ЛО́ТМАН Юрый Міхайлавіч (28.2.1922, С.-Пецярбург — 28.10.1993),
расійскі літаратуразнавец, культуролаг. Акад. Эстонскай, Нарвежскай, Шведскай АН, чл.-кар. Брытанскай акадэміі. Скончыў Ленінградскі ун-т (1950). З 1950 у Тартускім настаўніцкім ін-це, з 1954 у Тартускім ун-це (у 1960—77 заг. кафедры рус. л-ры). Узначальваў Тартускую семіятычную школу. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 18 — сярэдзіны 19 ст., праблемы тэорыі л-ры і культуры ў кантэксце грамадскага жыцця і развіцця сац.-філас. думкі («Артыкулы па тыпалогіі культуры», вып. 1—2, 1970—73). Пры аналізе маст. твораў распрацоўваў структуральна-семіятычны падыход: «Стварэнне Карамзіна» (1987), «У школе паэтычнага слова: Пушкін, Лермантаў, Гогаль» (1988); вял. ўвагу аддаваў семантыцы знакавых структур: «Структура мастацкага тэксту» (1970), «Аналіз паэтычнага тэксту. Структура верша» (1972). Тэкст інтэрпрэтаваў як адзінства мадэлі аб’ектыўнай і суб’ектыўнай рэчаіснасці, у якасці знакавай сістэмы, якая з’яўляецца другаснай у адносінах да знакаў натуральных моў. Асн. навуковыя працы: «Лекцыі па структуральнай паэтыцы» (1964), «Семіётыка кіно і праблемы кінаэстэтыкі» (1973), «Культура і выбух» (1992), «Размовы пра рускую культуру» (выд. 1994) і інш. Арганізатар выдання серыі «Працы па знакавых сістэмах. (Семіётыка)» (з 1964; «Вучоныя запіскі Тартускага універсітэта»). Аўтар успамінаў «Не-мемуары» (1994), шэрагу тэлеперадач па актуальных праблемах культуры, маралі, выхавання.
Тв.:
Избр. статьи. Т. 1—3. Таллинн, 1992;
Пушкин: Биогр. писателя;
Статьи и заметки, 1960—1990;
«Евгений Онегин»: Комментарий. СПб., 1995.
Літ.:
Ю.М.Лотман и тартуско-московская семиотическая школа. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗІДЭ́НТ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
найвышэйшая службовая асоба ў Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік бел. дзяржавы. Пасада ўведзена Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994. Статус Прэзідэнта ўстаноўлены Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), прынятай на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996. Прэзідэнт з’яўляецца гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, ажыццяўляе рэалізацыю асн. кірункаў унутр. і знешняй палітыкі, прадстаўляе дзяржаву ў зносінах з інш. дзяржавамі і міжнар. арг-цыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нац. бяспекі і тэр. цэласнасці, забяспечвае паліт. і эканам. стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзярж. улады, з’яўляецца Галоўнакамандуючым Узбр. Сіламі дзяржавы. Асобе Прэзідэнта нададзена прававая недатыкальнасць, яго гонар і годнасць ахоўваюцца законам. Прэзідэнтам можа быць выбраны грамадзянін Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, не маладзейшы за 35 гадоў, які валодае выбарчым правам і пастаянна пражывае ў Беларусі не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Прэзідэнт выбіраецца на 5 гадоў на аснове ўсеаг. выбарчага права пры тайным галасаванні. Адна і тая ж асоба можа займаць гэту пасаду не больш як 2 тэрміны. Парадак вылучэння кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта і яго выбараў рэгламентуецца Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Кампетэнцыя Прэзідэнта, яго паўнамоцтвы і абавязкі замацаваны ў арт. 84—86 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 10.7.1994 абраны А.Р.Лукашэнка, 9.9.2001 ён перавыбраны на другі тэрмін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЁННЫЯ І АБ’ЯДНА́НЫЯ ГАЗЕ́ТЫ,
друкаваныя перыядычныя выданні, якія выдаюцца раённымі і гар. выканаўчымі к-тамі і раённымі і гар. Саветамі дэпутатаў Рэспублікі Беларусь; адзін з асн. сродкаў масавай інфармацыі. Адрозніваюцца аператыўнасцю, перыядычнасцю (2—4 разы на тыдзень), фарматам. Асвятляюць пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця раёна і горада. Змяшчаюць афіц. і паліт. дакументы, карэспандэнцыі і каментарыі, хранікальныя паведамленні і маст. творы.
