Аргама́к ’парода рослых скакавых коней’ (БРС). Рус., укр. аргамак ’тс’, ст.-бел. ограмак, громакъ (Гіст. мовы, 1, 139). Польск. rumak < hromak < ohromak (з XVI ст. — Брукнер, 468). Запазычанне з цюрк. аргамак, аргымак, арыгмак і да т. пад. (гл. Севарцян, 171). Конанаў (ИОРЯ, 1966, 229) указвае на персідскую крыніцу цюркскага. Рускае слова можа быць з кожнага з трох арэалаў: Каўказ, Крым, Усход (у Даля — трухменскія і кабардзінскія аргамакі). Беларускае хутчэй з крымска-татарскай, турэцкай, магчыма, праз украінскую ці паралельна. Польскае з украінскай ці беларускай. Калі ст.-бел. толькі ограмак, нельга выключыць паўторнае запазычанне праз рускую мову (Крукоўскі, Уплыў, 74). Супрун, Зб. Крымскаму, 125–126; Фасмер, 1, 84; Трубачоў, Происх., 57.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Артыле́рыя. У XIX ст. (Гіст. лекс., 245) ці пач. XX ст. (Гіст. мовы, 2, 148) з рус. (Крукоўскі, Уплыў, 82; Курс. суч., 166), дзе з 1695 (Шанскі, 1, А, 149–150; Фасмер, 1, 89). Яшчэ Тацішчаў лічыў, што гэта слова з польскай ці лацінскай (Вінаградаў, Очерки, 58). Магчыма, што слова было вядома ў беларускай і раней XIX ст.; у польскай мове яно з’явілася не раней XVII ст., як і ў нямецкай. Крыніцай польскага слова магло быць франц. artillerie (SWO). На іншыя магчымыя крыніцы рускага і польскага слоў указвае Біржакава, 102, у сувязі з рознымі фанетычнымі варыянтамі рускага слова ў канцы XVII — пачатку XVIII ст.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ляту́н ’лётчык, пілот’ (Бяльк., б.-каш., Мат. Гом.) (рус. лету́н, чэш. letoun ’лятаючае насякомае’, ’кажан’, ’самалёт’, славац. letún ’тс’). Новае ўтварэнне — семантычны перанос з ляту́н ’той, хто лётае, хутка ходзіць, бегае’ (ТСБМ). Да лётаць (гл.). Аб суфіксе гл. Слаўскі (SP, 1, 134–135), Сцяцко (Афікс. наз., 68). Зусім новае ў бел. мове ’той, хто часта мяняе месца працы’ — з рус. лету́н ’тс’, якое (іран.) ’селянін, які не хацеў жыць у сваёй вёсцы, а шукаў дзесьці дадатковыя заробкі’. Крукоўскі (Уплыў, 151) разглядае гэта як сэнсавую кальку. Сюды ж: ляту́н ’дробны лешч, Abramis brama L.’, ’гусцяра, Blicca bjoerkna L.’ (Інстр. II), а таксама ляту́ха ’тая, што шпарка ходзіць, бегае’ (міёр., З нар. сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Маладзе́ж, маладзя́ж (м. і ж. р.), маладзя́ш, маладзёж, мо́лодёж, моладзеш ’моладзь’ (Шат., Яруш., ТС, Жд. 1; КЭС, лаг.; Сцяц., Пан., Сл. ПЗБ; дзярж., КЭС), хойн. малодзе́жа (зб.) ’тс’ (Мат. Гом., ТС), паўн.-усх. маладзёж ’непакладаная скаціна’, маладзяжынка ’тс’ (КЭС). Укр. моло́діж, рус. мо́лодежь, молодёжь, молодёжа, цвяр. молодяжь, польск. młodzież, чэш., славац. mládež, славен. mládež, серб.-харв. мла́деж, макед. младеж ’тс’, балг. младеж ’тс’, ’малады чалавек’. Прасл. moldežь ’маладое’, ’маладыя людзі’, ’маладыя жывёлы’. Да малады́ (гл.). Бел. форма на ‑ёж, відаць, пад уплывам рус. мовы. З рус. мовы і прыметнік маладзёжны ’які складаецца з моладзі’, ’прызначаны для моладзі, адносіцца да моладзі’ (ТСБМ, Крукоўскі, Уплыў, 63).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Марцыпа́н, ‑ны (мн.) ’кандытарскія вырабы з цеста, прыгатаванага з працёртага міндалю або арэхаў з цукрам’, ’што-небудзь вельмі смачнае, адмыслова прыгатаванае’, ’страва, якая не існуе — нешта накшталт птушынага малака’ (ТСБМ; шчуч., З нар. сл.), ’вараныя буракі’ (ТС), ст.-бел. марципанъ ’тс’ (XVII ст.), якое запазычана са ст.