іго́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Прылада для шыцця — тонкі металічны шпень з завостраным канцом і вушкам для ніткі. Кравецкая іголка. Машынная іголка. Мяшочная іголка. Уцягнуць нітку ў іголку. □ Ні зямлі, ні каня.. [кравец] не меў, дома сядзеў мала, а паўвека свайго правандраваў па свеце з адмысловай іголкай, шыючы людзям кажухі.. Чорны.

2. Тонкі металічны стрыжань, звычайна з завостраным канцом, рознага прызначэння. Патэфонная іголка. Іголка для падскурных упырскванняў.

3. Ліст хвойных дрэў і кустоў. Ядлаўцовая іголка. Хвойныя іголкі. □ Хвойнік рабіўся ўсё гусцейшым і гусцейшым. Іголкі балюча калолі рукі, твар. Шамякін. // Калючка ў некаторых раслін. Шыпшынавая іголка. Кактусавая іголка.

4. Тонкая калючка на целе некаторых жывёл. На сцежку з-за сасны, вакол якой ляжала шмат галля, выкаціўся, пыхкаючы і шоргаючы сваімі іголкамі, маленькі вожык. В. Вольскі.

5. чаго або якая. Тонкі востры крышталь чаго‑н. Іголкі інею. □ Сонца залаціла стрэхі і тонкія іголкі лёду. Чорны.

6. звычайна мн. (іго́лкі, ‑лак); перан. Зласлівыя насмешкі, выказванні. Падпускаць іголкі. □ — Наогул, Шэмет дзівакаваты чалавек. Ты да яго, бывае, як ватка прыляжаш, а ён да цябе вожыкам, іголкі свае так і садзіць. Лобан.

•••

З іголкі — тое, што і з іголачкі (гл. іголачка).

Не іголка (у знач. вык.) — знойдзецца, не згубіцца.

Хоць іголкі збірай гл. збіраць.

Як іголка ў стозе сена — непрыкметны, якога нельга знайсці. — У горадзе — у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, — ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ.

Як на іголках — у стане нервовага ўзбуджэння, хвалявання (быць, сядзець і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сця́цца 1, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

Схапіцца, счапіцца ў бойцы, барацьбе, сварцы. Народ прачынаецца ад доўгага сну, страсае з душы рахманасць і .. гатовы твар у твар сцяцца з ворагам-акупантам. Машара. Волечка сцялася грызціся з Гельскім. Чорны.

сця́цца 2, сатнуся, сатнешся, сатнецца; ‑нёмся, ‑няцеся; пр. сцяўся, сцялася, ‑лося; зак.

1. Сабрацца ў камяк, скурчыцца; сціснуцца. [Шыковіч:] — Я хацеў спытаць у вас пра Савіча. Доктара Савіча. Сцяпана Андрэевіча. — Як .. [Сухадоліха] адразу змянілася! Адступала на крок, нібы спалохалася. Сцялася неяк уся, ажно ростам паменшала. Шамякін. Не вытрымаў тут Міколка, аж затрымцеў увесь, сцяўся ў камочак. Лынькоў. Вяргейчык неяк ураз увесь сцяўся, звяў, зрабіўся маленькі, палахлівы, як верабей. Сачанка.

2. Шчыльна злучыцца (пра губы, пальцы і пад.). Прачытаў [Лазавік] першыя словы, і шчокі яго пабялелі, сцяўся рот. Хомчанка. Рысы твару .. [Скуратовічыхі] ахаладзелі, губы сцяліся. Чорны. Гэлька не магла глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі.

3. перан. Сціснуцца, выклікаўшы цяжкае дыханне (пра грудзі, горла і пад.). Чарнеў маўкліва чакаў, і ў Клімчанкі сцялося ўнутры. Быкаў. Адчуць боль пад уплывам якога‑н. пачуцця (пра душу, сэрца). І ад нейкіх блытаных, перам[я]шаных думак, ад усяго, што прынёс гэты дзень, у Сяргея сцялося сэрца. Адамчык.