Раённыя газеты ўзніклі ў пач. 1930-х г. Ствараліся на базе б.акр., калг.-саўгасных і некат. фабр.-зав. газет як масава-паліт. орган раённых к-таў КП(б)Б і райвыканкомаў. Найб. развіццё атрымалі пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 18.1.1931 «Аб сельскім раённым і нізавым друку». У Вял.Айч. вайну на акупіраванай фаш. захопнікамі тэр. Беларусі выходзілі падп. раённыя і міжраённыя газеты (гл.Друк падпольны ў Вял.Айч. вайну). Пасля вайны выпуск раённых газет адноўлены ва ўсіх раёнах Беларусі. У 1954 з’явіліся аб’яднаныя газеты (раённыя і гар.). З крас. 1962 у сувязі са стварэннем тэр.калг.-саўгасных упраўленняў замест раённых выдаваліся міжраённыя (абласныя) газеты. У 1965 раённыя газеты зноў адноўлены.
На 1.1.2001 на Беларусі зарэгістравана 118 газет, у т. л. 105 раённых і 13 аб’яднаных. Найбуйнейшыя з іх: «Полесская правда» (г. Пінск), «Маяк» (г. Бяроза), «Навіны Палесся» (г. Столін), «Наш край» (г. Баранавічы), «Дняпровец» (г. Рэчына), «Маладзечанская газета» (г. Маладзечна), «Адзінства» (г. Барысаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЬДЖУ́КСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА Існавала на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 11—12 ст.Засн. качавымі цюркскімі плямёнамі агузаў на чале з родам Сельджукідаў, якія ў пач. 1030-х г. знаходзіліся ў васальнай залежнасці ад Газневідаў. У 1038 яны паўсталі супраць Газневідаў, у 1040 сельджукскі правадыр Тагрул-бек разбіў войска газневідскага султана Масуда; да 1043 заваяваны Харасан, потым — Буідаў дзяржава. У 1055 яго войскі захапілі Багдад, пасля чаго абасідскі халіф Каім надаў правіцелю С.дз. тытул султана. Пры султане Алп-Арслане [1063—72] да С.дз. далучаны Арменія, Сірыя, Палесціна, Маверанахр, у 1071 разбіты візант. войскі ў бітве пры Манцыкерце (Маназкерце). Найб. магутнасці С.дз. дасягнула пры султане Мелік-шаху [1072—92], візірам (гал. міністрам) якога быў Нізам-аль-Мульк. Пры ім да С.дз. далучана б.ч. Малой Азіі, а Караханідаў дзяржава прымушана плаціць даніну (1089). Асновай землеўладання С.дз. была сістэма ікта (ваен. лена). Найбольшыя ікты станавіліся асобнымі княствамі, што прывяло да пераўтварэння С.дз. ў аморфнае дзярж. ўтварэнне. У 1077 адасобіўся Румскі султанат (гл.Канійскі султанат), пасля смерці Мелік-шаха адзінства С.дз. стала намінальным. Унутрыпаліт. становішча дзяржавы ўскладнялася дзейнасцю секты ісмаілітаў. Пасля 1-га крыжовага паходу (1096—99) С.дз. страціла Палесціну, прыбярэжныя тэр. М. Азіі і Сірыі. Султан Санджар [1118—57] пацярпеў паражэнне ад каракітаяў (1141), а ў 1153 узяты ў палон балхскімі агузамі. З яго смерцю (1157) С.дз. распалася на асобныя княствы, пасля чаго ў Сярэдняй Азіі і Іране пачалося ўзвышэнне харэзмшахаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУБСТА́НЦЫЯ (ад лац. substantia сутнасць, нешта, што ляжыць у аснове),
першааснова ўсяго, што існуе, якая абумоўлівае ўзнікненне і знікненне канкрэтных рэчаў і з’яў; аб’ектыўная рэальнасць, якая разглядаецца ў аспекце яе ўнутранага адзінства. У філас. вучэннях пэўнае разуменне С. з’яўляецца іх зыходным пастулатам. У гісторыі філасофіі С. інтэрпрэтавалася па-рознаму: як матэрыял ці яе канкрэтнае ўтварэнне (Бог, дух, ідэя, сусв. розум і інш.); адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне С. як нязменнага пачатку і дыялект. — як зменлівай, самаразвівальнай сутнасці. У колькаснай інтэрпрэтацыі праблемы С. вылучаюць 3 філас. прынцыпы: манізм, які лічыць, што ў аснове разнастайнага свету ляжыць 1 пачатак (Г.Гегель, К.Маркс), дуалізм, які прызнае існаванне 2 раўнапраўных С. (Р.Дэкарт) і плюралізм, паводле якога існуе мноства незалежных С. (Дэмакрыт, Г.Лейбніц). У сучаснай філасофіі існуюць супрацьлеглыя погляды: традыц. разуменне С. як першаасновы і першапрычыны свету (марксізм, неатамізм, неарэалізм) і негатыўнае стаўленне да катэгорыі С. і яе ролі ў пазнанні. Прадстаўнікі шэрагу кірункаў неапазітывізму лічаць, што паняцце С. з’яўляецца атрыбутам ненавук. свядомасці. Адмаўленне С. як першаасновы ўсяго існага характэрна і для новай анталогіі (М.Хайдэгер, Н.Гартман і інш.), дзе паняцце быцця аддзяляецца ад паняцця С.
