Паво́йнік 1 ’жгут з тонкіх галін, накшталт перавясла, якім замацоўваюць бярвенне плыта’ (ТСБМ). Да віць. Сюды ж павіва́нка ’пуга, звітая з дзвюх столак і абвітая тонкай вяроўкай’ (Нар. сл.).

Паво́йнік 2 ’даўні жаночы галаўны ўбор; намітка’ (ТСБМ), ’чэпчык’ (Мат. Гом.). Рус. пово́йник, пово́й ’тс’, серб.-харв. по̀во̄ј ’пялёнкі; спавівач’. Да віць з іншай ступенню агаласоўкі галосных (гл. Траўтман, 346; Фасмер, 3, 294).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Разда́гацца ’пачаць бегчы з тупатам’ (Юрч. СНЛ). Утварэнне ад гукапераймальнага выклічніка даг!, параўн. з іншай вакалізацыяй рус. ды́гать ’гнуцца’, ’хістацца’, укр. дигота́ти, диготі́ти ’дрыжаць’, пол. dygać ’кланяцца’, ’прысядаць’, якія звязваюць са ст.-в.-ням. tūhhan, с.-в.-ням. tûchen, с.-н.-ням. dûken, англ. duck ’хіліцца ўніз’, ’ныраць’ (Фасмер, 1, 557). Параўн. таксама тур. dağdağa ’шум, гам, крык’, dağdağali ’шумны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сапсе́ць ’састарыцца’ (Нас., Растарг.), ’разбалавацца, дрэнна сябе паводзіць’ (Растарг.). Да псець (гл.); магчыма, з’яўляецца семантычным эквівалентам прымаўкі песі век зжыў (Нас.). З іншай прыстаўкай — запсе́ць ’састарыцца, як сабака’ (Шат., Касп.). Сінанімічна ў другім значэнні да разапсе́ць ’разбалавацца’ (Растарг.). Здзіўляе падабенства харв. дыял. spjèšati ’аслабець’, якое разам са славен. pȇhati ’стаць слабым, стаміцца’ Бязлай (3, 21) збліжае з *pьsъ (гл. пёс).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Сляпай, слепа́й ‘незабудкі’ (лельч., Жыв. сл., ПСл). Да сляпы (гл.) з суф. ‑ай, які ўтварае назвы асоб па выразнай знешняй прыкмеце, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 145. Семантычная матывацыя не зусім ясная, магчыма, з прычыны бледнага колеру кветак ці малых памераў, параўн. сляпы́ (слепу́) ‘вузкі, малы’ (ТС). Не выключаны перанос назвы з іншай расліны, параўн. курына слепота́ ‘незабудкі’ (ТС) і слепет 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сукро́мна ’скрытна, хаваючыся’ (Сцяшк.), ’тайком’ (Адм.). Укр. сукро́мий ’асобны’, чэш. soukromý ’прыватны, адасоблены’, славац. súkromný ’тс’. З іншай прыст. рус. укро́мно, укро́мный, рус.-ц.-слав. укромъ ’край, рубеж’, укромьнъ ’крайні’ (Кірыла Тураўскі). Дэрываты ад прасл. *kroma ’частка, край’ (гл. кром 2); гл. яшчэ Фасмер, 4, 157. Інакш Борысь (Prefiks., 120), які прасл. *sǫkromъ разглядае як дэрыват, суадносны з дзеясловам *sǫkromiti.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумарда́к ’удар па твары’, ’упартасць’ (Нас.), ’вялікае нязручнае палена’ (Юрч. Вытв.), сумурда́к ’хвароба ў роце, пры якой баляць сківіцы’ (Бяльк.), сумурда́кі ’твар і вусны’ (КЭС). Відаць, нельга аддзяліць ад самардак (гл.), але з іншай прыстаўкай (су-), параўн. яшчэ самарды́к ’пануры, маўклівы чалавек, які глядзіць спадылба’ (Растарг.) Няясна. Версія Насовіча (ад мо́рда, гл.) блізкая да народнаэтымалагічнай і не тлумачыць варыянтнасць фанетыкі і семантыкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трасяні́на (трісяні́на) ‘дрыгва’ (Бяльк.), трасаны́на ‘тс’ (кам., ЛА, 2), сюды ж таксама з іншай суфіксацыяй трасу́н ‘тс’ (полац., ДАБМ; шчуч., З нар. сл.), трасу́ха ‘тс’ (навагр., ЛА, 2). Да трэ́сці (гл.). Лексемы пашыраны пераважна на ўскраінах сучаснай беларускай тэрыторыі. На суседніх моўных тэрыторыях таксама ўжываюцца назвы дрыгвы, утвораныя ад прасл. *tręsti: польск. trzęsawisko, укр. трясови́на, рус. тряси́на, трясу́н. Параўн. трасіна, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ІДЭАЛО́ГІЯ (ад ідэя + ...логія),

