МУРО́ЎКА ў архітэктуры,

размяшчэнне камянёў, каменных блокаў, цэглы ў пэўнай сістэме, якая выяўляецца малюнкам швоў па паверхні сцяны. Удасканальванне тэхнікі М., выкарыстанне розных тыпаў цэглы, сістэма злучэння цаглін паміж сабой адлюстроўваюць узровень развіцця буд-ва і даюць магчымасць стварыць дакладную шкалу для датавання помніка архітэктуры. Малюнак М. неатынкаваных фасадаў з’яўляецца асн. фактарам паліхроміі ў манум. дойлідстве. Для арх.-буд. практыкі пэўнай эпохі і рэгіёна ўласцівы асобныя сістэмы М.

Вядома са старажытнасці. На Беларусі існавалі мяшаная (з камянёў і цэглы), цагляная і каменная М. Першае збудаванне ў тэхніцы мяшанай М. (опус мікстум) — Полацкі Сафійскі саборст.). Пластыку фасадаў узбагачалі чаргаванне радоў камянёў са слаямі плінфы, якая звязвала канструкцыю М. (тэхніка са «схаваным радам»). Для Полацкай школы дойлідства (12 ст.) характэрна таксама М. са «схаваным радам», якая ўтварала 2-колерную гаму паверхні сцяны. У тэхніцы каменнай М. (опус інсертум) будавалася Мінская замкавая царква (12 ст.). Яе сцены ў сярэдзіне выкладвалі камянямі, а вонкавую паверхню абкладалі невял. прамавугольнымі блокамі вапняку. У тэхніцы дэкар. мяшанай М. пабудавана Віцебская Благавешчанская царква (12 ст.). Яе сцены мелі радавую М.: 1 рад ачасанага вапняку, 2 рады плінфы і г.д. Для Гродзенскай школы дойлідства (12 ст.) характэрна дэкар. раўнарадавая М., калі акрамя плінфы вонкавую паверхню сцен аздаблялі рознакаляровыя шліфаваныя камяні, паліваныя пліткі, з якіх выкладваліся розныя крыжападобныя фігуры. У інтэр’еры сцены мелі роўную паверхню з плінфы, на іх фоне вылучаліся круглыя гарлавіны галаснікоў. У 13—17 ст. ужывалася лусковая М., калі з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен, а прамежкі паміж імі забутоўвалі кавалкамі цэглы і дробным каменнем (Камянецкая вежа, Гальшанскі палац). Для 2-й пал. 13 — сярэдзіны 14 ст. характэрна цагляная балтыйская М. з чаргаваннем 2—3 рубаў і старчака цэглы (Крэўскі замак). У 1-й пал. 14 ст. існавала каменная М. (гранд апарайль; Лідскі замак). У 16—17 ст. практыкавалі 2 тыпы мяшанай М.: чаргаванне суцэльных радоў камянёў і цэглы і хаатычна раскіданыя валуны па складзенай з цэглы паверхні (Гродзенскі Стары замак, замак у г.п. Мір, гл. Мірскі замкава-паркавы комплекс). З сярэдзіны 14 ст. да сярэдзіны 16 ст. пераважала цагляная гатычная М. з чаргаваннем у радзе старчака і руба (Сынковіцкая царква-крэпасць). З 15 ст. пашырылася дэкар. гатычная М., дзе выкарыстоўвалася перапаленая цэгла-клінкер (цёмна-сіняга, амаль чорнага колеру), з якой выкладвалі розныя ўзоры, найчасцей у выглядзе рамбічнай сеткі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). У 2-й пал. 16 ст. з’явілася рэнесансавая М. (чаргаванне радоў з старчакоў і рубаў цэглы). У 16—17 ст. ужываўся крыжовы варыянт рэнесансавай М., калі швы стыкаў рубаў знаходзіліся адзін над адным у кожным 5-м радзе цэглы (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква). У 17—18 ст. вядома і галандская М., у якой рады з старчакоў чаргаваліся з радамі, дзе старчак чаргаваўся з рубам (Мсціслаўскі езуіцкі калегіум). У фартыфікацыйным буд-ве 16—18 ст. выкарыстоўвалася старчаковая М. (Мураванкаўская царква-крэпасць). З 2-й пал. 16 ст. фасады будынкаў атынкоўваліся, што прывяло ў 17 ст. да адраджэння раўнарадавай М. (збудаванні Магілёўскай арх. школы).

У 19 — пач. 20 ст. ў архітэктуры стыляў рамантызму, несапраўднай готыкі, мадэрн і інш. выкарыстоўвалі розныя тыпы М., але часцей гатычную. Для архітэктуры невял. капліц, касцёлаў, цэркваў, мураваных агароджаў гасп. пабудоў 19—20 ст. характэрна т.зв. разынкавая М., калі вял. камяні абмазваліся вапнай і ў яе ўтыкаліся дробныя каменьчыкі, здалёк падобныя на разынкі; часам з іх выкладвалі розныя ўзоры. У сучаснай архітэктуры практыкуецца мяшаная, цагляная і каменная М. з выкарыстаннем прыродных і штучных (бетонныя блокі, керамічныя пліты, абліцовачная цэгла) матэрыялаў. Дэкар. эфект М. дасягаецца сістэмай перавязкі цаглін паміж сабой, камбінацыяй колераў і фактуры цэглы.

Літ.:

Пазняк Р. Беларускі каменны арнамент // Маладосць. 1968. № 12;

Трусов О.А. Основные типы кладки XI—XII вв. на территории Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. Мн., 1983;

Яго ж. Старонкі мураванай кнігі. Мн., 1990.

А.​А.​Трусаў.

Муроўка: 1 — опус мікстум; 2 — лускаватая; 3 — опус інсертум; 4 — балтыйская; 5 — са «схаваным радам»; 6 — гранд апарайль; 7 — дэкаратыўная мяшаная; 8, 10 — мяшаныя; 9 — дэкаратыўная раўнарадавая; 11 — раўнарадавая; 12 — гатычная; 13 — рэнесансавая; 14 — крыжовая; 15 — старчаковая; 17 — дэкаратыўная гатычная; 18 — разынкавая.

т. 11, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛГЕБРА,

навука пра сістэмы аб’ектаў той ці інш. прыроды, у якіх устаноўлены аперацыі, па сваіх уласцівасцях падобныя на складанне і множанне лікаў (алг. аперацыі). Задачы і метады алгебры ствараліся паступова, у выніку пошукаў агульных прыёмаў рашэння аднатыпных арыфм. задач (пераважна састаўлення і рашэння ўраўненняў).

