раздзел мовазнаўства, які вывучае стылі мовы, нормы і спосабы выкарыстання моўных адзінак у залежнасці ад зместу і мэты выказвання, сітуацыі і сферы зносін. У С. гістарычна склаліся і развіваліся 3 асн. кірункі: С. рэсурсаў (апісальная), С. маўлення (функцыянальная), С. мастацкай літаратуры. Першыя 2 кірункі аб’ядноўвае лінгвастылістыка, 3-і кірунак — літаратуразнаўчая С.
Вылучаюць С.: практычную (абгрунтоўвае нормы выкарыстання сінанімічных сродкаў літаратурнай мовы ў залежнасці ад зместу і формы зносін), успрымання (даследуе спосабы адэкватнага ўспрымання вобразна-выяўл. сродкаў літ.-маст. твора), параўнальную С. (вывучае ў параўнальным плане стыліст. сістэмы 2 або некалькіх моў, пераважна блізкароднасных), тэкставую (вывучае выяўл. магчымасці тэксту і разглядае яго як семантычна, функцыянальна і структурна завершанае адзінства).
Гал. задача лінгвастылістыкі — вывучэнне заканамернасцей функцыянавання мовы ў розных сферах зносін, якія адпавядаюць пэўнаму віду дзейнасці, сістэмнасці функцыян. стыляў і інш.функцыян.-стылявых разнавіднасцей, прынцыпаў адбору і спалучэння ў іх моўных сродкаў. Важнае месца ў ёй належыць пытанням лексічнай, фразеалагічнай і грамат. сінанімікі, стыліст. афарбоўкі моўных адзінак.
Вылучаюць 2 віды стыліст. афарбоўкі: эмацыянальна-экспрэсіўны (выражэнне эмоцый — урачыстасці, знявагі, пяшчоты, іроніі, фамільярнасці і інш.) і функцыянальна-стылістычны (выкарыстанне ў пэўным стылі навук. тэрмінаў, дыялектызмаў, прастамоўнай лексікі і інш.). Традыцыйна ў С. ўключаюць пытанні пра слоўныя вобразныя сродкі (тропы і сродкі экспрэсіўнага сінтаксісу — рытарычныя фігуры).
Цэнтр. паняцце С. — стыль. Гал. аб’ект яе вывучэння — функцыян. стыль мовы — грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная сістэма моўных сродкаў у пэўнай сферы грамадскай дзейнасці (навук., справавой, публіцыстычнай і інш.). Літаратуразнаўчая С. вывучае мову літ.-маст. твора ў яе суадносінах з вобразнай структурай і ідэйна-тэматычным зместам твора. Гал. прынцып яе вывучэння — сувязь мовы і думкі, што злучае літ.-знаўчую С. з паэтыкай і эстэтыкай слова. На Беларусі навук. працы па аналізе мовы і С. твораў маст. л-ры паявіліся ў 1920-я г. (Я.І.Барычэўскі, П.А.Бузук, А.М.Вазнясенскі, М.І.Гарэцкі, М.М.Піятуховіч). У 2-йпал. 20 ст. выдадзены шэраг манаграфій па С. і культуры маст. слова (І.Я.Лепешаў, Т.П.Сцяшковіч, М.Я.Цікоцкі, Ф.М.Янкоўскі і інш.).
Літ.:
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 2 выл. Мн., 1987;
Булахов М.Г. Основные вопросы сопоставительной стилистики русского и белорусского языков. Мн., 1979;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983;
Лепешаў І.Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы. Мн., 1984;
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. 2 выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІНАЛО́ГІЯ (ад тэрмін + ...логія),
1) сукупнасць тэрмінаў пэўнай галіны навукі, тэхнікі або мастацтва, якая адлюстроўвае адпаведную сукупнасць паняццяў. У больш шырокім сэнсе слова «Т.» ўжываюць для абазначэння агульнай сукупнасці тэрмінаў усіх галін дзейнасці.
2) Раздзел лексікалогіі, які вывучае тэрміны.