сістэма поглядаў і ідэй, у якіх адлюстроўваюцца адносіны людзей да рэчаіснасці. Засн. на веры ў ажыццявімасць сацыяльна значных патрэбнасцей, інтарэсаў і мэт сац. груп, класаў, партый і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін. Уласна І. з’яўляюцца рэлігія і філасофія, якія зыходзяць з ідэалізаванага, бясконцага быцця і небыцця; ідэалаг. кампаненты прысутнічаюць у эканам., паліт., эстэт. і інш. поглядах. Тэрмін «І.» ўвёў у навук. ўжытак франц. філосаф і эканаміст А.​Дэсцют дэ Трасі («Элементы ідэалогіі», т. 1—4, 1801—15) для абазначэння навукі аб ідэях як асновы этыкі, маралі і палітыкі. Пазней пад І. сталі разумець не вучэнне пра ідэі, а самі ідэі, погляды, вучэнні, якія валодаюць спецыфічнымі прыкметамі. К.​Маркс і Ф.​Энгельс разглядалі І. як гістарычна зменлівыя погляды, адносілі да іх рэліг. і ідэаліст. вучэнні, сваё філас.-сац. вучэнне. У.​І.​Ленін увёў паняцце навук. І. для характарыстыкі марксізму. Прыхільнікі канцэпцыі дэідэалагізацыі (Р.​Арон, Д.​Бел і інш.) разглядалі І. як суб’ектыўна-прадузятае і адпаведна ненавук. адлюстраванне інтарэсаў розных сац. груп. Прадстаўнікі тэорыі рэідэалагізацыі (Э.​Вінер, О.​Лемберг і інш.) разглядаюць І. як сістэму ідэй, што вызначаюць каштоўнасці цывілізацыі, якія не паддаюцца рацыянальнаму, а значыць, навук. абгрунтаванню. Прыхільнікі канцэпцыі «контркультуры» (Ч.​Рэйч, Т.​Розак) звязвалі І. з праяўленнем ірацыянальных форм свядомасці. Прадстаўнікі «крытычнага рацыяналізму» (Г.​Альберт, Т.​Гайгер) атаясамлівалі І. з каштоўнаснымі суджэннямі і проціпастаўлялі яе «навук. суджэнням аб фактах».

Процістаянне ідэалаг. плыней вядома са старажытнасці. Новай з’явай стала паступовае фарміраванне (з 17 ст.) буйных паліт.-ідэалагічных плыней, якія афармляліся ў вучэнні, паліт. партыі, рухі (кансерватызм, лібералізм, утапічны сацыялізм, марксізм, анархізм, фашызм, народніцтва, сацыял-дэмакратыя і інш.). Характэрнай сучаснай з’явай стала абнаўленне традыц. І., з’яўленне іх некласічных форм: неамарксізму, неалібералізму, неакансерватызму і інш.

І. — кампанент грамадскай свядомасці, аб’ектыўная магчымасць існавання ў грамадстве розных І. Кожная І. прадпісвае сваім прыхільнікам, як трэба безумоўна ўспрымаць свет; у сапраўднасці існуе столькі вераванняў, колькі і «ісцін веры», ні адна з якіх не мае пераваг перад іншай з пункту гледжання аб’ектыўнай рэальнасці. І. здольныя аб’яднаць, мабілізаваць дзеянні сваіх прыхільнікаў, але яны здольныя і раз’ядноўваць людзей, якія прытрымліваюцца розных ідэалаг. поглядаў, ствараць паміж імі канфрантацыю (рэліг. войны, нац. канфлікты). Дэмакр. дзяржава гарантуе розныя светапогляды, у т. л. ідэалаг. плюралізм. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адзначаецца, што дэмакратыя ў краіне ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці паліт. ін-таў, І. і поглядаў, а І. паліт. партый, рэліг. або іншых грамадскіх аб’яднанняў, сац. груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян.

