цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.
Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл.Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ЖКАВЫЯ ВЕ́КТАРНЫЯ БАЗО́НЫ,
цяжкія нестабільныя элементарныя часціцы са спінам 1, якія разам з фатонам забяспечваюць электраслабае ўзаемадзеянне. Існаванне П.в.б. прадказана тэарэтычна да іх адкрыцця ў 1983 (Жэнева, Швейцарыя) на падставе тлумачэння слабага ўзаемадзеяння, як выніку «прамежкавага» абмену гэтымі часціцамі.
Да П.в.б. адносяцца 2 зараджаныя часціцы W+ і W− (маса спакою прыкладна 80,4 ГэВ) і нейтральная часціца Z0 (маса спакою 91,2 ГэВ). W+ i W− суадносяцца як часціца і антычасціца, маюць час жыцця τ = 3,1∙10−22 с, Ζ0 не мае антычасціцы, τ = 2,6∙10−22с. Атрымліваюцца ў выніку сутыкненняў паскораных пратонаў з пратонамі або антыпратонамі, а таксама электронаў з пратонамі ці пазітронамі метадам сустрэчных пучкоў (гл.Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі). У 68% выпадкаў W± распадаюцца на адпаведныя кваркі і антыкваркі і ў 32% — на лептоны e±, μ±, τ± і адпаведныя нейтрына (антынейтрына), Z0 у 70% выпадкаў — на пары кварк-антыкварк і ў 30% — на лептон-антылептонныя пары e+ e−, μ+ μ−, τ+ τ− і адпаведныя нейтрына і антынейтрына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САТУ́РН»
(Saturn),
серыя амер.ракет-носьбітаў (РН), створаных у 1964—67 па праграме «Апалон».
«С.-1» — эксперым. 2-ступеньчатая РН. «С.-1В» — 2-ступеньчатая РН, прызначаная для запуску на каляземную арбіту непілатуемых і пілатуемых касм. караблёў (КК) «Апалон». «С.-5» — 3-ступеньчатая РН для запуску пілатуемых КК «Апалон» на калямесяцавую арбіту, уключаючы высадку касманаўтаў на Месяц. Стартавая маса (разам з КК) да 2950 т. Даўжыня (з карысным грузам і сістэмай аварыйнага выратавання) 110,7 м, дыяметр (без стабілізатараў) 10,1 м. Макс.маса грузу, выведзенага на каляземную арбіту, 142,5 т. У 1967—73 здзейснена 13 пускаў «С.-5» (12 з КК «Апалон» і 1 з арбітальнай станцыяй «Скайлэб»), Запускаюцца з касмадрома на мысе Канаверал.
У.С.Ларыёнаў.
Да арт. «Сатурн». а — запуск 3-ступеньчатай ракеты-носьбіта «Сатурн-5»; 1 — момант старту, 1-я ступень уключаецца на поўную магутнасць; 2—1-я ступень выгарае і адпадае; 3—2-я ступень выгарае і адпадае; 4—3-я ступень выносіць карысны груз у касмічную прастору; б — агульны выгляд.
АРАХІДО́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін FCH3(CH2)4 (CH=CHCH2)4 (CH2)2 CO-OH, ненасычаная вышэйшая кіслата. Прысутнічае ў раслінных алеях, у складзе ліпідаў жывёльных тканак (у фосфаліпідах наднырачнікаў каля 20% ад тлустых к-т). Бясколерная, масляністая вадкасць; малекулярная маса 304,46; tпл 49,5 °C; лёгка акісляецца кіслародам паветра. Належыць да незаменных карбонавых тлустых к-т. Разам з гома-γ-ліналенавай к-той з’яўляецца першаснай крыніцай простагландзінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРЫЯБХА́ТА»,
назва 1-га індыйскага штучнага спадарожніка Зямлі. Выведзены 19.4.1975 савецкай ракетай-носьбітам з савецкага касмадрома на арбіту з апагеем 619 км і перыгеем 563 км; перыяд абарачэння 96,3 мін. Маса «Арыябхаты» 358 кг. Названы ў гонар індыйскага астранома і матэматыка Арыябхаты. Прызначаны для даследавання ў галіне рэнтгенаўскай астраноміі, рэгістрацыі нейтроннага і гама-выпрамянення Сонца, вымярэння патокаў часціц і радыяцыі ў іанасферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАДА́ТАЯ КУРАПА́ТКА (Perdix daurica),
птушка сямейства фазанавых атр. курападобных. Пашырана ва ўмераным поясе Азіі. На Беларусь завозілася для акліматызацыі (поспеху не мела) з Тувы ў 1959—60.
Даўж. цела каля 20 см, маса 300—325 г. Ад шэрай курапаткі адрозніваецца «барадой» (адсюль назва) у выглядзе доўгага пер’я пад дзюбай, вохрыста-жаўтаватым налётам апярэння і чорнай падковападобнай плямай на брушку. Корміцца насеннем пустазелля, зернем, насякомымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕАСФЕ́РА (ад бія... + геасфера),
абалонка зямнога шара, у якой сканцэнтравана асн.маса жывога рэчыва планеты. У адрозненне ад біясферы ахоплівае толькі вобласць высокай канцэнтрацыі жывога рэчыва. Размешчана на мяжы кантакту паверхневага слоя зямной кары з атмасферай і ў верхняй ч. воднай абалонкі. Таўшчыня ад некалькіх метраў (стэп, пустыня, тундра) да соцень метраў (лясное згуртаванне, моры). Найменшае падраздзяленне біягеасферы — біягеацэноз (экасістэма). Тэрмін прапанаваў Ю.К.Яфрэмаў (1959).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГА́Р,
чырвоная качка (Casarca ferruginea), птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі рэдкая залётная птушка.
Даўж. цела каля 60 см, маса 1—1,6 кг. Самкі меншыя за самцоў. Жыве парамі. Гнёзды ў глыбокіх норах стэпавых звяркоў, нішах абрываў, пакінутых будынках. Самка нясе 8—12 яец, наседжвае іх. Птушаняты растуць і ў няволі. Корміцца раслінамі і воднымі беспазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХО́Ру атмасферы, віхар,
маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.