Вялікі ўплыў на развіццё алг. ідэй і сімволікі зрабіла «Арыфметыка» Дыяфанта (3 ст.). Тэрмін «алгебра» паходзіць ад назвы твора Мухамеда аль-Харэзмі «Альджэбр аль-мукабала» (9 ст.), які мае агульныя метады рашэння алгебраічных ураўненняў (АУ) 1-й і 2-й ступеняў. У канцы 15 ст. замест грувасткіх слоўных апісанняў алг. дзеянняў у матэм. творах з’яўляюцца знакі «+» і «-», потым знакі ступеняў, кораняў, дужкі. У канцы 16 ст. Ф.Віет першы выкарыстаў літарныя абазначэнні. Да сярэдзіны 17 ст. ў асн. склалася сучасная алг. сімволіка. У далейшым погляд на алгебру мяняўся. Алгебра 17—18 ст. займалася літарнымі вылічэннямі (рашэнне АУ, тоеснае пераўтварэнне формул і інш.) у адрозненне ад арыфметыкі, якая аперыруе канкрэтнымі лікамі. Да сярэдзіны 18 ст. алгебра склалася прыблізна ў аб’ёме цяперашняй т.зв. элементарнай алгебры. Алгебра 18—19 ст. з’яўляецца ў асн. алгебрай мнагачленаў. Першай гіст. задачай алгебры было рашэнне АУ з адным невядомым. У 16 ст. італьян. матэматыкамі была знойдзена формула для рашэння ўраўненняў 3-й ступені (формула Кардана), потым метад рашэння ўраўненняў 4-й ступені (метад Ферары). Амаль 3 стагоддзі вёўся пошук формулы для рашэння ўраўненняў вышэйшай ступені. У 17 ст. ўпершыню выказана А.​Жырарам, а ў канцы 18 ст. К.Гаўсам даказана асн. тэарэма алгебры аб існаванні камплекснага кораня для адвольных АУ з камплекснымі каэфіцыентамі. У 1824 Н.Абель даказаў, што ўраўненне вышэй 4-й ступені ў агульным выпадку ў радыкалах невырашальнае, а ў 1830 Э.Галуа знайшоў крытэрый вырашальнасці ў радыкалах АУ. Разам з тэарэмай АУ з адным невядомым разглядаліся сістэмы АУ з многімі невядомымі, у прыватнасці сістэмы лінейных ураўненняў, у сувязі з чым узніклі паняцці матрыцы і дэтэрмінанта. З сярэдзіны 19 ст. даследаванні ў алгебры паступова пераносяцца з тэорыі АУ да вывучэння адвольных алг. аперацый. Абстрактнае паняцце алг. аперацыі ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з даследаваннем прыроды камплексных лікаў, а таксама ў выніку з’яўлення прыкладаў алг. аперацый над элементамі зусім інш. прыроды, чым лікі, — складанне і множанне матрыц і інш.

У пачатку 20 ст. алгебра стала разглядацца як агульная тэорыя алг. аперацый на аснове аксіяматычнага метаду (сфарміравалася пад уплывам прац Ц.Гільберта, Э.​Штэйніца, Э.​Арціна, Э.​Нётэр і інш.). Сучасная алгебра вывучае мноствы адвольнай прыроды з зададзенымі на іх алг. аперацыямі (г.зн. алгебра ці універсальныя алгебра). Доўгі час вывучаліся толькі некалькі тыпаў універсальных алгебраў — групы, кольцы, лінейныя прасторы. Пазней пачалося вывучэнне абагульненняў паняцця групы — паўгрупы, квазігрупы і лупы. Разам з асацыятыўнымі кольцамі і алгебрай пачалі вывучацца і неасацыятыўныя кольцы і алгебра. Асацыятыўна-камутатыўныя кольцы і палі з’яўляюцца асн. аб’ектам вывучэння камутатыўнай алгебры, з якой цесна звязана алгебраічная геаметрыя. Важным тыпам алгебры з’яўляюцца структуры. Лінейныя прасторы, модулі, а таксама іх лінейныя пераўтварэнні і сумежныя пытанні вывучае лінейная алгебра, часткай якой з’яўляюцца тэорыі лінейных ураўненняў і матрыц. Да лінейнай алгебры прымыкае полілінейная алгебра. Першыя працы па агульнай тэорыі адвольных універсальных алгебраў належаць Г.​Біркгафу (1830-я г.). У тыя ж гады А.​І.​Мальцаў і А.​Тарскі заклалі асновы тэорыі мадэляў — мностваў з зададзенымі на іх адносінамі. У выніку цеснага збліжэння тэорыі універсальных алгебраў з тэорыяй мадэляў узнік новы раздзел алгебры, сумежны з алгебрай і матэматычнай логікай, — тэорыя алг. сістэм, якая вывучае мноствы з зададзенымі на іх алг. аперацыямі і адносінамі (гл. Алгебра логікі). Дысцыпліны, сумежныя з алгебрай і інш. часткамі матэматыкі, вызначаюцца ўнясеннем ва універсальныя алгебры дадатковых структур, узгодненых з алг. аперацыямі і адносінамі: тапалагічная алгебра, у т. л. тапалагічныя групы і групы Лі, тэорыя ўнармаваных кольцаў, дыферэнцыяльная алгебра, тэорыі розных упарадкаваных алгебраў. Да сярэдзіны 1950-х г. сфарміравалася гамалагічная алгебра, карані якой ляжаць у алгебры і тапалогіі.

Алг. паняцці і метады выкарыстоўваюцца ў геаметрыі, тэорыі лікаў, функцыян. аналізе, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, метадах вылічэнняў і інш. Алгебра мае вял. дачыненне да фізікі (выяўленні груп у квантавай фізіцы), крышталяграфіі (дыскрэтныя групы), кібернетыкі (тэорыі аўтаматаў і кадзіравання), матэм. эканомікі (лінейныя няроўнасці) і інш. Сістэм. даследаванні па алгебры на Беларусі пачалі Дз.А.Супруненка (1945) і С.А.Чуніхін (1953). Вядуцца пераважна ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі, БДУ, Гомельскім ун-це ў школах У.П.Платонава, А.Я.Залескага, Л.А.Шамяткова.

Літ.:

Математика, её содержание, методы и значение. Т. 1—3. М., 1956;

Бурбаки Н. Очерки по истории математики: Пер. с фр. М., 1963.

Р.​Т.​Вальвачоў.

т. 1, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНЯ,

форма слоўна-муз. мастацтва; найб. пашыраны род вакальнай музыкі, які аб’ядноўвае паэт. і муз. тэкст у адзіны песенны вобраз. Адрозніваюць П. нар. (фальклорныя) і прафес., створаныя паэтамі і кампазітарамі; яны пастаянна ўзаемадзейнічаюць: элементы нар. П. кампазітары выкарыстоўваюць у сваёй творчасці, а найб. папулярныя прафес. П. фалькларызуюцца. П. розняцца таксама прызначэннем (камерныя, эстрадныя, масавыя), жанрамі (рэв., быт., гімнічныя, лірычныя), складам (аднагалосыя і шматгалосыя), формамі выканання (сольныя, ансамблевыя, харавыя; з суправаджэннем ці без яго), сферамі бытавання (для прафес. спевакоў і масавага выканання). У некат. краінах тэрмін «П.» выкарыстоўваюць і ў адносінах да раманса.

Нар. П. ахоплівае некалькі вял. гіст. пластоў (гл. Народная музыка, Народная песня, Этнаграфія музычная). Прафес. П. зарадзілася з развіццём музыкі, пісьмовай паэзіі. Паэт. тэксты П. вылучаюцца, як правіла, яснай, выразнай кампазіцыяй, супадзеннем сінтаксічных і структурных асаблівасцей, роўнасцю метрарытмічнага развіцця. Мелодыя і тэкст у большасці выпадкаў падобныя па структуры, складаюцца з роўных пабудоў — строф або куплетаў (нярэдка з рэфрэнам-прыпевам). Узаемадзеянне слова і музыкі ў П. скіравана на выяўленне агульнага характару верша, чым тлумачыцца адрозненне песеннай мелодыкі ад рамансавай. Мелодыя П. выступае як выніковае, абагульненае выяўленне вобразнага зместу, настрою верша, не звязанае з выяўленнем асобных паэт. вобразаў, адценняў, дэталей тэксту. У ант. мастацтве паэзія і музыка не падзяляліся, існавалі ў выглядзе адзінага сінкрэтычнага мастацтва паэтаў-лірыкаў. Цеснае ўзаемадзеянне іх характэрна і для творчасці трубадураў, трувераў, мінезінгераў і майстарзінгераў сярэднявечча. У эпоху Ars nova («новага мастацтва», 14 ст.) пашырыліся П. ў суправаджэнні аднаго ці некалькіх інструментаў. У 16 ст. ў Францыі тэрмін «П.» пачалі выкарыстоўваць у адносінах да поліфанічных вакальных твораў. У П. ўсіх часоў апасродкавана адлюстроўваюцца гіст. падзеі краін, іх культура, нац. характар, асаблівасці светапогляду, імкненні, мары і надзеі народаў, што ўвасобілася ў розных формах быт. сольнай і ансамблевай П., гусіцкіх П., гімнах гугенотаў, пратэстанцкіх харалах. У гады франц. рэвалюцыі 18 ст. ўзніклі масавыя рэв. П. У 2-й пал. 18 ст сфарміравалася камерная П.-раманс з суправаджэннем струннага клавішнага інструмента. У 19 ст. песенныя жанры падзяляліся на раманс і ўласна П., дакладную мяжу паміж якімі не заўсёды магчыма вызначыць. П.-рамансы з перавагай песенных рыс фалькл. пачатку прадстаўлены ў творчасці рус. (А.​Аляб’еў, А.​Варламаў, А.​Гурылёў, М.​Глінка) і зах.-еўрап. (І.​Брамс, Ж.​Бізэ, Ф.​Шуберт і інш.) кампазітараў. У пач. 20 ст. вял. развіццё атрымала рабочая рэв. П., узоры якой знаходзяцца каля вытокаў масавай песні. У 1920—30-я г. назіраецца ўздым П. З 1950—60-х г. у некат. краінах адраджаюцца традыцыі «шансанье» — спевакоў, якія самі ствараюць мелодыі, часта і словы сваіх П. Пашырылася аўтарская песня (Ж.​Брасенс, Ш.​Азнавур, Джо Дасэн у Францыі, Б.​Акуджава, У.​Высоцкі ў Расіі і інш.). Вял. развіцця дасягнула ў 1970—90-я г. эстрадная П. (гл. ў арт. Эстрадная музыка).

