затрыма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Застацца, прабыць дзе‑н. даўжэй, чым меркавалася. Паехалі ўсе, і толькі Іван затрымаўся ў Зарэччы, затрымаўся праз хваробу. Шахавец. — Я затрымаўся ў сталоўцы, каб паслухаць, пра што размаўляюць людзі. Шамякін.
2. Спыніўшы свой рух, застацца дзе‑н. на пэўны час. Шклянка пакацілася, затрымалася на самым краі. Шахавец. [Нэля] затрымалася на хвіліну перад люстрам у гардэробнай. Лупсякоў. // Спыніцца на чым‑н. (пра погляд, позірк і пад.). Позірк Паходні затрымаўся на рабаватым твары маладога трактарыста. Хадкевіч. // перан. Спыніцца, запаволіцца (пра ход, рост, развіццё чаго‑н.). Будаўніцтва дома затрымалася. З-за непагоды ўборка затрымалася.
3. Не зрабіць чаго‑н. у тэрмін; запазніцца з чым‑н. — Прабачце, што так затрымаўся з пісьмом. Карпаў. // Спазніцца, не прыйсці ў час. — Прабач, што затрымаўся, — вінавата сказаў ён Лене, зайшоўшы за шырму. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
захлыну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
1. Задыхнуцца ад вады, якая набралася ў рот, горла, вушы і пад.; заліцца. Вада віравала, а памагчы не было як і не было чым, каб хоць перарэзаць гужы. Кабыла захлынулася, ледзьве выратаваўся і сам бацька. Скрыган. // Адчуць цяжкасць у дыханні, захапіўшы ў грудзі зашмат паветра. [Таццяна] схапілася рукамі за грудзі і прагна глынула марознае паветра, захлынулася ім. Шамякін. // Задыхнуцца, захлябнуцца ад прыліву пачуццяў, думак і пад. Стары раптам захлынуўся ад жаху, як малое дзіця, убачыўшы так блізка ад сябе варожых салдат. Паслядовіч.
2. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 3 знач.). Калі дзот будзе падаўлены, атака можа захлынуцца. Кулакоўскі.
3. перан. Тое, што і захлябнуцца (у 4 знач.). Пятро Мажэйка не чуў ужо, як захлынуўся дот, як партызаны загаспадарылі на «жалезцы». Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́валачы, ‑лачу, ‑лачаш, ‑лача; ‑лачам, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. вывалак, ‑ла; зак., што.
1. Выцягнуць волакам што‑н. адкуль‑н. Вывалачы лодку з вады на бераг. // Разм. Выцягваючы, выбавіць што‑н., што загрузла, засела. Вывалачы воз з гразі. □ Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. // Вынесці каго‑, што‑н. Яна [цётка Броня] вывалакла на ганак зэдлік, які раней валяўся ў сенцах. Шыловіч. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру, дзе стараста. Быкаў. // Выцягнуць, прымусіць выйсці. Хлопцы амаль сілком вывалаклі мяне з інтэрната на прастор ракі. Сабаленка. [Сцяпан:] — Не мог [Быкоўскі], як трэба, па-хрысціянску — з сватам.. маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Купала.
2. Разм. Украсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.
2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.
3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.
4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
све́дчанне, ‑я, н.
1. Паведамленне асобы пра тое, сведкай чаго яна была. Па сведчанню самога паэта, сюжэтам для.. паэмы [«Адплата кахання»] паслужыла праўдзівае здарэнне, якое ў даўнія часы мела месца недзе пад Тайнай, а затым зрабілася паданнем. Івашын.
2. Факты, рэчы і пад., што з’яўляюцца пацвярджэннем чаго‑н. Усе гэтыя драбніцы яго жыцця, якія непакоілі Любу, былі для яго [Хадкевіча] найлепшым сведчаннем іх блізкасці. Васілевіч. Там, за лесам, на высачэзных калонах заводскай пляцоўкі гарэлі чырвоныя сцяжкі — сведчанне перамог мантажнікаў, уладароў блакітных нябесных вышынь. Лукша. Яркім сведчаннем неадольнай жыццёвай сілы камуністычнага руху сталі першамайскія дэманстрацыі. «Маладосць».
3. Дача паказанняў на судзе. Старшыня суда.. папярэдзіў, што Пошта павінен гаварыць адну толькі праўду і што за непраўдзівае сведчанне ён будзе пакараны. Крапіва.
4. Афіцыйнае пацвярджэнне сапраўднасці чаго‑н. [Мікіта Мікітавіч:] — А так, без сведчання ўрача, пошта такую тэлеграму не прыме. Карпаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ва́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., каго.
