кача́лка 1, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Крэсла з выгнутымі палазамі, на якіх яно качаецца. — Ты помніш, Вера, Адэсу, Люсдорф? — гайдануўшыся ў качалцы, спытаўся Максім Сцяпанавіч. Карпаў. Цёплымі вечарамі, усеўшыся ў качалцы, падоўгу адпачываў [Стальноў] на балконе. Шашкоў.
кача́лка 2, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Круглая палка для раскачвання цеста або разгладжвання бялізны качаннем. Слаўлю чысты абрус, толькі што пакачаны качалкай, каляны, калі яго маці ў нядзелю раніцай засцілае на стол шырокі. Барадулін. // Прадмет падобнай формы. Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы. Колас. Усюды былі відаць тоўстыя качалкі пачаткаў. Паслядовіч.
2. толькі мн. (кача́лкі, ‑лак). Прыстасаванне для разгладжвання, качання бялізны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; скончыцца, закончыцца. Канікулы кончыліся. □ Кончылася лета, астыла сонца, пачалася халодная, дажджлівая восень. Бажко. // Споўніцца, мінуць. Яму кончылася сем гадоў. // Спыніцца, перастаць. Дождж кончыўся так раптоўна, што не верылася. Карпаў. // Поўнасцю страціцца, расходавацца. Газа ў лямпе кончылася. □ Перад касавіцай кончылася ў пограбе бульба, і стары загадаў бабам ачысціць пограб ад бруду. Брыль. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Нарэшце лес кончыўся. Колас. Павявае ветрык свежы. Але кончыўся прастор, Пачалася Белавежа, Векавечны цёмны бор. Вітка.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Вайна кончылася перамір’ем. Гульня кончылася перамогай.
3. Разм. Памерці ў пакутах. Седас ледзь не кончыўся, аслабеў, змардаваўся. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
здушы́ць, здушу, здушыш, здушыць; зак., каго-што.
1. Абхапіўшы, з сілаю сціснуць. І не паспеў Сяргей зрабіць і аднаго руху, як на яго ззаду навалілася нейчае, як дуб, крэпкае цела, і жалезныя рукі, як абцугі, здушылі плечы. Колас. // Акружыўшы, абступіўшы з усіх бакоў, заціснуць. Здушылі ў натоўпе. □ Усё цела ў [Шуры] ныла. Мусіць, ад таго, што каля варот моцна здушылі. Арабей. // перан. Пазбавіць свабоды; заняволіць. О вы, што век цэлы адзеты і сыты, .. Вы рады б і песню здушыць, апляваць. Купала.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сціснуць (горла, грудзі), перашкодзіўшы дыханню. Спазмы здушылі Вялічкава горла. Чорны. // перан. Выклікаць пачуццё прыгнечанасці, душэўнага болю (у грудзях, сэрцы). Сум зноў балюча здушыў Машына сэрца. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’е́хацца, з’едуся, з’едзешся, з’едзецца; зак.
1. Сабрацца дзе‑н., прыехаўшы з розных месц (пра многіх, многае). — Я пачала ўжо не без трывогі чакаць, калі скончацца канікулы, з’едуцца настаўнікі і я прыйду ў школу. Шамякін. З’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак.
2. Разм. Едучы, сустрэцца з кім‑н. дзе‑н. Хочацца пакінуць гэтыя цёмныя вазы, гэтых людзей, з якімі давялося.. разам з’ехацца, калі выязджалі з вёскі ў горад. Чорны. — Якраз з Алесем Садовічам на станцыі з’ехаліся і разам дадому ішлі, — як бы апраўдваўся Лабановіч за свой «парожні» выгляд. Колас.
3. Разм. Паспець ехаць разам з кім‑, чым‑н. На веласіпедзе з машынай цяжка з’ехацца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло, ‑а, н.
1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.
2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.
•••
На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.
Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.
Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
знахо́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. знайсці (у 1 знач.). Знаходка абоймы выклікала ў хлопца паток самых неверагодных, фантастычных думак. Гамолка.