4. Зацвярдзець пад уздзеяннем марозу. На дварэ люты, а ў паветры зусім мякка, маразы бываюць ледзь-ледзь, як вадзе сцяцца. Ермаловіч. На вечар хмары разышліся, зусім недарэчы высвеціў месяц, пачала халоднай скарыначкай падстываць гразь, і ў лужынах тонка і лёгка сцяўся лядок. Жук.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ужII

1. нареч. ужо́;

он уж не ма́ленький ён ужо́ не мале́нькі;

он уж давно́ здесь ён ужо́ даўно́ тут;

2. усилительная част. ужо́;

не так уж пло́хо не так ужо́ дрэ́нна;

о́чень уж мно́го де́ла ве́льмі ўжо шмат спраў (рабо́ты);

на что уж на што ўжо; кроме того, иногда переводится также другими част. и сочетаниями, в частности: (в знач. «право же») ужо́ ж.; (в знач. «уж и») ужо́ і;

уж я не зна́ю я ўжо і не ве́даю; (в сочетании с част. «вот» при восклицании) вось дык, вось гэ́та (дык) ужо́;

вот уж непра́вда! вось дык няпра́ўда!;

вот уж нет! вось гэ́та дык ужо́ не!; (при угрозе) вось, ж. (жа);

уж я тебя́ вось я табе́! я ж. табе́!

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

склада́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў; састаўны. Складаны сказ. Складанае рэчыва. Складаныя лікі. □ Пэўная колькасць складаных слоў была запазычана старабеларускай мовай з іншых моў. Гіст. лекс. бел. мовы.

2. Які з’яўляецца сістэмай многіх узаемазвязаных частак. Сельская гаспадарка — жывы і вельмі складаны арганізм. Дуброўскі. / Пра машыны, механізмы. На вачах Ігната пашыраўся завод, на якім вырабляліся цяпер самыя складаныя станкі. Лынькоў. Мантажныя работы — наогул нялёгкая аперацыя. Тым больш цяжка зманціраваць такую складаную машыну, як земснарад. Дадзіёмаў. // Мудрагелісты па сваёй будове, форме. Складаны ўзор. Складаны арнамент. □ Трактарысту .. пяць год таму назад.. [граніца] ўяўлялася ледзь не кітайскай сцяной, або, па меншай меры, нейкай складанай камбінацыяй з калючага дроту. Брыль.

3. Які характарызуецца сукупнасцю звязаных паміж сабой з’яў, адносін, прыкмет і пад. Пісьменнік стварае складаную сітуацыю, калі два ўласнікі змагаюцца паміж сабою. Адамовіч. Васіль Паўлавіч трошкі з сумам, але і з гонарам успамінае тыя цяжкія, складаныя дні. Кулакоўскі.

4. Які спалучае ў сабе разнастайныя, часта супярэчлівыя бакі, рысы (пра чалавека, яго характар і пад.). Лемяшэвіч выйшаў з абкома са складанымі і супярэчлівымі пачуццямі. Шамякін.

5. Цяжкі для разумення, рашэння, ажыццяўлення і пад. На перапынку Люба разбіралася ў складаным алгебраічным прыкладзе. Васілевіч. Гадоў трыццаць таму назад мнагабор’е лічылася надзвычай складаным відам спаборніцтваў і было пад сілу толькі дарослым. Шыцік. Ніколі раней Якаву Пятровічу не даводзілася рабіць складаных аперацый у такіх дзікіх умовах. Паслядовіч. Задачы перад працаўнікамі гаспадаркі стаяць складаныя. «Звязда».

6. Такі, які можна складваць дзякуючы рухомаму злучэнню частак. Складанае вудзільна. □ Доўга корпаўся [салдат] у кішэні, дастаючы складаны ножык. Лынькоў. Перад .. [прыставам] стаяў маленькі складаны столік. Чорны.

•••

Складанае трайное правіла гл. правіла.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чын 1, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — званне па табелю аб рангах, якое прысвойвалася дзяржаўным і вайсковым служачым і давала пэўныя саслоўныя правы і перавагі. Чын маёра. Павысіць у чыне. Чын калежскага асэсара. // ‑а. Разм. Пасада або асоба, якая займае пасаду. [Кульгавы:] — Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі старшым. А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах. Чыгрынаў.

2. ‑у. Адпаведны ранг, цывільнае званне ў работнікаў пракуратуры СССР. Чын сапраўднага дзяржаўнага саветніка юстыцыі. // Ступень службовага становішча. Афіцэрскі чын.

•••

Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца ў СССР пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.

Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.

Без чыноў — без цырымоній, папросту.

Па чыну — адпаведна званню, пасадзе.