На Беларусі першымі носьбітамі песеннага прафесіяналізму былі вандроўныя акцёры — гусляры, лірнікі, скамарохі-музыкі, у т. л. гудочнікі, дудары, дудачнікі, бубністы, цымбалісты, смыкі. У 2-й пал. 16 ст. зарадзілася кантавая культура (гл. Кант). У 16—18 ст. значная роля ў развіцці харавога жанру належала брацкім школам, прыгонным аркестрам і капэлам. Да 19 ст. адносіцца пачатак збірання, вывучэння і публікацыі бел. нар. П., першыя спробы яе кампазітарскай апрацоўкі і канцэртнай прапаганды. З пач. 20 ст. на фарміраванне муз. стылістыкі бел. прафес. П. ўплывалі традыцыі рус. кампазітараў, пераважала рэв. і сац. тэматыка ў жанры харавой масавай П. (кампазітары І.​Любан, Л.​Маркевіч, А.​Туранкоў, У.​Тэраўскі, М.​Чуркін, Я.​Цікоцкі, В.​Яфімаў і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся П. яркай ваен.-патрыят. накіраванасці, якія апявалі подзвіг народа ў гады Вял. Айч. вайны (М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, Р.​Пукста, Н.​Сакалоўскага і інш.), развіваліся быт., гар. лірычныя П. (Ю.​Семянякі і інш.). Песеннай творчасці 1960—90-х г. характэрна імкненне да нац. своеасаблівасці, ускладненне гарманічнага развіцця, наяўнасць метрычнай пераменнасці, абнаўленне інтанацыйнага строю, павелічэнне ролі рытмічнага пачатку, муз. паўтораў, секвенцый і інш. Найб. плённа працавалі і працуюць у жанры П. кампазітары У.​Буднік, Я.​Глебаў, А.​Елісеенкаў, Э.​Зарыцкі, Л.​Захлеўны, В.​Іваноў, І.​Кузняцоў, І.​Лучанок, У.​Мулявін, І.​Палівода, В.​Раінчык, Семяняка, Дз.​Смольскі, Э.​Ханок і інш. Папулярызацыі бел. П. садзейнічае творчасць вак.-інстр. ансамбляў «Верасы», «Песняры», «Сябры» і інш., салістаў Беларускай філармоніі, радыё і тэлебачання, Дзярж. т-ра муз. камедыі, Нац. акад. т-ра оперы, самадзейныя калектывы і кампазітары.

Літ.:

Анталогія беларускай савецкай песні. Мн., 1979;

Дедюля Т.И. Белорусская советская песня. Мн., 1982.

