-эканам. і лінгвістычнай адзінкі ў сістэме ўзаемаадносін народаў Усх. Еўропы; даследаванне тэндэнцый і перспектыў развіцця бел. народа і яго самаст. існавання ў дзярж. і нац.-культ. сэнсе; азнаямленне навук. колаў інш. народаў з бел. праблематыкай. Пры кабінеце існаваў музей-архіў. У сак. 1928 выдаў адозву да ўсіх бел. устаноў на эміграцыі з запрашэннем да супрацоўніцтва. Пасля спынення дзейнасці навук. і архіўныя матэрыялы кабінета перададзены ў фонд бел. аддзела Славянскай б-кі і Бел. загранічнага архіва ў Празе.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 2, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.​Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.​Агуновіч, Я.​Ждан, А.​Зайцаў, М.​Кірылаў, А.​Кроль, І.​Харламаў і інш.

Літ.:

Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;

Бродский Б. Художник и город. М., 1965.

Э.​К.​Агуновіч.

Да арт. Афармленчае мастацтва. Я.​Ждан. Эскіз заслоны да гала-канцэрта, прысвечанага 100-годдзю Полацкай епархіі.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ЦЫЯ (ад лац. gratia вытанчанасць, краса),

1) разнавіднасць прыгожага, эстэт. характарыстыка руху, дзеянняў. У эстэтыцы Адраджэння грацыя — тое, што натхняе фармальны пачатак прыгожага, робячы яго прывабным, мілым. Англ. філосафы і эстэтыкі 18 ст. падкрэслівалі ў грацыі натуральнасць, вольнасць рухаў і ўчынкаў чалавека; А.​Шэфтсберы і Ф.​Хатчэсана адрознівалі знешнюю грацыю і духоўную («маральную»). У ням. асв. эстэтыцы грацыя проціпастаўлялася ўзвышанаму, праяўлялася ў дзеяннях і рухах, засяроджаных у позах (І.Вінкельман). Паводле Ф.Шылера, грацыя ёсць «заўсёды толькі хараство апанаванага свабодай аблічча». Яна — выяўленне ў з’яве прыгожай душы, у якой гарманічна спалучаюцца пачуццёвасць і розум, доўг і схільнасць. У пазітывісцкай эстэтыцы грацыя руху тлумачыцца эканомнасцю затрат мышачнай энергіі (Г.Спенсер). У мастацтве паняцце «грацыя» можа ўжывацца для характарыстыкі руху гукаў у музыцы, думак і вобразаў у паэзіі, ліній у графіцы, чалавечага цела ў харэаграфіі.

2) Від гарсэта для жанчын.

т. 5, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́БКІНА (Ганна Сямёнаўна) (28.1.1864, г. Зарайск, Расія — 7.9.1927),

расійскі скульптар. Вучылася ў Маскве ў С.​Валнухіна (1889—90) і ў вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1891—94), Пецярбургскай АМ (1894), Парыжскай акадэміі Каларосі (1895—96). Зазнала ўплыў А.Радэна. Выкладала на Прачысценскіх рабочых курсах (1913—16) і ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (1918—22) у Маскве. Стварыла першы ў рус. мастацтве скульпт. партрэт Карла Маркса (1905). Імпрэсіяністычная цякучасць формы, багацце святлоценявых кантрастаў, характэрныя для ранніх твораў, суіснуюць з пошукамі канструктыўнасці і пластычнай выразнасці. Аўтар кампазіцый «Жалезны» (1897), «Чалавек ідзе» (1903), «Рабочы» (1909), партрэтаў А.​Белага (1907), Л.​Талстога (1927), а таксама твораў, звернутых да сімволікі ў духу стылю мадэрн [гарэльеф «Плывец» («Хваля») на фасадзе МХАТа, 1901, «Бярозка», 1927].

Літ.:

Лукьянов С. Жизнь А.С. Голубкиной. [2 изд.]. М., 1975;

Каменский А.А. Рыцарский подвиг. Кн. о скульпторе Анне Голубкиной. М., 1978.

