ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сць сінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.

На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс. т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс. т алейных фарбаў, 3,9 тыс. т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,

гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁСАВАЕ ПЛАТО́, Лёсавая раўніна. У сярэдняй частцы бас. р. Хуанхэ, у Кітаі. Абмежавана хр. Тайханшань, Цыньлін і ўсх. адгор’ямі Наньшаня. Пл. каля 430 тыс. км². Пераважаюць вышыні 1200—1500 м. У межах Л.п. ёсць асобныя хрыбты (Люпаньшань, Люйляншань, Утайшань і інш.), грэбні якіх месцамі дасягаюць 2500 м. У геал. адносінах — упадзіна, запоўненая тоўшчай мезазойскіх адкладаў, перакрытых лёсамі. Магутнасць лёсаў 100—200 м, на Пн да 250 м. Л.п. амаль поўнасцю разбурана эрозіяй (сетка яроў дасягае 5—6 км на квадратны кіламетр пры глыб. 100—150 м). Клімат умераны з сухой халоднай зімой і гарачым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C да -8 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў ад 500 мм за год на У да 250 мм на ПнЗ; большасць іх выпадае ў час летняга мусону (ліп.вер.), звычайна ў выглядзе ліўняў, якія стымулююць эрозію. Рэкі цякуць у глыбокіх цяснінах і выносяць вял. колькасць наносаў. Лёсавыя глебы высокаўрадлівыя, але ў большасці змыты. Значныя тэр. ўзараны, схілы выш. да 1000 м тэрасаваныя. Вырошчваюць бавоўнік, проса, гаалян, пшаніцу. На непрыдатных землях захавалася прыродная расліннасць (стэпы і лесастэпы). Радовішчы каменнага вугалю, жалезнай руды, нафты, гаручых сланцаў, гіпсу, солі. Л.п. густа населена (асабліва даліна р. Вэйхэ). Буйныя гарады — Сіянь, Таюань, Ланьчжоў.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАСФЕ́РА (ад літа... + сфера),

знешняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая ўключае зямную кару і верхнія ўчасткі мантыі да паверхні астэнасферы. Тэрмін «Л» прапанаваў амер. геолаг Дж.​Барэл у 1916. Магутнасць Л. ад 5—100 км пад акіянамі (мінім. пад сярэдзінна-акіянічнымі хрыбтамі) да 25—200 км пад кантынентамі (макс. пад шчытамі стараж. платформаў). Падзяляецца на верхні пругкі (магутнасць некалькі дзесяткаў кіламетраў) і ніжні пластычны слаі. На розных узроўнях у тэктанічна актыўных абласцях назіраецца расслоенасць Л. па гарызонтах паніжанай вязкасці (паніжанай скорасці сейсмічных хваль). Найб. буйныя структурныя адзінкі Л. — літасферныя пліты (памерамі ў папярочніку 1—10 тыс. км). У сучасную эпоху Л. падзелена на 7 галоўных (2 амерыканскія, еўраазіяцкую, афр., аўстрал., антарктычную і ціхаакіянскую) і некалькі больш дробных пліт. Граніцы пліт з’яўляюцца зонамі макс. тэктанічнай, сейсмічнай і вулканічнай актыўнасці. Паводле тэорыі тэктонікі пліт (гл. Вегенера гіпотэза, Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы) літасферныя пліты рухаюцца па астэнасферы са скорасцю да дзесяткаў сантыметраў за год. Вертыкальныя рухі (са скорасцю ад 1 см да некалькіх дзесяткаў сантыметраў за год) адбываюцца па сістэме субвертыкальных глыбінных разломаў, якія разбіваюць літасферныя пліты на блокі памерамі ад дзесяткаў да соцень кіламетраў. Блокі знаходзяцца ў стане, блізкім да ізастатычнай раўнавагі (гл. Ізастазія). Структуру і рухі літасферных пліт і блокаў вывучаюць геадынаміка, геафізіка, тэктоніка.