Э.​А.​Нікалаева.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Калбу́к, колбу́к ’віхар’. Па тэрыторыі гэта фіксацыя адносіцца, паводле меркаванняў Кольберга, 440, да зах. Палесся (пруж.). Дакладных адпаведнікаў у значэнні ’віхар’ як быццам няма на іншай бел. тэрыторыі. На думку Цыхуна, Бел.-польск. ізал., 148, суадносіцца з польск. kołbuk ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, kołbuk, або kłobuk ’злы дух. д’ябал’, дух у выглядзе агню’, якія фіксуюцца на Мазоўшы і ў Варміі. Меркаванне аўтара аб тым, што ідэнтыфікацыя бел. і польск. слоў у якасці ізалексы магчымая, паколькі ў народных прымхах віхар вельмі часта атаясамліваецца з д’яблам, патрабуе ўдакладнення. Па сутнасці, для польск. лексем аб значэнні ’віхар’ (’д’ябал’ < ’віхар’) мяркуецца’ на аснове бел., аднак няясна, ці ёсць значэнне ’д’ябал’ у бел. слова. Не выключана, што асноўныя яго значэнні іншыя і назва віхру — рэалізацыя пабочнай семемы. Можна думаць, што асноўнае значэнне бел. слова адпавядае польскаму ’злы дух, д’ябал’ і ўжыта яно было менавіта ў такім сэнсе. Супраць гэтага лінгвагеаграфія. Ёсць пэўныя цяжкасці і семантычнага плана. Польск. лексіка лічыцца запазычанай, у якасці крыніцы аўтары Варшаўскага слоўніка бяруць або Chobold ’міфічная істота ў вобразе птушкі’, або kobold казачная істота, якая пільнуе скарбы ў гарах’. Зыходзячы з формы kłobuk як асноўнай, Слаўскі (2. 257) уключае адзначаныя польскія лексемы ў артыкул kłobuk ’капялюш, каўпак’. У польск. гаворках адзначана kłobuch ’ястраб’, што можна супаставіць з вышэй прыведзеным значэннем ’злы дух у выглядзе птушкі’. Аднак тэрыторыя, на якой сустракаюцца гэтыя лексемы, розная. Калі зыходнай формай лічыць kołbuk, відавочна абгрунтаваным аказваецца меркаванне Цыхуна (там жа), што слова, магчыма, звязана з усх.-слав. колб‑ ’шар, круглы і тоўсты канец чаго-н.’, а значэнне ’д’ябал’ магло непасрэдна суадносіцца з вядомай на ўсходзе семантыкай лексем коўб ’страўнік жывёлы’, коўбы ’вантробы, кішкі’, паколькі ёсць розныя «зневажальныя» назвы аналагічнай з’явы на Кашубшчыне (гл. Сыхта, JP, 37, 1957; Сыхта, 1, 35–38). Паколькі падобныя назвы страўніка з’яўляюцца хутчэй за ўсё другаснымі (натуральныя вытворныя ад колб‑ ’шар і да т. п.’), а прыведзеныя польскія тэрміны для д’ябла этымалагічна няясныя, можна выказаць сумненне ў суаднесенасці бел. і польск. слоў. У такім выпадку застаецца прааналізаваць магчымасць утварэння разглядаемага слова ад клубок або ад клобук, або, як прапанаваў Цыхун, ад колб‑. Фармальна першыя дзве лексемы аднолькава падыходзяць у якасці крыніцы. Бліжэй да мяркуемага ўтваральнага слова клобук (для першага неабходная метатэза клубокклобук).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калыва́ць ’вагаць, хістаць’ (БРС; зах.-бел., Весці), калывацца (БРС, ТСБМ, Бір.; Сл. паўн.-зах.; Сцяшк., Федар.). Магчыма, сюды і ашм. калыта́цца ’ківацца’ (зуб… калытайацца), калі гэта не з калатацца ’калаціцца, трэсціцца — ківацца’. Фанетычна дакладная паралель ва ўкр. коливати ’хістаць, калываць’, ’ісці павольна, хістаючыся’, што неабходна разглядаць як бел.-укр. інавацыю на базе больш архаічнага *kolybati (рэканструкцыю дазваляюць зрабіць зафіксаваныя ў рус. і каш. арэалах лексемы, статус укр. колибати, якое прыводзіць Фасмер, 2, 299, няясны). Паводле Трубачова, Эт. сл. 10, 164, да шырока вядомага прасл. kolěbati. Звяртаецца ўвага (там жа, 130), што ‑y‑ ў *kolybati хутчэй за ўсё дыфтангічнага паходжання, калі гэта сапраўды ў адносінах ‑ě‑, ‑oi‑ ў kolěbati. Той факт, што ад *kolybati утвораны інтэнсівы kolysati/kolyxati (больш шырока вядомыя ў славянскіх мовах), безумоўна, сведчыць на карысць вялікай архаічнасці формы *kolybati. З даўніх прапаноў спробы знайсці і.-е. адпаведнікі (Патабня, Цупіца) падтрымкі не знайшлі, як і меркаванні Міклашыча, а пазней Бернекера аб сувязі з kolo. Слаўскі (2, 347) не выключае магчымай сувязі з гукапераймальнымі ўтварэннямі (аналагічныя думкі яшчэ ў Бернекера і Скока) тыпу польск. дыял. klebotać, chlebotać ’калываць, хістаць, муціць’, рус. хлебать і асабліва дыял. хлебестать ’калывацца, хістацца і да т. п.’; БЕР (2, 550) дапускае і.-е. праформу *k​ol‑ што вельмі няпэўна; спосаб утварэння няясны. Трубачоў (Эт. сл., 10, 130, 395) прымае як найбольш верагодную версію, якая была распрацавана Голубам–Копечным (176) і Махэкам₂ (268), дзе kolěbati разглядаецца як прэфіксальнае. Пры гэтым пярэчанні датычаць у першую чаргу самога факта такога рашэння, паколькі ў дэталях этымалогія Махэка дастаткова абгрунтаваная. Сапраўды, падобныя прэфіксальныя ўтварэнні (тыпу ўкр. ковертати) сустракаюцца сярод дзеясловаў руху, другая частка злажэння добра параўноўваецца Махэкам з літ. láibas ’тонкі, высокі’, лат. laībs ’тонкі, слабы’, што з семантычнага пункту погляду таксама сумненняў не выклікае. Трубачоў (Эт. сл., 10, 164) адзначае, што, калі тлумачыць *ko‑lěb‑ < *loib‑, як Махэк₂, 268, фанетыку кораня *lyb можна разумець як экспрэсіўную трансфармацыю *loib‑ > *lŭb‑ > *lyb‑, а гэта знаходзіць аналогію ў літ. мове, дзе, магчыма, роднаснае láibas мае экспрэсіўны варыянт lùiba, luibà; аб адносінах ui/аі (< і.-е. оі) гл. Буга, Rink., 1, 459; 2, 263; а lùiba спецыяльна 1, 298.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калаку́н ’звон’ (мазыр., Шатал.), колокор ’бразготкі’ (петрык., Шатал.), сюды ж рус. колокольчик, колокольчики, колокуньчики (Бейл.) ’расліны Campanula persicifolia і Pulsatilla pratensis’. Бел. лексемы, відавочна, аднаго паходжання, паколькі адзначаны на параўнальна кампактнай ц.-палес. тэрыторыі. Па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю нельга меркаваць аб пранікненні лексемы з рус. гаворак і, відаць, з укр. (параўн. геагр. па крыніцах у Грынчэнкі). Як на блізкую тэрытарыяльна можна ўказаць усх.-палес. (Оўруцкі р‑н) калаколо ’загваздка’, аднак фармальнае супадзенне з асновай колокол ’звон’ яшчэ не сведчыць пра генетычную тоеснасцьз ёй усх.-палес. лексемы. Для бел. слова нельга ў прынцыпе выключыць паходжання з рус. гаворак (магчымы старыя міграцыі насельніцтва), аднак »яма пярэчанняў супраць таго, каб лічыць гэта слова архаізмам. У слав. мовах лексема прадстаўлена даволі слаба: укр. зах. колокіл, колокілок. колокіўця ’прыстасаванне ў кроснах з кольцамі, праз якое праходзіць нітка да иічанак’ (прыклад не вельмі надзейны, паколькі другое к тут можа паходзіць з ‑г‑), букав. калакончык, подоконник (у назвах кветак), рус. колокол таксама ў розных значэннях і формах нядрэнна прадстаўлены ў гаворках, ёсць з падобнай да бел. трансфармацыяй — разан. колкай; далей у слав. мовах: палаб. kluoküʼöl, балг. клаколна (клъколна ў старым запісу), ц.-слав. клакол. параўнальна позняе па часе фіксацыі. Не вельмі ясным уяўляецца статус балг. прыклада, паколькі ў таго ж аўтара сустракаецца і лексема клакотна (клъкотна), адносна якой БЕР (2, 414) мяркуе, што тут не выключана магчымасць друкарскай памылкі: ‑г‑ на месцы ‑н‑ як у клаколна. Аднак так жа можна разглядаць і параўноўваючы з балг. клокот і інш. формамі, для якіх некаторая трансфармацыя структуры з’яўляецца натуральнай і адзначана ў гаворках. Слав. лексемы дазваляюць рэканструяваць праформу kolkolъ, якая па ўтварэнню параўноўваецца ў БЕР, 2, 414, з прасл. golgolъ — і тут, і ў першым слове рэдуплікацыя асновы. Адпаведнікі да слав. лексемы літ. kan̄kalas (< *kalkalas), ст.-інд. kalakala ’бязладныя крыкі, шум’, а з паралелей без рэдуплікацыі звычайна прыводзяцца лак. саіаге ’склікаць, выткаць’, ст.-в.-ням. hellan ’гучаць’. З другога боку, паколькі насавы зычны літ. слова kankalas можа быць першасным, яго параўноўваюць са ст.-інд. kankanas, kankanam, kankani ’абруч, кольцападобнае ўпрыгожанне’ і з літ. kanklys і інш. ’гуслі’, гл. Фасмер, 2, 294, дзе літ-pa. У бел. лексемах у выніку дысіміляцыі адбылася замена зычнага (дыстантиая дысіміляцыя л–л, л–р і л–н), падобныя трансфармацыі і ў інш. слав. мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

паро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Група свойскай жывёлы аднаго віду і агульнага паходжання, якая адрозніваецца ад іншых груп пэўнымі прыкметамі. Бельгійская парода коней. □ — Надышоў час укамплектаваць ферму авечкамі танкаруннай пароды. Стаховіч. Макарыха выцягнула з воза пеўня, развязала ногі і крылы, апусціла на зямлю. — Во, на развод прывезла, галанскай пароды. Асіпенка. // Разнавіднасць жывёл, якія сваімі асаблівасцямі ці агульнымі прыкметамі адрозніваюцца ад іншых жывёл. Парода сумчатых з’яўляецца адной з самых старадаўніх і яшчэ цяпер захавала некалькі відаў, да якіх належыць, напрыклад, вядомы аўстралійскі кенгуру. Маўр. // Разм. Пародзістасць. Ды пароды дужае Быў армейскі конь, Не сканаў асуджаны Куляю на скон. Куляшоў.

