Губкі банцікам — пра невялікі, звычайна жаночы, рот з крыху ўзнятай і прыгожа выгнутай верхняй губой.
гу́бка2, ‑і, ДМ ‑бцы; Рмн. ‑бак; ж.
1. Мнагаклетачная беспазваночная марская жывёліна тыпу прасцейшых, якая вядзе сядзячы спосаб жыцця.
2. Мяккі, порысты касцяк некаторых відаў гэтых жывёлін, які добра ўбірае вільгаць і выкарыстоўваецца ў медыцыне і тэхніцы. // Порыстая мачалка з гумы або іншых матэрыялаў. Мыцца губкай.
гу́бка3, ‑і, ДМ ‑бцы; Рмн. ‑бак; ж.
Высушанае цела губы-грыба, якое служыць для здабывання агню. Сымон, як злодзей, мех знімае, У хлеў падпал кладзе ў куток, Па скалцы крэсівам чок! чок! І іскру ў губцы раздзімае.Колас.
гу́бка4, ‑і, ДМ ‑бцы; Рмн. ‑бак; ж.
Уст. Мера асновы, палатна даўжынёй на хатнюю сцяну. Рукі ўжо вядуць несканчона доўгую нітку па бярвенчатай сцяне: на хвіліну спыніўшыся, яны палічаць пасмы і зноў снуюць і снуюць — губка за губкай, губка за губкай.Палтаран.Ішла.. [Хіса] пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем.Каваль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уве́рх, прысл.
1. У вышыню, угору; увысь; проціл. уніз. Струнамі гудуць правады, прагнае полымя шалёна ўзвіваецца ўверх.Лынькоў.Туман ірвануўся ўверх.Бядуля.// У напрамку да верхняй часткі чаго‑н. Перамагаючы страх, я пачынаю карабкацца па сцяне. Але ногі мае коўзаюцца, рукі зрываюцца, і хутка я лячу ўніз .. — Пачакай, — кажу я, — дай злаўчыцца. Зноў карабкаюся ўверх.Якімовіч.
2.(звычайнаўспалучэннізназ.уТ). Унутраным бокам наверх, ніжняй часткай прадмета ўгору. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе.Колас.[Рыбацкая лодка] не была прыкута, а ляжала ў кустах, перавернутая ўверх дном.Шамякін.
3. У напрамку да вытоку, вярхоўя ракі, супраць цячэння. Буксір узяў курс уверх па рацэ.«Маладосць».Дзіцячы гоман і плёскат вады чуўся .. далей, уверх па рэчцы.Брыль.— Дзядзька Мікола, — кажа [Настасся Ніліпаўна] старому, — не ўніз, а ўверх плывём.Бялевіч.
•••
Перавярнуцца ўверх дномгл. перавярнуцца.
Перавярнуць уверх дномгл. перавярнуць.
Уверх дном — не так, як трэба (ісці, пайсці і пад.) — пра ход спраў, парушэнне звычайнага парадку. [Марыля:] Як вярнуўся малады паніч недзе з далёкага краю, з навук, дык усё пайшло ўверх дном.Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АТМАСФЕ́РА (ад грэч. atmos пара + сфера) Зямлі, газавая абалонка вакол Зямлі, якая ўтрымліваецца яе прыцяжэннем, верціцца разам з ёю і забяспечвае жыццядзейнасць расліннага і жывёльнага свету. Маса атмасферы каля 5,15×1015т (адна мільённая доля масы Зямлі). Палавіна яе заключана ў слоі да 5 км, 90% — да 16 км, вышэй за 100 км — толькі мільённая частка. Выразнай верхняй мяжы не існуе, атмасфера паступова пераходзіць у касм. прастору (гл.Космас). За фіз. мяжу прымаюць выш. 1000—1200 км, тэарэтычная мяжа — 42 тыс.км, дзе цэнтрабежная сіла вярчэння Зямлі ўраўнаважваецца яе прыцяжэннем. З вышынёй мяняюцца фіз. ўласцівасці атмасферы: ціск, шчыльнасць, т-ра. Ціск атмасферы на ўзр. м. на 1 см² 1013,25 гПа, на выш. 5 км ён змяншаецца на ½. Залежнасць ціску ад вышыні выражаецца бараметрычнай формулай. Шчыльнасць паветра на ўзр. м. 1,27—1,30 кг/м³, на паверхні Зямлі ў Еўропе ў сярэднім 1,25 кг/м³, на выш. 20 км 0,087 кг/м³, на выш. 750 км менш за 10-13 кг/м³. Т-ра характарызуецца больш складанай залежнасцю ад вышыні.
