ВІТКЕ́ВІЧ (Witkiewicz) Станіслаў Ігнацы [псеўд.Віткацы
(Witkacy); 24.2.1885, Варшава — 18.9.1939], польскі пісьменнік, тэарэтык мастацтва, мастак, філосаф. Сын мастака і пісьменніка С.Віткевіча (1851—1915). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі выяўл. мастацтваў (1904—06, 1908—10). У 1918—22 чл.маст. групы «Польскія фармісты». Пачаў друкавацца ў 1919. Свае эстэт. і філас.-грамадз. погляды выклаў у працах «Новыя формы ў жывапісе і недарэчнасці, што адсюль вынікаюць» (1919),
«Эстэтычныя замалёўкі» (1922), «Тэатр» (1923). Напісаў больш як 30 п’ес («У малым дворыку», 1923; «Новае вызваленне», «Вар’ят і манашка», абедзве 1926; «Шаўцы», выд. 1948, паст. 1957; «Маці», паст. 1964; «Яны», паст. 1966, і інш.), іх паэтыка блізкая да экспрэсіянізму і сюррэалізму, часткова прадвызначыла абсурду драму. Аўтар раманаў «622 падзенні Бунга, або Дэманічная жанчына» (нап. 1910—11), «Адзінае выйсце» (нап. 1932—33, выд. 1968). У гратэскна-фантаст. раманах «Развітанне з восенню» (1927), «Ненаеднасць» (1930), напоўненых разважаннямі і дыскусіямі на філас., сац., эстэт. і паліт. тэмы, паказаў крызіс еўрап. культуры, абумоўлены ўсеагульнай уніфікацыяй жыцця, дэфармацыю і алагічнасць сучаснай цывілізацыі. Творчасць Віткевіча-мастака развівалася ў кірунку своеасаблівага экспрэсіянізму. У 1917—25 стварыў паўабстрактныя, фантаст.-сімвалічныя кампазіцыі «Барацьба стыхій» (1920), «Візіт да раджы» (1923) і інш. Пазней парваў з «чыстым мастацтвам». У філас. рабоце «Паняцці і сцвярджэнні, звязаныя з паняццем існавання» (1935) інтэрпрэтацыя праблемы «адзінка — існаванне», дадзеная Віткевічам, пазначана пэўнымі рысамі экзістэнцыялізму. Скончыў самагубствам.
Тв.:
Dzieła wybrane. Т. 1—5. Warszawa, 1985;
Рус.пер. — Сапожники: Драмы. М., 1989.
Літ.:
Sokół L. Groteska w teatrze S. I. Witkiewicza. Warszawa, 1973;
Błoński J. S.I.Witkiewicz jako dramaturg. Kraków, 1973;
Degler J. Witkacy w teatrze międzywojennym. Warszawa, 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш. — асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел.нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел.нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.Падгорскага-Аколава, Ц.Абрамовіча, Е.Плютовіча, Т.Маславецкага, А.Казлоўскай і інш., з лац. — М.К.Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).
Тв.:
Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧАРО́Ў (Іван Аляксандравіч) (18.6.1812, г. Сімбірск, цяпер г. Ульянаўск, Расія — 27.9.1891),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1834). Служыў у Мін-ве фінансаў, быў цэнзарам Пецярбургскага цэнзурнага к-та (1855—60), гал. рэдактарам газ. «Северная почта» (1862—63) і інш. У ранніх аповесцях «Ліхая болесць» (1838) і «Шчаслівая памылка» (1839) адчуваецца ўплыў пушкінскай і гогалеўскай прозы. У аснове першага рамана «Звычайная гісторыя» (1847) сутыкненне марнай летуценнасці правінцыяльнага дваранства з практыцызмам бурж. дзелавітасці, якая і перамагае. У 1852—54 прыняў удзел у экспедыцыі на ваен. фрэгаце «Палада» ў якасці сакратара адмірала Я.В.Пуцяціна. Яго пуцявыя нататкі, напісаныя з трапнай назіральнасцю, дасціпным гумарам і яскравай мовай, склалі цыкл нарысаў «Фрэгат «Палада» (1858). У рамане «Абломаў» (1859) Ганчароў вывеў вельмі характэрны тып рас. дваранства, жыццё якога няўмольна паглынаецца прыгонніцкім укладам, што падпарадкоўвае не толькі грамадскія адносіны, але і лёс асобнага чалавека. «Абломаўшчына» стала абагульняльным паняццем для такіх з’яў жыцця, як бяздзейнасць, марнатраўства, разлад паміж словам і справай. Своеасаблівую трылогію рус. жыцця 1840—60-х г. завяршае раман «Абрыў» (1869), прысвечаны лёсу новага пакалення, што шукае свайго шляху ў жыцці. У творах Ганчарова глыбінныя фундаментальныя працэсы — разбурэнне патрыярхальнага ўкладу і непазбежная замена яго новым стылем жыцця, новымі адносінамі — перадаюцца праз сутыкненне характараў герояў, кожны з якіх з’яўляецца носьбітам сваёй праўды. Аўтарліт.-крытычных артыкулаў «Мільён пакут» (1872), «Лепш позна, чым ніколі» (1879) і інш. У перакладзе на бел. мову выдадзены раманы Ганчарова «Абломаў» (1939) і «Звычайная гісторыя» (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1977—80.
