МЕ́ТРЫКА ў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз. метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1, y1) і b(x2, y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць p1 ( a,b ) = ( x1 x2 ) 2 + ( y1 y2 ) 2 , p2 ( a,b ) = | x1 x2 | + | y1 y2 | ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.

т. 10, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ навакольнага асяроддзя,

забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л. мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),

від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 13, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,

расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.

Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.

На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.

т. 13, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́Ў (Георгій Іванавіч) (31.5.1912, г. Пінега Архангельскай вобл., Расія — 13.5.1987),

расійскі вучоны ў галіне аэрагідрадынамікі, стваральнік навук. школы па газадынаміцы. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935). З 1934 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1944 у НДІ цеплавых працэсаў, з 1965 у Ін-це касм. даследаванняў АН СССР (дырэктар, з 1973 заг. аддзела). Адначасова з 1952 у Маскоўскім ун-це (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па прыкладной газавай дынаміцы, касм. аэрадынаміцы, цеплафізіцы.

Даследаваў распаўсюджванне мех. хваль у вязкай вадкасці, устойлівасць віхравых слаёў, фіз. ўмовы распаду ламінарнага цячэння. Распрацаваў метады цеплавой аховы спускальных касм. апаратаў. Прапанаваў адно з тлумачэнняў праблемы Тунгускага метэарыта. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1978.

Тв.:

Космические исследования в СССР. М., 1970;

Аэромеханика больших скоростей и космические исследования. Избр. тр. М., 1992.

Літ.:

Воспоминания об академике Г.​И.​Петрове. М., 1993.

М.​М.​Касцюковіч.

Г.І.Пятроў.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гі́бкі, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны лёгка гнуцца, згінацца і разгінацца. Гібкае дрэва. □ Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбная постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк. // перан. Багаты адценнямі, выразны (пра голас, мову і пад.). Сінонімы — адзін з галоўнейшых стылістычных сродкаў, якія робяць мову дакладнай і гібкай і даюць магчымасць выражаць самыя тонкія адценні думак. Юргелевіч. [Байка] выпрацавала свой адметны верш, адточаны і эканомны, гібкі і маляўнічы. Казека.

2. перан. Які ўмела і хутка рэагуе на пэўныя ўмовы, абставіны. Гібкае кіраўніцтва. Гібкая палітыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зру́чна,

1. Прысл. да зручны (у 1 знач.).

2. безас. у знач. вык. Практычна, выгадна. Феафіл праводзіў большасць дня ў хаце, і Краўчанку было зручна мець такога чалавека каля сябе. Мікуліч.

3. безас. у знач. вык. Падыходзіць, ёсць спрыяльныя ўмовы для чаго‑н. На самай жа справе, калі зручна было прапусціць заняткі ці пайсці са, сходу або адкласці выпуск насценгазеты, я рабіў гэта. Дуброўскі.

4. безас. у знач. вык. (звычайна з адмоўем). Зусім прыстойна, дазволена этыкай. — Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці не зручна. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВІ́ЛЬНЮСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 3-га Бел. фронту (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) 5—20 ліпеня; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 11-я гв., 31, 33, 39, 5-я гв. танк., 1-я паветр. арміі, у складзе апошняй франц. знішчальны авіяполк «Нармандыя», 3-і гв. механіз., 3-і гв. кав. карпусы. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы наступаць у агульным напрамку на Вільнюс, Каўнас, вызваліць Вільнюс і Ліду, фарсіраваць Нёман і захапіць плацдармы на яго беразе. У ходзе аперацыі пры ўзаемадзеянні з бел. і літ. партызанамі вызвалены Валожын, Маладзечна (5 ліп.), Івянец (6 ліп.), Гальшаны, Ашмяны, Юрацішкі (7 ліп.), Іўе (8 ліп.), Ліда (9 ліп.), Вільнюс (13 ліп.), правабярэжная частка Гродна (16 ліп.), створаны спрыяльныя ўмовы для выхаду войск 3-га Бел. фронту да граніц з Усх. Прусіяй. 20 часцям і злучэнням фронту нададзена ганаровае найменне «Віленскіх», 13 — «Маладзечанскіх», 4 — «Лідскіх».

т. 4, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКА-АРША́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Прыбалт. (ген. арміі І.​Х.​Баграмян) і 3-га Бел. (ген. арміі І.​Д.​Чарняхоўскі) франтоў 23—28 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 5-я, 6-я і 11-я гв., 31, 39, 43, 5-я гв. танк., 1-я і 3-я паветр. арміі, 1-ы танк. корпус. Каардынаваў дзеянні франтоў Маршал Сав. Саюза А.​М.​Васілеўскі. Задача аперацыі — разграміць віцебска-лепельскую, віцебскую, аршанскую групоўкі ням. абарончага рубяжа «Пантэра», выйсці да р. Бярэзіна. У ходзе аперацыі з удзелам партыз. брыгад вызвалены Шуміліна (23 чэрв.), Багушэўск, Бешанковічы, Сянно (25 чэрв.), Віцебск (гл. Віцебскі «кацёл»), Дуброўна, Талачын (26 чэрв.), Орша, Чашнікі (27 чэрв.), Лепель (28 чэрв.), сав. войскі выйшлі на р. Бярэзіна і стварылі ўмовы для наступлення на Мінск і тэр. Прыбалтыкі. 62 злучэнням і часцям Сав. Арміі нададзены ганаровыя найменні «Віцебскіх», 11 — «Аршанскіх».

т. 4, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),

тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.

Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.

І.​А.​Мацулевіч.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)