Прыпё́ка ’рэдкі тварог са смятанай’; ’тоўчаная бульба са смятанай, з маслам, з салам, з яйкамі’; ’чыстая смятана’; ’тоўчаны мак, каноплі, намазаныя тонкім слоем на сачэнь’ (Нік. Очерки), таксама прыпека́нікі ’дранікі’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. припёк, припёка ’праснак, дранік, булачка, якую выпякаюць на велікодным тыдні’; ’дробныя ячныя крупы ці мак, яйкі, якімі пасыпаюць печыва, аладкі, блінцы’. Нулявы дэрыват ад дзеяслова прыпякаць (гл. пячы) з тэматычным ‑а‑. Паводле Чарныш (Слов. лексика, 88), арэальнае руска-беларускае ўтварэнне для абазначэння розных начынак, пасылак і г. д.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ванцак ’хвароба жывата’ (Сцяшк. МГ); ’падучая’ (Шат., Касп.); ’рэзь у жываце’ (БРС). Фанетычна пераробленае запазычанне з польскай мовы, на што ўказвае, у прыватнасці, наяўнасць насавога. Польск. wąsad і памылковае wąsacz ’боль у крыжы’ (адкуль беларускае ванцак ’хвароба жывата’). Брукнер (605) тлумачыць wąsad, як ’тое, што ўсаджана’ і параўноўвае з чэш. úsad ’боль у крыжы’, балг. усади ’хвароба скаціны’. Форма ванцак тлумачыцца перараскладаннем запазычанага слова на ванц‑ і ‑ак, на падставе чаго ўзніклі ванцяць ’абняславіць’ (гл.) і ванцаты ’нервовы, шалёны’ (гл.). Параўн. Вярэніч, БЛ, 11, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Арнау́тка ’гатунак пшаніцы, Triticum durum’. Рус. арнау́тка, укр. арнау́тка, арнаву́тка ’тс’, польск. arnautka ’тс’, ’грэчка’, рус. grâu arnăút ’тс’, тур. arnaut darisi ’гатунак проса’. Беларускае з рускай; у рускай з турэцкай ці ўкраінскай (< малд. < тур. — Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122 па Раговічу (1873)). Першаснае значэнне слова арнаут ’албанец’ (< тур. arna(v)ut < грэч. ἀρναβίτης < ἀρβανίτης), адкуль ’албанскі гатунак збожжа’. У рускіх гаворках захоўваецца і арнау́т ’басурман’. У Мінску (канец 1960‑х гадоў) нейкі час бытавала назва хлеба арнау́т (кіеўскі арнаут) < укр. арнаут. Фасмер, 1, 88.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асе́чка1 ’выстрал, які не адбыўся’. Рус. осе́чка, укр. осі́чка. Аддзеяслоўны назоўнік ад дзеяслова асячыся, асекчыся: у сувязі з выкарыстаннем крэменю ў затворы зброі, калі высечаны агонь не трапляў на месца. Не выключана, што беларускае слова (як і ўкраінскае) запазычана з рускай мовы.