Лексічныя, семантычныя, семіятычныя (знакавыя) асаблівасці Т. кожнай галіны дзейнасці абумоўлены гісторыяй фарміравання сістэмы паняццяў гэтай галіны, спецыфікай абазначаемых паняццяў і станам іх сістэматызацыі. Так, лексічная асаблівасць мед. Т. — значная колькасць слоў лац. мовы, якія сталі інтэрнацыянальнымі. Семіятычная асаблівасць Т. фізікі, хіміі, матэматыкі — выкарыстанне побач з тэрмінамі-словамі і словазлучэннямі (вербальнымі тэрмінамі) літарных і лікавых абазначэнняў, сімвалаў. У Т. не павінна быць шматзначнасці, аманіміі, сінаніміі, аднак у практыцы тэрмінаўжывання і фарміравання тэрміналаг. сістэм гэтыя семантычныя асаблівасці маюць месца, што ў пэўнай ступені абмяжоўвае дакладнасць тэрмінаў. Т. ў шырокім сэнсе з’яўляецца спецыфічнай і параўнальна самаст. часткай у сістэме літ. мовы, узаемадзейнічае з агульналіт. лексікай і ўплывае на яе. З аднаго боку, у агульналіт. лексіку пранікаюць тэрміны грамадска важных і актуальных навук: сацыяльна-эканам., фізікі, біялогіі, медыцыны, касм. тэхнікі, кібернетыкі і інш.; яны — важны сродак маст. адлюстравання. З другога боку, тэрміналагізуюцца асобныя словы агульналіт. мовы і ўваходзяць у галіновыя Т.: «поле», «хваля», «напружанне» (у фізіцы), «кішэня», «галоўка», «башмак» (у тэхніцы), «апавяданне», «аповесць», «раман» (у літ.-знаўстве), «слова», «сказ» (у лінгвістыцы).
У 14—17 ст. у старабел. мове найб. пашырана грамадска-паліт. і юрыдычная Т. Яна зафіксавана ў помніках дзелавой пісьменнасці, пераважна ў Метрыцы Вялікага княства Літоўскага, што ўключае каля 600 кніг дакументаў ВКЛ. З 2-йпал. 17 ст. наступіў перапынак у функцыянаванні пісьмовай мовы, звязаны з выцясненнем бел. мовы польскай, а пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) — рус. мовамі. Развіццё тэрміналагічнай лексікі пачалося ў канцы 19 — пач. 20 ст., што звязана з выданнем бел. газет, часопісаў, альманахаў, календароў. Актыўная работа па распрацоўцы і ўпарадкаванні бел. Т. пачалася пасля 1917. Навук. асновы распрацоўкі бел. Т. закладзены Навукова-тэрміналагічнай камісіяй, на базе якой засн. Інбелкульт. Пэўны ўклад у развіццё Т. зроблены Тэрміналагічнай камісіяй пры БелСЭ на чале з К.Крапівой. У 1980 пры АН Беларусі створана Рэсп. тэрміналагічная камісія, якая складаецца з 9 секцый і ўключае каля 180 вядучых вучоных розных галін ведаў. Камісія займаецца зборам і сістэматызацыяй навуковай Т., распрацоўкай тэарэт. пытанняў Т., падрыхтоўкай тэрміналагічных зборнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗНЁСЛАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.
Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-йпал. 20 ст. У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.
Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант. кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст. у еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУТУРЫ́ЗМ (італьян. futurismo ад лац. futurum будучыня),
авангардысцкі літ.-маст. рух пач. 20 ст., які характарызуецца адмаўленнем класічных традыцый культуры, апалогіяй тэхнікі і урбанізму, прэтэнзіямі на поўнае абнаўленне мастацтва.