Літ.:
Недзвецкий В.А. И.А.Гончаров — романист и художник. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́Ў (Цімафей Сазонавіч) (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),
грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад.АНБССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦККПБ. У пач.Вял.Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦККП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АНБССР. Чл.ЦККПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.
Тв.:
Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;
Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;
Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд.Мн., 1952;
Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;
В.И.Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.
галандскі юрыст, дыпламат, філосаф, гісторык. Адзін з заснавальнікаў тэорыі натуральнага права і навукі міжнар. права. З 1607 генеральны адвакат правінцыяльнага казначэйства, з 1613 пенсіянарый у гар. радзе Ротэрдама. У 1618 за ўдзел у паліт. барацьбе арыштаваны і асуджаны на пажыццёвае зняволенне. У 1621 збег у Францыю, дзе быў дарадчыкам пры каралеўскім двары, у 1634—44 — пасланнікам Швецыі ў Парыжы. Аўтар твораў па тэалогіі, філасофіі, гісторыі, палітыцы, праве, філалогіі, а таксама вершаў. У працы «Аб праве вайны і міру» (1625) разглядаў праблемы міжнар. права, агульныя пытанні дзяржавы і права. Ён лічыў, што натуральнае права складаецца з элементарных прынцыпаў: выкананне дагавораў, устрыманне ад замахаў на чужую ўласнасць, пакаранне за злачынствы і інш. У выніку развіцця і прыстасавання натуральнага права да ўмоў жыцця розных народаў узнікае пазітыўнае права, гіст. зменлівае і залежнае ад волі таго, хто яго ўстанаўлівае. У аснову міжнар. права уключаў дагаворы паміж дзяржавамі. Лічыў, што несправядлівыя войны павінны быць забаронены; бакі, што ваююць, абавязаны ўстрымлівацца ад знішчэння маёмасці праціўніка і жорсткасці ў дачыненні да грамадз. насельніцтва. Для вырашэння спрэчак паміж дзяржавамі ён прапанаваў стварыць пастаянны орган — «сход хрысціянскіх правіцеляў». У ліку яго прац: «Каментарыі аб праве здабычы» (1604—05), «Аб старажытнасці і ладзе Батаўскай рэспублікі» (1610), «Аб паходжанні амерыканскіх народаў» (1642). Ідэі Гроцыя паўплывалі на сац. фізіку 17—18 ст. і школу натуральнага права.
Тв.:
Рус.пер. — О праве войны и мира... Кн. 1—3. М., 1956.
Літ.:
Dumbauld E. The life and legal writings of Hugo Grotius. Norman, 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАРЭ́ВІЧ (Кастусь) (Канстанцін Лявонавіч; 5.1.1907, в. Радучы Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.7.1987),
бел.драматург.Засл. дз. маст. Беларусі (1966). Скончыў Магілёўскі педтэхнікум (1927), Дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1932). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Палеская праўда», на кінафабрыцы Белдзяржкіно і Бел. радыё, з 1949 — у газ. «Літаратура і мастацтва», на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1966—74 у Мін-ве культуры Беларусі. У 1926 дэбютаваў вершамі і апавяданнямі. Першая кніга — зб. апавяданняў «Гайда туды і жывыя шрубы» (1930). Разам з І.Дорскім напісаў драму «Цэнтральны ход» (паст. 1948) і лірычную камедыю «Алазанская даліна» (паст. 1949). Аўтар гісторыка-рэв. і ваенна-патрыят. п’ес «Цытадэль славы» (паст. 1949, пад назвай «Брэсцкая крэпасць» 1953), «Простая дзяўчына» (паст. 1953), «На крутым павароце» (паст. 1956), «Галоўная стаўка» (паст. 1957), «Далёкая песня» (паст. 1962), «А куды ж нам падзецца» (паст. 1963), «Салодкі месяц» (паст. 1970), «Брэсцкі мір» (паст. 1969), «Партызанская зона» (паст. 1976), «Даруй мне» (паст. 1980) і інш., у якіх вастрыня і драматызм канфліктаў, дынамічнасць сюжэтаў, дакументальнасць грамадсказначных фактаў. Выступаў як кінадраматург: сцэнарыі фільмаў «Баям насустрач» (1932, з Я.Гезіным і К.Мінецам), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1958, з Я.Рысам), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1968. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
П’есы. Мн., 1969;
Анютина дорога: Киноповести. Мн., 1980;
Драмы і камедыі. Мн., 1981.