Чын чынам (чынаром); чын па чыну — найлепш; так, як трэба.

чын 2, ‑у, м.

У Т адз. у спалучэнні з прыметнікам і займеннікам ужываецца ў значэнне спосаб, прыём; гэта спалучэнне адпавядае прыслоўю са значэннем дадзенага прыметніка або займенніка. Карэнным чынам. Пэўным чынам. Належным чынам. □ Чытка рукапісу трылогіі была перапынена самым нечаканым чынам. Лужанін. Муха.. падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў і куль. Шамякін. Чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай. Грамовіч. // У Т адз. у спалучэнні з некаторымі прыметнікамі і займеннікамі служыць для ўтварэння прыслоўяў і пабочных слоў, значэнне якіх залежыць ад значэння дадзенага прыметніка або займенніка. На плошчы было шмат людзей, галоўным чынам сялян. Гурскі. Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся. Колас.

•••

Грэшным чынам (у знач. пабочн.) — трэба прызнацца; на жаль.

Ніякім чынам — ні ў якім разе.

чын 3, ‑а, м.

Абл. Месца скрыжавання нітак асновы, дзе ходзіць чаўнок; зеў. Маленькі Зміцер ляжаў на печы і паглядаў, як пераменьваюцца чыны ў кроснах, як бегае [чаўнок] і рытмічна пастукваюць набіліцы. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

czarny

czarn|y

1. чорны;

~e jagody — чарніцы;

~a porzeczka — чорныя парэчкі;

~y jak smoła — чорны, як смала;

2. чорны; брудны;

~e paznokcie — чорныя (брудныя) пазногці;

3. чорны; злы; каварны; вераломны;

4. ~e мн. шахм. чорныя;

5. ~a ж. : mała ~a — маленькі кубак кавы;

duża ~a — вялікі кубак кавы;

~e bractwo — ордэн езуітаў;

na ~ą godzinę — на чорны дзень;

~a kawa — чорная кава;

~y ląd — Афрыка;

~a magia — чорная магія;

~a owca — паршывая (шалудзівая) авечка;

~a robota — чорная (некваліфікаваная) праца;

~a skrzynka ав. чорная скрыня;

~o na białym — чорным па белым;

~o-biały — чорна-белы;

~y rynek — (нелегальны) чорны рынак;

~a polewka уст. адмова пры сватаўстве

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганокмаленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. што. Давесці да шчаслівага, жаданага канца якую‑н. справу. Антось і Ганна не знаходзяць, Што адказаць і што парадзіць І як пытанне гэта ўладзіць. Колас. — Я быў у лагеры, рускі, — кажа [базар] мне з відавочным задавальненнем, што ўсё яму давялося ўладзіць. — Ты будзеш тут, пакуль не паправішся... Ракітны. [Валерый] згадзіўся з’ездзіць у горад, уладзіць тое-сёе за прараба і запасціся бланкамі для справаздач. Б. Стральцоў. // Узгадніць, прымірыць, ліквідаваць (разыходжанні, супярэчнасці, непаразуменні і пад.). Сто чалавек — калектыў не маленькі. Каб усе працавалі ў поўную сілу, трэба і паставіць кожнага на сваё месца, і памагчы, калі спатрэбіцца, і канфлікт часам уладзіць. Палтаран. // з чым і без дап. Узяць на сябе вырашэнне чаго‑н., забеспячэнне чым‑н. [Гэля:] Зойдзем, Рыгор... Табе далёка ісці дамоў... Я ўладжу з начоўкаю. Гартны. [Галай:] — А што, каб табе тут астацца? Мясціны ціхія, а людзі добрыя. Га? Наконт кватэры не турбуйся, уладжу. Асіпенка.

2. каго. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання; уладкаваць. Гвозд запытаўся, ці добра яго, Зыбіна, уладзілі, якая ў яго кватэра, якая зарплата. Мележ.

3. каго. Разм. Змясціць, прыстроіць каго‑н. куды‑н.; даць месца для жылля і пад. Уладзіць хворага ў шпіталь. Уладзіць на кватэру. □ Муж палажыў .. [хворую жонку] ў бальніцу, дзяцей уладзіў у школу-інтэрнат... Лужанін. // Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Дзевяць дзён пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Гартны.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. Лёгка адкінуў [Васіль] ад другіх адну калоду, уладзіў, каб не круцілася, замахаў сякерай. Мележ. Джвучка адхінуўся ад стала і ўладзіў локці на падаконнік. Пташнікаў.

