штат на ПнУ ЗША, паміжвоз. Эры і р. Агайо. Пл. 106,1 тыс.км². Нас. 11 091 тыс.чал., гарадскога каля 80% (1993). Адм. цэнтр — г. Калумбус. Найб. гарады Кліўленд, Цынцынаты, Акран, Кантан, Таліда, Дэйтан, Янгстаўн. На У — невысокае Апалачскае плато, парэзанае рачнымі далінамі. На З — узгорыстыя Цэнтральныя раўніны з урадлівымі глебамі. Сярэднія т-ры студз. ад 0 да -3 °C, ліп. 23—25 °C; ападкаў 800—1000 мм за год. На плато месцамі захаваліся шыракалістыя лясы. Буйны індустр. штат, займае 3-е месца ў краіне па кошце вырабленай прадукцыі. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне, электратэхніка ў спалучэнні з аўтамабіле- і с.-г. машынабудаваннем, чорная металургія, хім., гумавая, харч., папяровая, керамічная; здабыча каменнага вугалю, нафты, прыроднага газу, солі і інш. Малочная і мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць кукурузу, авёс, сеяныя травы, пшаніцу, агародніну, садавіну, вінаград. Транспарт чыг. і водны (р. Агайо і воз. Эры). Гал. парты Кліўленд, Цынцынаты, Таліда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
тэорыя, заснаваная на вучэнні пра наяўнасць у псіхіцы чалавека апрача індывідуальнага неўсвядомленага больш глыбокага слоя — калектыўнага неўсвядомленага. Змест калект. неўсвядомленага складаюць агульначалавечыя першавобразы — архетыпы, у якіх закладзены варыянты разумення свету і паводзін. Распрацавана ў 1910-я г.швейц. псіхолагам К.Г.Юнгам. Мэтай працэсу станаўлення асобы (індывідуацыі) з’яўляецца інтэграцыя зместу калект. неўсвядомленага, імкненне да ўзаемаразумення паміж трыма ўзроўнямі псіхікі: свядомым, індывід. неўсвядомленым, калект. неўсвядомленым. Гэта бясконцы шлях у самім сабе, з адкрыццём патаемных куткоў душы, якая складаецца з супярэчнасцяў: жаночае і мужчынскае, свядомае і неўсвядомленае і інш. Розныя прычыны, найперш сац., дазваляюць рэалізоўвацца толькі аднаму члену пары, а індывідуацыя дазваляе адкрыць у сабе другі бок і прыняць яго, інакш — крызіс, хвароба, няма развіцця. Усё жыццё чалавек ідзе да адкрыцця самага гал. архетыпу — «вобраза сябе як Бога ў сабе».
Літ.:
Юнг К.Г. Психологические типы: Пер. с англ.М., 1992;
Яго ж. Проблемы души нашего времени: Пер. с англ.М., 1993;
Яго ж. Аналитическая психология: Пер. с англ.Спб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АРГЕНЦІ́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1982, Фалклендская вайна,
ваенныя дзеянні паміж Аргенцінай і Вялікабрытаніяй у крас.—чэрв. 1982 за Фалклендскія (Мальвінскія) а-вы і в-аўПаўд. Георгія. Спасылаючыся на свае гіст. правы, Аргенціна 2—3 крас. высадзіла дэсант на Фалклендскія а-вы і Паўд. Георгію. Англ. гарнізон (каля 100 чал.) і губернатар а-воў былі высланы на радзіму. У адказ брыт. ўрад разарваў адносіны з Аргенцінай і адправіў да Фалклендаў ваен. эскадру (каля 40 баявых караблёў з 10 тыс. марскіх пехацінцаў). Міжнар. намаганні па мірным вырашэнні канфлікту пацярпелі няўдачу. У выніку баявых дзеянняў (канец крас. — май) патоплены аргенцінскі крэйсер «Хенераль Бельграна» і англ. эсмінец «Шэфілд». 21 мая пачаўся штурм Фалклендскіх а-воў. 15 чэрв. аргенцінскія войскі капітулявалі. Аргенціна страціла 1300 чал., Англія — 250 забітымі і 300 параненымі. Вялікабрытанія стварыла на а-вах ваен.-паветр. і ваен.-марскую базы з 7-тысячным гарнізонам. Паражэнне Аргенціны прывяло да звяржэння ўлады ваенных у краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛІКА́НСКАЯ ЦАРКВА́, англіканства,