А.​М.​Каўхута, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ГАРАДСКІ́ ТЭА́ТР Будынак т-ра пастаўлены ў 1886—88 паводле праекта арх. П.​Камбурава і інж. У.​Мільяноўскага. Сваёй трупы не меў. У 19 — пач. 20 ст. ў ім выступалі рус. трупы Пецярбургскага літ.-маст. т-ра і кабарэ «Лятучая мыш», Малога т-ра пад кіраўніцтвам А.​Яблачкінай, трупы Г.​Волгіна, Ф.​Карскага, П.​Максімава, С.​Няволінай, Р.​Неўскага, Ф.​Корша, Ф.​Хмары; польск. трупы В.​Ашпергера, К.​Фядзецкага, Ю.​Кондрата, Я.​Хелмікоўскага. Гастраліравалі буйныя майстры сцэны В.​Камісаржэўская, П.​Арленеў, бр. Адэльгеймы, В.​Далматаў, Ю.​Жукоўская, М.​Занькавецкая, М.​Петыпа. М.​Садоўскі, Г.​Фядотава, Ю.​Юр’еў і інш. У 1910—16 выступала трупа рус. акцёраў пад кіраўніцтвам У.​Кумельскага. Канцэрты і спектаклі наладжвалі аматарскія калектывы. З 1954 у будынку т-ра дзейнічае Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

Будынак т-ра мае складаную кампазіцыю аб’ёмаў. Цэнтр. месца займае прамавугольная ў плане глядзельная зала з закругленай задняй сцяной. На гал. фасадзе выступаюць 2 вежападобныя чацверыковыя аб’ёмы і тамбур з тэрасай над ім пры ўваходзе, да якога вядзе 2-баковая крывалінейная ў плане лесвіца. Вакол глядзельнай залы згрупаваны вестыбюль, фае, кулуары, калідоры, службовыя памяшканні. У арх. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытай чырвонай муроўкі і белых атынкаваных дэталей псеўдарускага стылю (зубчыкі, сухарыкі, абрамленні аконных праёмаў разнастайных форм). Інтэр’ер аздоблены разьбой па дрэве.

т. 9, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСАЧУ́СЕТС (Massachusetts),

штат ЗША на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа, у Новай Англіі. Пл. 21,4 тыс. км². Нас. 6,1 млн. чал. (1997), у т. л. гарадскога каля 84%. Адм. ц., найб. горад і порт, эканам. і культ. ц. — г. Бостан. На У хвалістая Прыатлантычная нізіна, у цэнтр. ч. — плато выш. 200—300 м, парэзанае шырокай далінай р. Канектыкут, на З адгор’і Апалачаў (выш. да 1064 м). Клімат умераны акіянічны, ападкаў больш за 1000 мм за год. Каля 65% плошчы, пераважна ў гарах, займаюць хвойныя і лісцевыя лясы. М. — адзін з самых густанаселеных (шчыльн. насельніцтва каля 290 чал. на 1 км²) і эканамічна развітых штатаў. Вядучае месца належыць апрацоўчай прам-сці, асабліва разнастайнаму машынабудаванню і лёгкай прам-сці. Буйныя прадпрыемствы радыёэлектроннай прам-сці. Развіты таксама электратэхніка, вытв-сць рознага прамысл. абсталявання, суднабудаванне, тэкст., гарбарна-абутковая, хім., гумавая, папяровая, паліграф. прам-сць. Вытв-сць электраэнергіі 17,4 млрд. кВтгадз (1996). Электрастанцыі працуюць на каменным вуглі, нафце, газе. Ёсць АЭС і ГЭС. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу, спецыялізавана на вытв-сці натуральнамалочных прадуктаў, яец, агародніны, ягад. На ўзбярэжжы рыбалоўства і перапрацоўка рыбы. Транспарт — аўтамаб., чыг., марскі. У М. — Гарвардскі (у Кеймбрыджы) і Кларкскі (у Вустэры) ун-ты, Масачусецкі тэхнал. ін-т. Турызм.

