НУКЛЕАТЫ́ДЫ, нуклеазідфасфаты,
фосфарныя эфіры нуклеазідаў. Складаюцца з азоцістай асновы (звычайна пурынавай або пірымідзінавай), вугляводу рыбозы (рыбануклеатыды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеатыды) і аднаго або некалькіх астаткаў фосфарнай к-ты. Уваходзяць у склад нуклеінавых кіслот, найважнейшых каферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нуклеазідтрыфасфаты — Н., што маюць 3 астаткі фосфарнай к-ты, з’яўляюцца макраэргічнымі злучэннямі, крыніцамі і пераносчыкамі хім. энергіі фасфатнай сувязі. Асобую ролю адыгрывае адэназінтрыфосфарная кіслата — універсальны акумулятар энергіі, які забяспечвае розныя працэсы жыццядзейнасці (сінтэз бялкоў, поліцукрыдаў, ліпідаў і інш.). Нуклеазідтрыфасфаты з’яўляюцца таксама субстратамі для сінтэзу нуклеінавых к-т. Да важнейшых рэгулятарных Н. адносяцца і іх цыклічныя формы. Свабодныя нуклеазідмонафасфаты ўтвараюцца шляхам сінтэзу або пры гідролізе нуклеінавых к-т, далейшае іх фасфарыліраванне прыводзіць да ўтварэння адпаведных нуклеазідды- і нуклеазідтрыфасфатаў. Распад Н. адбываецца пад уздзеяннем нуклеатыдаз і нуклеатыдпірафасфарылаз.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕРЭЛІ́НЫ,
роставыя гармоны раслін з групы дытэрпеноідных кіслот. У раслінах ідэнтыфікавана больш за 40 гіберэлінаў, у грыбах — за 20. Абазначаюцца ГА1, ГА2, ГА3 (у паслядоўнасці вылучэння і выяўлення будовы). Адрозніваюцца тыпам, колькасцю і размяшчэннем функцыян. груп. У раслінах гіберэліны сінтэзуюцца ў органах, якія інтэнсіўна растуць (насенне, верхавінкавыя пупышкі). Актыўныя формы гіберэлінаў могуць пераходзіць у неактыўныя (напр., пры выспяванні пладоў). Найбольш характэрны фізіял. эфект гіберэлінаў — паскарэнне росту органаў за кошт дзялення і расцяжэння клетак. Гіберэліны перапыняюць перыяд спакою ў насенні, клубнях, цыбулінах, індуцыруюць цвіценне раслін доўгага дня за кароткі дзень, стымулююць прарастанне пылку, выклікаюць партэнакарпію (утварэнне на раслінах пладоў без апладнення), пазбаўляюць ад фізіял. і генетычнай карлікавасці. Непасрэдна ўздзейнічаюць на біясінтэз ферментаў. Адзін з найб. актыўных гіберэлінаў — гіберэлавая кіслата (ГА3). Выкарыстоўваюць гіберэліны ў сельскай гаспадарцы для павелічэння ўраджайнасці, стымуляцыі прарастання насення, прыгатавання соладу; апрацоўка азімых злакаў гіберэлінамі замяняе яравізацыю.
т. 5, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пантатэ́навы
(ад гр. pantothen = адусюль);
п-ая кіслата — вітамін групы В, які ў клетках жывёл і раслін уваходзіць у склад каферменту A, што ўдзельнічае ў многіх працэсах абмену рэчываў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
СЕРАВАДАРО́Д,
найпрасцейшае хім. злучэнне серы з вадародам, H2S.
Бясколерны газ з пахам тухлых яек, шчыльн. 1,538 кг/м³, tкіп -60,35 °C. Раствараецца ў вадзе; водны раствор С. — серавадародная кіслата H2S — слабая двухасноўная к-та, якая ўтварае солі гідрасульфіды і сульфіды. Сумесі С. з паветрам (4,5—45,5% С. па аб’ёме) выбухованебяспечныя. Пры награванні ў вільготным паветры С. узаемадзейнічае з большасцю металаў і іх аксідаў з утварэннем сульфідаў металаў. Моцны аднаўляльнік; моцнымі акісляльнікамі (азотная к-та, хлор) С. акісляецца да сернай кіслаты. С. ёсць у нафтавых і вулканічных газах, у вадзе некат. мінер. крыніц і лячэбных гразях; утвараецца пры раскладанні бялкоў. У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры ачыстцы нафты, прыродных і прамысл. газаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці серы і сернай к-ты, а таксама для атрымання сульфідаў і сераарган. злучэнняў, у аналіт. хіміі. Атрутны, пашкоджвае слізістыя абалонкі, органы дыхання; ГДК у атм. паветры 0,008 мг/м³.