Г.​А.​Антанюк.

т. 7, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАЖЫВЕ́ЦКАЯ КААПЕРА́ЦЫЯ,

від кааперацыі, якая ўяўляе сабой сістэму спажывецкіх таварыстваў, іх саюзаў і створаных імі унітарных прадпрыемстваў і ўстаноў з мэтай задавальнення патрэб членаў спажывецкіх т-ваў і насельніцтва шляхам арганізацыі гандлёвай, закупачнай, вытворчай і іншай дзейнасці. Узнікла ў Англіі ў 1844. З сярэдзіны 19 ст. кааператывы актыўна ствараліся ў Францыі, Італіі, Германіі, Скандынаўскіх краінах і інш. У Расіі першы рабочы кааператыў з'явіўся ў 1864. У 1895 створаны Міжнародны кааператыўны альянс, які аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў.

Першы спажывецкі кааператыў на Беларусі зарэгістраваны ў 1892, да 1917 дзейнічала 359 спажывецкіх т-ваў. У чэрв. 1917 у Мінску арганізаваны саюз спажывецкіх т-ваў Мінскага р-на, які пазней пераўтвораны ў Цэнтральны саюз спажывецкіх т-ваў Беларускага краю, а потым — у Беларускі рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў (Белкаапсаюз). Да сярэдзіны 1930 спажывецкія т-вы функцыянавалі ў гарадах і ў вёсках, з 1935 С.к. абслугоўвае ў асноўным вясковае насельніцтва. У 2001 у Белкаапсаюзе 1,4 млн. пайшчыкаў, аб’яднаных у 118 раённых і 2 рэгіянальныя спажывецкія т-вы. Больш як 136 тыс. працаўнікоў С.к. абслугоўвалі 3,5 млн. чал. (85% з іх былі вяскоўцы). Тавараабарот склаў 993,3 млрд. руб., ці 18,6% рознічнага тавараабароту краіны. На яго долю прыпадае 3,2% унутр. валавога прадукту рэспублікі, 4,5% працоўных рэсурсаў, 51% аб’ектаў гандлю, 42% прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Вырабляе 24% хлебабулачных, 26% макаронных, 14% каўбасных, рыбных вырабаў, 12% кансерваў, 7% мінеральнай вады. С.к. мае 105 хлебазаводаў і пякарань, 122 каўбасныя, 124 кандытарскія і 68 рыбаперапрацоўчых цэхаў, 25 кансервавых прадпрыемстваў, 5 камбінатаў і 175 цэхаў па вырабе непрадуктовых тавараў, 7 зверагаспадарак па гадаванні ліса, норкі, пясца. На канец 2001 у сістэме Белкаапсаюза 3,6 тыс. прадпрыемстваў грамадскага харчавання, у т. л. 513 у калгасах і саўгасах, 1850 у навуч. установах, 12,5 тыс. магазінаў, 719 ларкоў, палатак, кіёскаў. 418 аўтамагазінаў і 433 хатнія крамы абслугоўвалі больш як 6 тыс. вёсак, у якіх менш за 25 жыхароў. С.к. закупляе і перапрацоўвае больш за 30 відаў с.-г. прадукцыі і сыравіны на 95,8 млрд. руб. (2001).

З 1992 Белкаапсаюз — чл. Міжнар. каап. альянсу, падтрымлівае кантакты з кааператарамі і фірмамі больш як 30 краін. Знешнегандлёвы абарот у 2001 склаў 34,6 млн. дол. ЗША. Мае ўласныя навуч. ўстановы: Бел. гандлёва-эканам. ун-т спажывецкай кааперацыі, Рэсп. ін-т павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Белкаапсаюза, 6 каледжаў, 2 прафтэхвучылішчы.

Узаемадзеянне спажывецкай кааперацыі з дзяржавай рэгулюецца Законам «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах) у Рэспубліцы Беларусь» (2002).

С.​Я.​Пушкіна.

т. 15, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

эмба́рга

(ісп. embargo)

1) забарона на ўвоз у краіну ці вываз за яе межы золата або іншаземнай валюты, асобных відаў тавараў, напр. зброі;

2) затрыманне суднаў і грузаў, якія належаць іншай дзяржаве, у сувязі з палітычнымі ўскладненнямі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)