Г.Галубкіна. Л.​М.​Талстой. 1927.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕФЕ́СТ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі бог агню і кавальскага рамяства. Сын Зеўса і Геры. Яго ўяўлялі шыракаплечым, кульгавым і выродлівым, у адзенні рамесніка, з молатам ці клешчамі. Паводле адных міфаў, Зеўс скінуў Гефеста з Алімпа за тое, што ён заступіўся за Геру у час яе спрэчкі з Зеўсам, паводле другіх — Гера пасля родаў скінула з Алімпа выродлівага Гефеста. Яго выратавалі жыхары в-ва Лемнас, дзе засн. г. Гефестый, на в-ве Самас былі гарады Гефестопаль і Гефестыён. Гефест па загадзе Зеўса стварыў першую жанчыну, багіню Зямлі Пандору, прыкаваў да скалы Праметэя. Міф пра Гефеста — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (рэльефы, вазапіс, карціны П.​П.​Рубенса, Ф.​Парміджаніна, Д.​Веласкеса, Я.​Пальмы Малодшага, А. ван Дэйка і інш.). У рым. міфалогіі Гефесту адпавядае Вулкан.

Л.​М.​Драбовіч.

Гефест і Фетыда з даспехамі Ахіла. Фрагмент размалёўкі кіліка. Каля 490 да н.э.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛАРЖ ((Kolář) Іржы) (н. 24.9.1914, Процівін каля г. Кладна, Чэхія),

чэшскі паэт, перакладчык, эсэіст, мастак. Член літ. «Суполкі 42», альтэрнатыўнай сац. рэалізму. У 1949—56 і пасля 1970 пазбаўлены магчымасці друкавацца на радзіме. З 1980 жыве ў Францыі. У л-ры і выяўленчым мастацтве пачаў з класічных форм, у 1930-я г. захапляўся сюррэалізмам, тэхнікай калажу, імкнуўся спалучыць л-ру і пластычнае мастацтва. Аўтар зб-каў вершаў «Хросны ліст» (1941), «Сем кантат» (1945), «Оды і варыяцыі» (1946), «Вршовіцкі Эзоп» (1966), «Новы Эпіктэт» (1968), для якіх характэрна дэпаэтызацыя, выкарыстанне розных лексічных пластоў, «высокага» і «нізкага» стыляў. За рукапіс кн. «Печань Праметэя» (нап. 1950, выд. 1979) зняволены ў турму. Стваральнік адмысловай сістэмы тэхнікі калажу, ілюстраваў раманы Ф.​Кафкі. Пераклаў на чэш. мову асобныя творы У.​Уітмена, Т.​Эліята, С.​Бекета, К.​Сэндберга, Т.​Уільямса, Э.​Олбі і інш.

І.​В.​Шаблоўская.

т. 8, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЛЕ́Т (франц. couplet),

частка песні, якая адпавядае адной страфе паэт. тэксту. З інш. строфамі тэксту муз. пабудова паўтараецца дакладна або з рознымі зменамі і ўтварае т.зв. куплетную форму — структурную аснову большасці нар. песень і прафес. твораў песеннага жанру. Пры наяўнасці паэт. рэфрэна К. падзяляецца на запеў і прыпеў (2-часткавая муз. форма). Уласцівае песеннаму фальклору бел. і інш. народаў вар’іраванне К. вядзе да ўтварэння куплетна-варыяцыйнай формы. У множным ліку куплеты — песенны жанр, адметны лёгкім, жартаўлівым, часам сатыр. зместам і даступнасцю, запамінальнасцю мелодыкі. Найб. пашыраны ў эстр. мастацтве, аперэце, часам і ў оперы, напр., куплеты Трыке з «Яўгена Анегіна» П.​Чайкоўскага, Мефістофеля з «Фауста» Ш.​Гуно. У бел. музыцы рысы К. маюць песня Дзяніса Давыдава з 3-й дзеі оперы «Надзея Дурава» А.​Багатырова, шэраг зонгаў з оперы «Матухна Кураж» С.​Картэса.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)