ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНАЯ ЛЯ́МПА.

газаразрадная крыніца святла нізкага ціску, светлавы паток якой выклікаецца свячэннем люмінафораў пад уздзеяннем ультрафіялетавага выпрамянення эл. разраду.

Найб. пашыраны ртутныя Л.л., якія маюць дазіраваныя колькасці ртуці (выпараецца пры запальванні разраду) і інертнага газу (напр., аргону; спрыяе ўзбуджэнню атамаў ртуці). Робяцца ў выглядзе шкляной колбы, у тарцах якой герметычна ўманціраваны электроды. Пры падключэнні пераменнага току паміж электродамі ўзнікае эл. разрад, які ўзбуджае свячэнне атамаў ртуці. Л.л. адрозніваюцца высокай светлавой аддачай (да 85 мл/Вт), вял. тэрмінам службы (да 10​4 гадз). Магутнасць 4—200 Вт. Выкарыстоўваюцца для асвятлення грамадскіх і жылых памяшканняў, прамысл. прадпрыемстваў і інш. Разнавіднасць Л.л. — лямпа дзённага святла.

Схема і прынцып дзеяння люмінесцэнтнай лямпы: 1 — ультрафіялетавае выпрамяненне; 2 — атамы ртуці; 3 — электроны электрычнага разраду; 4 — электрод; 5 — слой люмінафора на паверхні колбы.

т. 9, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́ЛЬСКІ (Рыгор Ігнатавіч) (н. 18.6. 1926, Мінск),

бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). У 1947—90 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Для яго творчасці характэрна імкненне да дакумент. праўдзівасці адлюстравання падзей і асяроддзя дзеяння, прастата і выразнасць партрэтаў персанажаў. Сярод найб. значных фільмаў: дакументальныя — «Разведчыкі будучыні» (1957), «Цытадэль славы» (1961), «Янка Купала» (1962), «Ёсць такая зямля» (1964), «Арліная крыніца» (1966), «А зязюля кукавала...» (1972, прысвечаны Я.​Купалу), «Магілёў. Дні і ночы мужнасці» (1974); мастацкія — «Паланэз Агінскага» (1971, Дзярж. прэмія Беларусі 1972), «Вуліца без канца» (1973), «Таму што кахаю» (1974), «Братушка» (з Ц.​Цанчавым), «Усяго адна ноч» (абодва 1976), «Расклад на паслязаўтра» (1979), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Белыя росы» (1983), «Мама, я жывы» (1985), «Восеньскія сны» (1987); тэлевізійны «Незвычайныя прыгоды Дзяніса Караблёва» (1979).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 10, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭРЫЯЛАЁМІСТАСЦЬ,

паказчык эфектыўнасці вытв-сці, які характарызуе ўзровень выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў. Паказвае велічыню матэрыяльных затрат на адзінку прадукцыі, або карыснага эфекту, і вызначаецца шляхам дзялення матэрыяльных затрат на аб’ём вытв-сці. Вылучаюць М. вытворчасці, якая характарызуе эфектыўнасць выкарыстання матэрыяльных рэсурсаў увогуле па вытв-сці незалежна ад віду выпускаемай прадукцыі, і М. прадукцыі, што адлюстроўвае расход матэрыялу на адзінку канкрэтнага віду прадукцыі. М. прадукцыі падзяляецца на абсалютную, адносную і агульную. Абсалютная М. — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў у абс. выражэнні на фіз. адзінку прадукцыі (напр., расход паліва на кілават-гадзіну электраэнергіі). Адносная М. (удзельная) — расход асн. відаў сыравіны і матэрыялаў на адзінку эксплуатацыйнай або тэхн. характарыстыкі вырабляемай прадукцыі (напр., расход металу на адзінку магутнасці рухавіка). Агульная М. — кошт матэрыяльных затрат на адзінку вырабу. Зніжэнне М. — важнейшая крыніца павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

т. 10, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рэ́вень1 ’рэвень’ (ТСБМ). З рус. ревень, якое з тур. rävänd ’тс’ < пярс. rāvend ’тс’ (Фасмер, 3, 454). Паводле Праабражэнскага, запазычана з цюрк. раве́нд або, магчыма, з рум. revent (2, 191). Паводле Брукнера, польск. rzewień з рус. ревень < грэч. rheion, якое выводзяць ад старажытнай назвы Волгі Rha (Брукнер, 456).

