КАНФЕДЭРА́ЦЫІ,

часовыя саслоўныя паліт. саюзы ў Рэчы Паспалітай для дасягнення пэўнай мэты. Узніклі ў Польшчы ў 14 ст., у ВКЛ у 16 ст. Былі адна- і шматсаслоўныя. З 16 ст. існавалі пры каралях для падтрымкі іх рашэнняў і К., накіраваныя супраць каралёў. Калі да К. далучаліся ўсе ваяводствы ці большасць іх, яна наз. генеральнай і магла выконваць функцыі вышэйшага органа дзярж. улады. Кіруючым органам К. была вальная рада, якая адпавядала сейму і выбіралася канфедэрацкімі сеймікамі. Узначальваў К. і вальную раду маршалак. Для ўнутр. бяспекі і захавання цэласнасці дзяржавы К. стваралі каптуровыя суды і канфедэрацкія суды. Генеральныя К. маглі стварацца асобна ў Польшчы і ВКЛ. У 18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічалі Віленская канфедэрацыя 1716, Слуцкая канфедэрацыя 1767, Радамская канфедэрацыя, Барская канфедэрацыя, Таргавіцкая канфедэрацыя. Стварэнне К. забаранялася навечна сеймам 1717, Чатырохгадовым сеймам 1788—92, Канстытуцыяй 3 мая 1791, але яны ўсё ж узнікалі.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)