СКО́БЛЯ,

прылада для здзірання кары з бярвення і грубага іх стругання. Вядома з эпохі палеаліту. У каменным і бронзавым вяках — крамянёвая пласцінка з выгнутым дугападобным рабочым краем. У жал. веку выраблялася з жалеза. Двухручныя жал. С. класічнай формы (пласціна-дуга з вострым краем і тронкамі для драўляных ручак на канцах) шырока выкарыстоўваліся ў 10—13 ст. Іх канструкцыя заставалася практычна нязменнай на працягу ўсяго сярэдневякоўя і дажыла да нашых дзён. На Беларусі стараж. С. вядомы па археал. і этнагр. матэрыялах, знойдзеных у Верхнядзвінску, Віцебску, Гродне, Чачэрску і інш.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБІ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія паскараюць апаражненне кішэчніка. Адрозніваюць С.с., якія ўздзейнічаюць пераважна на тонкі кішэчнік (рыцына), тоўсты кішэчнік (прэпараты кораня рэвеню, кары крушыны, лісця сены, міндальны і вазелінавы алей, сінт. рэчывы — фенолфталеін, ізафенін), на ўсёй працягласці кішэчніка (натрыю і магнію сульфат, карлаварская соль).

Некат. С.с. расл. і сінт. паходжання выклікаюць хім. раздражненне рэцэптараў слізістай кішэчніка, салявыя — мех. раздражненне ў выніку павелічэння аб’ёму і разбаўлення змесціва кішэчніка. Падзяляюць на паслабляльныя (вазелінавы алей), уласна слабільныя (фенолфталеін) і праносныя (салявыя). Ужываюць пры запорах, вострых атручэннях, для ачышчэння кішэчніка і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лу́бка, смарг. лу́бачка ’кош, карзіна’, ’сявенька (з кары)’, ’плецены саламяны кораб для мукі’, ’дзежка для трымання мукі пад рукой’, ’бочачка’, ’салянка з ліповай кары’, ’кошык, сплецены з саломы і лазы’ (Нас., Яруш., Мікуц., Касп., Мат. Гом., Шат., П. С., Гарэц., Юрч., Янк. БП., Ян., Мат. Маг., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС; мядз., Нар. словатв., Жыв. сл.; барыс., Шн. 2; докш., маладз., Янк. Мат., Мат. АС; рагач., З нар. сл.), ’вулей у лесе’ (добр., рэч., Мат. Гом.), ’калыска’ (Сл. Брэс.; карэліц., Сл. ПЗБ); лу́бка і лу́пка ’раёўня’ (Сл. ПЗБ, слаўг., Нар. сл.), бялын. лупок ’лубок, што ставіцца на дрэве для лоўлі раёў’ (Мат. Маг.), лу́бка‑мядоўка ’ліповая бочачка для мёду’ (рагач., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), лубок ’тс’ (карм., добруш., Мат. Гом.). Ст.-бел. лубка (Скурат, БЛ, 8, 13–14). Да луб 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кары́ць ​1, кару, корыш, корыць; незак., каго.

Разм. Папракаць каго‑н., сварыцца на каго‑н. Кажа ціха гаспадыня: — Што карыць яго дарма? Ад дабра свой дом не кіне, Добра ведаю сама. Колас. І [Борка] двойку атрымаў таксама. А ўвечары ізноў карыла мама. Корбан.

кары́ць ​2, кару, корыш, корыць; незак., што.

Абчышчаць дрэва ад кары; акорваць. Карыць бярвенне. Карыць пні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напластава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. напластаваць.

2. Асадкавыя ўтварэнні ў горных пародах у выглядзе пластоў. Напластаванні зямной кары. Напластаванні пяскоў.

