працэс замяшчэння адных мінералаў іншымі са зменай хім. саставу пароды (звычайна з захаваннем яе аб’ёму і цвёрдага стану) пад уздзеяннем раствораў (флюідаў) высокай хім. актыўнасці. Адрозніваюць М. магматычнай стадыі (напр., у сувязі з гранітызацыяй) і постмагматычнай стадыі (рудаўтварэнне метасаматычных радовішчаў). Са зменай хімізму раствораў, пры іх ахаладжэнні, вылучаюцца стадыі працякання М.: ранняя шчолачная высокатэмпературная (магнезіяльныя і вапняковыя скарны), кіслотная (грэйзены і другасныя кварцыты),
позняя шчолачная нізкатэмпературная (беразіты, лісцвяніты). Вылучаюць інфільтрацыйны М. (перанос хім. кампанентаў растворамі, якія фільтруюцца, праз горную пароду) і дыфузійны М. (дыфузія хім. кампанентаў у адносна нерухомым растворы). На мяжы 2 розных паводле хім. саставу асяроддзяў (напр., вапнякі і кварцыты) узнікае сустрэчная дыфузія, т.зв.біметасаматоз. У сувязі з дыферэнцыяльнай рухомасцю кампанентаў у растворах пры М. ўзнікае метасаматычная занальнасць з рэзкімі межамі паміж зонамі. З нарастаннем інтэнсіўнасці М. павышаная рухомасць хім. кампанентаў прыводзіць да ўтварэння монамінеральнай пароды. Пры рэгіянальным М. ўтвараюцца вял. аб’ёмы метасаматычных парод, пры лакальным М. на кантактах з руднымі целамі — калярудныя метасаматыты. На Беларусі метасаматычныя пароды трапляюцца: у крышт. фундаменце — альбітыт, біятыталіт, другасныя кварцыты, піраксеналіты, мікраклініт і інш.; у асадкавым чахле — даламіты, ангідрыты і інш.
Літ.:
Коржинский Д.С. Теория метасоматической зональности. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ БЮРО́ МІ́РУ (МБМ; International Peace Bureau),
міжнароднае аб’яднанне міралюбівых сіл. Засн. ў снеж. 1891 у Берне (Швейцарыя) па ініцыятыве Ф.Баера. Напачатку мела на мэце «каардынаваць дзейнасць т-ваў міру і адстойваць ідэю мірнага вырашэння міжнар. спрэчак», арганізоўвала штогадовыя мірныя канферэнцыі. Пасля 1-й сусв. вайны каардынавала мірную і гуманітарную дзейнасць няўрадавых арг-цый, азнаямляла іх з ідэямі і прапановамі Лігі Нацый, праводзіла кангрэсы пацыфістаў (гл.Пацыфізм). З 1924 штаб-кватэра ў Жэневе (Швейцарыя). У 2-ю сусв. вайну не функцыянавала. Пасля вайны да 1962 наз.Міжнар.к-т узаемадзеяння арг-цый у барацьбе за мір. Імкнецца «садзейнічаць справе міру ўмацаваннем міжнар. супрацоўніцтва і негвалтоўных метадаў вырашэння канфліктаў», у т. л.праз супрацоўніцтва з ААН (мае кансультатыўны статус у Савеце па эканам. і сац. пытаннях ААН). Садзейнічала скліканню 1-й спец. сесіі Ген. Асамблеі ААН па раззбраенні (1978). Выступае за ўсеагульнае і поўнае раззбраенне, права чалавека на адмову ад ваен. службы (разглядае яго як «права адмовіцца забіваць») і інш., фарміруе адпаведную грамадскую думку. Выдае час. «Geneva Monitor» («Жэнеўскі назіральнік»), кнігі, памфлеты, справаздачы аб канферэнцыях. Нобелеўская прэмія міру 1910. Нобелеўскімі прэміямі міру ўзнаг. арганізатары і кіраўнікі МБМ Баер, Э.Дзюкамен, Ш.А.Габа, Б. фон Зутнер, А.М.Лафантэн, Ш.Макбрайд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЕСНЯРЫ́»,
