АСЦЫЛЯ́ЦЫІ,

флуктуацыі, ваганне колькасці і прадукцыйнасці папуляцыі. Графічна паказваюцца ў выглядзе хвалепадобнай крывой. Падзяляюцца на рэлаксацыйныя (трыгерныя), спалучаныя, цыклічныя, асцыляцыі колькасці. Асцыляцыі рэлаксацыйныя (трыгерныя) — ваганні росту шчыльнасці папуляцый, пры якіх адбываецца поўны абмен энергіяй (павольнае падняцце і рэзкае апусканне крывой). Надыходзяць пасля экспаненцыяльнага росту шчыльнасці папуляцый да верхняй асімптоты пры раптоўным спыненні росту і зніжэнні шчыльнасці папуляцый, напрыклад, папуляцый аднаклетачных водарасцяў, аднагадовых раслін, некаторых насякомых і, магчыма, лемінгаў у тундры. Асцыляцыі спалучаныя — ваганне колькасці папуляцый, пры якіх цыклічныя змены шчыльнасці папуляцый абодвух відаў, што ўзаемадзейнічаюць, звязаны паміж сабой; напрыклад папуляцыі драпежніка і ахвяры; прадукцыя насення ў хваёвых лясах і колькасць птушак і інш. жывёл, якія імі кормяцца. Асцыляцыі цыклічныя — рэгулярныя ваганні колькасці папуляцый, напрыклад колькасць зайца-беляка, рысі, каўнерыкавага рабчыка, цецерука і інш. Асцыляцыі колькасці — ваганне колькасці папуляцый адносна сярэдняй велічыні з пакалення ў пакаленне. Для прыродных папуляцый характэрныя асцыляцыі сезонныя — змены колькасці папуляцый у залежнасці ад фактараў асяроддзя, і асцыляцыі гадавыя, абумоўленыя знешнімі фіз. фактарамі асяроддзя і звязаныя са зменай унутраных фактараў самой папуляцыі.

т. 2, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)