ззя́нне, ‑я, н.
1. Роўнае, звычайна яркае святло, якое выпраменьваецца або адлюстроўваецца чым‑н.; бляск, свячэнне. Сонечнае ззянне. Ззянне месяца. □ Абліта ззяннем зорак росная паляна. Бядуля. Здавалася, ад залатога ззяння лістоў кладзецца святло на парканы, зямлю, будынкі. Даніленка. // Арэол, светлы круг вакол чаго‑н. Ад плавільнай печы плыў самавіты, увянчаны ззяннем, разлівачны коўш. Карпаў. // перан.; чаго. Веліч, слава, сіла. У ззянні перамогі нашай Ён [Каліны] уваходзіць з намі ў ранне камунізма. Зарыцкі.
2. перан. Радасна-ўзбуджаны, шчаслівы выраз (вачэй, твару). Веры н[я]цяжка заўважыць на Ігнатавым твары ўрачыстае ззянне. Мікуліч.
•••
Паўночнае (палярнае) ззянне — свячэнне верхніх слаёў атмасферы, якое назіраецца за палярным кругам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
махну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
1. Аднакр. да махаць (у 1 знач.). Хацяноўскі махнуў пугай, і коні весела пабеглі па прыгожай лясной дарозе. Чарнышэвіч.
2. Разм. Адправіцца, паехаць куды‑н. Васіль, пераапрануўшыся ў легіянерскую форму, з пакетам махнуў у тыл. Нікановіч.
3. Разм. Кінуцца. Не чакаючы новага нападу і адчуўшы, што справа абарочваецца ў нядобры бок, стралою махнуў дзед Талаш у густы хмызняк і знік з вачэй у момант вока. Колас.
4. (з прыназ. «у» у В). Разм. Стаць, зрабіцца кім‑н. Махнуць з токараў у свідравальшчыкі.
•••
Махнуць рукой на каго-што — перастаць звяртаць увагу на каго‑, што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысу́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Рашэнне суда; прыгавор. Бадай у пустым ужо зале суд вынес прысуд. Лынькоў. Словы прысуду былі нейкія быццам цяжкія, але яны не прыгняталі. Савіцкі. // перан. Меркаванне, думка аб чым‑н., ацэнка чаго‑н. Пятро не зводзіў вачэй з Галіны, стараючыся прачытаць на жончыным твары прысуд свайму рашэнню. Шахавец.
2. Рашэнне, пастанова якой‑н. арганізацыі, сходу. [Дзетдомаўцам] таксама непрыемна, што вось ён, Арсень Зайцаў, член дзіцячага савета, добры вучань і выхаванец, стаіць і чакае прысуду. Нядзведскі. І што асабліва ўрэзалася ў памяць Пракопу, дык гэта Лапко і яго праўдзівае прызнанне, і той прысуд, які вынесен быў яму сходам калгаснікаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
роў 1, рова; мн. равы, ‑оў; м.
Доўгае паглыбленне, выкапанае ў зямлі; канава. Над нёманскай далінай узвышалася поле з глыбокімі равамі, пракладзенымі снегавою і навальнічнаю вадою, з высокімі пагоркамі, заросшымі хмызам. Колас. Дзе мост над ровам — Летам на світанку Не замаўкаюць песні салаўёў. Хведаровіч.
роў 2, рову, м.
1. Моцны працяглы крык некаторых жывёл. Раптам.. [Яніна] пачула наперадзе мядзведжы роў. Мурашка. // Гукі, якія напамінаюць такі крык. З ровам самалётаў шырылася радаснае хваляванне ў грудзях. Мележ. На дарозе пуста. Даўно ўжо знік лесавоз з вачэй, ні яго рову, ні пылу. Ракітны.
2. Разм. Моцны плач. І плачу было тут, і слёз, і рову. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ро́ўна,
1. Прысл. да роўны (у 1–6 знач.).
2. у знач. вык. Пра адсутнасць няроўнасцей, упадзін, узгоркаў. Роўна, як на стале. Зімой у полі роўна і бела.
3. прысл. На адной лініі (вышыні, глыбіні і пад.); на адным узроўні. Калёсы былі загружаны роўна з поручнямі ўсялякай салдацкай амуніцыяй. Ставер. З фермы на поле, нагружаныя роўна з коньмі белымі мяхамі, паехалі дзве падводы. Пташнікаў.
4. у знач. часціцы. Дакладна, якраз. Перапынак. Роўна поўдзень. Паўгадзіны адпачні. А. Александровіч. Роўна праз дзве гадзіны сем хвілін лектар згарнуў паперы і ўзяўся за акуляры, не падымаючы вачэй на аўдыторыю. Кавалёў.
