ба́йка 1, байкі, ДМ байцы; Р мн. баек; ж.

1. Кароткі літаратурны твор алегарычнага зместу з павучальнай канцоўкай. Байка — суровы жанр, які вымагае тонкіх, а значыць і шырокіх абагульненняў. Пестрак. // Казка пераважна кароткага зместу. Папраўдзе кажучы, хлопчыку не так хацелася дапамагчы старому, як паслухаць яго байкі, якія вельмі складка ўмеў расказваць дзед Нупрэй. Шуцько.

2. часцей мн. (байкі́, баек); перан. Разм. Пустыя размовы, выдумкі. [Ларыса Фёдараўна:] — Давайце хутчэй садзіцца за стол. Андрэй з дарогі, а мы яго байкамі частуем. Мехаў. Праходзячы праз дзесятыя вусны, навіны перарабляліся ў бліскучыя байкі. Бядуля.

ба́йка 2, байкі, ДМ байцы; мн. няма; ж.

Мяккая, пераважна баваўняная тканіна з прыгладжаным ворсам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)