-польск. marcypan < італ. marzapane ’пернік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Кохман, 84). Першапачаткова італ. marzipane — венецыянская манета, пасля мера: 10 марцыпанаў = 1 чацвярыку; у скрыні памерам у 1 марцыпан перавозіўся з Кіпра салодкі пірог, які пазней і стаў называцца марцыпанам. Італ. marzapane ўзыходзіць да араб. mauthabān ’кароль, які сядзіць на троне’. Не выключана другаснае запазычанне бел. лексемы з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 80).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мста ’помста’ (Нас., Др.-Падб., Гарэц.), ст.-польск., каш. msta, чэш. msta. Можна дапусціць запазычанне са ст.-польск. у бел. мову. Ва ўкр., рус. мовах месть, якое з прасл. mьstь (параўн. ст.-рус. мьсть, балг. мъст, ст.-слав. мьсть) < *mit‑ti‑s (Махэк₂, 382), роднаснае з мітусь (гл. Фасмер, 2, 608). Ад назоўніка быў утвораны дзеяслоў mьstiti > мьстити, а пазней — помста (гл.). Сюды ж мсці́цца, мсці́ць, мсці́вы, тураў. мсці́ву, слаўг., ветк. мслі́вы(й), мсці́вец (ТСБМ, Нас., ТС, Яруш., Сл. ПЗБ; Нар. словатв., Мат. Гом.). Крукоўскі (Уплыў, 118, 124) лічыць лексему мсці́вец калькай з рус. мститель. Не абавязкова. Магло быць і самастойнае адпрыметнікавае ўтварэнне накшталт ліслівец або запазычанае з польск. мовы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Лу́нка 1, лу́нька ’ямка, невялікае паглыбленне’ (ТСБМ; лёзн., Яшк.), ’вада пасля дажджу на дарозе, лужына’ (там жа), ’палонка’ (Гарэц., Нас., Дразд., Др.-Падб., Нік., Оч.; брасл., докш., Сл. ПЗБ; віц., Маш.; лёзн., Касп.). У выніку распадабнення л…м > л…н з лумка > луміна (гл.). Сюды ж і слаўг. лу́нка ’града’ (Мат. Гом.), параўн. рус. ярасл. луне́ние ’прыставанне ямак для пасадкі гароху і інш.’, урал. луна́ть ’рабіць лункі (ямкі) для пасадкі агародніны’. Крукоўскі (Уплыў, 38) мяркуе аб запазычанні бел. лексемы з рус. мовы. Няма падстаў.
Лу́нка 2 ’драўляная каробка для вымярэння збожжа ≈ 1 пуда’ (гродз., Нар. сл.). Відавочна, з лукно (гл.) у выніку перастаноўкі ‑кн‑ > ‑нк‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Са́па 1 ’акоп, траншэя, падкоп’ (ТСБМ). Праз рус. са́па ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 82), якое з франц. sap(p)e ’траншэя’ (Праабражэнскі, 2, 251; Фасмер, 3, 558). Адсюль фразеалагізм ціхай сапай ’непрыметна, цішком’, гл. Лепешаў, этым. фраз., 401–402.
Са́па 2 ’від рыбы (тонкая, касцістая)’ (ТС). Рус. дыял. са́па ’рыба Cyprinus ballerus L.’ Існуючыя версіі няпэўныя. Параўноўвалі з літ. šãpalas ’рыба Leuciscus cephalus’, лат. sapals ’від карпа’, гл. Мацэнаўэр, LF, 19, 246 і наст., што адвяргае Фасмер (3, 558), таксама як і думку Мацэнаўэра (Cizí sl., 303) аб сувязі з ням. Zope ’від карпа’, zupe ’тс’. Лаўчутэ (Балтизмы, 148) выводзіць з лат. sapols ’галаўль’; супраць Анікін, Опыт, 272–273 (прапануе сувязь з прасл. *sopěti, *sapeti.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Прапага́нда ’распаўсюджванне ў масах і тлумачэнне ідэй, ведаў, вучэння’ (ТСБМ). Запазычанне пачатку XX ст. (Гіст. лекс., 239) з рус. пропага́нда (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 77). У рус. мове праз ням. Propaganda або франц. propagande з новалац. congregātiō de propaganda fidē — назвы арганізацыі для распаўсюджання каталіцкай веры, якая была заснавана папам Урбанам VII у 1263 г. (Фасмер, 3, 376); паводле Банькоўскага (2, 784) — папам Грыгорыем XV у 1622 г. для падтрымкі каталіцтва ў заморскіх калоніях Іспаніі, Партугаліі і Францыі з мэтай абмежавання рэлігійных уплываў з боку Англіі і Галандыі (валодала значнымі фінансавымі сродкамі, прызначанымі для гэтай мэты). Далей слова узыходзіць да лац. propago (родн. з propaginis) ’парастак, атожылак’, г. зн. уласна ’размнажэнне’ (Голуб-Ліер, 397).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)