РАДЗІВІ́Л (Магдалена Іванаўна) (дзявочае Завіша, у 1-м шлюбе Красінская; 8.7.1861, Варшава — 6.1.1945),
дзеяч бел. культ. руху, мецэнатка. Дачка Яна (Івана) Казіміра Завішы. Пасля смерці бацькі спадчынніца яго маёнткаў на Беларусі і ў Вял. Польшчы. Была выхавана ў духу бел. культуры, сімпатызавала хрысціянскім дэмакратам. Фінансавала выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», «Беларускае выдавецкае таварыства, газ. «Беларус», т-вы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла бел. школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск у Уздзенскім р-не) наведалі І. і А.Луцкевічы, Р.Скірмунт, А.Уласаў і інш. дзеячы бел. нац.-культ. руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг М.Багдановіча, К.Буйло і інш.; у знак удзячнасці І.Луцкевіч змясціў герб Завішаў «Лебедзь» на тытульным лісце зб. вершаў Багдановіча «Вянок». Пасля 1917 у эміграцыі ў Польшчы, Літве, Германіі, з 1932 у Швейцарыі.
М.К.Багадзяж.
т. 13, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)