бел. вакальна-інструментальны ансамбль. Створаны ў 1969 пры Бел. філармоніі, з 1985 Дзярж.бел. эстрадны ансамбль «П.» Маст. кіраўнік У.Г.Мулявін. Ансамбль вылучаецца экспрэсіўнасцю выканання, каларытнасцю гучання. Творчасці характэрны апора на нац. традыцыі, творчы пошук, падпарадкаванасць мелодыцы і паэт. сэнсу песеннага сказа, уменне перадаць фальклорныя песенныя інтанацыі сучаснымі сродкамі. У рэпертуары апрацоўкі бел.нар. песень («Ой, рана на Йвана», «Перапёлачка», «Касіў Ясь канюшыну», «Купалінка», «А ў полі вярба», «Рэчанька», «Хлопец пашаньку пахае», «Як я ехаў да яе», цыкл каляндарна-абрадавых), творы бел. кампазітараў («Спадчына», «Хатынь», «Алеся», «Вераніка», «Мой родны кут», «Жураўлі на Палессе ляцяць», паэма-легенда «Гусляр» І.Лучанка, «Ты мне вясною прыснілася», «Явар і каліна» Ю.Семянякі, «Александрына», «Завушніцы», «Балада пра чатырох заложнікаў», муз. паэма «Песня пра долю», цыкл песень на вершы Я.Купалы, песенныя праграмы з муз. Мулявіна «Праз усю вайну», «Ва ўвесь голас», «Вянок» паводле твораў М.Багдановіча, «Голас душы» на нар. тэксты і інш.). У розныя гады ў склад ансамбля ўваходзілі засл. арт. Беларусі Л.Барткевіч, В.Дайнэка, А.Дзямешка, А.Кашапараў, У.Місевіч, І.Пеня, Л.Тышко. У 1990-я г. склад П. цалкам абноўлены. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976. 1-я прэмія міжнар. фестывалю песні «Залаты леў» у Лейпцыгу (1973), лаўрэат II фестывалю паліт. песні ў Хельсінкі (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІСАРО́ ((Pissarro) Каміль Жакоб) (10.7.1831, в-аў Сент-Томас, ЗША — 13.11.1903),
французскі жывапісец, адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў майстэрні А.Мельбі, Школе прыгожых мастацтваў і акадэміі Сюіса ў Парыжы (1855—61). Зазнаў уплывы Дж.Констэбла, К.Каро, Ж.Ф.Міле, у 2-й пал. 1880-х г. — неаімпрэсіянізму і пуантылізму. Майстар пейзажа, у якім праз сціплыя вясковыя ландшафты выяўляў паэзію і прыгажосць прыроды Францыі: «Дарога ў Раканкур», «Сена ў Марлі» (абодва 1871), «Уезд у вёску Вуазен» (1872), «Дарога з Жызора ў Пантуаз, снягі» (1873), «Узараная зямля», «Пейзаж у Пантуазё» (абодва 1874) і інш. З 1890-х г. звяртаўся і да адлюстравання жыцця гар. вуліц: «Вялікі мост, Руан», «Мост Буальдэ ў Руане, захад сонца» (абодва 1896), «Бульвар Манмартр у Парыжы» (1897), «Оперны праезд, эфект снегу», «Плошча Французскага тэатра, эфект дажджу» (абодва 1898), «Сад Цюільры, туман» (1900), «Царква Сен-Жак у Дзьепе» (1901) і інш. Творы вызначаюцца мяккасцю і багаццем колеравай гамы, тонкай перадачай святлаценю, эфектам празрыстасці і вільготнасці паветра. Працаваў таксама ў тэхніках акварэлі, малюнка, афорта і літаграфіі. Іл.гл. да арт.Імпрэсіянізм.
Літ.:
Юденич И.В. Пейзажи Писсарро в Эрмитаже. Л., 1963;
Герман М. Писсарро: [Альбом]. Л., 1973;
Камиль Писсарро: Письма. Критика. Воспоминания современников: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ ГО́ДА,
перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33′). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51°паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.
Да арт.Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАГА́НДА (лац. propaganda падлягае распаўсюджванню),
дзейнасць, накіраваная на папулярызацыю і ўкараненне ў грамадскай свядомасці пэўных ідэй, поглядаў, вобразаў. Праводзіцца з дапамогай розных форм і метадаў (вусная, друкаваная, ілюстрацыйная, кіно-, радыё- і тэлепрапаганда). Важнае месца займае П. навук. ідэй і дасягненняў, дзярж. палітыкі (знешняй і ўнутр.), здаровага ладу жыцця. Вядучая роля адводзіцца паліт. П., якая ўключае намаганні паўплываць на стан свядомасці індывідаў, сац. або нац. груп. З’яўляецца адной з перадумоў функцыянавання паліт., дзярж. улады.