•••
Усё роўна гл. усё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязвы́клы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не ўвайшоў у прывычку, не стаў прывычкай. Ліда паздароўкалася з настаўнікамі і ветліва запрасіла іх у хату. Яна была і задаволена і трох[і] саромелася яшчэ нязвыклай для яе ролі гаспадыні. Колас. // Непрывычны, незнаёмы. Ляцець належала ноччу. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Новікаў.
2. Які не звыкся з чым‑н., не набыў прывычкі рабіць што‑н. Коні палахліва стрыглі вушамі, касавурыліся назад і, нязвыклыя да гэткай дзіўнай работы — скародзіць дарогу, — бязладна торгалі пастронкамі. М. Ткачоў.
3. Не такі, як заўсёды. Клара глянула на.. [Васіля] нязвыклым позіркам шэрых вачэй і адразу ж прыкрыла іх доўгімі вейкамі. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
на́кід, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. накідаць (у 3 знач.).
2. ‑а. Малюнак, чарцёж і пад., які намячае толькі агульныя рысы таго, што павінна быць паказана. Накіды да партрэтаў. Накіды краявідаў. □ Пахомаў ліхаманкава рабіў накіды фігуры. Галоўнае — улавіць тое светлае, што так і лілося з вялікіх шэрых вачэй дзяўчыны. Даніленка. Графіка Ю. Нэпа нам не вядома; сёння ў мастацкіх музеях рэспублікі няма ніводнага яго малюнка ці нават накіда, графічнага эскіза. Шматаў. // Тое, што напісана папярэдне, у агульных рысах. Накід артыкула. □ [Лабановіч] зачыніў шафу, пайшоў у свой пакоік і сеў за стол, каб зрабіць накід плана прамовы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насцяро́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад насцеражыць, насцярожыць.
2. у знач. прым. Напружана-ўважлівы і трывожны ў чаканні чаго‑н. На першы погляд ніякіх падстаў для падазрэння не было, але капітан, як заўсёды, новенькім асаблівай веры.. не даваў: вельмі ўжо яны насцярожаныя нейкія, палахлівыя, залішне ўважлівыя. Ваданосаў. Цяпер трэба было не варушыцца, дыхаць асцярожна і ціха, каб не спудзіць злітую з цемрай насцярожаную птушку. Паслядовіч. // Які выяўляе напружанасць, засцяроджанасць. Лена адсунулася да самай сцяны і не спускала з маці насцярожанага позірку. Шамякін. Аляксей акінуў суровым позіркам прыціхшы строй. Адчуў на сабе дзесяткі насцярожаных, уважлівых вачэй. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насы́ціць, ‑сычу, ‑сыціш, ‑сыціць; зак., каго-што.
1. Накарміць уволю. Насыціў парсюкоў — карова ды цялушка з пашы бягуць. З качак вачэй не спускай, бо каршун ухапіць. Аношкін. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць (патрэбы, жаданні і пад.). Насыціць сваю цікаўнасць.
2. Прасякнуць, напоўніць што‑н. якім‑н. рэчывам у вялікай колькасці. Насыціць зямлю вадой. □ Нам паддадуцца снегавыя горы, Насыцяць рэкі цяжкім срэбрам хваль. Ліхадзіеўскі. // Спец. Дадаць да якога‑н. рэчыва гранічную колькасць якога‑н. іншага рэчыва, якое знаходзіцца ў раствораным або суспензаваным стане. Насыціць раствор солямі. // перан. Напоўніць, перапоўніць якімі‑н. ідэямі, пачуццямі і пад. Міровіч параіў Чароту насыціць п’есу камедыйнымі момантамі. Рамановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хлуслі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які гаворыць няпраўду, хлусню. У .. [Веры Андрэеўны] ўжо быў складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей. / у знач. наз. хлуслі́вы, ‑ага, м. Хлуслівага лягчэй злавіць, як кульгавага. Прымаўка. // Які выражае хлусню, няшчыры, прытворны. Маё малое сэрца абмывае Крывёй гарачай мужныя пачуцці Нянавісці пякучай і любві. Нянавісці, што думкі праясняе, Стаіць на варце чыстай маладосці І, убачыўшы пагляд вачэй хлуслівых, Трывожным звонам голас падае. Панчанка. Іна сарвала апошні пялёстак і ў злосці кінула кветку на зямлю.. — каму патрэбны яго [Артура] хлуслівыя словы. Ваданосаў.
2. Фальшывы, няправільны. Хлуслівае абвінавачанне. Хлуслівыя данясенні. □ [Шпіёны і дыверсанты] разносілі хлуслівыя чуткі, што Чырвоная Армія знішчана немцамі. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)