БУДКЕ́ВІЧ (Барбара Эдмундаўна) (2.12.1886, маёнтак Глухавец Мсціслаўскага пав. Магілёўскай губ. — 21.8.1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы, гісторык. Скончыла Брусельскі (Новы) ун-т (1912). Чл. Польскай партыі сацыялістычнай (ППС, 1904—06), Варшаўскага і Лодзінскага к-таў ППС-лявіцы (1908—09, 1912—13), замежнай секцыі ППС-лявіцы. За ўдзел у рэв. руху ў 1906 і 1909 арыштавана. З 1913 у Пецярбургу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Польскім нац. камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. З 1918 кіраўнік польскай секцыі Магілёўскага губ. аддзела нар. асветы, выкладчык на курсах чырв. камандзіраў у Смаленску, кіраўнік польскіх паліткурсаў пры штабе Зах. фронту, з 1921 кіраўнік сектараў Камуніст. ун-таў імя Свярдлова і нац. меншасцяў Захаду (КУНМЗ), нам. вучонага сакратара Наркамасветы РСФСР. З 1926 выкладчык у Камуніст. ун-це Беларусі. З 1931 навук. супрацоўнік польскага сектара, вучоны сакратар Ін-та польскай пралетарскай культуры АНБССР, дацэнт кафедры ўсеаг. гісторыі КУНМЗа. Даследавала гісторыю развіцця прам-сці і фарміравання пралетарыяту, рэв. руху ў Польшчы. Рэпрэсіравана. Рэабілітавана ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНУШКЕ́ВІЧ ((Hanuszkiewicz) Адам) (н. 16.6.1924, г. Львоў, Украіна),
польскі акцёр і рэжысёр. Скончыў драм. школу ў г. Жэшаў (1945). Працаваў у т-рах Кракава, Познані і інш. У 1955 у Варшаве: дырэктар т-раў Паўшэхнага (1963—68), Нарадовага (1968—82), Новага (з 1989). Сярод пастановак: «Вяселле» (1963; 1974 і роля Паэта) і «Вызваленне» (1966, і роля Конрада) С.Выспянскага, «Пан Вакульскі» паводле Б.Пруса (1967), «Нябоская камедыя» З.Красінскага (1969), «Кардыян» Ю.Славацкага і «Гамлет» У.Шэкспіра (1970), «Сід» П.Карнеля (1984), «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.Дастаеўскага (1964, і роля Раскольнікава); паэт. кампазіцыі «Хатні спеўнік» з муз. С.Манюшкі (1982) і інш. Здымаўся ў кіно. Адзін са стваральнікаў тэлевізійнага т-ра ў Польшчы, аўтар шэрагу яго пастановак («Пан Тадэвуш» паводле А.Міцкевіча і інш.). Ставіў спектаклі на сцэнах тэатраў ФРГ і Фінляндыі. Дзярж. прэмія Польшчы 1964, 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЬІ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІТЭ́ТЫ ПА СПРА́ВАХ ЦА́РСТВА ПО́ЛЬСКАГА,
вышэйшыя дарадчыя органы пры рас. імператарах для выпрацоўкі дзярж. палітыкі ў дачыненні да Каралеўства Польскага (Царства Польскага) у 19 ст. 1) Засн. 29.8.1831 пасля падаўлення паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Быў таксама апошняй судовай інстанцыяй па справах аб удзельніках паўстання, у т. л. асуджаных Вярх.крымін. судом у Варшаве. З 1834 дзейнічаў нерэгулярна, скасаваны 21.11.1841. Старшыні: В.П.Качубей (1831—34), М.М.Навасільцаў (1834—38), І.В.Васільчыкаў (1838—41).