2. Разнавіднасць раслін. Дзесяткі парод дрэў, лісцяных і хвойных, разложыстых і вастраверхіх, то шарэнгамі, то купкамі спускаліся па схілах узгоркаў да рэчкі. Хадкевіч. // Сорт, гатунак раслін. Вывесці новую пароду вішань.

3. Разм. Катэгорыя людзей з якімі‑н. характэрнымі рысамі. Стары.. быў з пароды тых вясковых людзей, якія ніколі табе не пакажуцца адразу. Карпюк. Мы з пароды мужнай, працавітай, Гартавалі нас цяжкія бітвы. Панчанка. // Вонкавы выгляд, склад цела чалавека. Гэта быў мужчына вельмі мажны, высокі, з вялікімі рукамі, з буйнымі рысамі твару, непаваротлівы і, нават, здавалася, нясмелы, як гэта звычайна бывае ў людзей такой пароды. Скрыган.

4. Разм. Род, сям’я, радня. [Андрэй:] — Уся ваша парода корзунаўская такая. П. Ткачоў. Два маленькія худзенькія хлапчукі, зусім не падобныя на свайго асілка-бацьку. Толькі чорныя такія ж. «Штось цыганскае ў іх народзе», — гаварылі ў вёсцы. Шамякін.

5. Уст. Прыналежнасць да якой‑н. сацыяльнай групы; сацыяльнае паходжанне. Дваранская парода. □ [Сцяпан:] — Прыйдзе звод на кожнага, хто ў кулацкай народзе ходзіць. Лынькоў.

6. Мінерал або сукупнасць мінералаў, якія з’яўляюцца састаўной часткай зямной кары. Горкая парода. Цвёрдыя пароды. // Мінерал, які змяшчае ў сабе які‑н. больш каштоўны карысны выкапень.

7. О Бітумінозныя пароды — асадкавыя горныя пароды (пяскі, пясчанікі, вапнякі і інш.), у якіх ёсць прыродны бітум. Мацярынская парода — верхні слой горных парод, на якім пад уздзеяннем біялагічных і біяхімічных працэсаў, а таксама пад уплывам дзейнасці чалавека адбываецца ўтварэнне глебы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, які з цяжкасцю паддаецца разбурэнню, псаванню. Трывалая драўніна. □ Гураля хата, якіх нямала У гэтым краі Арлінай волі: Такія ж сцены З хваін трывалых, Такі ж арнамент па бэльках столі. Танк. // Надзейны, моцны, устойлівы. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў .. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. Але ж дзе яе [лодку], лёгкую ды манеўровую, ды з плоскім днішчам, ды трывалую, знойдзеш у нас, мой пане? В. Вольскі. Вы ведаеце, што такое цэмент? Парашочак, з выгляду рахманы, А робіць трывалым пастамент Генію І тырану. Жычка. Дзе гразь мясіў адвеку Ды кладкі клаў народ — Трывалую грав[і]йку Насыпалі за год. Гілевіч. Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Які доўга захоўваецца і праяўляе свае якасці. Трывалы пах. // Добра засвоены (пра веды, навыкі і пад.); грунтоўны. Трывалыя веды. Трывалыя навыкі. // Сапраўдны, добры. Дамоў ад’язджаў ён [Пракоп], Далі яму боты з майстэрні дзяржаўнай — Трывалай работы. Куляшоў. // перан. Правераны часам. Трывалае шчасце. Трывалы аўтарытэт.

2. Які не мяняецца, надзейны, устойлівы. Трывалы мір. Трывалая сям’я. Трывалыя сувязі. □ Яна [ленінская канцэпцыя асобы] метадалагічна ўзбройвае літаратуразнаўства і стварае трывалую аснову для навуковага асэнсавання праблемы творчай індывідуальнасці. Івашын. Была закладзена трывалая сацыяльна-палітычная і эканамічная аснова збліжэння нацый, іх непарушнай дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, стварэння шматнацыянальнай савецкай дзяржавы. Машэраў. — Савецкі Саюз стаў адной з індустрыяльных дзяржаў свету толькі таму, — падхапіў Іван Якаўлевіч, — што ўся наша эканоміка, народная гаспадарка базіруецца на трывалым падмурку энергетыкі. Гроднеў.

3. перан. Здольны многае вынесці, перажыць; стойкі, загартаваны. Зямля мая! Якім трывалым быў Іван Сусанін, Сягоння буду я такім. Пушча. Пішы ёй проста: «Любая, цалую. Вайну закончым і — чакай дамоў. Калі спалілі хату — адбудую. Не зломак я — з трывалых мужыкоў». Прыходзька. // Уласцівы такому чалавеку. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі. // Здольны пераносіць неспрыяльныя знешнія ўмовы (аб раслінах). Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, — усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны. Дубоўка.

4. Разм. Сытны, пажыўны (пра яду). Трывалае снеданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНАЯ ПАЭТЫ́ЧНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ,

вусная народная творчасць, фальклор, адзін з відаў маст. творчасці народа, што адлюстроўвае рэчаіснасць у вобразах, створаных паэт. словам. Узнікла ў дакласавым грамадстве. Адлюстроўвае гісторыю і працоўны вопыт народа. Сцвярджае дабро і справядлівасць, стварыла высокія паэт. ўзоры.

Каляндарна-абрадавая паэзія і сямейна-абрадавая паэзіянайб. стараж. віды бел. фальклору. Аграрна-магічны характар у старажытнасці мелі ўсе песні, прымеркаваныя да святаў нар. земляробчага календара. Паводле міфапаэтычнага светаразумення яны магічным чынам садзейнічалі спору і плёну ў гаспадарцы, спрыялі дабрабыту і шчасцю сял. сям’і. Як і ў інш. слав. народаў, багаты раздзел бел. фальклору складае паэзія земляробчага каляндарнага круга. Абрады, звычаі і вераванні, песенныя цыклы, якімі абрасталі гадавыя святы, суправаджалі працу хлебароба, усю яго жыццядзейнасць дома, у полі, у лесе, у дачыненнях з жывой і нежывой прыродай, таму шырока адлюстравалі яго светапогляд, побыт, духоўнае жыццё. На іх аснове ўтварыўся своеасаблівы с.-г. каляндар, у якім адбіўся жыццёвы вопыт народа-сейбіта і ратая, яго стыхійна-матэрыяліст. светапогляд. Выяўлены ў абрадах, песнях, прыказках і прымаўках, звычаях і вераваннях, ён перадаваўся з пакалення ў пакаленне і стагоддзямі быў няпісаным маральна-этычным кодэксам народа.

