ГОМАЗІГО́ТНАСЦЬ
(ад гома... + зігота),
спадчынная аднароднасць гібрыднага арганізма, звязаная з наяўнасцю ў яго гамалагічных храмасомах ідэнтычных алеляў дадзенага гена, якія аднабакова ўплываюць на пэўную прыкмету. Арганізм пры гэтым наз. гомазіготным адпаведна разглядаемай пары генаў. Пры размнажэнні гомазіготы звычайна адсутнічае расшчапленне прыкмет. Гомазіготнасць уласціва самаапладняльным арганізмам. Гомазіготы маюць паніжаную жыццяздольнасць і больш вузкую магчымасць прыстасаванасці да умоў асяроддзя, чым гетэразіготныя арганізмы (гл. Гетэразіготнасць). У эксперыментах іх атрымліваюць з дапамогай інбрыдзінгу. Гомазіготнасць неабходна для падтрымання розных формаў арганізмаў у генетычных калекцыях, захоўвання пэўных характарыстык ліній, сартоў і парод. Гомазіготныя формы (лініі) выкарыстоўваюць для вырашэння пытанняў спадчыннасці і зменлівасці, у с.-г. вытв-сці — для атрымання эфекту гетэрозісу.
т. 5, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)