2) Засн. 8.3.1864 у сувязі з паўстаннем 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве; да 13.12.1866 дзейнічаў тайна. Рыхтаваў законапраекты, якія зацвярджаліся імператарам ці паступалі на абмеркаванне Дзярж. савета, па ўказанні імператара абмяркоўваў пытанні, якія датычыліся Царства Польскага. Скасаваны 10.6.1881. Старшыні: імператар Аляксандр II (1864—72), вял. князь Канстанцін Мікалаевіч (1872—81); фактычна гэтыя абавязкі выконвалі старшыні Кабінета міністраў П.П.Гагарын (1864—71), П.М.Ігнацьеў (1872—79), П.А.Валуеў (1879—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬБЕ ((Kolbe) Максімілян Марыя) (свецкае імя Раймунд; 8.1.1894, г. Здунска-Воля, Польшча — 14.8.1941),
польскі рэліг. дзеяч. Д-р філасофіі (1915), д-р тэалогіі (1919). Скончыў Грэгарыянскі ун-т у Рыме. З 1914 манах ордэна францысканцаў, з 1918 ксёндз. З 1919 выкладаў у Кракаўскай францысканскай семінарыі. У 1922—27 служыў у Гродзенскім кляштары францысканцаў. У 1927 заснаваў у в. Папротня Лодзінскага ваяв. францысканскі комплекс Непакалянаў (адзін з найбольшых у свеце) і быў яго кіраўніком. У 1931—35 місіянер у Японіі, арганізатар ордэна францысканцаў у г. Нагасакі, выдавец каталіцкага часопіса на яп. мове. Заснавальнік і рэдактар каталіцкіх выданняў, у т. л.час. «Rycerz Niepokalanej» («Рыцар Бязгрэшна Зачаўшай», з 1922) і газ. «Mały Dziennik» («Малая газета», з 1935). У Час герм. акупацыі Польшчы хаваў асоб, якіх расшуквалі ням.-фаш. ўлады. Арыштаваны гестапа і вывезены ў канцлагер Асвенцім, добраахвотна прапанаваў сябе замест аднаго з прызначаных да пакарання смерцю вязняў. У 1982 кананізаваны. Культ К. папулярны ў Польшчы і сярод католікаў Зах. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЦІ́ЦКІ ((Mościcki) Ігнацы) (1.12. 1867, Мяжанаў каля г. Плоцк, Польшча — 2.10.1946),
польскі паліт. і дзярж. дзеяч, вучоны-хімік. Акад.АН у Кракаве (1928). Скончыў Рыжскі палітэхнікум (1892). У час вучобы ўдзельнічаў у польскіх сацыяліст. арг-цыях. У 1892—97 у эміграцыі ў Вялікабрытаніі і Швейцарыі, дзе пазнаёміўся з Ю.Пілсудскім. У 1912—22 праф. Львоўскага політэхн. ін-та. Пасля ваен. перавароту ў маі 1926 па рэкамендацыі Пілсудскага абраны прэзідэнтам Польшчы, рэалізоўваў яго паліт. лінію (гл.Санацыйны рэжым), якую падтрымліваў шэраг дзеячаў нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі (гл.Беларуская санацыя). Быў прыхільнікам памяркоўнага ўмяшання дзяржавы ў эканоміку. У пач. 2-й сусв. вайны інтэрніраваны ў Румыніі (вер. 1939), аб’явіў пра сваю адстаўку. Са снеж. 1939 у эміграцыі ў Швейцарыі. Аўтар больш як 60 навук. прац і патэнтаў у галіне хім. тэхналогій, арганізатар хім. прам-сці ў Польшчы. Распрацаваў прамысл. метад атрымання азотнай к-ты з паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ ГО́ЛАС»,
газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася Беларускай сялянска-работніцкай грамадой з 27.1 да 28.2.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Адлюстроўвала рэпрэсіі польскага ўрада супраць бел.нац.вызв. руху, выкрывала паклёп праўрадавай прэсы на яго арыштаваных прадстаўнікоў, дэпутатаў сейма, інфармавала пра дэманстрацыі ў іх абарону (у Косаве, расстраляную паліцыяй, а таксама ў Мінску) — арт. «Буржуазная маральнасць», «У чым вінавацяць нашых паслоў». Прапагандавала новую тактычную лінію вызв. барацьбы ў перыяд наступлення рэакцыі, устаноўку на актывізацыю культ.-асв. фронту. Крытыкавала пазіцыю ўрада па пытаннях зямельнай рэформы і асветы. Востра ставіла праблему правоў чалавека ў Польшчы і праявы фашызму ў краіне (арт. «Да вызвалення чалавека», «Ці ёсць фашызм у Польшчы?»). Інфармавала пра важнейшыя культ. падзеі ў Зах. Беларусі і БССР. Змяшчала творы М.Васілька, Т.Кляшторнага, С.Галыша, Т.Волі і інш. Выйшла 11 нумароў, з іх 5 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЯСТ», Польская народная партыя «Пяст» (PSL «Piast»; Polskie Stronnictwo Ludowe «Piast»),
палітычная партыя ў Польшчы ў 1913—31. Узнікла ў снеж. 1913 у выніку расколу галіцыйскай Польскай нар. партыі (ПСЛ). Ініцыятар стварэння — групоўка, што ўтварылася вакол штотыднёвіка «Piast» («Пяст»; 1913). Кіраўнік — В.Вітас (прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923, 1926). Прадстаўляла памяркоўную ч.сял. руху. На выбарах 1919 у сейм «П.» атрымаў 42 месцы і ў далейшым займаў паз шыю паліт. цэнтра, якая паступова схілялася ўправа. Выступаў у абарону дэмакратыі і прыватнай уласнасці, за умацаванне падкантрольнай парламенту выканаўчай улады. Агр. палітыка Польшчы (законы пра асаднікаў і асадніцтва, прыватную парцэляцыю зямлі, польскую каланізацыю ўсх. зямель і інш.) праводзілася па ініцыятыве або з удзелам «П.», які ў 1923 заключыў пагадненне аб узгодненай палітыцы з нацыянал-дэмакр. партыяй. З 1926 у апазіцыі да санацыйнага рэжыму. У 1931 ПСЛ «П.» уз’яднаўся з ПСЛ «Вызволенне» і Стронніцтвам хлопскім, стварыўшы Стронніцтва людовэ (Народную партыю).
Літ.:
Borkowski J. Ludowcy w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел.нац.к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.Піліпава, Адамовіча (над псеўд. Дзяргач), А.Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.