Узнік у Італіі (першы «Маніфест футурызму» Ф.Марынеці, 1909). Выяўляў бунтарска-анархісцкі пратэст супраць тагачаснага грамадскага ладу. У светапоглядзе заснавальнікаў Ф. адлюстравалася рэакцыя на крызіс бурж.-ліберальнага гуманізму, прадчуванне непазбежнасці радыкальных змен у грамадскім быцці і свядомасці. У маст. творчасці — дынаміка капіталіст. горада, імкненне перадаць у абагульненых вобразах энергію руху, абсалютызацыя фармальных пошукаў вялі да кубізму і абстракцыянізму, пераносу тэхналогіі на маст. творчасць. У сваёй творчасці футурысты выкарыстоўвалі прыёмы калажу і кінамантажу. У Pacü Ф. быў самабытнай з’явай пераважна ў паэзіі, жывапісе, графіцы, тэатры. кінематографе. Узнік у 2 разнавіднасцях: эгафутурызму. арыентаванага на сац. лірыку («Пралог эгафутурызму» І.Севяраніна, 1911), і кубафутурызму, прыхільнікі якога аддавалі перавагу паэзіі сац. дзеяння, шырока выкарыстоўвалі паэтыку аратарскага мастацтва (У.Маякоўскі, В.Хлебнікаў і інш.), імкнуліся выявіць пафас рэв. эпохі. Пісьменнікі і мастакі Ф. на чале з Маякоўскім удзельнічалі ў рэв. руху, прыхільна сустрэлі Кастр. рэвалюцыю 1917, згуртаваўшыся вакол газ. «Искусство коммуны» (снеж. 1918 — крас. 1919, Петраград). У 1-йпал. 1920-х г. Ф. як кірунак распаўся: асобныя яго тэндэнцыі развівалі ЛЕФ, ОПОЯЗ, імажынізм, канструктывізм.
На Беларусі Ф. не атрымаў самастойнага развіцця. Але пра яго пісаў дакастр. друк. Газ. «Минский голос», «Минская газета», «Наше утро», «Полесье» і інш., адмаўляючы фармаліст. і нігілістычную праграму Ф., адзначалі яго наватарскія знаходкі; некат. выданні крытыкавалі гэты кірунак з афіц.-ахоўніцкіх пазіцый. У лют. 1914 «Минская газета-копейка» арганізавала літ. вечар футурыстаў, запрасіўшы на яго Д.Бурлюка і Маякоўскага. Іх выступленні ў Мінску асвятляліся і рэцэнзаваліся ў друку. У 1920-я г. прадстаўнікі «левага мастацтва» на Беларусі супрацоўнічалі ў футурысцкім друку, прапагандавалі Ф., прапанавалі перайменаваць яго «для большай адпаведнасці» ў дзярж.камуніст. мастацтва. Утылітарысцкія тэндэнцыі Ф. паўплывалі на створаную К.Малевічам групу «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Асобныя рысы паэтыкі Ф. ўласцівы творчасці маладых бел. паэтаў П.Шукайлы, Я.Відука (Я.Скрыган) і інш., літ. аб’яднанню «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». Большасць бел.літ.-маст. аб’яднанняў («Маладняк», «Узвышша», «Полымя») крытыкавалі Ф. Іх прадстаўнікі адзначалі, што Ф. імкнецца падмяніць мастацтва рамесніцтвам. На думку А.Бабарэкі, ідэолагам Ф. быў Маякоўскі.
Літ.:
Грамоты и декларации русских футуристов. Пб., 1912;
Чуковский К. Футуристы. Пг., 1922;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЦІМСК,
гарадскі пасёлак, цэнтр Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Беседзь пры ўпадзенні ў яе рэк Альшоўка і Жадунь. За 207 км ад Магілёва, 37 км ад чыг. ст. Камунары на лініі Крычаў—Унеча. Аўтадарогамі злучаны з Касцюковічамі і Суражам (Расія). 8 тыс.ж. (2001). Прадпрыемствы харч. прам-сці, пачатковай апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў. Сельгасхімія, камбінат быт. абслугоўвання; 2 сярэднія, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аддз. сувязі, Хоцімскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Свята-Троіцкая царква (сярэдзіна 19 ст.), царква на могілках (19 ст.), 2 жылыя дамы (пач. 20 ст.).