5. што. Разм. Арганізаваць якое‑н. мерапрыемства.

6. каму. Разм. Унаравіць, дагадзіць. [Іван Трахімавіч:] — Нешта я не памятаю ніводнага выпадку, каб табе ўладзіла хоць адна краўчыха. Корбан.

7. што. Разм. Прывесці ў належны парадак; наладзіць як след. Няма нікому забароны Уладзіць дом свой, дабрабыт. Май, васпан, толькі розум, спрыт І не выходзь з граніц закону. Колас. // Наладзіць, зрабіць прыгодным для работы, карыстання. [Крэмез:] — Станок уладзілі, а хлопцы ў мяне цяпер, як шалёныя, працуюць. Шынклер.

8. Разм. Паспець прыйсці, прыехаць куды‑н. у пэўны час, момант. Ехаў [Іван] дамоў і ўладзіў якраз на рада[ў]ніцу. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шчы́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім цесна злучаны састаўныя часцінкі; які змяшчае вялікую колькасць рэчыва ў малым аб’ёме. [Дзядзя Міша:] — Што ж ён [Грышка], небарака, будзе адчуваць, калі спадарожнік пачне зніжацца, увойдзе ў шчыльныя паветраныя пласты? Паслядовіч. Урэшце, лакатары бачаць і ў больш шчыльным асяроддзі. Шыцік. Пыл шчыльным слоем накрываў.. галовы [Міколы і Дзімы]. Аляхновіч. Аж па дах шчыльны снег замятае барак. А. Вольскі. // Густы, праз які не пранікае святло; непранікальны. Сонца не магло правіць шчыльную заслону. Савіцкі. З усіх бакоў насоўвалася чарната — шчыльная, злавесная. Карпаў. / у перан. ужыв. Трохтонка вырвалася З цішыні шчыльнай — Прастуе па бальшаку. Барадулін. // З частым перапляценнем (пра тканіну). Вялікія вокны былі напалову заценены цяжкімі шчыльнымі барвова-чорнымі парцьерамі. Новікаў.

2. Які складаецца з блізка размешчаных адзін ля другога асоб, прадметаў, частак; часты. Быў гэты гарадок: маленькі, ціхі, пусты, з вузкімі кароткімі вуліцамі, з нізкімі драўлянымі домікамі за шчыльнымі і высокімі платамі. Адамчык. Дрэвы адступаюць .. [падарожніка] шчыльнай сцяной, нібы свядома перашкаджаючы выбрацца з лесу. В. Вольскі. Садзяцца хлопцы ў шчыльны круг Каля рыбацкага кастра. Смагаровіч.

3. Які мае мала прасторы, з абмежаванай прасторай; цесны. У ракавіне шчыльнай Вандроўнік сядзяць. Танк.

4. перан. Дасканалы, плённы, прадукцыйны. Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. У гэтым выпадку толькі больш шчыльным стане рэжым іх работы. «Звязда». // Насычаны, напоўнены якімі‑н. падзеямі, мерапрыемствамі і пад. У летнія месяцы спартыўны каляндар бывае асабліва шчыльным. «Беларусь». // Хуткі, безупынны. — А дзе ён сёння, Сцяпан Антонавіч? — улучае хвіліну, каб утачыцца ў шчыльную Марыніну гаворку, Зіна. Палтаран. // Моцна звязаны, з’яднаны агульнымі інтарэсамі, мэтамі, задачамі і пад. Узаемная прыязнь,.. загартаваная выпрабаваннямі ў агні, стварала шчыльную баявую сям’ю. Брыль. Такі быў склаўся шчыльны дружны гурток, засяроджаны ў прытульным пакойчыку Веры Засуліч. Зарэцкі. На шчыльную еднасць з народам нас заўсёды накіроўвае партыя. Лужанін. Трымаючы шчыльную сувязь з атрадам, .. [Лялькевіч] рабіў нешта значна большае... Шамякін.

