княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАГУ́НЫ (франц. dragon, адз. л.),
від кавалерыі, здольнай дзейнічаць у пешым страі. З’явіліся ў 16 ст. ў Францыі (пасаджаныя на коней пехацінцы, якія спешваліся пры сустрэчы з праціўнікам). З 17 ст. драгунскія палкі існавалі ў Германіі, Польшчы, Беларусі (у складзе войска ВКЛ, да канца 18 ст.), Расіі (1631 — пач. 1918), у 18—20 ст. — у большасці еўрап. армій (належалі да цяжкай або сярэдняй кавалерыі, складалі 1/3 усёй конніцы). У розны час мелі на ўзбраенні пісталеты, мушкеты, фузеі, карабіны, вінтоўкі, шаблі, палашы, шашкі.
Літ.:
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994;
Грыгор’еў М. Войска ВКЛ: Ад Сасаў да Касьцюшкі, 1765—1794. Мн., 1994.
Да арт.Драгуны. Маёр коннагвардзейскага (драгунскага) палка ВКЛ у мундзіры ўзору 1792, узброены гвардзейскім палашом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСІДО́Р, Сідар (?, г. Салонікі, Грэцыя — 1462),
царкоўны дзеяч Вялікага княства Маскоўскага і ВКЛ. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (1437—41) з рэзідэнцыяй у Маскве (гл.Кіеўская мітраполія). На царк. саборы ў Італіі падтрымаў Фларэнційскую унію 1439 аб аб’яднанні правасл. царквы з каталіцкай. На зваротным шляху ў 1440 наведаў Вільню і кафедральныя гарады падначаленых яму епархій у ВКЛ (Полацк, Тураў, Кіеў). Аднак правасл. насельніцтва ВКЛ унію не падтрымала. Пасля вяртання ў 1441 І. ў Маскву духавенства і баярская рада прызналі акты Фларэнційскага сабора некананічнымі і скасавалі іх. І. быў пазбаўлены ўлады і зняволены ў Чудаў манастыр, адкуль уцёк у ВКЛ. Пазней жыў у Рыме. У 1458 адрокся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць свайго вучня Грыгорыя Балгарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУА́ЛА-ЛУ́МПУР (Kuala Lumpur),
горад, сталіца Малайзіі, на п-ве Малака. Адм. ц. Федэральнай сталічнай тэрыторыі. 1236 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны паліт., прамысл. (каля 40% прамысл. прадукцыі краіны) і гандл.-фін. цэнтр краіны. Прам-сць: эл.-тэхн. і радыётэхн., тэкст., маш.-буд., харч., хім., папяровая, аўтазборачная, лесапільная, цэментная. Перапрацоўка каўчуку і алавянай руды. Нац. і Малайскі ун-ты. Нац. музей Малайзіі. Кітайскія дамы і храмы; мячэці (20 ст.).
Засн. ў 1857 горнарабочымі-кітайцамі. У 1880—1974 сталіца Селангара (княства, потым штата). У 1946—57 адм. ц.брыт. калоніі Малайскі саюз (у 1948—57 Малайская Федэрацыя). З 1957 сталіца Малайзіі; з 1974 горад мае статус Федэральнай тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧВялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НСКІЯ,
княжацкі род у Расіі і ВКЛ. Паходзілі ад Рурыкавічаў, уладальнікаў г. Пронск (адсюль прозвішча). Страцілі Пронск да 1483, калі ён ужо быў у складзе Разанскага княства (з 1521 у Вял. княстве Маскоўскім). Найб. вядомыя:
Іван Уладзіміравіч (? — каля 1430), уладальнік Пронска. У 1427 разам з разанскім князем прызнаў вяршэнства вял. князя ВКЛ Вітаўта. Глеб Юр’евіч (?—1513), сын Юрыя Фёдаравіча, намеснік астрынскі ў 1501, бабруйскі ў 1504, мейшагольскі ў 1508, пасол у Арду. Сямён Глебавіч (у каталіцтве Фрыдэрык; ?—1555), сын Глеба Юр’евіча, ваявода кіеўскі з 1544. Аляксандр Фрыдэрык (каля 1550 — каля 1595), сын Сямёна Глебавіча, стольнік ВКЛ у 1576—88, староста луцкі з 1580, кашталян трокскі з 1591. Удзельнік Інфлянцкай вайны 1558—82. На яго сынах род П. у ВКЛ згас.