Будова. Атмасфера мае выразную слаістую структуру. У аснову падзелу пакладзена вертыкальнае размеркаванне т-ры, паводле якога вылучаюць сферы і слаі-паўзы паміж імі. Ніжняя частка атмасферы — трапасфера, знаходзіцца над паверхняй Зямлі да выш. 8—10 км у палярных, 16—18 км у экватарыяльных шыротах. Характарызуецца паніжэннем т-ры з вышынёй каля 6,5 °C на 1 км. Пераходнаму слою (таўшчынёй ад соцень метраў да 2 км) паміж трапасферай і стратасферай — трапапаўзе — уласціва ізатэрмія. Стратасфера распасціраецца да 50 км, у ніжняй частцы яе т-ра пастаянная, з выш. 25—30 км павышаецца ў сярэднім на 0,3 °C на 100 м (у азанасферы). Паміж стратасферай і мезасферай размяшчаецца стратапаўза, у якой т-ра блізкая да 0 °C. У мезасферы (да выш. 80 км) т-ра зніжаецца на 0,35 °C на 100 м вышыні (да -90 °C), развіваецца канвекцыя (вертыкальнае перамешванне), утвараюцца серабрыстыя воблакі. У мезасферы адзначаецца іанізацыя часцінак газу. Мезапаўза знаходзіцца на выш. 80—85 км, ёй уласціва ізатэрмія ці слабае зніжэнне т-ры. Вышэй размешчана тэрмасфера (да 800—1000 м), дзе т-ра зноў рэзка павышаецца за кошт паглынання прамога сонечнага выпрамянення і дасягае 1500—2000 °C. Тэрмасфера адпавядае іанасферы, дзе паветра моцна іанізаванае ў выніку дысацыяцыі малекул газаў пад уздзеяннем ультрафіялетавай, рэнтгенаўскай і карпускулярнай радыяцыі, што з’яўляецца прычынай высокай т-ры, палярных ззянняў, свячэння атмасферы. Знешняя атмасфера — экзасфера, дзе адбываецца дысіпацыя газаў, іх часцінкі (пераважна атамы вадароду) рассейваюцца ў касм. прасторы і ўтвараюць карону Зямлі.
Састаў. Атмасфера паветра — сумесь газаў з дамешкам завіслых цвёрдых і вадкіх часцінак. Паводле хім. саставу вылучаюць гамасферу (да 90—100 км) з нязменнымі суадносінамі асн. газаў і гетэрасферу, дзе стан газаў і іх суадносіны вельмі зменлівыя. У сухім паветры гамасферы азот складае 78%, кісларод — 21, аргон — 0,9, вуглякіслы газ — 0,03%, астатняе — крыптон, ксенон, неон, гелій, вадарод, азон, ёд, радон, метан, аміяк і інш. Сучасны састаў атмасферы спрыяльны для жыцця на Зямлі: кісларод служыць для дыхання жывых арганізмаў, вуглякіслы газ — для стварэння арган. рэчываў раслін у працэсе фотасінтэзу. У фіз. працэсах, якія адбываюцца ў атмасферы, найб. актыўныя вадзяная пара, азон, вуглякіслы газ і атм. аэразолі. Вадзяная пара канцэнтруецца ў ніжніх слаях трапасферы (ад 0,1—0,2% у палярных шыротах да 3% у экватарыяльных), з вышынёй яе колькасць памяншаецца (на выш. 1,5—2 км на 50%), у нязначнай колькасці ёсць да выш. 15—20 км. Азон затрымлівае асн. частку ультрафіялетавага выпрамянення Сонца, гібельнага для ўсяго жывога на Зямлі. Канцэнтруецца ў азанасферы. Вуглякіслы газ здольны паглынаць даўгахвалевае выпрамяненне Зямлі і ствараць парніковы эфект атмасферы. Колькасць вуглякіслага газу павялічваецца ў сувязі з узмацненнем антрапагеннага ўздзеяння на атмасферу (мяркуюць, што да 2000 г. яго будзе 0,0375%). Атмасферныя аэразолі (завіслыя ў паветры цвёрдыя і вадкія часцінкі) таксама затрымліваюць цеплавое выпрамяненне паверхні Зямлі і ўплываюць на бачнасць у атмасферы. Прымеркаваныя да прыземных слаёў, частка іх пранікае ў стратасферу, дзе на выш. 15—20 км утвараецца аэразольны слой Юнге.
