ХІ́МІЯ [ад позналац. chimia; слова «Х.» выводзяць або ад назвы Стараж. Егіпта «Хем» (цёмны, чорны ад колеру глебы ў даліне р. Ніл; «егіпецкая навука»), або ад стараж.-грэч. chemeia — мастацтва выплаўкі металаў],

навука аб саставе, структуры, уласцівасцях рэчываў і іх ператварэннях, якія суправаджаюцца змяненнямі саставу і структуры; адна з галін прыродазнаўства. Вывучае і апісвае ператварэнні рэчываў як у макра- (на ўзроўні макраколькасцей), так і ў мікрамаштабе (на атамна-малекулярным узроўні). Упершыню тэрмін «Х.» выкарыстаў у 5 ст. грэч. алхімік Засіма.

Падзяляецца на арганічную хімію і неарганічную хімію. На стыку гэтых навук развіваюцца Х. комплексных злучэнняў і Х. элементаарганічных злучэнняў. Тлумачэннем сутнасці хім. з’яў і ўстанаўленнем іх агульных заканамернасцей займаецца фізічная хімія, шэраг раздзелаў якой, звязаных з вывучэннем асаблівасцей працякання хім. працэсаў пад уплывам розных фактараў, вылучыліся ў асобныя навукі, напр., механахімія, радыяцыйная хімія, фотахімія і інш. Метады ідэнтыфікацыі рэчываў, што спалучаюць хім. падыходы з фіз. метадамі, вывучае аналітычная хімія. Развіццё спец. метадаў у 20 ст. садзейнічала станаўленню і развіццю нанахіміі. аб’екты даследавання якой — часцінкі памерам некалькі нанаметраў. Тэарэт. асновы сучасных вытв-сцей вывучае хімічная тэхналогія. На стыку Х. з інш. прыродазнаўчымі навукамі інтэнсіўна развіваюцца аграхімія, біяхімія, геахімія, квантавая хімія, хімічная фізіка і інш.

Станаўленне Х. пачалося ў стараж. часы. Напачатку чалавек выкарыстоўваў хім. змены біял. аб’ектаў (браджэнне, гніенне), з асваеннем агню і гарэння — хім. працэсы спякання і сплаўлення (вытв-сць ганчарных вырабаў, шкла), выплаўку металаў. Вытв-сць жалеза, медзі, серабра, свінцу існавала ў Месапатаміі за 3 тыс. г. да н.э. У эпоху антычнасці (5 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) з’явіліся ўяўленні аб рэчывах як камбінацыях 4 касм. стыхій (Эмпедокл, Арыстоцель), аб існаванні атамаў (Леўкіп, Дэмакрыт). У 1 ст. н.э. пачала развівацца алхімія, якая спалучала элементы філас. і практычных ведаў. Фарміраванне Х. як навукі адносіцца да 16—18 ст., калі хім. даследаванні ўсё больш накіроўваліся на патрэбы практыкі, развіваліся металургія і шкларобства, вытв-сць керамікі і фарбаў. Р.Бойль у працы «Хімік-скептык» (1661) развіў уяўленне аб хім. атамах. Вял. значэнне ў развіцці Х. мелі адкрыццё закону захавання масы рэчываў пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1748; А.Л.Лавуазье, 1774), высвятленне таго, што гарэнне і акісленне — працэсы злучэння рэчываў з часцінкамі паветра (Ламаносаў, 1756), адкрыццё кіслароду (Лавуазье, 1774), Крыху пазней адкрыты законы пастаянства саставу (Ж.Л.Пруст, 1799), кратных адносін (Дж.Дальтан, 1804), аб’ёмных адносін (Ж.Л.Гей-Люсак, 1805), Авагадра закон (1811). Класічная Х. (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) грунтавалася на атамна-малекулярным вучэнні. Ф.А.Кекуле распрацаваў у 1857 тэорыю валентнасці ў дастасаванні да арган. злучэнняў, выявіў чатырохвалентнасць вугляроду і магчымасць утварэння вугляродных ланцугоў. З’явілася тэорыя хім. будовы (А.М.Бутлераў, 1861), Дз.І.Мендзялееў адкрыў перыядычны закон (1869) і склаў перыядычную сістэму элементаў Мендзялеева.

Сучасная Х. вырашае агульныя фундаментальныя праблемы: сінтэз хімічны, кіраванне хім. працэсамі, хім. энергетыка; паглыбленая і комплексная хім. перапрацоўка мінер. сыравіны, нафты, газу і цвёрдых гаручых выкапняў; хім. аналітыка і дыягностыка і інш. Сучасны этап развіцця Х. звязаны з выкарыстаннем квантавых уяўленняў аб рэчыве і яго пераўтварэннях. Назіраецца тэндэнцыя пераходу да размежавання хім. навук не па функцыях, а па аб’ектах вывучэння. Дасягненні Х. пашыраны ў металургіі, вытв-сці пластмас, сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў, паўправадніковых матэрыялаў, лек. прэпаратаў, у быт. хіміі і інш.

На Беларусі Х. як навука пачала вывучацца ў 2-й пал. 18 ст. ў навук. установах Гродна і Вільні. Навук. даследаванні ў галіне Х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, інш. ВНУ, у лабараторыях прамысл. аб’яднанняў і фірм. Сувязі паміж навук. хім. цэнтрамі розных краін ажыццяўляе Міжнар. саюз тэарэт. і прыкладной Х. Асн. кірункі развіцця Х. на Беларусі: аналітычная хімія, арганічная хімія, біяарганічная хімія, калоідная хімія, лесахімія, нафтахімія, хімія высокамалекулярных злучэнняў, хімія торфу, хімія цвёрдага цела і інш. Найб. значны ўклад у развіццё і арганізацыю навук. даследаванняў па Х. зрабілі Ю.А.Альдэкоп, Ф.Г.Асіпенка (іл. Дадатак), А.А.Ахрэм, М.А.Безбародаў, А.С.Вечар, Б.В.Ерафееў, Г.Я.Каба, М.С.Казлоў, У.С.Камароў, Ф.М.Капуцкі, К.М.Караткоў, М.П.Круцько, Ф.А.Лахвіч, А.І.Лесніковіч, І.І.Ліштван, М.А.Майер, М.І.Міцкевіч, М.М.Паўлючэнка, Я.А.Продан, М.А.Прыляжаеў, Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў, В.В.Свірыдаў, Р.Л.Старобінец, В.Ф.Цікавы, І.Р.Цішчанка, М.Ф.Ярмоленка, І.М.Ярмоленка і інш. Выдаюцца час. «Весці Нац. акадэміі навук Беларусі. Серыя хімічных навук» (з 1965), «Вестник БГУ. Серия 2. Химия, биология, география» (з 1969). У 1993 у Мінску адбыўся 15-ы Мендзялееўскі кангрэс па хім. праблемах экалогіі.

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991;

Поиск химической информации. М., 1990;

Бучаченко А.Л. Химия на рубеже веков: свершения и прогнозы // Успехи химии. 1999. Т. 68, № 2.

А.​Л.​Васілеўская.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)