Каляндарна-абрадавая паэзія падзяляецца на цыклы зімовы, веснавы, летні і восеньскі. Зімовы цыкл пачыналі піліпаўскія песні, якія спявалі ў піліпаўскі пост, што цягнуўся 6 тыдняў (ажно да Каляд). Гэта быў час попрадак. Жартоўныя матывы гэтых песень здымалі аднастайнасць руціннай работы. Свята Каляд было ў гонар Новага года. Яно звязана з зімовым сонцаваротам: дзень пачынаў расці, набліжаючы вясну. Каляды святкавалі з рознымі абрадамі, варажбою, гал. ч. у апошні вечар старога года (багатая куцця, ці шчадруха). Калядныя песні і шчадроўскія песні спявалі калядоўшчыкі (некалі нават плацілі калядны падатак) — звычайна хлопцы і маладыя мужчыны, ходзячы ад хаты да хаты. Спевамі яны віншавалі гаспадароў і іх дзяцей; вадзілі «казу», якая лічылася апекуном ураджаю («дзе каза рогам, там жыта стогам»), Песні калядоўшчыкаў маюць пераважна заклінальны і велічальны, а таксама гумарыст. характар. Бел. калядкі і шчадроўкі дастасаваны найперш да земляробчай дзейнасці чалавека, тут чэрпаюць свае сюжэты, вобразы, паэтыку. Тыпалагічна яны блізкія да ўкр. калядных песень. У калядныя вечары моладзь ладзіла гульні «Жаніцьба Цярэшкі», «Яшчар» і інш., якіх не маюць рускія і ўкраінцы. Ачышчэнне ў абрадах увасобілася ў шырокай весялосці — гульнях, карагодах, пераапрананні. Менавіта ў каляндарных абрадавых сцэнках і ігрышчах пачатак народнага тэатра. На мяжы зімовых і веснавых песенных цыклаў узніклі масленічныя песні. Абрады адбівалі магічнае завяршэнне зімы, таму зместам іх было культавае ўшанаванне сонца і цяпла, абрадавай сытасці (рытуальнай ежай былі бліны як сімвал сонца). Асн. матывы песень — замужжа, шлюб, сямейнае жыццё. Сярод іх шмат гумарыстычных. Ад Каляд да «запустаў» (пачатку Вялікага посту) быў перыяд вяселляў. Бел. веснавы каляндарна-фальклорны цыкл мае больш за 10 песенных разнавіднасцей. Вяснянкі (веснавыя песні), юраўскія і валачобныя песні склалі бел. фальклорную класіку. Песні гукання вясны маюць тыпова магічную скіраванасць. Галоўны іх вобраз — «залатыя ключы», якімі «адмыкаюць» лета, «замыкаюць» зіму, а вобраз Вясны ў іх самы яскравы і каларытны. Сродкамі паэтыкі створана шырокая панарама абуджэння зямлі, яе абнаўлення. Самае віднае месца сярод веснавых займалі валачобныя песні. Валачобнікі, як і калядоўшчыкі, хадзілі па дварах і віншавалі спевам гаспадароў. Зместам і характарам валачобныя песні падобныя на велічальныя песні калядоўшчыкаў, толькі велічанне ў іх яшчэ больш яркае. Вобраз чалавека ў гэтых песнях паказаны з усім яго язычніцка-наіўным унутр. светам і пачуццямі. А.​Я.​Багдановіч падкрэсліваў, што нідзе ў бел. песнях не адводзіцца такое пачэснае месца земляробчай працы, як у валачобных. З увядзеннем хрысціянства на некат. валачобных песнях адбіўся ўплыў новай афіц. рэлігіі, што, аднак, не змяніла іх паэт. сутнасці, глыбінна-зямнога сэнсу. Р.​Р.​Шырма адзначаў, што дзейнымі асобамі валачобных песень часта былі святыя, але яны былі найперш заняты працаю. Гэта рэальныя тыпы, створаныя фантазіяй народа. Песні такія сталі своеасаблівым падрабязным паэт. календаром правядзення работ у полі. Валачобныя песні — адна з самых яркіх з’яў у бел. вуснай нар. творчасці. Гэты жанр так шырока ўласцівы толькі бел. фальклору (крыху падобныя песні ёсць у сербаў). З першым выганам жывёлы ў поле звязаны юраўскія песні ў беларусаў і балгар. Іх ключавы матыў — «адмыканне» зямлі, «выпусканне» расы. Многія вяснянкі, юраўскія і песні «зялёных святкаў» прысвечаны каханню і шлюбу. Такія ж пераважна і песні веснавых карагодаў, бо сезон вяселляў пачынаўся з Вялікадня, захопліваў Сёмуху і цягнуўся да Пятровага посту. Талочныя песні выкліканы да жыцця стараж. звычаем працоўнай узаемадапамогі. У іх радасць, весялосць, гарэзлівасць. Талокі пашыраны толькі ў беларусаў і ў балтыйскім рэгіёне. «Зялёныя святкі» праводзіліся ўжо на пераходзе вясны ў лета. У канцы вясны святкаваўся русальны, або граны, зялёны тыдзень, абрады і песні (гл. Русальныя песні) якога звязаны з культам продкаў і культам расліннасці. Да найб. даўніх абрадаў адносіліся Дзяды (памінанне продкаў), абрады «ваджэння русалкі» і «ваджэння куста» (гл. Куставыя песні) на Піншчыне і на Украіне. Самае значнае і самае стараж. свята летняй пары — Купалле, прымеркаванае да летняга сонцастаяння, калі сонца знаходзіцца ў самым зеніце, дзень дасягае свайго апагея, а прырода набірае найб. сілы. Селянін клапаціўся пра ўраджай, каб ніякія злыя сілы не нашкодзілі яму. У беларусаў свята праводзілася з большай пышнасцю, чым у іншых. У купальскую ноч раскладалі агні, скакалі праз іх, купаліся ў рэчках і азёрах, качаліся па расе, шукалі кветку папараці. Аграрна-магічнае прызначэнне абрадаў з купальскімі песнямі мела заклінальны характар. Пра сувязь купальскіх абрадаў і песень з язычніцкім культам раслін і стараж. анімістычным светапоглядам сведчаць і павер’і пра размову дрэў. травы, каменняў, якую той ноччу можна падслухаць і зразумець, і вобраз міфічнага бажаства Купалы, многія вобразы паэтыкі песень, узятыя з расліннага свету (Папараць-кветка). Такіх песень дайшло мала. Найбольш з матывамі шлюбнымі і любоўнымі. Працяг купальскіх — Пятроўскія песні, якія спяваліся на Пятра (12 ліп.). У купальскіх і пятроўскіх песнях адлюстравана еднасць чалавека з прыродаю. Жніво ведала некалі шэраг аграрна-магічных абрадаў — ушанаванне першага і апошняга снапоў, якія прыносілі дамоў і ставілі на покуці, «завіванне барады» на дажынках, кулянне па пожні са словамі «Ніўка, ніўка, аддай маю сілку!», завіванне вянка з каласоў, плата жнеям за вянок, які прыносілі гаспадару з поля і інш. Сляды стараж. анімістычнага светапогляду прысутнічаюць і ў жніўных песнях, дзе аб’екты прыроды надзелены антрапамарфічнымі рысамі. Найперш у гэтых песнях услаўляецца гаспадар нівы і яго жонка-жняя. Сярод бел. традыц. песень найбольш захавалася не заклінальных і велічальных, а элегічна-журботных, тужлівых або гнеўных, іранічна-насмешлівых, а таксама тых, што адлюстроўваюць гаротнае становішча селяніна ва ўмовах прыгоннага ладу, вясковай жанчыны-працаўніцы і гаротніцы. Гэта творы пазнейшага паходжання і рэаліст. характару.

У выніку параўнальнага вывучэння земляробчых абрадаў і фальклору, даследчыкі прыйшлі да вываду пра пэўную супольнасць (пры выразнай нац. спецыфіцы) вераванняў і поглядаў розных слав. народаў, блізкасць іх звычаяў, маральных установак, этычных і эстэт. нормаў, густаў, ідэалаў. Укр. вучоны Ю.​З.​Круць даказаў, што ўкр., бел. і польскія жніўныя песні найб. збераглі элементы абраднасці з лірычнымі і сац.-бытавымі матывамі. У рускіх пераважаюць матывы сямейныя. Польскія бурлескна-камічна велічаюць пана і высмейваюць яго прыслужнікаў. Славацкія, чэшскія і мараўскія бяднейшыя на сац.-бунтоўныя настроі (пераважаюць кароценькія інтымныя і пейзажныя прыпеўкі). У балгарскіх і сербскахарвацкіх песнях разгорнуты сумна-элегічныя баладныя сюжэты, тэма барацьбы супраць турэцкага паняволення Гэта адметнасць паміж жніўнымі песнямі славян тлумачыцца пераважна гісторыка-эканам.. паліт. і культ. ўмовамі іх жыцця.