Засн. паміж 1695 і 1700 як слабада. У дакументах згадваецца з 1709. У 1714 у Х. 66 дымоў, млын, карчма, царква. Паводле універсала канцлера К.С.Радзівіла ад 19.10.1714 на левым беразе р. Беседзь насупраць вёскі Х. закладзена мяст. Радзівілаў; у 1727 у ім 148 дымоў, 3 вуліцы; у 1747—8 вуліц, 116 дымоў, царква Раства Багародзіцы са званіцай, сінагога, карчма, турма. З сярэдзіны 18 ст. Радзівілаў — цэнтр Бярозаўскай (Хоцімскай) вол. Крычаўскага староства, у крыніцах згадваецца як мяст. Х. Пасля 1772 Радзівілаў перайменаваны ў Х., належаў Р.А.Пацёмкіну. Спачатку быў у Крычаўскім графстве, потым у Клімавіцкім пав. Магілёўскай губ. У 1779—568 ж., 105 двароў. У 19 ст.мяст. Х. належала Галынскім, Кучэўскай, кн. Абаленскаму. У 1844—1828 ж., 139 двароў, 2 царквы, касцёл, у 1860—70-я г. — 5 пенькатрапальных прадпрыемстваў, маслабойня, крупадзёрка, вінакурны і піваварны з-ды.
У 1880—1849 ж., 274 дамы, валасная ўправа, нар. вучылішча, 2 царквы, 2 малітоўныя дамы, у 1897—3030 ж., 416 двароў. З крас. 1919 у Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 у складзе БССР. З 17.7.1924 да 8.7.1931 і з 12.5.1935 цэнтр Хоцімскага раёна Калінінскай, з чэрв. 1927 — Магілёўскай акруг. У 1926—2,9 тыс.ж. У 1931—35 у складзе Касцюковіцкага р-на, са студз. 1938 у Магілёўскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. 15.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі тут 700 жыхароў. 23.10.1941 партызаны дыверсійна-разведвальнага атрада НКДБСССР і 2-га Хоцімскага атрада ўчынілі ў Х. напад на ням. гарнізон. Вызвалены 26.9.1943 у ліку першых райцэнтраў Беларусі войскамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943. З 17.4.1962 да 30.7.1966 у складзе Касцюковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ВУСЫ,
горад, цэнтр Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Бася. За 41 км ад г. Магілёў, 5 км ад чыг. ст. Чавусы на лініі Магілёў—Крычаў. Вузел аўтадарог на Магілёў, Крычаў, Мсціслаў, Чэрыкаў. 10,9 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы харч. (Чавускі масласырзавод), пач. апрацоўкі лёну, буд. матэрыялаў прам-сці. Брацкія магілы: сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму. Помнікі археал.: стаянка (неаліт), 2 селішчы (2—10—16 ст.), курганныя могільнікі (9—12 ст.).
У пісьмовых крыніцах згадваецца з сярэдзіны 16 ст. як в. Чавусавічы. З 1589 у складзе Магілёўскай эканоміі. З 1604 горад Ч., у 1634 атрымаў магдэбургскае права і герб — выява св. Марціна, узброенага мячом, на кані. У 1648 у Ч. 176 дамоў. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 Ч. заняты рус. войскамі і падараваны царом Аляксеем Міхайлавічам палкоўніку Бел. палка К.Паклонскаму. З вясны 1656 рэзідэнцыя казацкага палкоўніка І.Нячая. Увосень 1660 вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У час Паўночнай вайны 1700—21 горад разрабаваны ў 1708 шведскімі войскамі; паступова адбудаваны. У пач. 1770-х г. у Ч. каля 2530 ж., больш за 420 дамоў, штогод праводзіўся кірмаш. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета Магілёўскай (у 1796—1802 Беларускай) губ. У 1778 зацверджаны план забудовы горада. У 1781 Ч. нададзены новы герб — на чырв. полі перакрыжаваныя шабля і меч, аб’яднаныя лаўровым вянком. З 1789 у Ч. працавала 2-класнае нар. вучылішча. У 1825 каля 4 тыс.ж., 569 дамоў, 5 цэркваў, 30 крам, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1897 у Ч. 4690 ж., з іх 41,1% пісьменных; з 1901 працавалі 3-класнае гар. вучылішча, царкоўнапрыходская школа; у 1904—6,1 тыс.ж., праводзіліся 4 кірмашы на год, дзейнічала 41 прамысловае (97 рабочых) і 41 рамеснае (239 рамеснікаў) прадпрыемствы, працавалі бальніца на 24 ложкі, друкарня, бібліятэка-чытальня. З 25.5.1919 Ч. ў складзе Гомельскай губ. РСФСР, з 1922 — цэнтр воласці Магілёўскага пав. З 1924 у складзе БССР, цэнтр раёна. У 1939—7,2 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 15.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 1786 чал. Вызвалены 25.6.1944 часцямі 50-й арміі 2-га Бел. фронту ў ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 ва ўзаемадзеянні з партыз. палком «Трынаццаць» (камандзір С.У.Грышын). У 1959 у Ч. 7,8 тыс. ж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ШНІКІ,
горад, цэнтр Чашніцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ула. Аўтадарогі на Лепель, Новалукомль, Сянно. За 95 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. 10 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы цэлюлознапапяровай (Чашніцкая папяровая фабрыка), пач. апрацоўкі лёну, харч., лесанарыхтоўчай прам-сці. Чашніцкі гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква (1843—45).
