СУБСТА́НЦЫЯ (ад лац. substantia сутнасць, нешта, што ляжыць у аснове),
першааснова ўсяго, што існуе, якая абумоўлівае ўзнікненне і знікненне канкрэтных рэчаў і з’яў; аб’ектыўная рэальнасць, якая разглядаецца ў аспекце яе ўнутранага адзінства. У філас. вучэннях пэўнае разуменне С. з’яўляецца іх зыходным пастулатам. У гісторыі філасофіі С. інтэрпрэтавалася па-рознаму: як матэрыял ці яе канкрэтнае ўтварэнне (Бог, дух, ідэя, сусв. розум і інш.); адрозніваюць метафізічнае тлумачэнне С. як нязменнага пачатку і дыялект. — як зменлівай, самаразвівальнай сутнасці. У колькаснай інтэрпрэтацыі праблемы С. вылучаюць 3 філас. прынцыпы: манізм, які лічыць, што ў аснове разнастайнага свету ляжыць 1 пачатак (Г.Гегель, К.Маркс), дуалізм, які прызнае існаванне 2 раўнапраўных С. (Р.Дэкарт) і плюралізм, паводле якога існуе мноства незалежных С. (Дэмакрыт, Г.Лейбніц). У сучаснай філасофіі існуюць супрацьлеглыя погляды: традыц. разуменне С. як першаасновы і першапрычыны свету (марксізм, неатамізм, неарэалізм) і негатыўнае стаўленне да катэгорыі С. і яе ролі ў пазнанні. Прадстаўнікі шэрагу кірункаў неапазітывізму лічаць, што паняцце С. з’яўляецца атрыбутам ненавук. свядомасці. Адмаўленне С. як першаасновы ўсяго існага характэрна і для новай анталогіі (М.Хайдэгер, Н.Гартман і інш.), дзе паняцце быцця аддзяляецца ад паняцця С.
Літ.:
Орынбеков М.С. Проблема субстанции в философии и науке. Алма-Ата, 1975;
Гартман Н. Старая и новая онтология: Пер. с нем, // Историко-философский ежегодник, 1988, М., 1988;
Проблема первоначал в науке и теологии. СПб., 1993.
А.Б.Савеня.
т. 15, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)