У гетэрасферы павялічваецца колькасць лёгкіх газаў, адбываецца дысацыяцыя малекул паветра і значная іанізацыя. Выразная змена стану газаў атмасферы адбываецца на выш. 100—210 км, дзе пераважае атамарны кісларод над малекулярнымі азотам і кіслародам. На выш. 500 км малекулярнага кіслароду практычна няма, вышэй за 600 км пераважае гелій, на выш. ад 2 да 20 тыс.км пашырана вадародная карона Зямлі. З верхняй часткай атмасферы звязаны радыяцыйныя паясы Зямлі: унутраны на выш. 500—1600 км і вонкавы, утвораныя электронамі з высокай энергіяй.
Паветраныя плыні. Вынікам неаднароднасці т-ры атмасферы па вертыкалі і нераўнамернага награвання палярных і экватарыяльных шырот, сухазем’я і мора з’яўляецца сістэма буйнамаштабных працэсаў — агульная цыркуляцыя атмасферы. Да яе належаць плыні ніжняй часткі трапасферы: пастаянныя — пасаты і сезонныя — мусоны, заходні перанос паветраных мас, канвекцыя, цыклоны і антыцыклоны і інш. Паблізу трапапаўзы, дзе існуе кантрастнасць т-ры, а таксама ў азонавым слоі на выш. 20—25 км утвараюцца магутныя струменныя плыні. Скорасць ветру ў верхняй стратасферы дасягае 100—150 м/сек. У тэрмасферы яна павялічваецца, тут адбываюцца прыліўныя рухі пад уздзеяннем Месяца і Сонца. Рухомасць атмасферы надае ёй ролю рэгулятара цеплаабмену Зямлі з космасам, радыяцыйнага і воднага балансу. Працэсы ўзаемадзеяння атмасферы і акіяна істотна ўплываюць на клімат Зямлі. Атмасфера мае электрычнае поле, якое фарміруецца пад уздзеяннем адмоўнага электрычнага поля Зямлі.
Паходжанне. Сучасная зямная атмасфера мае другаснае паходжанне, яна ўтварылася пасля ўзнікнення Зямлі ў выніку ўзаемадзеяння працэсу дэгазацыі з пародамі літасферы. Састаў атмасферы зменьваўся на працягу ўсёй гісторыі Зямлі, у т. л. і пад уплывам дзейнасці чалавека. Вылучаюць 2 асн. этапы — бескіслародны (2 млрд. гадоў назад) і кіслародны; маса кіслароду значна павялічылася ў фанеразоі пасля з’яўлення расліннасці на сушы.
Вывучэнне атмасферы пачалося ў антычны час. Навука пра атмасферу — метэаралогія сфарміравалася ў 19 ст. Для назіранняў за атмасферай створана сетка метэаралагічных станцый і пастоў, выкарыстоўваюцца метады вертыкальнага зандзіравання атмасферы, радыёлакацыя, пеленгацыя, самалёты, аўтам. аэрастаты, спец. судны, ракеты і метэаралагічныя спадарожнікі. У Беларусі назіранне за атмасферай праводзіцца на метэастанцыях гідраметэаралагічнай службы, у прамысл. цэнтрах вывучаюць і прагназіруюць ступені тэхнагеннага забруджвання; праводзяцца даследаванні радыенукліднага забруджвання атмасферы пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Будыко М.И., Ронов А.Б., Яншин А.Л. История атмосферы. Л., 1985;
Бримблкумб П. Состав и химия атмосферы: Пер. с англ.М., 1988.
Г.В.Валабуева.
Атмасфера: 1 — шары-зонды; 2 — метэоры; 3 — серабрыстыя воблакі; 4 — палярныя ззянні; 5 — адбіццё радыёхваляў дэкаметровага дыяпазону ад іанасферных слаёў; 6 — распаўсюджанне радыё-хваляў дэцыметровага дыяпазону (10 см — 1 м); 7 — штучныя спадарожнікі Зямлі; 8, 9 — унутраны радыяцыйны пояс, які ўтвараецца пратонамі, электронамі і іншымі зараджанымі часціцамі; 10 — сілавыя лініі магнітнага поля Зямлі (у зоне экватара).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,
геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.
Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.
На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняйч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,
перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10−5м/с2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.
Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Плат1 ’намітка, галаўны ўбор у беларускіх жанчын накшталт рушніка’ (Малч.), ’хустка’ (пруж., Хрэст. дыял.; Касп.; пруж., Сл. ПЗБ; жлоб., Мат. Гом.; дзятл., Сцяшк. Сл.), ’тоўстая хустка, якою накрываюцца паверх верхняй вопраткі’ (кобр., ДАБМ, камент., 945), плато́к ’хустачка’ (Некр.), ’хустка’ (в.-дзв., даўг., Сл. ПЗБ), пла́цік ’палатно, якое ужываецца шапаваламі: намочаны плацік рассцілаюць на стале і на ім раскладваюць слой воўны’ (Дэмб. 2), плату́шка ’хустка, у якую ўвязвалі ежу ў поле’ (паст., Сл. ПЗБ), плато́чак ’пялёнка’ (брагін., Мат. Гом.). Укр.палес.плат ’3–4 м тонкага белага палатна, якім абвіваюць галаву маладой на вяселлі’, зах.-валын. ’пакрывала для нябожчыка’, ’кавалак грубага палатна, у які загортвалі насенне лёну ў час выціскання з яго алею’, бойк.плат, пла́тка ’хустка’, плата́ти ’латаць’; рус.плат ’вялікая хустка’, ’рушнік’, ’абрус’, ’тканіна, павешаная на крыж’, плата́ть ’латаць’, запла́тка ’лапік’; польск.płat ’кавалак палатна, сукна, анучы; ануча, хустка, палотнішча, лата, лахман’; з XV ст. таксама ’кавалак скуры’, płatak ’стракаты конь’; в.-луж., н.-луж.płat ’палатно, тканіна’, płataś ’латаць’, балг.плат ’тканіна, матэрыял’, ст.-слав.плать ’тс’. Прасл.*platъ ’кавалак палатна як грашовая адзінка, тканіна’, якое адносяць да гнязда дзеяслова plesti, pletǫ (Варбат, Этимология–1970, 62–63), і.-е.*plōt‑o‑s ’прымітыўная тканіна, пляцёнка-мата’ (Банькоўскі, 2, 619) < *plet‑, роднаснымі ім можна лічыць літ.platùs ’шырокі’, лат.plats, ст.-грэч.πλατύς ’тс’. Пазней у прасл.*platъ з’явілася значэнне ’кавалак скуры’ (гл. пла́та2). Буга (Rinkt., 2, 516) для прасл.*platъ выводзіць і.-е.*plā‑to, даючы, такім чынам, магчымасць растлумачыць бел.дыял.платва < польск.płatwa ’бэлька’, płatewka ’аскепак, адколатае дрэва’, płatać ’расшчапляць’, укр.бойк.плата́ти ’адколваць’. З *platъ ’палатно як грашовая адзінка’ ўтварыўся дзеяслоў *platiti > плаці́ць (гл.), а са значэннем ’латка’ — дзеяслоў *platati ’латаць’ (Гаўлава, Etym. Brun., 39).
Плат2 ’плацеж’ (Нас.), рус.маск.плат ’плата’. Да плат1 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Саба́ка1 м. р. ’свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад.’ Укр.соба́ка с. і ж. р., рус.соба́ка ж. р., ’тс’. За межамі ўсх.-слав. моў толькі польск.дыял.sobaka (Вялікапольшча; у Верхняй Сілезіі — як лаянка); каш.sobaka ’разбэшчаны чалавек’. Большасць даследчыкаў лічаць слова запазычаннем з іран.; параўн. сяр.-іран.*sabāaka‑, сяр. парсі sabah (напр., Уленбек, 322), авесц.spaka‑, прым. ’сабачы’, spā ’сабака’, мідыйск.σπάκα (гл. Фасмер, 3, 702 з літ-рай). Пры гэтым польскае і кашубскае словы тлумачацца як запазычанне з рускай, «з мовы фурманаў» (Міклашыч, 312; Развадоўскі, RO, 1, 107; Брукнер, 53; таксама Шцібер, SOr, 27, 257–258 кашубскае слова лічыць новым пранікненнем у часы вайны з мовы беларускага або рускага насельніцтва. Супраць Фасмер, там жа і Сялішчаў, ИОРЯС, 32, 308. Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 184) і Корш (у Фасмера, 3, 702), абараняючы іранскае паходжанне, лічаць магчымым цюркскае або фінскае пасрэдніцтва. Фасмер (там жа) выказвае меркаванне, што давесці гэтага нельга, а як семантычнае абгрунтаванне прыводзіць італ.alano, ст.-франц.праванс.alan ’дог’, якое з нар.-лац.alanus ’аланскі’, г. зн. іранскі сабака. Другі, кардынальна адменны пункт погляду на паходжанне слова ў Трубачова (Происх., 29 і наст.), які, указваючы на фанетычныя і знешнелінгвістычныя фактары, лічыць слова цюркізмам < цюрк.köbäk ’сабака’. Змена роду ў бел. і ўкр. ⁺собака Карскі (Белорусы 2–3, 15) тлумачыць паўсюдным ужываннем для істоты ж. р. слова сука, г. зн., відаць, проціпастаўленню рус.кобель — сука адпавядае бел. і ўкр.сабака — сука.
