цытасто́м
(ад цыта- + гр. stoma = рот)
адтуліна ў аднаклетачных арганізмаў, праз якую ежа трапляе ў цела.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
эпігене́з
(ад эпі- + -генез)
вучэнне аб зародкавым развіцці арганізмаў як працэсе, які ажыццяўляецца шляхам паслядоўных новаўтварэнняў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
этало́гія
(ад гр. ethos = звычай + -логія)
навука, якая вывучае асаблівасці паводзін арганізмаў ва ўсіх іх праяўленнях.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
марфало́гія
(ад гр. morphe = форма + -логія)
1) навука аб будове і форме арганізмаў, рэчываў, а таксама сама будова арганізмаў, рэчываў (напр. м. жывёл, м. глебы);
2) сукупнасць форм слоў у мове, а таксама раздзел граматыкі, які вывучае формы слоў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, аэробы (ад аэра... + грэч. bios жыццё),
арганізмы, здольныя жыць толькі ў прысутнасці малекулярнага кіслароду. Да іх належаць амаль усе жывёлы і расліны, а таксама многія грыбы і мікраарганізмы. Неабходную для жыццядзейнасці энергію яны атрымліваюць за кошт акісляльных працэсаў з удзелам кіслароду. Аблігатныя (строгія) аэробныя арганізмы развіваюцца толькі ў прысутнасці кіслароду (напр., воцатна-кіслыя бактэрыі), факультатыўныя (умоўныя) — пры паніжанай яго колькасці ці без кіслароду (дрожджы). Асобнае месца сярод аэробных арганізмаў займаюць арганізмы, здольныя да фотасінтэзу, — цыянабактэрыі, водарасці, сасудзістыя расліны. Кісларод, які вылучаецца гэтымі арганізмамі, забяспечвае ўсіх астатніх аэробаў. Арганізмы, здольныя развівацца пры нізкай канцэнтрацыі кіслароду (≤ 1 мг/л), наз. мікрааэрафіламі. Гл. таксама Анаэробныя арганізмы.
т. 2, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, бар’еры пашырэння,
любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.
Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.
т. 2, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРАТЫГРА́ФІЯ (ад бія... + стратыграфія),
галіна стратыграфіі, якая вывучае размеркаванне выкапнёвых рэшткаў арганізмаў у асадкавых пародах. Мэта біястратыграфіі: вызначэнне адноснага ўзросту, паслядоўнасці ўтварэння, пашырэння і карэляцыі слаёў горных парод. Асн. задача біястратыграфіі — распрацоўка стратыграфічных шкал з дапамогай палеанталагічнага метаду. Найб. значэнне для біястратыграфіі маюць арганізмы, якія існавалі нядоўга, але былі шматлікія на вял. тэрыторыях. На Беларусі біястратыграфія — аснова расчлянення адкладаў фанеразою па выкапнёвых рэштках брахіяподаў, фарамініфераў, астракодаў, малюскаў, пазваночных, насякомых, акрытархаў, канадонтаў, водарасцяў, спораў, пылку, насення і інш. Даследаванні вядуцца ў Ін-це геал. навук АН Беларусі, Беларускім н.-д. геолагаразведачным ін-це і Цэнтральнай лабараторыі ВА «Беларусьгеалогія», БДУ.
С.А.Кручак.
т. 3, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.
Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.
т. 4, с. 141
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ (ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн. энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)