Літ.:
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1972. Кн. 2. С. 86—118;
Усікаў Я. Грамадзянскае сумленне мастака. Мн., 1976. С. 186—192;
Гаробчанка Т. Час вымяраецца здабыткамі // Полымя. 1976. № 12;
Колос Г. Его писательская ясность // Неман. 1987. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНАЕ́ЎСКІ (Ісак Восіпавіч) (30.1.1900, г. Лохвіца, Украіна — 25.7.1955),
рас. кампазітар. Нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1919). Кіраўнік муз. часткі Маскоўскага т-ра сатыры (з 1924), муз. кіраўнік і гал. дырыжор Ленінградскага мюзік-хола (1929—34). Старшыня Ленінградскага аддзялення Саюза кампазітараў (1937—41). Адзін са стваральнікаў і буйнейшы майстар масавай песні. Меладычны дар і высокі прафесіяналізм абумовілі папулярнасць яго песень 1930—50-х г. («Песня аб Радзіме», «Мая Масква», «Марш вясёлых рабят», «Марш энтузіястаў», «Школьны вальс», «Ляціце, галубы»), Зрабіў вял. ўклад у развіццё жанру аперэты, найб. вядомыя «Залатая даліна» (1937), «Вольны вецер» (1947, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі ў 1971), «Белая акацыя» (1955).
Адзін з пачынальнікаў жанру муз. кінакамедыі, аўтар музыкі да кінафільмаў «Вясёлыя рабяты» (1934), «Варатар», «Цырк», «Дзеці капітана Гранта» (усе 1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940), «Вясна» (1947), «Кубанскія казакі» (1949), а таксама бел. «Першы ўзвод» (1933), «Двойчы народжаны» (1934), «Залатыя агні» (1935), «Шукальнікі шчасця» і «Дзяўчына спяшаецца на спатканне» (1936), «Канцэрт Бетховена» (1937), «Маё каханне» (1940), дакумент. «10 год Белдзяржкіно» (1936). Быў дырыжорам і гукамантажорам бел. фільмаў, у т. л. «Паручнік Кіжэ» з муз. С.Пракоф’ева. У сваю музыку ўключаў інтанацыі бел.нар. песень, гучанне жалейкі, стварыў апрацоўку бел.нар. песні «Бульба». Дзярж. прэмія СССР 1941, 1951.
Літ.:
Пэн А. И.Дунаевский. М., 1956;
И.О.Дунаевский: Выступления, статьи, письма. Воспоминания. М., 1961;
Чернов А. И.О.Дунаевский. М., 1961;
Бондарева Е.П. Кинолента длиною в жизнь. Мн., 1980. С. 47, 56—66;
Арканов Б. Дунаевский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Браніслаў Францавіч) (21.6.1820, мяст. Вызна Слуцкага пав., цяпер г.п. Чырвоная Слабада Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 2.1.1880),
бел. і польскі мастак, пісьменнік. Чл.-кар.АН у Кракаве (1873). За ўдзел у нелегальных студэнцкіх гуртках у час вучобы ў Дэрпцкім ун-це (1840-я г.) у 1846 арыштаваны, у 1847 сасланы ў Арэнбург, потым у Хіву, Туркестан. Разам з Т.Р.Шаўчэнкам (перапісваўся з ім у 1853—59) удзельнічаў як мастак у экспедыцыях па Аральскім краі і ў горы Каратау. У 1856 вярнуўся на радзіму, у в. Рачкавічы, дзе стварыў шэраг пейзажаў; жыў у в. Дарава каля Баранавічаў, у Мінску, каля Гродна (1857—59). Рабіў малюнкі да «Віленскага альбома» Я.Вільчынскага, які выдаваўся ў 1848—60-я г. У пач. 1860-х г. эмігрыраваў за мяжу (Дрэздэн, Рым, Парыж), дзе стварыў афорты «Калізей у Рыме» (1864), «Від Сан-Мало». Памагаў паўстанцам 1863—64 у закупцы зброі. Сакратар Гісторыка-літ.т-ва і рэдактар яго «Штогоднікаў» (з 1866, Парыж), выпусціў ілюстраванае (22 афорты) выданне «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), а таксама ўспаміны пра сучаснікаў. Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку А.Скірмунт, 1876) і інш. Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—64 («Серакоўскі ў турме», 1863, і інш.), пейзажаў («Паток у Ціролі»). Сябраваў з Ц.Норвідам, быў адрасатам яго паэт. ліста «Да Браніслава З.». Перапісваўся з А.І.Герцэнам.