Саба́ка2 ’мерка для раўнамернага набівання рашацін на страху’ (Шат.), ’заціскачка’ (Сл. ПЗБ), ’палка для ўмацоўвання кола задняга навоя’ (Жыв. сл.), соба́ка ’вілы з загнутымі ўніз канцамі’ (Выг.). Да сабака1. Семантычную матывацыю гл. сабачка2.
Саба́ка3 ’устарэлая мера дроў’ (лун., Шат.). Параўн. сабачкі3. Відаць, ’столькі дроў, колькі памяшчаецца на такіх санках’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АПАЗНАВА́ЛЬНЫЯ ЗНА́КІ,
адзнакі на транспартных сродках, ваен. тэхніцы і ўзбраенні. Вызначаюць іх дзярж. прыналежнасць, прызначэнне, дачыненне да аб’яднанняў, відаў і родаў войскаў і інш. Складаюцца з сімвалаў, літар, лічбаў, спец. знакаў і іх камбінацый.
Апазнавальныя знакі лятальных апаратаў (ЛА) вызначаюцца Міжнар. арг-цыяй грамадз. авіяцыі (ІКАО). Звычайна складаюцца з пач. літар назвы дзяржавы і лічбавага знака, які прысвойваецца ЛА пры занясенні ў рэестр грамадз.паветр. суднаў дзяржавы. Наносяцца на крылы, бакавыя паверхні фюзеляжа, кіль. Ваен. самалёты і верталёты маюць апазнавальныя знакі ў выглядзе геам. фігур (кругоў, квадратаў, палос, зорак, крыжоў і інш.). Напр., апазнавальныя знакі ЛА Германіі — чорны крыж і выява дзярж. сцяга; Японіі — чырвоны круг; ЗША — белая пяціканцовая зорка. Апазнавальныя знакі караблёў і суднаў (у т. л.ваен.) — выява дзярж. сцяга і бартавы нумар (вялікія караблі маюць таксама ўласную назву). Апазнавальныя знакі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, іх прыналежнасці да віду ўзбр. сіл, роду войскаў (службы) маюць большасць дзяржаў. Апазнавальныя знакі прыналежнасці да аб’яднання, злучэння і інш. ўключаюць іх эмблемы і групу лічбаў, іншыя апазнавальныя знакі — спец. каляровыя знакі ў выглядзе палос, рысункаў, геам. фігур і г.д. На грамадз.трансп. сродках наносяцца міжнар. апазнавальныя знакі (гл.табл.).
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь апазнавальныя знакі — круг, падзелены гарызантальнай лініяй. У верхняй палове круга літары МА, знізу — выява дзярж. сцяга. На аўтамабілі, матацыклы, прычэпы таксама наносяцца: чырвоны крыж — на санітарныя машыны; Т — на машыны трансп. групы; ВАІ — на аўтамабілі і матацыклы ваен. аўтаінспекцыі і інш.