адна з пратэстанцкіх цэркваў; дзярж. царква Вялікабрытаніі. Узнікла ў Англіі ў 16 ст. на хвалі рэфармацыйнага руху ў выніку разрыву мясц. каталіцкай царквы з Рымам. У 1534 англ. парламент абвясціў на чале царквы караля Генрыха VIII. Каталіцкія элементы ў дагматыцы і кульце былі дапоўнены пратэстанцкімі, і англіканская царква пайшла «сярэднім шляхам» паміжкаталіцызмам і пратэстантызмам. Яна захоўвае такую ж, як і ў каталіцызме, царкоўную іерархію, культавую рэгламентацыю, спалучае каталіцкі прынцып аб выратавальнай моцы царквы з пратэстанцкім аб выратаванні асабістай верай. Дагматычна адрозніваецца ад каталіцкай наяўнасцю 39 артыкулаў сімвала веры замест 12; у сферы культу не прызнае свечак, ладану, сутаны, споведзі і г.д. Самастойныя англіканскія цэрквы існуюць таксама ў Шатландыі, Уэльсе, Ірландыі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі і інш. краінах (усяго больш за 70 млн. вернікаў). Фармальна яны незалежныя, але з 1867 праз кожныя 10 гадоў англіканскія епіскапы збіраюцца ў Лондане (т.зв. Ламбецкія канферэнцыі), фактычна ўтвараючы такім чынам Англіканскі саюз цэркваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаў таксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1500—03,
вайна за аб’яднанне ўсх.слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. Фармальнай прычынай для вайны сталі ганенні ў ВКЛ на праваслаўных і новы пераход парубежных князёў пад уладу Масквы. Адна група рус. войск заняла гарады Бранск, Старадуб, Гомель, Рыльск і інш., другая накіравалася да Смаленска. Конны корпус ВКЛ у бітве на Вядрошы 1500 быў амаль цалкам разбіты. У маі 1501 рус. войскі рушылі далей, а ў чэрв. на паўд. землі ВКЛ напалі крымскія татары. Іван III накіраваў ва ўсх. Беларусь аб’яднаныя сілы, якія пад Мсціславам разбілі войскі ВКЛ. Летам 1502 маскоўскае войска зноў асадзіла Смаленск, але вымушана было адступіць. Яно заняло Оршу, мсціслаўскія воласці, землі на Віцебшчыне і Полаччыне. 4.3.1503 у Маскву прыбыло пасольства ВКЛ; былі падрыхтаваны «перамірчыя граматы», якія абвяшчалі 6-гадовае перамір’е і вызначылі новыя межы паміж дзяржавамі. Да Масквы адышлі вял. тэрыторыі з гарадамі Белая, Бранск, Веліж, Гомель, Дарагабуж, Масальск, Мцэнск, Невель, Ноўгарад-Северскі, Старадуб, Чарнігаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,
сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРДЭ́Н, Вердэн-сюр-Мёз (Verdun-sur-Meuse),
горад на ПнУ Францыі, у дэпартаменце Мёз, на р. Мёз (Маас). 23,4 тыс.ж. (1990). Чыг. вузел. Харч. (цукеркі, лікёры), тэкст., паліграф.прам-сць. Музеі, у т. л. 1-й сусв. вайны (у ратушы 17 ст.). Сабор Нотр-Дам (11—18 ст.), сярэдневяковыя муры з брамамі, палац епіскапа (18 ст.).
У старажытнасці Вердэн — гальскае паселішча Verodunum. З 4 ст. епіскапская рэзідэнцыя. Тут быў заключаны Вердэнскі дагавор 843 аб падзеле імперыі Карла Вялікага паміж яго ўнукамі. Вердэн увайшоў у дзяржаву Лотара. З 880 у складзе Усх.-Франкскага каралеўства (Германія). З 13 ст. імперскі горад. У 1552 разам з епіскапствамі Мец і Туль далучаны да Францыі, канчаткова замацаваны за ёй у 1648. З 17 ст.ваен. крэпасць. У 1-ю сусв. вайну Вердэн — раён Вердэнскай аперацыі 1916. У 2-ю сусв. вайну ў 1940—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. Вызвалены войскамі 3-й амер. арміі, якая дзейнічала разам з франц. арміяй і атрадамі партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.