т. 14, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
гіялуро́навы
(ад гр. hyalos = шкло + uron = мача);
г-ая кіслата — поліцукрыд, які ўваходзіць у склад пазаклетачнага асноўнага рэчыва злучальнай тканкі пазваночных жывёл; змяшчаецца ў клетачных абалонках, шклопадобным целе вока і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
араматы́чны
(гр. aromatikos = пахучы);
а-ыя злучэнні — вуглевадароды (бензол, нафталін, антрацэн і інш.) і іх вытворныя (анілін, бензойная кіслата, фенол і інш.), якія змяшчаюць у малекуле цыклы з шасці атамаў вугляроду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Вітамін PP 2/130, 472; 3/103, 104; 5/414; 7/514, гл. Нікацінавая кіслата
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
фено́лы
(ад гр. phaino = асвятляю + -ол)
арганічныя злучэнні, вытворныя бензолу ў выніку замены атама вадароду ў бензольным ядры гідраксілам (карболавая кіслата, гідрахінон і інш.); выкарыстоўваюцца для дэзінфекцыі, пры вырабе сінтэтычных смолаў, выбуховых рэчываў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
трынітрафено́л
(ад гр. tri = трох + nitron = салетра + фенол)
арганічнае злучэнне араматычнага рада, выбуховае рэчыва ў форме крышталёў жоўтага колеру, якое з-за шкоднасці вытворчасці і прымянення заменена іншымі выбуховымі рэчывамі, у асноўным тратылам, пікрынавая кіслата.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВЫДЗЯЛЕ́ННЕ, экскрэцыя,
вывядзенне з арганізма канчатковых і прамежкавых прадуктаў метабалізму, чужародных, таксічных і залішніх рэчываў, вады, солей, газаў; частка абмену рэчываў. Забяспечвае аптымальны склад унутр. асяроддзя (гамеастаз) і нармальную жыццядзейнасць арганізма. У працэсе выдзялення ў пазваночных удзельнічаюць ныркі, стрававальна-кішачны тракт, лёгкія, шчэлепы, скура, слізістыя абалонкі, плацэнта (гл. Выдзяляльная сістэма). Асновай механізмаў выдзялення ў розных органах з’яўляюцца працэсы пераходу прадуктаў абмену рэчываў праз клетачныя мембраны з вобласці з больш высокай іх канцэнтрацыяй у вобласць з больш нізкай канцэнтрацыяй. У выдзяленні адрозніваюць 3 групы з’яў: выдзяленне вуглекіслаты ў знешняе асяроддзе ў газападобнай форме (у наземных жывёл); выдзяленне канчатковых прадуктаў азоцістага абмену (аміяк, мачавіна, мачавая кіслата, гуанін) і чужародных рэчываў, якія ўсмоктваюцца; рэгуляцыя асматычнага ціску ўнутр. асяроддзя арганізма праз выдзяленне вады і солей. У норме выдзяленне прадуктаў абмену прапарцыянальнае інтэнсіўнасці іх утварэння. Паміж органамі выдзялення існуюць функцыян. і рэгулятарныя ўзаемасувязі. У раслін адрозніваюць актыўнае выдзяленне — спецыялізаванымі залозамі або ўсёй паверхняй клетак і пасіўнае выдзяленне — змыванне і вышчалочванне ападкамі. Парушэнне выдзялення вядзе да павелічэння канцэнтрацыі рэчываў, якія выдзяляюцца ва ўсіх клетках арганізма, і абумоўлівае парушэнне іх нармальнага функцыянавання.
А.С.Леанцюк.
т. 4, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)