Тв.:
(Из заметок Шевченко). // Т.Г.Шевченко в воспоминаниях современников. М., 1962.
Літ.:
Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960. С. 173—181.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПА́ТАВА (Вольга Міхайлаўна) (н. 1.1.1945, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1967). З 1965 у Гродзенскім гаркоме камсамола, на абл. студыі тэлебачання. У 1970—73 у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена». З 1985 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання, заг. аддзела, нам.гал. рэдактара час. «Спадчына». У 1991—96 рэдактар штотыднёвіка «Культура», з 1998 нам. старшыні Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1956. Паэзія (зб-кі «Раніца», 1969, «Ліпеньскія навальніцы», 1973, «Парасткі», 1976) шматгранная — ад пейзажнай і любоўнай лірыкі да публіцыст. вырашэння складаных праблем гіст. лёсу роднага народа. У апавяданнях і аповесцях (кн. «Вецер над стромай», 1977) «Дваццаць хвілін з Немезідай», 1981, «Перакат», 1984) узняты складаныя маральна-этычныя праблемы, пытанні сувязі моладзі з роднай зямлёй, пошуку месца ў жыцці. Распрацоўвае гіст. тэматыку: аповесць «Прадыслава» (1971; прысвечана Ефрасінні Полацкай), «За морам Хвалынскім» (1989, пра падарожжа і трагічны лёс палачаніна Алексы), «Чорная княгіня» (1989; пра трагедыю княгіні Лізаветы Астрожскай). Гіст. постаці Полацкага княства 11—13 ст., ВКЛ у 16 ст., Беларусі ў 19 ст. адлюстраваны ў аповесці «Агонь у жылах крэменю» (1989), апавяданнях («Набег», «Мара», «Святаслава», «Расанка», «Давыд Гарадзенскі», «Гайна і Мікаш», «Ваўкалакам абярнуся»). У рамане «Залатая жрыца Ашвінаў» (1997) рэстаўрыравала далёкую старонку бел. міфалагічнай мінуўшчыны — індаеўрап. карані беларусаў. Аўтар балад, нарысаў, п’ес, паэм, кніг вершаў для дзяцей. Выступае як крытык, публіцыст, перакладчык.
Тв.:
Паміж Масквой і Варшавай. Мн., 1996.
Літ.:
Бечик В. Обретение высоты // Неман. 1981. № 3;
Савік Л. Спасціжэнне чалавечнасці // Полымя. 1983. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭРО́Н ДЭ ЛА БА́РКА, Кальдэрон дэ ла Барка Энао дэ ла Барэда-і-Рыяньё (Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño) Педра (17.1.1600, Мадрыд — 25.5.1681), іспанскі драматург, буйнейшы прадстаўнік барока. Вучыўся ва ун-тах Алькала дэ Энарэс і Саламанкскім. У 1620-я г.гал. пастаўшчык п’ес для Каралеўскага Мадрыдскага т-ра. У 1651 прыняў духоўны сан.Аўтар 120 свецкіх п’ес, 78 аўта (рэліг.-містычных алегорый), 20 інтэрмедый. У «камедыях плашча і шпагі» праблемы ілюзорнасці і ірацыянальнасці быцця, залежнасці лёсу чалавека ад непадуладных розуму сіл: «З каханнем не жартуюць» (1627?), «Дама-прывід» або «Дама-невідзімка», «Дом з двума выхадамі цяжка ахоўваць» (абедзве 1629), «Сам у сябе пад вартай» (1636) і інш. У «драмах гонару» («Лекар свайго гонару», 1635, «Саламейскі алькальд», 1640—45) выклаў пазасаслоўную канцэпцыю гонару, які раўназначны жыццю, абараняў годнасць простага чалавека. У рэліг.-філас. драмах імкнуўся да раскрыцця глабальных тэм праз абагульненыя сімвалічныя сітуацыі і вобразы, узнімаў складаныя праблемы чалавечага існавання, свабоды выбару і знешняй несвабоды, наканаванасці лёсу і адказнасці чалавека за пройдзены шлях: «Стойкі прынц» (1628—29, выд. 1636), «Пакланенне крыжу» (1630—32, выд. 1636), «Жыццё ёсць сон» (1631—32, выд. 1636). «Чысцілішча святога Патрыка» (1634, выд. 1636). П’есы К. адметныя складанай метафарычнасцю і эмблематычнасцю стылю.
Тв.:
Рус.пер. — Пьесы. Кн. 1—2. М., 1961;
Драмы. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Кальдерон и мировая культура. Л., 1986;
Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989. С. 26—33.