•••

Шчыльны агонь — абстрэл, пры якім па кожны ўчастак фронту, плошчы, якая абстрэльваецца, падае вялікая колькасць мін, куль, снарадаў і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Какалю́ка ’кій з самаробнай папярочкай’ (Дразд.). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Бел. слова знаходзіцца ў празрыстай сувязі з клюка ’тс’, параўн. рус., укр. клюка ’тс’ прасл.: в.-луж. kluka ’крук’, серб.-харв. кљу̏ка ’крук і інш.’ і г. д. Галосны ‑а‑ ў другім складзе ў выніку праяснення прыгуку (у форме каклюка) або, што не выключана, указвае на ўплыў іншай лексемы (тыпу какоўка ’папярочка’). Аналагічнае рус. пск. коколячка ’драўляны цвік, на які вешаюць умывальнік’, аднак відавочна, што калі галосны ‑(j)а‑ тут быў і ў зыходнай лексеме, генезіс яго іншы. Можна думаць, колячка адпавядае таксама пск. колка ’драўляны цвік, на які вешаюць шапкі, рушнікі і да т. п.’, дэмінутыў ад кол, параўн. бран., смал., кур. і інш. колок ’драўляны цвік у якасці вешалкі’. Калі гэта так, пск. слова ўтворана хутчэй за ўсё рэдуплікацыяй першага складу.’ Верагодна думаць і пра архетып кляч‑ (кокляч‑), параўн. кастр. клячикмаленькі клін, драўляны гваздок’, ярасл. ’драўляная палачка, на якой вісіць аўчына, калі яе мнуць’. Пры такім тлумачэнні і бел. і пск. словы, як аналагічныя па ўтварэнню (коклюка, коклячка), можна параўнаць з рус. коклюха ’палка, дубінка’, коклюшка (паўдн.-урал.) ’папярочка ў лапаце’, аднак, рус. паралель патрабуе агаворкі. Па сутнасці, толькі адзінкавыя значэнні рус. коклюха (форма наогул рэдкая), коклюшка суадносяцца з семемамі, адзначанымі ў клюка, клюшка. Параўн. коклюшка ’палкі; рукаятка, верхні канец якой зроблены шыйкай з перахватам; верацяно з пражай; цэўка ў кроснах; карункі; вузел, якім сцягваецца пасярэдзіне перавясла і да т. п.’ і клюка, клюха ’дарожная палка, посах; качарга, крук; палка з загнутым канцом і інш.’, ключка ’невялікая палка або мыліца з загнутым верхнім канцом’, клюшка ’палка з загнутым канцом; качарга; драўляныя жэрдкі з загнутымі канцамі, якія падтрымліваюць латок у даху; дзерава, вырубленае з коранем і інш.’, гл. падрабязней СРНГ, 14, 88–89; 13, 319–320, 326–327. Падобныя недакладнасці вымушаюць сумнявацца ў прапанаваным яшчэ Мацэнаўэрам чляненні ко‑клюха, аднак і для версіі кокл‑юва за адзінкавымі прыкладамі (параўн. астрах. кокляк ’камень, кусок дрэва, качарга і да т. п. на дне рэчкі, за якія можа зачапіцца вудачка’) нельга знайсці падтрымку. Старыя параўнанні Праабражэнскага, 1, 331, з літ. kãklas ’шыя’, грэч. κύκλος ’круг, калясо’ ўяўляюцца таксама мала верагоднымі. Да бел. і пск. слоў яўна далучаецца і алан., арханг. коклёвка, коллевка (апошняя форма не вельмі надзейная, гл. СРНГ, 14, 88) ’палка з крывым верхнім канцом для апоры; кульба (звычайна ў старцаў), аднак нельга не адзначыць, што і тут вычляненне другой часткі слаба пацвярджаецца семантычна, — рус. калуж., пск. клёвка ’матыга, молат’, іншыя варыянты толькі ўскосна дазваляюць меркаваць аб сувязі гэтых слоў і вычлененай часткі клевка. Апрача гэтага, не вельмі ясна і з’яўленне ко‑ ў разгдядаемых словах, паколькі ўмоў для рэдуплікацыі быццам бы няма. Таму тут нельга выключыць уплыў лексікі з блізкай семантыкай, у структуры якіх аналагічная першая частка (ко‑) з’яўляецца заканамернай. Фасмер (2, 282) меркаваў аб прэфіксе ко‑ ў адносінах да рус. коклюха, але як у тым выпадку, так і ў дачыненні да бел. слова такую версію нельга прыняць, паколькі гэта лексіка не з’яўляецца тыповай у шэрагу ўтварэнняў з такім суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)