вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зло, ‑а, н.

1. Усё нядобрае, шкоднае, благое; проціл. дабро. [Закон] паказвае рабіць дабро і пазбягаць зла, імкнуцца да мірнага жыцця, не парушаючы спакою другіх. Алексютовіч. Уладзімір Ільіч папярэджваў аб небяспецы шавінізму, нястомна заклікаў да самай рашучай барацьбы з гэтым злом. «Полымя». // Бяда, няшчасце. Знайсці забойцу, гада-звера, Што прычыніў такое зло. Колас.

2. Разм. Пачуццё незадавальнення; злосць, гнеў. Зло ўзяло.

•••

На зло (злосць) каму — так, каб даняць, раззлаваць каго‑н., зрабіць непрыемнасць каму‑н. [Анісся] на зло [брату].. пайшла за Сяргея. Лынькоў.

Непраціўленне злу насіллем гл. непраціўленне.

Як на зло (злосць) — не ў час, не к месцу, не тады, калі трэба. Раптам зверху на яго Шухнула салома. Як на зло, сама сабой З’ехала ахапкам. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блок ​1, ‑а, м.

Прасцейшае прыстасаванне для падняцця грузаў у выглядзе кола з жолабам, цераз якое перакінуты вяроўка, канат або ланцуг.

[Англ. block.]

блок ​2, ‑а, м.

Аб’яднанне дзяржаў, палітычных партый, груповак для сумесных дзеянняў. Ваенны блок. Блок камуністаў і беспартыйных.

блок ​3, ‑а, м.

1. Частка якой‑н. пабудовы, прылады, машыны і пад., якая сама складаецца з дэталей, элементаў. Блок цыліндраў. Блок матора. □ [Максім:] — Сам жа [Косця] прасіў паказаць будаўніцтва суцэльнымі блокамі. Грамовіч.

2. Штучна зроблены з бетоннай сумесі будаўнічы камень у выглядзе вялікай цагліны. Пустацелы блок. Шлакабетонны блок.

3. Комплекс будынкаў, якія маюць аднолькавае прызначэнне. Блок цэхаў жалезабетонных вырабаў. Хірургічны блок. Лагерны блок. □ Блокамі называюць баракі. Іх дзесяткаў чатыры, усе выходзяць тарцамі на адзіную вуліцу. Карпюк.

[Фр. bloc — аб’яднанне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазастава́цца, ‑стаецца; ‑стаёмся, ‑стаяцеся, ‑стаюцца; зак.

1. Застацца дзе‑н., не пакінуць якога‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Ліда тым часам сустракалася з такімі, як сама, маладымі хлопцамі і дзяўчатамі, што пазаставаліся ў горадзе. Кавалёў. // Не перайсці ў наступны клас — пра ўсіх, многіх.

2. Не перастаць быць якім‑н. — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Дзверы пазаставаліся адчыненымі.

3. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Захавацца, уцалець — пра ўсё, многае. Пазаставаліся сляды ўсюды.

4. Апынуцца ў якім‑н. стане — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Пазаставаліся дзеці сіротамі. □ Плата і штраф былі такія, што людзі .. пазаставаліся голыя. Чорны.

5. Апынуцца ззаду, збоку — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. Коннікі пазаставаліся ззаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паро́жні, ‑яя, ‑яе.

Пусты, нічым не запоўнены. Сама сталоўка займала палавіну дома і двума ходамі злучалася з кухняй: праз адны дзверы неслі страву ў сталоўку, а праз другія выносілі парожнюю пасуду. Колас. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем і цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. Грахоўскі. // Разм. Нікім не заняты, свабодны. Якраз тут было не так багата людзей, і .. [Рыгор] пайшоў на адной лаўцы парожняе месца. Гартны. Хата была вялікая і парожняя, хоць бяры спраўляй вечарынку. Пташнікаў. Яны самі — і дзядзька, і цётка, і баба, і Казік, і сястра Казікава Стэфа — абедаюць за сталом, а я адзін, як той воўк. І яны абедаюць паперадзе: — стол потым парожні гуляе. Баранавых.

•••

Пераліваць з пустога ў парожняе гл. пераліваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узрасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак., каго-што.

Даглядаючы, забяспечыць рост чаго‑н.; вырасціць. Яны [дэлегаты] прыйшлі на з’езд партыйны, Каб вырашыць, абмеркаваць, Як лепш адбудаваць краіну, Заводы новыя ўзняць, Як асушыць балот прасторы. Багаты ўраджай узрасціць. Танк. Ківалі верхавіннем высокія вольхі. Іх балота ўзрасціла. Куляшоў. / у перан. ужыв. [Бацька:] — Я ўсе ж павінен служыць сваім людзям, тым людзям, якія ўзрасцілі мой талент, якія стварылі мне славу. Мікуліч. // Узгадаваць. Марыля гатова мучыцца, ахвяраваць усім, толькі, б узрасціць і выхаваць дзяцей. Ярош. Дачку ўзрасціў я. Ёй — дай божа — дваццаць, Яна сама павінна разабрацца. Ставер. // перан. Стварыць клапатлівымі адносінамі. Узрасціць кадры. □ Палессе! Сынам сваім ты даравала Не толькі жыццё і сілу — Ты пастухоў сваіх і генералаў Для гісторыі ўзрасціла. Нядзведскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

selbst

1. pron dem сам, сама́, само́, са́мі;

zu sich ~ kómmen* прыйсці́ ў сябе́, апрыто́мнець;

er war (stets) ~ ён заўсёды быў самі́м сабо́ю;

jéder ist sich ~ der Nächste ≅ сваю́ кашу́ля бліжэ́й да це́ла;

das verstéht sich von ~ гэ́та само́ сабо́й зразуме́ла

2. prtc на́ват;

~ er hat sich geírrt на́ват ён памылі́ўся

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

Жох 1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох 3.