1. Захапляючы, зачароўваючы сваім выглядам, прыцягваць да сябе. [Лабановіча] наогул захапляла і вабіла жыццё з прынаднымі малюнкамі і таемнымі чарамі. Колас. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, калі ўтаймуецца бура і шторм. Сюды мяне змалку і клікаў і вабіў бязмежны, жывы і нястрымны прастор. Грахоўскі. / у безас. ужыв. Хоць не было спякоты, але так і вабіла пад засень дрэў. Шахавец. // Выклікаць цікавасць да сябе, прыхільнасць, сімпатыю. Шырокая барада [Тодара].., яго манера гаварыць проста, зразумела і ясна, — усё гэта вабіла да яго. Нікановіч. Даша належала да ліку тых жанчын, хараство якіх не кідаецца рэзка ў вочы, а вабіць, захапляе, грэе. Васілевіч.
2. Падзываць птушак або звяроў, падрабляючы іх голас. [Піліпоўскі] жартаваў, высвістваў маршы, вабіў свістам з прыдарожных хмызнякоў птушак. Чорны. Там у таямнічыя Ночы ля дубоў Нашы паляўнічыя Вабілі ваўкоў. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
валя́цца, ‑я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у беспарадку, бязладна, як папала, не на месцы. Усюды на падлозе валяўся хатні скарб — рашоты, адзежа, кублы. Лупсякоў. [Юткевіч] ляжаў на нейкай старасвецкай канапе,.. каля канапы валяўся ягоны англійскі шынель. Мікуліч. // Ляжаць без ужытку. Каля адрынкі пад страхою У дзеда Юркі сіратою Валяўся човен так, без дзела. Колас.
2. Лежачы, пераварочвацца з боку на бок. [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужах. Крапіва.
3. Разм. Ляжаць, нічога не робячы. Цэлымі днямі Марынка валялася на ложку, чытала, глядзела тэлевізар. Шыцік. // Доўга ляжаць у пасцелі з прычыны хваробы, ранення. Валяцца ў шпіталях.
•••
Ад ветру валяцца — ледзь стаяць на нагах ад слабасці.
На дарозе (зямлі, доле, абы-дзе) не валяецца — дарма не дастаецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пу́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Пусты, без усякай расліннасці ўчастак зямлі. Не хапае зямлі. Ляжыць яна навокал то балотамі, то лясамі, то вось такой пусткай — жоўтым пяском. Чарнышэвіч. На былой пустцы пачалося будаўніцтва самай магутнай у рэспубліцы электрастанцыі. Дадзіёмаў. // Пра ўчастак зямлі, які не апрацоўваецца, не абрабляецца. З пусткі, дзе некалі гагаталі вывадкі гусей ды паролі дзірван лычамі свінні, Мітрафан зрабіў прыгожы і ўтульны куток.. Ракітны.
2. Закінуты ўчастак зямлі, спустошаная зямля. — А памятаеце, з чаго пачынаўся горад і завод? З руінаў, з пустак. Карпаў. Макрына, сумна агледзеўшы забытую пустку, з жальбай сказала: — Гэта ўсё... гэта ўсё, што асталося ад Аліфераўшчыны... Ракітны.
3. Пра пустое, бязлюднае месца, памяшканне. Хата была як пустка якая: усё паадчыняна, паразварочвана, кінута абы-як, і ні душы нідзе. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. развёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; заг. развязі; зак., каго-што.
1. Везучы, даставіць кожную асобу, кожны прадмет у розныя месцы. — Пешкі?! — аж падскочыў Бабейка. — Ніколі! Ды я на сваім Варанюку мігам развязу вас, куды каму трэба. Хадкевіч. Трэба было не толькі развезці, раскідаць па ўсім полі гной, але і ўзараць, засеяць поле. Сачанка.
2. безас. Разм. Зрабіць цяжкапраходным, непрыгодным для язды ў час дажджу, раставання снегу (пра дарогу). Дождж перастаў ісці толькі на другі дзень. Ад яго так развезла зямлю, што нават па грунтавых дарогах цяжка было хадзіць. Сіняўскі.
3. безас. Разм. Расслабіць, давесці да стану бяссілля, знямогі. У Радашковічах, у буфеце, купіў паўбутэлькі гарэлкі і выпіў мала, але мала і закусваў, надвор’е стаяла гарачае, і мяне з непрывычкі развязло. Гарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.
1. з кім і без дап. Расстацца, перастаць быць разам (пра блізкіх, сяброў). Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Не магла і падумаць старая, што трэба будзе з Лідачкай разлучыцца. Брыль. // Перастаць жыць разам (пра мужа і жонку); разысціся. [Агата:] — Няма Хведара. — [Антось:] — А дзе? — Другі год няма ўжо... Разлучылася я з ім. Чорны. // перан. Пакінуць што‑н. дарагое, блізкае, адмовіцца ад чаго‑н. звычнага. Цяжка раптоўна разлучыцца з думкай аб шчасці. Дамашэвіч. Лявон Лук’янавіч Кулакоўскі не па сваёй ахвоце разлучыўся з пасадай дырэктара школы. «Вожык».
2. Перастаць быць злучаным з чым‑н.; аддзяліцца. Канцы правадоў разлучыліся.
3. Падзяліцца, раздзяліцца. [Руневіч] памятаў, як прыходзілі хлопцы, паасобку і групамі, як абрастаў іх атрад, як разлучыўся на два, як да двух прырос трэці, чацвёрты. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)