нарвежскі славіст. Д-р філасофіі (1929). Скончыў ун-т у Осла (1927), у 1938—70 праф. кафедры слав. моў гэтага ун-та. Аўтар прац у галіне параўнальна-гіст. індаеўрап. і слав. мовазнаўства. Шмат увагі аддаваў гісторыі ўсх.-слав. моў, асабліва беларускай. У кн. «Заходняруская канцылярская мова Вялікага княства Літоўскага» (1935, на ням. мове) на вял. фактычным матэрыяле з юрыд. пісьмовых помнікаў абгрунтаваў сцверджанне аб бел. аснове мовы дзелавой пісьменнасці ВКЛ. Манаграфію «Старажытнаруская мова помнікаў горада Полацка» (1939, на ням. мове) прысвяціў падрабязнаму апісанню фанетыкі, марфалогіі, сінтаксісу і лексікі полацкіх грамат 13—16 ст. Аўтар прац «Славянскі і балтыйскі дзеяслоў» (1942, на ням. мове), «Славянская акцэнтуацыя» (1967, на англ. мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1468,
першы кодэкс крымінальнага і працэсуальнага права ВКЛ, выдадзены Казімірам IV 29.2.1468. Напісаны на бел. мове суцэльным тэкстам. У 19 ст. падзелены гісторыкамі на 28 ці 25 артыкулаў. Дзейнічаў да выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. С. вызначаў адзіныя для ўсяго ВКЛ віды пакарання за злачынствы супраць феад. уласнасці, змяняў парадак судаводства па гэтых справах, абмяжоўваў адказнасць жонкі і дзяцей за злачынствы мужа, скарачаў плацяжы на карысць суддзяў, павышаў адказнасць за прытулак бадзягам, прадугледжваў адказнасць за дапамогу пры ўцёках і арганізацыю ўцёкаў чэлядзі і феадальна-залежных людзей ад феадалаў. Асн. віды пакарання паводле судзебніка: пакаранне смерцю, грашовыя спагнанні і пабоі.
Публ.: Акты, относящиеся к истории Западной России. собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1. СПб., 1846. № 67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАПО́ЛК ІЗЯСЛА́ВІЧ (у праваслаўі Гаўрыіл, у каталіцтве Пётр; паміж 1043 і 1050—22.11.1086 або 22.11.1087),
князь полацкі, уладзіміра-валынскі, тураўскі.
Сын Ізяслава Яраславіча. У 1071 перамог войска полацкага кн.Усяслава Брачыславіча пад Галацічаскам, пасля чаго, відаць, авалодаў Полацкім княствам. У 1073 у выніку міжусобіцы выгнаны з Русі разам з бацькам. Шукаў падтрымкі ў Польшчы, Германіі, у рымскага папы; прыняў каталіцтва. Пасля вяртання бацькі ў 1077 атрымаў ад яго Вышгарад. У 1078 вял. кіеўскі кн. Усевалад Яраславіч перадаў Я.І. Уладзіміра-Валынскае княства, да якога, паводле некат. звестак, дадаў Тураўскае. Прылічаны да правасл. святых, дзень памяці — 22 ліст. (5 снеж.). Захаваліся 2 партрэты Я.І. 11 ст. ў «Кодэксе Гертруды» («Трырскім псалтыры»).
В.С.Пазднякоў.
Яраполк Ізяславіч з жонкай. Мініяцюра з «Кодэкса Гертруды».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ЎНУТ, Яўнуцій (у праваслаўі Іван; каля 1308 — пасля 1366),
вялікі князь ВКЛ [1341—45]. Сын вял. князя ВКЛГедзіміна і палачанкі Евы (Еўны). Атрымаў ад бацькі ва ўдзел гарады Ашмяны, Браслаў і Вількамір. Пасля смерці Гедзіміна паводле яго завяшчання стаў вял. князем ВКЛ у канцы 1341. Пасля смерці ў пач. 1345 вял. княгіні Евы яго браты Альгерд і Кейстут арганізавалі супраць Я. змову. Згодна з папярэдняй дамовай Кейстут абвясціў Альгерда вял. князем ВКЛ, фактычна яны падзялілі дзяржаву. Я. уцёк у Маскву да свайго швагра, вял. князя маскоўскага Сямёна Іванавіча Гордага, дзе ў 1346 прыняў праваслаўе. У 1347 памірыўся з Альгердам і Кейстутам, вярнуўся і атрымаў ва ўдзел Заслаўскае княства, у склад якога некаторы час уваходзіў і Менск. Родапачынальнік князёў Заслаўскіх.