3. перан. Якая‑н. асаблівасць у культуры, свядомасці, характары больш позняга альбо чужога паходжання; наслаенне. Класавыя напластаванні. Напластаванні вякоў. □ Складана пераплятаюцца .. [у краінах Махрыба] напластаванні культур Фінікіі, антычнай Еўропы і мусульманскага Усходу з дасягненнямі сучаснай цывілізацыі. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздражне́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. раздражняць — раздражніць (у 1 знач.). // Рэакцыя арганізма або асобнага органа на ўздзеянне раздражняльніка. Раздражненне ў кары галаўнога мозгу. Раздражненне скуры.

2. Стан злоснага ўзбуджэння; пачуццё незадаволенасці, злосці. Старшы сержант з раздражненнем падумаў, што праз аднаго такога можа на вучэннях праваліцца ўвесь узвод. Мележ. Шматлікія пасяджэнні выклікалі ў .. [Алеся] звычайна раздражненне. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́цік, ‑а, м.

Разм. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак, кавалачкаў кары, дробных ракавінак. Сказаў .. [дзед] пра гэта раніцай, і я ўвесь дзень не ведаў спакою: накапаў чарвякоў, у ручаі назбіраў шыцікаў, разоў дзесяць, можа, перамотваў лёску. Хомчанка. Іх мы называлі хто як: хто сыцікі, хто шыцікі, а хто проста вадзяныя чарвячкі. Дайліда.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Палоссе ’ліпавая кара’ (Мат. Гом.), палосься ’лыка’ (Касп.), палоссе, палоссе, палосье ’лыка; тонкія дубцы, з якіх плятуць кошыкі’ (Сл. ПЗБ), полосы ’пакроеныя палоскі з ліпавай, лазовай і інш. кары’ (ТС), полоссе ’тс’ (Сл. Брэс.), полосе ’лыка’ (Нар. сл.), полыссе ’тс’ (З нар. сл., драгіч.), полосяный *з лыка’ (З нар. сл., драгіч.). Зборны назоўнік ад паласа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯМНА́Я КАРА́,

верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСТ (ням. Karst ад назвы плато Карст, або Крас, у Славеніі),

карставыя з’явы, з’явы і працэсы, якія ўзнікаюць пад уплывам прыродных паверхневых і падземных вод у растваральных горных пародах (гл. таксама Карставыя воды). Развіваецца ў карбанатных (вапняк, даламіт, мел, мергель, мармур) і галагенных (гіпс, ангідрыт, каменная соль) пародах, чаму спрыяюць высокая трэшчынаватасць і порыстасць парод, інтэнсіўная цыркуляцыя вод, прысутнасць у іх свабоднай вуглекіслаты і раствораных солей. Характарызуецца комплексам падземных (пячоры, поласці, хады, каверны, галерэі) і паверхневых (варонкі, кары, польі, паноры, жалабы, катлавіны і інш.) форм рэльефу, мінер. нацёчнымі ўтварэннямі (сталактыты, сталагміты), своеасаблівым рэжымам і цыркуляцыяй падземных вод, рачной сеткі, якая знікае ў падземных поласцях, і азёр. У залежнасці ад ступені пакрыцця растваральных парод глебай або скальнымі пародамі вылучаюць К. задзернаваны, накрыты, браніраваны і пахаваны. На карставыя з’явы знешне падобны псеўдакарст, тэрмакарст і суфозія. Развіты ў Зах. Еўропе, Расіі, Кітаі, ЗША, Цэнтр. Амерыцы. На тэр. Беларусі К. прымеркаваны да карбанатных парод дэвонскага і мелавога ўзросту, асабліва ў далінах рэк Дняпро і Зах. Дзвіна. Ускладняе будаўніцтва, месцамі здабычу карысных выкапняў. Карставыя пячоры вывучае спелеалогія; яны выкарыстоўваюцца для лячэння некаторых хвароб і як аб’екты турызму.

Да арт. Карст. Карставыя ўтварэнні ў горным масіве (схема): 1 — кары; 2 — прыродныя шахты; 3 — сталактыты; 4 — пячорная галерэя; 5 — гарызантальная пячора; 6 — сталагнат; 7 — сталагміты; 8 — падземныя рэкі і ручаі; 9 — вертыкальныя пячоры; 10 — падземны вадаспад.

т. 8, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)