т. 10, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАРДЫ́Я (Picardie),

гістарычная вобласць на Пн Францыі, каля берагоў Ла-Манша. Уключае дэпартаменты Эна, Сома, Уаза. Пл. 19,6 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (2000). Гал. горад — Ам’ен. Рэльеф раўнінны. Клімат умераны (ападкаў 600—800 мм за год). Натуральная расліннасць — дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., хім., гумавая, тэкст., харч., асабліва цукровая. Інтэнсіўная сельская гаспадарка. Асн. культуры — пшаніца і цукр. буракі. Агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

У старажытнасці тэр. П. насялялі кельцкія плямёны. У сярэдзіне 1 ст. да н.э. заваявана рымлянамі, у 5 ст. н.э. — франкамі і ўвайшла ў склад франкскага каралеўства. У 9—12 ст. распалася на некалькі графстваў, якія трапілі ў васальную залежнасць ад Фландрыі. У 12 ст. гарады П. (Нуаён, Сен-Кантэн, Ам’ен, Бове, Абвіль і інш.) — буйныя цэнтры сукнаробства. У канцы 12 ст. П. ў складзе дамена франц. караля. Яе насельніцтва ўдзельнічала ў сял. паўстаннях «пастушкоў» (1251) і Жакерыі (1358). У Стогадовую вайну 1337—1453 моцна пацярпела ад нападаў англічан. З 1435 у складзе Бургундскага герцагства. У 1477 Людовік XI зноў далучыў П. да каралеўскага дамена. З 16 ст. правінцыя Францыі, у 16—17 ст. арэна ваен. сутыкненняў паміж Францыяй і Іспаніяй (1557, 1595, 1636). Пасля падзелу тэр. Францыі на дэпартаменты (1790) прав. П. перастала існаваць.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЕРГЕТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

адзіная сетка цеплавых электрастанцый (ДРЭС і ЦЭЦ), трансфарматарных падстанцый і ліній электраперадач, размешчаных на тэр. Беларусі; аснова нац. энергетыкі. Уключае 22 электрастанцыі агульнай устаноўленай магутнасцю каля 7 млн. кВт, 1200 падстанцый, больш за 250 тыс. км ліній электраперадач усіх напружанняў.

Пачала фарміравацца ў 1930 з пракладкі першых ліній электраперадач ад Асінаўскай ДРЭС (цяпер Беларуская ДРЭС). У 1950-я г. з ростам электраэнергетыкі электрастанцыі аб’яднаны ў мясц. энергет. сістэмы: Цэнтральную, Паўд., Паўн.-Заходнюю. У 1962 з уводам у дзеянне лініі электраперадачы Бярозаўская ДРЭС — Баранавічы — Мінск мясц. энергасістэмы злучаны ў Беларускую энергетычную сістэму, у складзе якой 6 абл. электрасістэм.

Сярод электрастанцый Беларускай энергетычнай сістэмы найбольшыя Лукомская ДРЭС (2400 тыс. кВт), Бярозаўская ДРЭС (940 тыс. кВт), Мінская ЦЭЦ-4 (1030 МВт); ёсць інш. буйныя ЦЭЦ у Мінску, Наваполацку, Віцебску, Светлагорску, Гомелі і інш. гарадах. У складзе Беларускай энергетычнай сістэмы 25 буйных кацельняў і каля 2000 км цеплавых сетак. У 1994 выпрацавана 31,4 млрд. кВтгадз электраэнергіі. З электрастанцый і інш. электрасістэм электраэнергія паступае ў агульную сетку, аснова якой — лініі электраперадач напружаннем 220, 330 і 750 кВ. Пасля электраэнергія перадаецца ў размеркавальныя сеткі напружаннем 0,4, 6, 10, 35 кВ. Беларуская энергетычная сістэма звязана з энергасістэмамі Літвы, Украіны, Польшчы і Расіі лініямі электраперадач напружаннем 330 і 750 кВ; частка электраэнергіі ў яе паступае з Літвы і Расіі.

А.​У.​Вержбаловіч.

т. 2, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНАРО́БНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна харчовай прам-сці, якая вырабляе віно вінаграднае, пладова-ягаднае, шампанскае, каньяк.