2. Р мн. ‑дак. Знойдзеная рэч, прадмет і пад. Летась, купаючыся, напаткаў .. [Андрэй] выпадкам гэты дуб у пяску на дне Нёмана. Пачаў тупаць каля яго, зацікавіўся знаходкаю. Колас. // перан. Што‑н. новае, створанае, знойдзенае ў працэсе творчага пошуку. Паэтычныя знаходкі. □ У рэпартажы ёсць цікавыя моўныя знаходкі. «ЛіМ».
3. Пра каго‑, што‑н. удала знойдзенае, набытае і вельмі патрэбнае для каго‑, чаго‑н. — Тут кожны чалавек дораг, а ты, таварыш Кручын, для нас — проста знаходка. Хадкевіч. Муляр 7‑га разраду — знаходка для кожнай будоўлі. Дадзіёмаў.
•••
Стол знаходак гл. стол.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зна́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.
2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.
3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зня́цца, знімуся, знімешся, знімецца; зак.
1. Пакінуць якое‑н. месца, адпраўляючыся ў дарогу. Цэлыя часці Чырвонай Арміі зняліся з гэтага фронту, каб перакінуцца на поўдзень. Колас. Раніцаю тавар зняўся з месца. Лупсякоў.
2. Вызваліцца ад чаго‑н. і набыць магчымасць рухацца (пра судна). Зняцца з якара. Зняцца з мелі.
3. Сцягнуцца, ссунуцца (пра адзенне, абутак). Боты лёгка зняліся.
4. Аддзяліцца, злезці з якой-небудзь паверхні. Грым лёгка зняўся. Кара знялася з дрэва.
5. Саскочыць з чаго‑н. (пра што‑н. навешанае). Дзверы зняліся з завесаў.
6. Сфатаграфавацца. Дэлегаты зняліся каля турэмнай сцяны. Галавач. // Прыняць удзел у кіназдымцы, выканаўшы якую‑н. ролю. Зняцца ў кінафільме.
•••
Зняцца з уліку — перастаць быць на ўліку дзе‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
з’я́ва, ‑ы, ж.
1. Усякае праяўленне чаго‑н. у выглядзе змен, рэакцый і пад. Фізічная з’ява. Хімічныя з’явы. З’явы прыроды. □ Снежная маланка — з’ява досыць рэдкая, і ўбачыць яе ўдаецца далёка не кожнаму. Матрунёнак. // У філасофіі — знешняе выяўленне сутнасці, знешняя форма, у якой прадметы, працэсы рэчаіснасці выступаюць на паверхні.
2. Падзея, факт, выпадак. Яшчэ адна з’ява, што так глыбока запала ў душу Сяргея і так моцна ўскалыхнула яе, — гэта смерць камандзіра іх батарэі. Колас. // Пра што‑н. выдатнае, адметнае ў навуцы, культуры. Класіка на акадэмічнай беларускай сцэне — гэта ж з’ява. «ЛіМ».
3. Частка драматычнага твора — акта або дзеі, у якой склад дзеючых асоб не мяняецца. Першая з’ява другога акта.
•••
Бытавая з’ява — пра якую‑н. з’яву, якая стала штодзённай, звычайнай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
купі́ць, куплю, купіш, купіць; зак., каго-што.
1. Набыць за грошы ці іншыя каштоўнасці. Купіць касцюм. Купіць кнігу. □ За багацце розуму не купіш. Прыказка.
2. перан. Подкупам, абяцаннямі і пад. схіліць на свой бок; падкупіць. У Аўгінні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную, здрадніцкую справу. Колас. // чым. Разм. Схіліць у сваю карысць якімі‑н. дзеяннямі, якасцямі. [Ураднік] лаяўся, гразіў, абяцаў арыштаваць і згнаіць у турме, спрабаваў купіць ліслівасцю, прасіў, але Агапа стаяла на сваім. Чарнышэвіч.
•••
За што купіў, за тое і прадаю — паўтараю толькі тое, што чуў, за дакладнасць не ручаюся.
Купіць ката ў мяшку — набыць што‑н., не бачачы і не ведаючы яго якасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)