А́сечка2 ’ласкавы адказ на кліч’ (Нас.). Рус. (дан.) асечка ласкавае перапытанне’ (параўн. ась, асе, асё, аси, асенька, асетка, асечка, аська). Утворана з памяншальным суфіксам ‑(е)чк‑ ад ась, асе, якое, паводле Даля 1, 27; Фасмера 1, 95, з а‑се (гл. ась).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пасабе́йку ’паасобку, па сабе’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ). Беларускае. Утворана ад зваротнага займенніка сябе пры дапамозе прыстаўкі па‑ і суфікса ‑к‑y (Шуба, Прыслоўе, 63) — варыянта суфікса ‑к‑i (удоўжкі, ту́такі). Інфікс ‑й‑, магчыма, пад уплывам прыслоўяў: слуц. аднэйка ’аднойчы’, глус. двойкі ’двойчы’, тройкі ’тройчы’. У іншых слав. мовах лексемы адрозніваюцца суфіксамі: рус. арханг. поособице, польск. posobkiem, w posobicy, серб.-харв. по̀себице, по̀себно, макед. посебно (укр. зосібна) ’паасобку’, польск. posobnie, posobny, н.-луж. posobicy, чэш. posobný ’па чарзе, (ісці) адзін за адным’, ст.-слав. пособь ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рабі́ць ’займацца чым-небудзь’, ’майстраваць’, ’працаваць’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Сцяшк., Ян., Бяльк., Гарэц., Янк. 3., Шпіл.), ’апрацоўваць зямлю’ (Выг.), рабі́ць се́на ’нарыхтоўваць сена’, рабі́ць лад ’спраўляць вяселле’, рабі́ць дзела ’працаваць’ (Сержп.). Сюды ж рабі́цца ’станавіцца; адбывацца, тварыцца; вырабляцца з чаго-небудзь’ (ТСБМ); ’утварацца, вырабляцца з чаго-небудзь; апрацоўвацца’ (мядз., лід., вільн., віл., Сл. ПЗБ). Параўн. польск. robić ’рабіць, працаваць’, што суадносіцца з літ. dirbti, ням. arbeiten ’тс’. Да прасл. кораня *orb‑, аднакарэннае да раб, рабо́та (гл.). Беларускае слова запазычана з польскай мовы (Карскі, 1, 96).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЗЯМЛЯ́ЦТВА 1) прыналежнасць людзей да адной мясцовасці паводле нараджэння або жыхарства ў межах сваёй нац. дзяржавы і абумоўленыя гэтым сувязі паміж імі.

2) Кампактная этнічная група ў іншанацыянальным акружэнні, часам арганізацыйна аформленая. Зямляцкі рух ураджэнцаў Беларусі з сярэдзіны 19 ст. да 1914 развіваўся ў буйных культ. і навук. цэнтрах Расійскай імперыі. Гэта былі пераважна аб’яднанні навучэнскай моладзі і інтэлігенцыі, якія ставілі за мэту займацца культ. і паліт. дзейнасцю, стваралі сістэму матэрыяльнай узаемадапамогі (гл. Круг беларускай народнай прасветы і культуры, Беларускі навукова-літаратурны гурток і інш.). У гады 1-й сусв. вайны 1914—18 свае З. на тэр. Расіі, Украіны, Грузіі і інш. стваралі бел. бежанцы. У 1916—20 на тэр. Беларусі існавалі польск. і рус. З. Пасля грамадз. вайны зямляцкі рух у СССР стаў масавай з’явай і падтрымліваўся парт.-дзярж. структурамі, але ў 1930-я г. пачаў згортвацца. З 1920-х г. бел. зямляцкія згуртаванні дзейнічаюць у многіх краінах свету (гл. Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1956 у Польшчы заснавана Беларускае грамадска-культурнае таварыства (Беласток). У 1990-я г. бел. зямляцкі рух аднавіўся ў Маскве, С.-Пецярбургу, Таліне, Рызе, Кішынёве, Львове, Алматы, Новасібірску, Якуцку і інш. гарадах у форме бел. нацыянальных культ.-асв. т-ваў, клубаў, гурткоў моладзі. У 1990 створана згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

М.​Г.​Нікіцін.