Замыкалі гадавое кола каляндарна-абрадавай паэзіі восеньскія песні. Спявалі іх найчасцей жанчыны і дзяўчаты на супрадках, доўгімі асеннімі вечарамі, на вольным паветры, беручы лён, жнучы ярыну, збіраючы грыбы. У іх назіраецца глыбокая псіхалагізацыя вобраза чалавека, шырокае выкарыстанне вобразных рэалій прыроды.

Сямейна-абрадавая паэзія канцэнтравалася вакол нараджэння, вяселля і смерці чалавека. Радзінныя песні ў беларусаў захаваліся больш поўна, чым у рускіх і ўкраінцаў. Яны суправаджалі нараджэнне дзіцяці і мелі магічны характар. Іх асн. змест — радасць сямейнага свята. Гэтыя песні позняга паходжання, не абрадавыя, а бытавыя, звычаёвыя. Яны спяваліся немаўляці, бацькам, бабцы-павітусе і куму з кумою; бабцы і кумам — дабрадушна-жартоўныя і гумарыстычныя. Нямала сярод радзінных на хрэсьбінах спявалася і фрывольных, эратычных (незамужняя моладзь, паводле звычаю, на хрэсьбіны не дапускалася). Самы багаты раздзел у традыц. нар. лірыцы беларусаў — вясельныя песні (за адно вяселле спявалася больш за 300 песень). Іх спявалі на розных этапах вясельнага рытуалу, які Е.​Раманаў назваў «своеасаблівай операй». Некат. даюць мажлівасць улавіць абрадава-магічны сэнс, большасць жа — бытавая лірыка. Яны адлюстроўваюць розныя этапы шлюбу: «умыканне», купля-продаж нявесты і г.д. Усе песні заклінальнага характару прасякнуты клопатам пра шчасце маладой сям’і. Пажаданні ў іх мелі магічнае значэнне: паспрыяць дабрабыту маладых, засцерагчы іх ад бяздзетнасці і г.д. Магічны характар добра відзён у каравайных песнях: каравай сімвалізаваў багацце і дастатак як аснову шчасця сям’і. Больш захавалася песень велічальнага характару маладому і маладой, іх быту. Вылучаюцца рэаліст. элегічныя песні пра думкі маладой аб сваёй будучыні. Іх асн. матывы — развітанне з бацькоўскім домам і дзявочай воляй, прадчуванне гаротнага жыцця замужам і г.д. Вясельная паэзія беларусаў — самая багатая сярод вясельнага фальклору інш. народаў. Тысячы нар. песень услаўляюць каханне (гл. Песні пра каханне). Шчырасць, душэўная чысціня і даверлівасць закаханых хлопца і дзяўчыны, вышыня маральных ідэалаў працоўнага чалавека, трываласць яго духоўных асноў выказана ў нар. лірыцы кахання з незвычайнаю сілаю маст. абагульнення. Вельмі пашыраны песні аб жаночай долі, у якіх паказана жыццё з нялюбым, цяжкая праца ў сям’і мужа; жаласныя песні пра жыццё ўдавы, горкай долі сіраты. Пратэст супраць прыгнёту гучыць у батрацкіх песнях, бурлацкіх песнях, чумацкіх песнях. У творчасці беларусаў, як і ў фальклоры інш. народаў, багата песень гумарыст. і сатырычных, у якіх селянін жартаваў, смяяўся, кпіў з сябе і іншых, выказваючы так сваю здаровую мараль, вялікую сілу жыццялюбства. Жартоўныя песні вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі, дасціпным гумарам. Ліра-эпічным складам і драм. напружанасцю вызначаецца бел. балада. Яна амаль заўсёды паэт. драма, у якой разгортваюцца сурова-драматычныя і трагічныя падзеі. Герой многіх балад у звышнапружаных, крытычных сітуацыях паказвае стойкасць, глыбокае ўсведамленне абавязку, патрыятызм і любоў да радзімы. Яго смерць успрымаецца слухачом ці чытачом як маральная перамога над злом і несправядлівасцю. Бел. балада налічвае каля 140 сюжэтаў. Найб. вядомы — пра дачку-птушку (спяваецца па ўсёй Беларусі, запісана каля 150 варыянтаў). Асобныя матывы бел. балад (на магілах закаханых вырастаюць дрэвы, што пераплятаюцца голлем), сустракаюцца ў баладах амаль усіх народаў Еўропы. А міфалагічны пласт бел. балад (матывы метамарфозы чалавека ў кветку, дрэва, птушку, праклён, прарочыя сны) багацейшы і больш разнастайны, чым у суседзяў. Рэкруцкія і салдацкія песні паказвалі наборы ў войска, цяжар салдатчыны. Заўсёды адгукалася на падзеі грамадскага жыцця прыпеўка. Адным са стараж. жанраў бел. фальклору, якім людзі імкнуліся ўплываць на навакольны свет, былі замовы.

Гонарам беларусаў былі і застаюцца казкі — вынік вялікай фантазіі, паэт. выдумкі, жыццёвага аптымізму народа. Гэта паэзія глыбокай думкі і мудрасці, дасведчанасці, філас. асэнсавання свету, трапнае назіранне над жывой і нежывой прыродай, чалавечым грамадствам, сродак выхавання маст. густу, умення выказацца ў дасціпным, яркім, мудрым слове. Укр. фалькларыст С.​У.​Саўчанка адзначаў, што па жывасці і прыгажосці апавядання бел. казкі не маюць сабе роўных. Бел. казкі пра жывёл ён называў перламі бел. казачнага эпасу. Чэшскі даследчык І.​Поліўка лічыў бел. казачны эпас адным з найбагацейшых у вусна-паэт. спадчыне славян, а яго найб. важнай рысай — вял. колькасць казак пра жывёл. Казак пра жывёл у беларусаў больш за 150 тэкстаў. Беларусам, рускім і палякам вядома каля 70 сюжэтаў казак пра жывёл. Большасць з іх адлюстравана ў міжнар. паказальніку Аарнэ—Томпсана (АТ). Больш за 40 сюжэтаў агульныя для рус. і бел. фальклору; больш за 30 сюжэтаў вядомы польск. і бел. фальклору. У бел. і польск. вуснай нар. творчасці ёсць сюжэты «Сабака-шавец» (АТ 102), «Леў, конь і воўк» (АТ 118), «Антаганізм сабакі і ката» (АТ 200), якіх няма ў рус. казачным эпасе. У АТ не адлюстраваны сюжэты пра вяселле вераб’я (зап. Раманава), пташэчча піва (зап. У.​Вярыгі), «Шэршань у сватах» (зап. М.​Федароўскага). Паводле падлікаў Л.​Барага, у бел. фальклоры 230 сюжэтаў чарадзейных казак, ва ўкр. — 187, у рус. 144. Легендарных казак у бел. фальклоры 500 сюжэтаў, ва ўкр. —196, рус. — 56. Спецыфічную для бел. фальклору групу ці цыкл складаюць казкі пра асілкаў і на былінныя сюжэты. Героі іх падобныя да міфалагічных. Побач з ратнымі подзвігамі яны будуюць паселішчы і масты, умацоўваюць гарадзішчы, вырываюць з каранямі векавечныя дрэвы, перакідваюць аграмадныя камяні і сякеры. Даследчыкі, звязваючы такія казкі з бел. паданнямі і легендамі пра асілкаў, дзівосных волатаў, гераічных веліканаў, прыходзяць да высновы аб сваяцтве такіх казак з гераічным эпасам. У навук. л-ры адзначалася роднасць бел. паданняў пра гераічных асілкаў з фальклорам рускіх, украінцаў, прыбалтаў. Бел. паданні пра асілкаў А.​Весялоўскі звязваў з волатамі-велятнямі бел. і рус. паданняў, а волатаў і вільцінаў — з карэла-фін. і зыранскімі паданнямі. Я.​Колас, які сам збіраў і апрацоўваў бел. нар. казкі, быў знаёмы з карэла-фін. «Калевалай», якую Э.​Лёнрат стварыў з карэла-фін. рунаў, эст. «Калевіпоэгам», напісаным Ф.​Крэйцвальдам паводле эст. ліра-эпічных песень, казак і паданняў, лат. «Лачплесісам», створаным А.​Пумпурам з лат. казак і легенд, выказваў ідэю стварэння нац. паэт. эпасу і ў бел. л-ры. Сацыяльна-бытавыя казкі больш познія. Многія з іх адлюстравалі барацьбу сялян супраць сац. і рэліг. ўціску. Пазнавальную і эстэт. каштоўнасць уяўляюць легенды. У іх народ спрабаваў растлумачыць паходжанне сусвету, раслін і жывёл, асэнсаваць з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Легендарныя сюжэты пра хаджэнне бога і святых па зямлі набліжаюцца да сатыр. антырэліг. казак і анекдотаў (амаль ва ўсёй Еўропе пашыраны сюжэт «Мадэй», або «Вялікі грэшнік»), Да легенд набліжаюцца паданні, у якіх на першы план вылучаецца пазнавальная функцыя. Найб. вядомыя на Беларусі тапанімічныя паданні пра паходжанне нас. пунктаў, урочышчаў, курганоў, азёр, рэк і г.д. Малыя фальклорныя жанры — прыказкі, прымаўкі, загадкі — гэта жыццёвы вопыт народа, яго мудрасць, светапогляд, этыка і інш. Падобныя рысы адбіліся ў анекдотах, былічках, вусных нар. апавяданнях, выслоўях, жартах і гумарэсках. Дзіцячы фальклор аб’ядноўвае творы розных жанраў і відаў: калыханкі, забаўлянкі, заклічкі, дражнілкі, лічылкі, дзіцячыя гульні, прыгаворы. Яны вылучаюцца даступнасцю, прастатой, маст. дасканаласцю і з’яўляюцца важным сродкам нар. педагогікі. Лепшыя ўзоры бел. фальклору апублікаваны ў шматтомным выданні «Беларуская народная творчасць».

