горад, цэнтр Чашніцкага р-на Віцебскай вобл., на р. Ула. Аўтадарогі на Лепель, Новалукомль, Сянно. За 95 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. 10 тыс.ж. (2002). Прадпрыемствы цэлюлознапапяровай (Чашніцкая папяровая фабрыка), пач. апрацоўкі лёну, харч., лесанарыхтоўчай прам-сці. Чашніцкі гістарычны музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Спаса-Праабражэнская царква (1843—45).
У 16 ст. Ч. ўваходзілі ў Полацкае ваяв.ВКЛ, належалі кн. Лукомскім, з канца 16 ст. Кішкам, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. У Лівонскую вайну 1558—83 каля Ч. войскі ВКЛ разграмілі ў Ульскай бітве 1564 і ў 1567 маскоўскае войска; паводле загаду Івана IV Грознага на правым беразе Улы пабудаваны ўмацаваны замак (у 1708 спалены). У 17 ст. Ч. — гандл. мястэчка, у 1633 тут 109 дамоў і 16 крам. Каля 1674 харунжы А.Служка заснаваў Чашніцкі кляштар дамініканцаў, на месцы якога ў 1786 пабудаваны мураваны касцёл у стылі позняга барока. У 18 ст. ў Ч. існавалі прыстань, больш за 40 складоў, майстэрні па вырабе гандл. суднаў — стругаў. У 2-й пал. 18 ст. Ч. мелі гандл. прывілеі, у 1791—93 лічыліся цэнтрам Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Ч. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка Лепельскага пав. Полацкай, з 1796 Беларускай, з 1802 Віцебскай губ. У вайну 1812 каля Ч. 31.10.1812 адбылася бітва рас. войск з корпусам маршала Удзіно (гл.Чашніцкія баі 1812). У 1843—45 пабудавана Спаса-Праабражэнская царква. У час паўстання 1863—64 у касцёле размяшчаўся апорны пункт супраціўлення ўрадавым войскам, пасля чаго касцёл быў ператвораны ў Мікалаеўскую царкву. У 1886 засн. папяровая ф-ка. У 1897 у Ч. 4590 ж., 703 будынкі, лячэбніца, аптэка, 2 нар. вучылішчы. У 1909 адкрыта гар. вучылішча, якое ў 1913 пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. У 1919—24 у складзе РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Чашніцкага раёна ў Віцебскай, потым Лепельскай акр., з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—3,5 тыс.ж. У Вял.Айч. вайну з 5.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ч. і раёне 3610 чал. У раёне дзейнічала Чашніцкае патрыятычнае падполле. У час Лепельскай аперацыі 1943 байцы Смаленскага партыз. палка вялі жорсткія баі супраць гарнізона гітлераўцаў (гл.Чашніцкія баі 1943). Вызвалены 27.6.1944 войскамі 1-га Прыбалт. фронту ва ўзаемадзеянні з партызанамі Чашніцкай брыгады «Дубава» ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. У 1962—65 у Бешанковіцкім р-не. З 7.2.1966 горад. У 1970—6,6 тыс. жыхароў.