У 16 ст. Ч. ўваходзілі ў Полацкае ваяв.ВКЛ, належалі кн. Лукомскім, з канца 16 ст. Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. У Лівонскую вайну 1558—83 каля Ч. войскі ВКЛ разграмілі ў Ульскай бітве 1564 і ў 1567 маскоўскае войска; паводле загаду Івана IV Грознага на правым беразе Улы пабудаваны ўмацаваны замак (у 1708 спалены). У 17 ст. Ч. — гандл. мястэчка, у 1633 тут 109 дамоў і 16 крам. Каля 1674 харунжы А.Служка заснаваў Чашніцкі кляштар дамініканцаў, на месцы якога ў 1786 пабудаваны мураваны касцёл у стылі позняга барока. У 18 ст. ў Ч. існавалі прыстань, больш за 40 складоў, майстэрні па вырабе гандл. суднаў — стругаў. У 2-йпал. 18 ст. Ч. мелі гандл. прывілеі, у 1791—93 лічыліся цэнтрам Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ч. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Лепельскага пав. Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У вайну 1812 каля Ч. 31.10.1812 адбылася бітва рас. войск з корпусам маршала Удзіно (гл.Чашніцкія баі 1812). У 1843—45 пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. У час паўстання 1863—64 у касцёле размяшчаўся апорны пункт супраціўлення ўрадавым войскам, пасля чаго касцёл быў ператвораны ў Мікалаеўскую царкву. У 1886 засн. папяровая ф-ка. У 1897 у Ч. 4590 ж., 703 будынкі, лячэбніца, аптэка, 2 нар. вучылішчы. У 1909 адкрыта гар. вучылішча, якое ў 1913 пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. У 1919—24 у складзе РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Чашніцкага раёна ў Віцебскай, потым Лепельскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 3610 чал. У раёне дзейнічала Чашніцкае патрыятычнае падполле. У час Лепельскай аперацыі 1943 байцы Смаленскага партыз. палка вялі жорсткія баі супраць гарнізона гітлераўцаў (гл.Чашніцкія баі 1943). Вызвалены 27.6.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава» ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Бешанковіцкім р-не. З 7.2.1966 горад. У 1970—6,6 тыс. жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАСЛА́ЎЛЬ,
горад, цэнтр Яраслаўскай вобл. Расіі, на р. Волга. 634,5 тыс.ж. (2002). Порт. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (дызельныя і электрарухавікі, прылады, судны і катэры, дрэваапр. і палімернае абсталяванне, халадзільныя машыны), хім. і нафтахім. (шыны, лакі, фарбы, эмалі, сінт. смолы і каўчук, тэхн. вуглярод), нафтаперапр., лёгкая, у т. л.вытв-сцьтэхн. тканін, харч.; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Ун-т, мед. акадэмія. Ін-ты: пед., с.-г., політэхн.; Вышэйшае тэатр. вучылішча.