т. 7, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КААРДЫНАЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т БЕЛАРУ́САЎ КАНА́ДЫ (ККБК),

бел. нац. арг-цыя. Створана 16.1.1966 у г. Таронта. Заснавальнікі — Згуртаванне беларусаў Канады, Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Бел. самапомач (г. Ошава). З 1971 да ККБК далучыліся Саюз бел. моладзі Канады і Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе, пазней — Згуртаванне беларусаў Квебека, Бел. клуб у Брыт. Калумбіі, парафія св. Кірылы Тураўскага ў Таронта. У розны час ККБК узначальвалі В.Жук-Грышкевіч (1966—69), Я.​Пітушка (1969—70), Б.Рагуля (1970—89), з 1989 — Р.Жук-Грышкевіч. Кіруючы орган — выканаўчы к-т. Асн. кірункі дзейнасці — каардынацыя дзейнасці бел. арг-цый у Канадзе, знешняе нац. прадстаўніцтва ў канадскіх дзярж. і грамадскіх установах, супрацоўніцтва з прадстаўнікамі інш. нацыянальнасцей краіны, культ.-асв. праца, дапамога новым бел. эмігрантам, ахвярам Чарнобыльскай катастрофы і інш. Па ініцыятыве ККБК з 1970 у Канадзе штогод афіц. адзначаецца Дзень незалежнасці Беларусі (25 сак.), з 1979 беларусы вылучаны самаст. этн. групай, а бел. мову перасталі лічыць дыялектам рускай. Намаганнямі ККБК у 1989 засн. Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі. У 1973 пры ККБК засн. выдавецкі фонд, які пры падтрымцы Фонду бел. падручнікаў і субсідыі Федэральнага ўрада выдаў англамоўны падручнік В.​Пашкевіч «Беларуская мова» (т. 1—2, 1974—78). ККБК аказаў фін. дапамогу пры выданні кн. «Курапаты» (Нью-Йорк, 1993).

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁТЭХНІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання і металаапрацоўкі, якая вырабляе абсталяванне для радыёсувязі і тэлебачання, сродкі радыё- і правадной сувязі, шырокавяшчальныя радыёпрыёмнікі і тэлевізары, электронныя ўзмацняльнікі, электраакустычныя прыстасаванні, спец. тэхнал. абсталяванне. Найб. развітая Р.п. у ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Рэспубліцы Карэя, Кітаі, Нідэрландах. На Беларусі радыёпрыёмнікі выраблялі на Мінскім радыёзаводзе з 1940 (з 1950-х г. Мінскі прыборабудаўнічы завод, выпускаў радыёлу «Мінск Р-7»; з 1992 Беларускае вытворчае аб’яднанне радыётэхнікі). З 1951 працуе 2-і радыёзавод (у 1959 выпусціў першы ў СССР транзістарны радыёпрыёмнік «Мінск-Т»), з 1997 — Мінскае прадпрыемства «Завод Гарызонт». Як самастойная галіна Р.п. пачала фарміравацца з 1950-х г. У 1957 пабудаваны Віцебскі завод радыёдэталей; у 1976—78 — Віцебскі тэлевізійны з-д (з 1989 уваходзіць у Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Віцязь»). Працуе больш за 50 прадпрыемстваў Р.п. (2000). Сярод іх: Гродзенскае ВА «Хваля» (аўтамагнітолы, аднаканальныя і шматканальныя радыёстанцыі, радыёпрыёмнікі, тэлевізары), Гомельскае вытворчае аб’яднанне «Карал», радыёзавод «Спадарожнік» ў г. Маладзечна (стэрэамагнітолы і радыёпрыёмнікі для аўтамабіляў), завод «Зеніт» у Магілёве (тэлевіз. апаратура) і інш.; у Віцебску бел.-швейц. прадпрыемства «Euromedia» (каляровыя тэлевізары з камплектацыяй дэталей фірм «Toshiba», «Hitachi», «Philips». Выпушчана 195 тыс. радыёпрыёмнікаў, 516 тыс. тэлевізараў, у т. л. 433 тыс. каляровых (1999). Прадукцыя Р.п. экспартуецца ў многія краіны свету, у т. л. ў Расію, на Украіну і інш.

П.​І.​Рогач.

т. 13, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),

расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Д-р філал. н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел. нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус. геагр. т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел. літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.

Я.​М.​Рамановіч.

т. 13, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)