Вінаробства вядома з даўніх часоў у краінах развітога вінаградарства. Усяго ў свеце вырабляецца 26 млн. т вінаграднага віна, найб. (1994; млн. т) у Італіі (6,0), Францыі (5,5), Іспаніі (2,3), ЗША (1,7), Аргенціне (1,4) і Германіі (1,0). У 1969 СССР займаў 4-е месца ў свеце па памерах плошчаў вінаграднікаў і вырабе вінаграднага віна (240 млн. дал). У канцы 1980-х г. у сувязі з антыалкагольнай кампаніяй паменшыліся плошчы вінаграднікаў, многія вінаробныя з-ды былі закрыты. У 1994 Расія знаходзілася на 7-м месцы ў свеце па вырабе вінаградных він (0,7 млн. т). Значная вінаробная прамысловасць на Украіне, у Малдове, Азербайджане, Арменіі і інш.

Вінаробная прамысловасць Беларусі спецыялізуецца на вытв-сці пладова-ягаднага віна з мясц. і вінаграднага віна з прывазной сыравіны. Першыя вінзаводы пабудаваны ў 1925 у саўгасах «Лошыца» Мінскага і «Вымна» Віцебскага р-наў. У 1940 іх было 13 (выраблена каля 1 млн. дал віна), у 1975 — 21 з-д. Да 1990 большасць з іх закрыта. Дзейнічаюць буйныя вінзаводы ў Магілёве, Пінску, Гомелі і Полацку, з-д шампанскіх він у Мінску. У 1994 выпушчана 0,6 млн. дал вінаграднага віна (у 1985 — 11,6), 5,5 млн. дал пладова-ягаднага (у 1985 — 9,9), 670 тыс. дал шампанскіх він (у 1985 — 544).

Да арт. Вінаробная прамысловасць. На заводзе па выпуску херасу НВА «Ялавены» (Малдова).

т. 4, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГ, Ганга,

рака ў Азіі, у Індыі і Бангладэш. Даўж. 2700 км, пл. бас. 1120 тыс. км². Пачынаецца ад зліцця 2 вытокаў (Бхагіратхі і Алакнанда) з ледавікоў у Гімалаях на выш. 4500 м. Прарэзаўшы горы Сівалік (ніжэй горада Хардвар), выходзіць на Інда-Гангскую раўніну, якую перасякае ў паўд.-ўсх. напрамку. Упадае ў Бенгальскі заліў, утвараючы разам з Брахмапутрай велізарную дэльту (пл. больш за 80 тыс. км²). Асн. прытокі: Джамна, Сон, Дамодар (справа), Гоматы, Гхагхра, Гандак, Косі (злева). У вярхоўях Ганга цячэ сярод гор па цесных каньёнападобных далінах, мае вял. падзенне рэчышча, утварае шэраг вадаспадаў. У сярэднім і ніжнім цячэнні — павольная і мнагаводная рака. Дэльта Ганга мае густую і складаную сетку рэк, каналаў і азёр, укрыта ўрадлівымі глебамі, шчыльна заселена; нізоўі яе затоплены, заняты джунглямі. Рэжым мусонны, летнія паводкі з пад’ёмамі ўзроўню вады да 15 м; частыя і моцныя навадненні. Сярэдні расход вады 13 тыс. м³/с, каля вусця разам з Брахмапутрай 38 тыс. м³/с. Гадавы сцёк 1200 км³ (3-е месца пасля Амазонкі і Конга). Вада мутная; цвёрды сцёк больш за 200 млн. т наносаў за год. У ніжнім цячэнні ўплыў марскіх прыліваў. Суднаходная на 1450 км (ад г. Хардвар да вусця). Выкарыстоўваецца на арашэнне. На Гангу буйныя гарады — Алахабад, Варанасі, Патна, у дэльце — марскі порт Калькута (Індыя). Ганг — свяшчэнная рака індусаў, па берагах — месцы рэліг. паломніцтваў (гл. Ганга).

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)