*Рэ́вень2, рэвынь ’невялікая студня на балоце’ (Нар. сл.), ’прыродная яма на балоце, дзе звычайна ловяць рыбу’ (Яшк.), рэвэнь ’ямка з вадой, крыніца’ (малар., Нар. лекс.). Укр.-палес. мікратапонімы: Ревине болото, рака і балота Ревна; рус. дыял. ревень ’калодзеж’, раве́нь ’тс; лагчына, дзе ўвесну стаіць вада’, балг. ровѝна ’роў, яма’. Бадуэн дэ Куртэнэ звязвае з роў1, рыць (гл.), прыводзячы ў падтрымку гэтай версіі іншую назву калодзежа ко́панец < ка́паць (Даль₃, 3, 1461), але значэнне ’крыніца’ наводзіць на думку аб сувязі з рэяць ’цячы, струменіць’ (гл. рэяць1). Відаць, дзве розныя па паходжанні лексемы маглі з часам супасці па форме.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

заме́рзнуць і замёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заме́рз, ‑ме́рзла і замёрз, ‑мёрзла; зак.

1. Ператварыцца ў лёд, зацвярдзець ад холаду. Вада ў вёдрах замерзла. □ Усё замерзла пад пялёнкаю Снегу белага, халоднага. Купала. Цяпер, зімою, багна замерзла, і вецер збірае ля кустоў гурбы снегу. Дадзіёмаў. // Пакрыцца лёдам, ледзяной коркай. Рэчка замерзла. Вокны замерзлі. □ Замерзла ноччу шпаркая, крыніца. Багдановіч. // Сапсавацца, выйсці са строю ад холаду. На вадакачцы замерзлі трубы. Матор замёрз.

2. Загінуць, памерці ад холаду. Замерзнуць у полі. □ Галубяняты яшчэ не замерзлі, варушыліся. Брыль. // Моцна азябнуць; прамерзнуць. Шафёр вылез, абышоў машыну, паглядаючы на колы, і загаварыў да Сцяпана: — Замерзлі, дзядзька Лазарук? Кавалёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серабры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Серабрысты іней. □ Вярнуўся з космасу Гагарын на серабрыстым караблі. Машара. Каля самага берага б’е з-пад зямлі крыніца з серабрыстай сцюдзёнай вадой. В. Вольскі. Вялізны саган, пабліскваючы серабрыстай луской, пляснуўся ў кош. Асіпенка. // З сівымі валасамі, з сівізной. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай. Нікановіч.

2. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (пра смех, голас і пад.). Хай звініць серабрыстым смехам Залатога маленства пара. Глебка. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім паветры жаўранак. Мурашка.

3. Як складаная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Серабрыстая таполя. Серабрыстая ліса. Серабрысты трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кульба́ка1 ’сядло’ (Нас., Гарэц.). Укр. кульбака, рус. кульбака ’тс’ (Бернекер, 1, 641). Лічыцца цюркізмам, але дакладная крыніца не знойдзена.

Кульба́ка2 ’кій з загнутай ручкай’ (Сл. паўн.-зах., Мал., Маш., ТС). Гл. кульбака1. Укр. кульбака, рус. кульбака. Эвентуальны цюркізм, але надзейнай крыніцы не вызначана (параўн. Бернекер, 641; Фасмер, 2, 412; Слаўскі, 3, 344–345).

Кульба́ка3 ’дэталь у ярме’ (Выг., Маш., ТС). Гл. кульбака1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывато́к ’крынічнае месца’ (жыт., Яшкін), ’часовае русла ракі’ (палес., Талстой, Геогр.), жывато́чына ’крынічнае месца’, (слаўг., Яшкін). Укр. палес. жывотьок ’дрыгва’, животочинакрыніца’ (Лысенка, СПГ). Ц.-слав., ст.-рус. животочьный ’жыватворны, цудадзейны’, ст.-рус. животекущий (аб вадзе). Жывая вада мае знач ’цякучая, крынічная вада’, а таксама казачнае ’цудадзейная вада’. Талстой (Геогр., 186) этымалагізуе жываток ад жывы і ток ’цячэнне’; гэта не выклікае пярэчанняў. Гл. яшчэ жывавод.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Радо́вішча ’месца нараджэння карысных выкапняў’ (ТСБМ), радо́вішчы ’нетры’ (Сцяшк. Сл.). Уведзена ў літаратурную мову стваральнікамі БелСЭ (Каўрус, Мова народа, мова пісьменніка, Мн., 1989, 230) як калька рус. месторождение ’тс’; аўтарства прыпісваецца Я. Казеку (Полымя, 1997, 12, 2000; Роднае слова, 1995, 1, 11). Параўн. аднак укр. родови́ще ’тс’, што побач з рус. родни́ккрыніца’ сведчыць аб прадаўніх уяўленнях пра нараджэнне (корань род‑) усяго існага (Німчук, Давньорус., 14).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)