Засн. каля 1010 кн. Яраславам Мудрым як крэпасць на месцы стараж. паселішча Мядзвежы Вугал. У летапісе ўпершыню згадваецца пад 1071. У 11—12 ст. пагранічны горад Растова-Суздальскага княства. З 1218 сталіца Яраслаўскага княства. У сярэдзіне 13 ст. шмат разоў быў разбураны мангола-татарамі. З 1463 у складзе Маскоўскага княства. У 17 ст. Я. — буйны гандл. і рамесны цэнтр, у 1722 тут засн. Яраслаўская вял. мануфактура. У 18 ст. горад стаў буйным прамысл. цэнтрам. У 1710 Я. у складзе Пецярбургскай губ., з 1727 — у Маскоўскай губ. У 1777 цэнтр Яраслаўскага намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1870—98 Я. злучаны чыгункай з Масквой, Волагдай, Кастрамой, Пецярбургам. У 1908—16 у Я. жыў бел. паэт М.Багдановіч. У 1916—18 тут дзейнічала Яраслаўская беларуская рада. У ліп. 1918 у Я. ў ходзе грамадз. вайны адбыўся буйны антысав. мяцеж, падрыхтаваны «Саюзам абароны радзімы і свабоды» Б.В.Савінкава. З 1936 цэнтр Яраслаўскай вобл.
Адзін з цэнтраў рас. дойлідства і выяўл. мастацтва 13—17 ст.Найб.стараж. помнікі на тэр.Яраслаўскага Спаса-Праабражэнскага манастыра. У 17 ст. склалася мясц. школа дойлідства і манум. жывапісу. Сярод яе помнікаў: цэрквы Міколы Надзеіна (1620—21, размалёўкі 1640—41), Ільі Прарока (1647—50, размалёўкі 1680—81), Іаана Златавуста ў Кароўніках (1649—54), Міколы Мокрага (1665—72), Іаана Прадцечы ў Талчкове (1671—87, фрэскі 1695). Вылучаюцца грамадз. збудаванні 17 ст. — мітрапаліцкія палаты (Саборны дом), Дом Іванова. У 2-йпал. 18 ст. створаны новы цэнтр Я. з 3 гал. плошчамі, забудаванымі ў стылі класіцызму (дзярж. ўстановы, 1771—87; епархіяльнае вучылішча, 1818), у 19 ст. добраўпарадкавана набярэжная Волгі. Горад уваходзіць у турыстычны маршрут «Залатое кальцо Расіі». Т-ры: драм. імя Волкава, юнага гледача, лялек. У Я. дом-музей М.Багдановіча.
Літ.:
Брюсова В.Г. Фрески Ярославля XVII—XVIII в. М., 1983;
Ярославль: Памятники архитектуры и искусства: Альбом. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЛОГІЯ
Як самастойная навука вылучылася з агульнай хірургіі. На Беларусі пачала развівацца ў 1953 з заснаваннем кафедры уралогіі ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі) і адкрыццём уралагічнага аддзялення на базе Мінскай абл. бальніцы. У 1970 у 4-й клінічнай бальніцы Мінска адкрыта аддзяленне тэрапіі хранічнай нырачнай недастатковасці і перасадкі нырак. У 1960—70-я г. уролагі Беларусі распрацавалі спосабы аперацый пры экстрафіі мачавога пузыра (А.І.Міхельсон), гіпаспадыі (М.Я.Саўчанка), неўрагенных парушэннях мочавыдзялення (В.А.Мохарт, Саўчанка). Створаны Рэспубліканскі цэнтр перасадкі нырак (Саўчанка, Г.Ц.Казлоў). За распрацоўку і ўкараненне ў клінічную практыку сучасных метадаў дыягностыкі і арыгінальных рэканструктыўных органазберагальных аперацый для лячэння хворых з прыроджанымі анамаліямі нырак і мачавых шляхоў Саўчанку ў 1982 прысуджана Дзярж. прэмія СССР.
