СА́ЖАЛКА,

штучны вадаём невялікіх памераў (звычайна плошча да 1 км²). Ствараюцца шляхам перагароджвання плацінамі малых рэк, ручаёў, часовых вадацёкаў, а таксама абвалаваннем тэрыторыі па-за межамі рэчышча — у катлавінах, лагчынах і інш. паніжэннях рэльефу, у штучных выемках. Акумулююць мясц. сцёк. Прызначаны для арашэння, увільгатнення с.-г. угоддзяў, гасп.-быт., проціпажарных і рэкрэацыйных мэт, рыбагадоўлі (гл. Сажалкавыя рыбныя гаспадаркі). На Беларусі каля 1200 С. Сканцэнтраваны пераважна ў цэнтр. ч., дзе менш натуральных вадаёмаў. Падзяляюцца на рачныя (рэчышчавыя), ярыста-лагчынныя, кар’ерныя, наліўныя. Найб. пашыраны рачныя С., большасць іх у вярхоўях вадацёкаў. У адрозненне ад вадасховішчаў маюць адносна ўстойлівы ўзроўневы рэжым.

т. 14, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕДЗЬ,

рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛО́ДЗІНА, Скалодзінка,

рака ў Мазырскім і Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца каля в. Зялёны Мох Мазырскага р-на, цячэ па раўніне Мазырскае Палессе, працякае праз воз. Глініцкае. Упадае ў старарэчча р.Прыпяць каля в.Шастовічы Петрыкаўскага р-на. Даліна пераважна невыразная, зліваецца з навакольнай мясцовасцю, месцамі трапецападобная, шыр. 0,3—1,2 км. Пойма перарывістая, на асобных участках чаргуецца па берагах, вузкая, у ніжнім цячэнні зліваецца з поймай р. Прыпяць. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 5—7 м, ніжэй воз. Глініцкае больш за 11 м.

т. 14, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ЛАН,

рака ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 278 км². У верхнім цячэнні наз. Казённая канава. Пачынаецца за 4 км на ПнЗ ад в. Зялёная Дуброва, вусце за 1,6 км на ПнУ ад в. Баравікі. Цячэ па паўд.-зах. ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна на вял. працягу невыразная, у сярэднім цячэнні, каля в. Солан, трапецападобная. Пойма ў верхнім цячэнні адсутнічае, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. 200—500 м. Рэчышча ад вытоку на працягу 19,6 м каналізаванае, астатняе звілістае, шыр. 5—10 м.

т. 15, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТАЎКА,

рака ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Свіслач (бас. р. Дняпро). Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 372 км². Пачынаецца з р. Пціч за 1,5 км на ПдУ ад в. Русаковічы, вусце ў в. Пухавічы. Цячэ па зах. ускраіне Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні невыразная, у нізоўі трапецападобная або скрынкападобная са стромкімі схіламі. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні адсутнічае, у ніжнім вузкая, месцамі адсутнічае, шыр. 500—800 м. Рэчышча шыр. 10—20 м, ад вытоку да в. Загай на працягу 16 км каналізаванае. На рацэ г. Мар’іна Горка.

т. 17, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНА́ЎКА,

рака ў Гарадоцкім і Шумілінскім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Обаль (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 32 км. Пл. вадазбору 220 км². Выцякае з воз. Чарнова, за 500 м на Пн ад в. Касцянава Гарадоцкага р-на, цячэ ў межах Гарадоцкага ўзв. і Полацкай нізіны, праз воз. Малое Чарнова. Вусце каля в. Скаціца Шумілінскага р-на. Асн. прыток — р. Бярноўка (справа). Даліна ў вярхоўі вузкая (шыр. 150—200 м), у сярэднім і ніжнім цячэнні невыразная, пойма двухбаковая. Рэчышча ў сярэднім цячэнні на працягу 8,4 км каналізаванае, шыр. да 5 м, у вусці да 12 м.

т. 17, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ру́чы́шча Месца паабапал ручая або там, дзе цёк ручай; сухое рэчышча ручая (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

УША́ЧА,

рака ў Докшыцкім, Ушацкім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., левы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 118 км, пл. вадазбору 1150 км². Пачынаецца ў Докшыцкім р-не, за 5 км на ПдЗ ад в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на. Цячэ ў межах Ушацка-Лепельскага ўзв. і Полацкай нізіны, праз азёры Мурагі, Тартак, Царкавішча, Замошша, Вял. Існа, Бароды і Варонічы. Вусце насупраць размешчанай на правым беразе р. Зах. Дзвіна в. Цюлькі Полацкага р-на. Асн. прытокі: Ідута, Альзініца, Нежлеўка (злева) і Крашанка (справа). Даліна да в. Пуцілкавічы невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. да вусця р. Альзініца да I км, ніжэй 300—400 м, месцамі звужаецца да 200 м. Схілы сярэдне стромкія і стромкія, выш. 8—15 м, месцамі 20—30 м, парэзаны ярамі і лагчынамі, за 1 км ніжэй в. Каўтуны абрываюцца ўступам выш. да 6 м. Пойма двухбаковая, да вусця р. Альзініца нізкая, забалочаная, шыр. 400—600 м, на асобных участках да 1,5 км, ніжэй высокая, звужаецца да 30—50 м, месцамі знікае. Рэчышча звілістае і моцназвілістае, зарастае, трапляюцца валуны дыяметрам да 1,5 м. У верхнім цячэнні шыр. рэчышча 3—10 м, ніжэй воз. Вял. Існа 30—40 м. Берагі стромкія, абрывістыя, месцамі нізкія і забалочаныя. Ледастаў ад 1-й дэкады снеж. да пач. красавіка. Працягласць веснавога разводдзя каля 60 сут, на гэты перыяд прыпадае 50% гадавога сцёку. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню да 1,5 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г.п. Ушачы.

А.​А.​Макарэвіч.

Рака Ушача ў ніжнім цячэнні.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кана́ва, кына́ва ’доўгі неглыбокі і нешырокі роў для сцёку вады’ (ТСБМ, Сержп. Ск., Сцяшк., Яруш., Бяльк.; ганц., вільн., гарад. Сл. паўн.-зах.); ’пашыранае і выраўненае рэчышча’ (слаўг., Яшк.); міёр. къна́віна ’канава’, дубров. кына́ў, міёр. (Нар. словатв.), кана́ўка (Сцяшк.; ветк., слаўг., Яшк.). Н.-луж. kanała ’тс’. Пераробленае польск. kanał ’канал’ (параўн. бел. дубров.) > канаў, аднак незвычайнасць заканчэння на ‑ў прывяла да рэгулярнага афармлення ў ‑ва (напр., як ва́рава ’мноства’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.

2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)