Міжнародныя апазнавальныя знакі на аўтамабілях
Аргенціна
RA
ЗША
USA
Расія
ROS
Аўстрыя
A
Ізраіль
IL
Румынія
RO
Балгарыя
BG
Індыя
IND
Турцыя
TR
Беларусь
BY
Іспанія
E
Украіна
UA
Бельгія
B
Італія
I
Фінляндыя
SF
Бразілія
BR
Канада
CON
Францыя
F
Венгрыя
H
Кітай
TJ
Чэхія
CZ
Вялікабрытанія
GB
Латвія
LR
Швейцарыя
CH
Германія
D
Нарвегія
N
Швецыя
S
Данія
DK
Партугалія
P
Югаславія
YU
Егіпет
ET
Польшча
PL
Японія
J
Апазнавальныя знакі на ваенных самалётах: 1 — Вялікабрытаніі; 2 — ЗША; 3 — Італіі; 4 — Кітая; 5 — Фінляндыі; 6 — Францыі; 7 — ФРГ; 8 — Японіі.Апазнавальныя знакі (эмблемы) на трубах гандлёвых суднаў: 1 — Вялікабрытаніі (кампанія «Рабінзон энд Сан»); 2 — Галандыі («Конінклійке»); 3 — ЗША («Мобіл Ойл»); 4 — Італіі («Адрыятыка Сасьетэ»); 5 — Канады («Уэстэрн Канада Стымшып»); 6 — Турцыі («Дэнезчылык Банкасы»); 7 — ФРГ («Ханза»); 8 — Японіі («Таё Каюн Сангуо»).Апазнавальныя знакі авіяэскадрылляў. Тактычных знішчальных: 1—2 — Вялікабрытаніі; 9—12 — ЗША; знішчальных: 3—4 — Вялікабрытаніі; 5—8 — Францыі («Эльзас», «Іль дэ Франс», «Нармандыя—Нёман», «Ларэн»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАН,
1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.
Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д.Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст.Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл.Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл.Ганчарны горан).
4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕВА-ПЯЧЭ́РСКАЯ ЛА́ЎРА,
мужчынскі правасл. манастыр у Кіеве. Засн. ў 1051 пры князю Яраславе Мудрым манахамі Антоніем і Феадосіем у пячэрах (адсюль назва) на правым беразе Дняпра. У 11 ст. адзін з гал. цэнтраў распаўсюджання хрысціянства на Русі, стараж. кніжнасці (вялося летапісанне, складзены зб. жыціяў манахаў «Кіева Пячэрскі пацярык»), стараж.-рус. і ўкр. іканапісу. У 1096 манастыр моцна пацярпеў ад набегу полаўцаў, у 1240 разбураны войскамі хана Батыя, у 1482 разрабаваны і спалены крымскім ханам Менглі-Гірэем. У 16—17 ст. адзін з цэнтраў антыкаталіцкага і антыуніяцкага руху на Украіне. З 1598 манастыр меў статус лаўры, пры якой у пач. 17 ст. адкрыта друкарня (у 2-й пал. 17 ст. надрукавана больш за 120 назваў кніг), у 1631 заснавана школа (гл.Кіеўская акадэмія). Да часу секулярызацыі (1786) К.-П.л. належалі 3 гарады, 7 мястэчак, каля 200 вёсак і хутароў (больш за 70 тыс. прыгонных), 2 папяровыя ф-кі, 11 цагельняў, 6 шклозаводаў і інш. У 1917 у лаўры было 300 манахаў, 6700 дзесяцін зямлі. З 1926 музей-запаведнік, у 1929 зачынены манастыр (часова дзейнічаў у 1942—61). У 1988 адчынены Свята-Успенскі Кіева-Пячэрскі манастыр, у 1989 — духоўная семінарыя. У 1187—1870 у Феадосіевай пячоры лаўры знаходзіліся мошчы Ефрасінні Полацкай.
Арх. комплекс Верхняй лаўры і ансамбля Блізкіх і Далёкіх пячор склаўся ў 11—19 ст.Найб.стараж. пабудовы: гал. храм — Успенскі сабор (1073—78, рэстаўрыраваны ў 1723—29, зруйнаваны ў 1941), Троіцкая надбрамная царква (1106—08, перабудавана ў 1722—29) з размалёўкамі ўкр. майстроў і разным іканастасам. У стылі ўкр. барока пабудаваны каменныя абарончыя сцены (1690—1702), царква Усіх святых (1696—98) над Эканамічнай брамай, царква Спаса на Бераставе (1113—25, зруйнавана, адноўлена ў 1-й пал. 17 ст.) са званіцай (1813—14, арх. А.І.Мяленскі, класіцызм), Коўніраўскі корпус (1744—72, арх. С.Дз.Коўнір), цэрквы Узвіжання (1700) на Блізкіх і Раства Багародзіцы (1696) са званіцай (1754—61) на Далёкіх пячорах. Гал. вертыкаль лаўры, што звязвала ўсе тры ансамблі ў адзіную прасторавую кампазіцыю — Вял. лаўрская званіца (1731—45, арх. Ф.Васільеў, будаваў Г.І.Шэдэль, выш. 96,5 м). З 1926 гіст.-культ. музей-запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.