Тэорыя П. бярэ пачатак у ідэях Платона і Арыстоцеля, якія распрацоўвалі пытанні ўздзеяння слова на фарміраванне чалавечай душы і сістэму метадаў пераканання людзей. Паняцце «П.» сфармулявана ў 1622 Ватыканам, які стварыў «Кангрэгацыю распаўсюджвання веры» для пашырэння ўплыву каталіцызму праз місіянерскую дзейнасць і барацьбу з ерасямі. Кангрэгацыя выкарыстоўвала абстрактна-гуманістычныя лозунгі «ўдасканальвання чалавека», але надавала слову «П.» канкрэтную ідэалаг. арыентацыю. Для П. характэрна супярэчнасць паміж дэклараваным і сапраўдным зместам, што абумовіла негатыўнае яе ўспрыманне. Пасля 2-й сусв. вайны паліт. П. стала пастаянным кірункам дзярж. дзейнасці, што выявілася ў стварэнні мін-ваў і цэнтраў П., арг-цыі навук. даследаванняў і адпаведных устаноў. Прапагандысцкія службы выкарыстоўваюць увесь набыты вопыт па маніпуліраванні чалавечай свядомасцю. П. ператварылася ў важны інструмент дзярж. палітыкі, распрацоўкі і пошуку варыянтаў вырашэння канкрэтных сац,эканам., паліт. праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́САР (англ. processor ад process апрацоўваць),
сукупнасць прылад ЭВМ або выліч. сістэмы, якая выконвае функцыі пераўтварэння інфармацыі. У шматпрацэсарных выліч. сістэмах можа быць да соцень (ці больш) паралельных П. У праграмаванні П. наз. складаная лагічная праграма ў складзе сістэмы аўтаматызацыі праграмавання, напр., сінтакс. кантролю, П. зборкі рабочай праграмы, тэкставы П.
У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць П.: цэнтральны, функцыянальна-арыентаваны і праблемна-арыентаваны. Цэнтральны П. — асн. частка ЭВМ, якая непасрэдна ажыццяўляе працэс апрацоўкі інфармацыі, а таксама кіруе ім і каардынуе дзеянні інш. вузлоў ЭВМ. Мае блок кіравання, арыфметычна-лагічнае прыстасаванне (адно ці некалькі), лакальную памяць, сродкі кантролю і дыягностыкі. Функцыянальна-арыентаваныя П. забяспечваюць выкананне тыповых функцый выліч. прылад апаратнымі спосабамі. Да іх адносяць сістэмны П. (выконвае службовыя функцыі ЭВМ, напр., увод—вывад інфармацыі, кантроль і апрацоўку станаў перыферыйных прылад), сеткавы П. (забяспечвае функцыянаванне выліч. сеткі), сервісны П. (для кантролю, дыягностыкі, статыстыкі і інш. аперацый абслугоўвання ЭВМ) і інш.Праблемна-арыентаваныя П. прызначаны для павышэння (адносна цэнтральнага П.) скорасці апрацоўкі некаторых класаў задач (напр., для апрацоўкі адна- і мнагамерных матрыц, рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў, задач тэорыі поля), а таксама асобных працэдур аперацыйнай сістэмы. Такія П. звычайна з’яўляюцца дадатковымі спецыялізаванымі П., якія далучаюцца да асн.ЭВМ, напр., праз інтэрфейс уводу—вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Здзек ’зняважлівыя паводзіны’. Рус.зах.-бранск.зде́ки ’здзекі’. Параўн. рус.смал., пск., калін., зах.-бранск.здекаться ’свавольнічаць, насміхацца, здзекавацца’, алан.здекнуться ’ўперціся’, валаг.дековаться ’здзекавацца’. Рус.издеваться традыцыйна ўзводзіцца да jьz‑dě‑va‑ti‑sę з коранем dě‑, як у дзець (гл.), семантычна празц.-слав. выраз издѣти имѧ ’даць (утварыць) імя, мянушку’ (Зубаты, 1, 1, 93) ці праз сувязь з раздевать: ’зняважыць, зняўшы адзенне’ (Пізані, Paideia, 8, 1953, 2, 112). Ст.-слав.издѣꙗти (издѣти) азначала ’зрабіць, утварыць’, што з дадаткам значэння ’выносіць’ захавалася ў ц.-слав.издѣти, издѣвати. Значэнне ’рабіць, утварыць’ адлюстроўваецца не ў дзець, а ў іншых адгалінаваннях кораня dě‑ (гл. дзея). Але магчыма звязаць здзек і з іншым коранем, што мае значэнне ’ствараць’, *zьd‑ (гл. здань). Бел.здзек утворана з суфіксам ‑к‑ (як знак, язык, гл. Мейе, Études, 335–337) ад дзеяслоўнай асновы jьz‑dě‑ti ці zьd‑ě‑ti. (Фасмер, 2, 122; Шанскі, 2, И, 30).