Публ.:

Даль В.И. Пословицы русского народа. М., 1862;

Номис М. Українскі приказки, прислів’я і таке інше... СПб., 1864;

Бессонов П.П. Белорусские песни... М., 1871;

Носович И. Сборник белорусских пословиц. СПб., 1874;

Романов Е.Р. Белорусский сборник Вып. 1—9. Киев и др., 1886—1912;

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1—3. СПб., 1887—1902; Добровольский В.Н. Смоленский этнографический сборник. Ч. 1—4. СПб., 1891—1903; Federowski M. Lud białoruski. T. 1—3. Kraków, 1897—1903; Т. 5—6. Warszawa, 1958—60; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж. Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Мн., 1926; Шлюбскі А. Матэрыялы да вывучэння фальклору і мовы Віцебшчыны. Ч. 1—2. Мн., 1927—28; Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 1—4. Мн., 1959—76; Історичні пісні. Київ, 1961; Родинно-побутова лірика. Київ, 1964; Колядки та щедрівки. Київ, 1965; Жартівливі пісні. Київ, 1966; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Брэсцкая вобл. Мн., 1973; Песні сямі вёсак. Мн., 1973; Рекрутські та солдатські пісні. Київ, 1974; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975; Лірычныя песні. Мн., 1976; Казки про тварин. Київ, 1976; Лірыка беларускага вяселля. Мн., 1979; Весільні пісні. Кн. 1—2. Київ, 1982; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Гомельская вобл. Мн., 1989; Легенди та перекази. Київ, 1985; Героїко-фантастичні казки. Київ, 1984; Пісні кохання. Київ, 1986; Балади: Кохання та дошлюбні взаемини. Київ, 1987; Балади: Родинно-побутови стосунки. Київ, 1988; Афанасьев А.Н. Народные русские сказки. Т. 1—3. М., 1985—86; Яго ж. Народные русские легенды. Новосибирск, 1990; Беларускі фальклор у сучасных запісах: Мінская вобл. Мн., 1995; Песні Беласточчыны. Мн., 1997.

Літ.:

Афанасьев А.Н. Поэтические воззрения славян на природу Т. 1—3. М., 1865—69;

Богданович А.Е. Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этногр. очерк. Гродно, 1895;

Занкевич А. Белорусские свадебные обряды и песни сравнительно с великорусскими. СПб., 1897;

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая поэзия на Западе и у славян. Ч 1—2. СПб., 1903—05;

Савченко С.В. Русская народная сказка. Киев, 1914;

Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 1. М., 1916;

Барышаў Г.І., Саннікаў А.К. Беларускі народны тэатр «батлейка». Мн., 1962;

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Яго ж. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976;

Яго ж. Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян. Мн., 1978;

Кабашнікаў К.П. Беларуская казка ў казачным эпасе славян. Мн., 1968;

Яго ж. Беларускі фальклор у параўнальным асвятленні. Мн., 1981;

Яго ж. Малыя жанры беларускага фальклору ў славянскім кантэксце. Мн., 1998;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969;

Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак;

Сістэм. паказ. Мн., 1978;

Яго ж. «Асілкі» белорусских сказок и преданий: (к вопросу о формировании восточнослав. эпоса) // Русский фольклор. М.; Л., 1963. Вып. 8;

Фядосік А.С. Беларуская народная сатырычная проза. Мн., 1969;

Яго ж. Трапным народным словам. Мн., 1971;

Яго ж. Праблемы беларускай народнай сатыры. Мн., 1978;

Пропп В.Я. Морфология сказки. 2 изд. М., 1969;

Яго ж. Русская сказка. Л., 1984;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Я го ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Цішчанка І.К. Беларуская частушка. Мн., 1971;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972;

Яго ж. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. № 1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. № 2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Зимние праздники. М., 1973;

Круть Ю.З. Хліборобська обрядова поезія слов’ян. Київ, 1973;

Ліс А.С. Купальскія песні. Мн., 1974;

Яго ж. Валачобныя песні. Мн., 1989;

Яго ж. Жніўныя песні. Мн., 1993;

Яго ж. Каляндарна-абрадавая творчасць беларусаў: Сістэма жанраў: Эстэт. аспект. Мн., 1998;

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Яе ж. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985;

Яе ж. Магічнае слова. Мн., 1990;

Елатов В.И. Песни восточнославянской общности. Мн., 1977;

Салавей Л.М. Беларуская народпая балада. Мн., 1978;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Весенние праздники. М., 1977;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Летне-осенние праздники. М., 1978;

Василевич В.А. Восточнославянская юмористическая песня. М., 1979;

Сравнительный указатель сюжетов: Восточнослав. сказка. Л., 1979;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1—2. М., 1983—84;

Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Ист. корни и развитие обычаев. М., 1983;

Тавлай Г.В. Белорусское купалье. Мн., 1986;

Дунаевська Л.Ф. Українська народна казка. Київ, 1987;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання. Мн., 1989;

Крук И.И. Восточнославянские сказки о животных. Мн., 1989;

Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991;

Узроўні агульнасці фальклору ўсходніх славян. Мн., 1993;

Восточнославянский фольклор: Словарь науч. и нар. терминологии. Мн., 1993;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997;

Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998;

Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999;

Bolte J., Polivka G. Anmerkungen zu den Kinder und Hausmarchen der Brüder Grimm. T. 1—5. Leipzig, 1913—32;

Polívka J. Slovanské pohádky. T. 1. Praha, 1932;

Krzyżanowski J. Polska bajka ludowa w układzie systematycznym. T. 1—2. 2 wyd. Wrocław etc., 1962—63;

Horálek K. Slovanské pohadký. Praha, 1964;

Thompson St. The Folktale. New York, 1946;

Lüthi M. Das europäische Volksmärchen. München, 1974.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)