Літ.:
Орынбеков М.С. Проблема субстанции в философии и науке. Алма-Ата, 1975;
Гартман Н. Старая и новая онтология: Пер. с нем, // Историко-философский ежегодник, 1988, М., 1988;
Проблема первоначал в науке и теологии. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (СФП; The World Federation of Trade Unions),
міжнародная арг-цыяпрафесійных саюзаў. Створана 3.10.1945 на Сусв. кангрэсе прафсаюзаў у Парыжы па ініцыятыве брыт. і сав. прафсаюзаў. У канцы 1990-х г. аб’ядноўвала каля 130 млн.сапр. і асацыіраваных членаў, каля 60 нац.прафс. аб’яднанняў. Асн. задачы СФП паводле статута: барацьба супраць вайны і яе сац.-эканам. і паліт. перадумоў, абарона інтарэсаў працоўных ва ўсім свеце, арг-цыя агульнай барацьбы прафсаюзаў усіх краін супраць замахаў на эканам. і сац. правы працоўных і іх эканам. свабоды, арганізацыя асв. работы сярод членаў прафсаюзаў па пытаннях міжнар.адзінства працоўных і інш. Напачатку СФП аб’ядноўвала ўсе найб. прафсаюзы свету, акрамя Амерыканскай федэрацыі працы (АФП). У 1949 з яе вылучыліся і разам з АФП утварылі Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў рэфармісцкія прафсаюзы Вялікабрытаніі, ЗША і інш. краін. У 1989 СФП аб’ядноўвала больш за 90 нац.прафс. цэнтраў з 82 краін агульнай колькасцю больш за 200 млн. членаў. Большасць з іх былі членамі прафсаюзаў СССР і сацыяліст. краін Еўропы. Пасля спынення існавання сацыяліст. сістэмы ў Еўропе і распаду СССРСФП перажывае крызіс. У 1990-я г. яе пакінулі многія прафсаюзы краін Цэнтр., Усх. Еўропы і рэспублік б.СССР. Вышэйшы орган СФП — кангрэс. Паміж кангрэсамі кіруе Ген. савет, паміж яго пленумамі — Бюро. Месцазнаходжанне кіруючых органаў — г. Прага (да 1951 — Парыж, у 1951—56 — Вена).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦЯЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася 5—18.1.1926 у Маскве. Удзельнічала 20 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам ад Брэсцкай, Беластоцкай, Гродзенскай, Віленскай, Баранавіцкай і Пінскай акруг, ЦК КСМЗБ. Канферэнцыя была раўназначная з’езду партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП і ЦККПЗБ, аб сітуацыі ў краіне і тактыцы партыі; аб рабоце ў прафсаюзах; аб рабоце ў вёсцы; арганізац. пытанні; аб рабоце КСМЗБ; выбары; бягучыя пытанні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Выканкома Камінтэрна, Кампартый Польшчы і Літвы. Найб. важнай праблемай на канферэнцыі было вызначэнне тактыкі партыі і шляхоў арганізац. ўмацавання. Прызнана памылковай ультралевая ацэнка сітуацыі, дадзеная ў рашэннях Другой канферэнцыі КПЗБ, і вызначаная ёй тактыка падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У рэзалюцыі аб прафсаюзах важнымі задачамі канферэнцыя лічыла больш гнуткую тактыку ў барацьбе за адзінствапрафс. руху, умацаванне прафсаюзаў і пераўтварэнне іх у баявыя арг-цыі пралетарыяту. Канферэнцыя вызначыла праграму барацьбы за збіранне сіл рабочага класа, сялянства і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі шляхам выкарыстання гнуткай тактыкі адзінага фронту і паўсядзённай барацьбы за частковыя патрабаванні дэмакр. характару. У склад абранага ЦККПЗБ увайшлі А.А.Альшэўскі, Л.Н.Аранштам, М.С.Арэхва, Ф.Е.Кастылюк, І.К.Лагіновіч, С.Т.Мілер, А.С.Славінскі, Г.І.Шагун (члены), Х.Р.Гелер, Л.І.Родзевіч, Л.Р.Шайкоўскі (кандыдаты).