Жох 2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць 2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох 1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.

Жох 3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох 1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АЎТАМАТЫЗА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАСЦІ,

ажыццяўленне вытв. працэсу з дапамогай аўтам. сродкаў без непасрэднага ўдзелу ў ім чалавека, а толькі пад яго кантролем. Засн. на выкарыстанні камп’ютэрных сістэм, прылад і аўтаматаў, якія дапоўнілі 3-звенную сістэму машын (рухавік, перадатачны механізм, рабочая машына) 4-м звяном — блокам аўтам. кіравання і кантролю. З’яўляецца асновай развіцця сучаснай эканомікі і гал. кірункам навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ажыццяўляецца з мэтай павышэння эфектыўнасці вытв-сці, якасці прадукцыі і аптымальнага выкарыстання рэсурсаў. Бывае частковая (аўтаматызаваны ўчастак, цэх, прадпрыемства) і поўная (аўтаматызаваны ўсе працэсы, у т. л. падрыхтоўка і рэгуляванне вытв-сці). Комплексныя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці — гэта пераход да т.зв. бязлюдных тэхналогій. Неабходнасць аўтаматызацыі вытворчасці абумоўлена тэхнічна (калі пры выкананні аперацый выкарыстанне чалавечай працы на пэўным участку немагчыма), эканамічна (апраўдана толькі пры зніжэнні выдаткаў вытв-сці), сацыяльна (дыктуецца ростам прафес. гуманітарнага і культ. ўзроўню работніка, гарманічнага развіцця яго як асобы).

Аўтаматызацыя вытворчасці ажыццяўляецца ў 3 кірунках, якія адлюстроўваюць асн. этапы развіцця навукі і тэхнікі ў галіне механікі, электратэхнікі і электронікі. 1-ы кірунак ажыццяўляецца з перыяду прамысловага перавароту — вынаходства рабочых машын, здольных выконваць вытв. аперацыі без удзелу рабочага (ткацкія станкі, станкі апрацоўкі дэталяў па капіры і інш.). Дзеянне такіх машын-аўтаматаў грунтуецца на выкарыстанні дасягненняў класічнай механікі з дапамогай адпаведных канструкцыйных рашэнняў. Роля чалавека тут зводзіцца да назірання за работай машын ці да падачы матэрыялаў для іх перапрацоўкі і ўборкі гатовай прадукцыі. 2-і кірунак ажыццяўляецца з пач 20 ст. на базе выкарыстання электраэнергіі ў якасці рухальнай сілы. Вынаходства прылад, заснаваных на выкарыстанні электрычнасці і электрамагнетызму (рэле, кантактараў, прылад кантролю, рэгулявання і інш.) зрабіла магчымым звязаць у адзіную сістэму сукупнасць машын і механізмаў, якія вырашаюць пэўную тэхнал. задачу. На гэтым этапе пачаліся распрацоўка і шырокае выкарыстанне аўтам. ліній і вытв-сцяў, здольных без удзелу чалавека выконваць тэхнал. аперацыі па апрацоўцы дэталяў і нават зборку нескладаных вырабаў. Роля чалавека на такіх лініях — у падачы матэрыялаў, падборы і наладцы патрэбнага інструменту, кіраванні, кантролі, загрузцы і выгрузцы дэталяў. 3-і кірунак пачаўся з 2-й пал. 20 ст. на базе развіцця электронікі і выкарыстання ЭВМ (камп’ютэраў). Рэвалюцыйны скачок у вытв. працэсе адбыўся з выкарыстаннем аўтам. маніпулятараў (робатаў) і станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, якія з дапамогай уманціраваных у іх камп’ютэраў здольныя самастойна запамінаць і абагульняць вопыт сваёй работы, выконваць і каардынаваць складаныя фіз. дзеянні ў прасторы. Гэта істотна мяняе характар і змест працы: аўтам. сістэма машын сама ўздзейнічае на прадмет працы, выконвае не толькі фіз., а і шэраг інтэлектуальных функцый рабочага.

Найб. пашырана аўтаматызацыя вытворчасці ў касманаўтыцы, металургіі, ядз. энергетыцы, радыёэлектроннай прам-сці, сувязі і інш. галінах эканомікі, у т. л. і нематэрыяльнай сферы. Дзейнічаюць аўтаматызаваныя прадпрыемствы, аўтаматычныя лініі, аўтаматычныя маніпулятары, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання, класы аўтаматызаванага навучання, сістэмы па аўтаматызацыі вымярэнняў, аўтаматызацыі праграмавання, аўтаматызацыі праектавання і інш. На Беларусі наладжаны выпуск ЭВМ, аўтам. ліній і маніпулятараў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем і інш. сучасных сродкаў аўтаматызацыі, якія шырока выкарыстоўваюцца ў вытв-сці і пастаўляюцца на экспарт.

Літ.:

Автоматизация производственных процессов на основе промышленных роботов нового поколения: Сб. науч. тр. М., 1991.

М.​С.​Сачко.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)