У апошнія дзесяцігоддзі на Беларусі аказваюцца ўсе віды сучаснай уралагічнай дапамогі: дыстанцыйная літатрыпсія, эндаскапічныя аперацыі на нырках, прастаце і мочавывадных шляхах; востры і хранічны гемадыяліз, перасадка нырак. Значны ўклад бел. уролагі ўнеслі ў распрацоўку метадаў лячэння пухлін нырак з дапамогай агульнай гіпертэрміі (А.С.Маўрычаў, А.Р.Суконка), лакальнай гіпертэрміі пры пухлінах мачавога пузыра (А.У.Строцкі); рэінервацыі мачавога пузыра (А.А.Грэсь); змянення гамеастазу пры пухлінах мачавога пузыра (М.А.Нечыпарэнка); метадаў лячэння дабраякаснай гіперплазіі прастаты з выкарыстаннем розных відаў хірургічных лазераў (У.Дз.Бурко); у распрацоўку і ўкараненне аперацый па лячэнні прыроджаных уралагічных захворванняў у дзяцей (Саўчанка, І.А.Скобеюс, З.А.Трафімава); лячэнне хранічнай нырачнай недастатковасці і перасадкі ныркі (Казлоў, В.С.Пілатовіч, Саўчанка); лячэнне туберкулёзу органаў мочапалавой сістэмы (В.В.Баршчэўскі). Праводзяцца даследаванні па лячэнні мочакамянёвай хваробы, пухлін і траўмаў органаў мочапалавой сістэмы, прыроджаных анамалій у дзяцей, захворванняў прастаты, неспецыфічных запаленчых уралагічных захворванняў. У наш час кадры уролагаў рыхтуюць у Бел.мед. ун-це, на курсах пры кафедрах хірургіі Гродзенскага, Віцебскага і Гомельскага мед. ун-таў. Спецыялізацыю па уралогіі і павышэнне кваліфікацыі ажыццяўляе кафедра уралогіі Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Літ.:
Михельсон А.И. Оперативное лечение недержания мочи на почве врожденных аномалий мочевой системы. Мн., 1957;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік), дойлідства,
мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл.Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл.Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл.Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл.Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д.Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл.Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад у сусветную архітэктуру.
Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх.ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б.Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр.драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт.Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).
Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.Брунелескі, Д.Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.Б.Альберці, Віньёла, А.Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.Берніні, Ф.Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац.маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2-йпал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.Лево, Ж.Ардуэн-Мансар, А.Ленотр, К.Перо, Ж.А.Габрыэль, К.Н.Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.Бажэнаў, М.Казакоў, І.Староў, Дж.Кварэнгі, А.Захараў, А.Вараніхін, Ж.Тама дэ Тамон, К.Росі, В.Бавэ, Дж.Жылярдзі, А.Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-йпал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл.Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-вас.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.Гаўдзі ў Іспаніі, У.Макінтош у Вялікабрытаніі, В.Арта ў Бельгіі, Й.Ольбрых, Й.Гофман у Аўстрыі, Ф.Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.Перэ ў Францыі, О.Вагнер і А.Лоз у Аўстрыі, П.Берэнс у Германіі, Х.П.Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв.арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.Л.Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.Аалта), Японія (К.Танге), Бразілія (О.Німеер). У ЗША арх. Л.Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.Л.Нерві ў Італіі, Ф.Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст.арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).
У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.Гінзбург, І.Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.Мельнікаў, М.Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.Шчусеў, І.Жалтоўскі, І.Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2-йпал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л.Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал у Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;
Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат.М., 1936;
Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;
Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1937—38;
Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ.М., 1971;
Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;
Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ.М., 1980;
Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;
Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;
Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр.М., 1975;
Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ.М., 1960;
Архітэктура Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1993;
Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;
History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;
Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;
Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;
Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;
Да арт.Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.Да арт.Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.Да арт.Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.Б.Альберці і Б.Раселіна). 1446—51.Да арт.Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.Да арт.Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.Гільдэбрант. 1722.Да арт.Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.Да арт.Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.Гаўдзі. 1884—1926.Да арт.Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.Тангэ. 1960—64.Да арт.Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.Да арт.Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.Мур. 1976.Да арт.Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.Есьман, В.Анікін. 1982.Да арт.Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.Маскалевіч і інш. 1989.