Літ.:
Постановления III конференции Коммунистической партии Западной Белоруссии. [Вильна], 1926.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НІЯ (ад позналац. unio адзінства, аб’яднанне),
разнавіднасць складанай дзяржавы. Асабістай У. называецца аб’яднанне 2 або некалькіх дзяржаў пад уладай аднаго кіраўніка. Рэальная У. характарызуецца аб’яднаннем не толькі пад уладай адзінага кіраўніка дзяржавы, але і агульнымі органамі ўлады і кіравання. У абодвух выпадках суб’ектам міжнар. права з’яўляецца У. ў цэлым, асобныя дзярж. ўтварэнні, што ўваходзяць у яе склад.Гіст. прыклады асабістай У.: англа-гановерская (1714—1838), нідэрландска-люксембургская (1815—1890). Гіст. прыклады рэальнай У.: шведска-нарвежская (1814—1905), аўстрыйска-венгерская (1867—1918). Дзяржаўная У. — аб’яднанне, саюз дзяржаў. ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў знаходзілася ў У. з Польскім каралеўствам. Упершыню пра дзярж. сувязь ВКЛ і Польшчы абвешчана актам вял.кн.ВКЛЯгайлы 14.8.1385 — Крэўская унія 1385. Пазней яе ўмовы пацверджаны актамі Віленска-Радамскай уніі 1401 і Гарадзельскай уніі 1413. Статус ВКЛ як саюзнай Польшчы дзяржавы быў пацверджаны ў некалькіх актах 1432—34 Ягайлы і вял.кн.ВКЛЖыгімонта Кейстутавіча. Персанальная У. ВКЛ і Польшчы як раўнапраўных дзяржаў заключана ў Бярэсці 17 і 19.9.1446; паводле гэтага дагавора вял.кн.ВКЛКазімір IV станавіўся і польскім каралём. Злучэнне Польшчы і ВКЛ у адну федэратыўную дзяржаву прадугледжвала Люблінская унія 1569, калі была ўтворана Рэч Паспалітая. У 1655 частка шляхты ВКЛ спрабавала разарваць саюз з Польшчай і заключыць дзярж. У. са Швецыяй (гл.Кейданскі дагавор 1655), але Рэч Паспалітая праіснавала да яе падзелаў у канцы 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАСА́Д (франц. faęade. італьян. facciata ад faccia твар) у архітэктуры, вонкавы бок будынка, збудавання. Адрозніваюць Ф. галоўны, бакавы, дваровы, вулічны, паркавы і інш. Кампазіцыя Ф. характарызуецца яго элементамі (завяршэнне, франтоны, вежы, порцікі і інш.), прапорцыямі і дэкорам; залежыць ад прызначэння формы і канструкцыі будынка. У кампазіцыйным вырашэнні ён адлюстроўвае тыпалагічныя рысы будынка (жылы дом, школа, т-р і інш.), горадабуд. патрабаванні маштабнасці, ансамблевай падпарадкаванасці, стылявога адзінства і інш. Выразнасць Ф. дасягаецца спалучэннем сродкаў архітэктуры, сінтэзам мастацтваў, каларыстыкай, узаемасувяззю збудавання з навакольным асяроддзем. Ф. можа быць падпарадкаваны агульнай кампазіцыі будынка і адлюстроўваць яго ўнутр. структуру. У горадабудаўніцтве Ф. — важны элемент кампазіцыі ў якасці акцэнту на плошчы ці заканчэнні відовішчнай восі.
У асобныя гіст. перыяды Ф. будынка разглядаўся як самаст. галіна арх.-маст. творчасці, часам не звязаная з прызначэннем будынка, яго ўнутр. структурай і канстр. асновай. У архітэктуры рэнесансу, барока і ракако гал. Ф. меў вял. значэнне як самаст. элемент будынка. У перыяд класіцызму характарызаваўся больш лаканічнымі вырашэннямі з адначасовым павелічэннем значнасці бакавых Ф. У сучасным буд-ве звычайна ўсе Ф. маюць аднолькава важнае значэнне. Часам Ф. ствараецца на прынцыпах, якія зрокава скажаюць унутр. структуру кампазіцыі, не ўвасабляюць тыпалагічныя асаблівасці будынка (дэканструктывізм).
С.А.Сергачоў.
Галоўны (уверсе) і бакавы фасады архірэйскага палаца ў Магілёве. Чарцёж. 2-я пал. 18 ст.Бакавы фасад Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў у Мінску.Фасад царквы Сент-Эцьен-дзю-Мон у Парыжы.